Нацыянальная грашовая адзінка
Афіцыйнай грашовай адзінкай Рэспублікі Беларусь з’яўляецца беларускі рубель. Адзін беларускі рубель роўны 100 беларускім капейкам.
З 1 ліпеня 2016 года ў абарачэнні знаходзяцца банкноты і манеты ўзору 2009 года наступных наміналаў:
- банкноты наміналам 5, 10, 20, 50, 100, 200 і 500 беларускіх рублёў;
- манеты наміналам 1, 2, 5, 10, 20 і 50 беларускіх капеек, а таксама наміналам 1 і 2 беларускія рублі.
Кожнай вобласці Беларусі і г. Мінску прысвечаны свой намінал банкноты. На правым баку банкнотаў ад дробнага наміналу да буйнога паслядоўна раскрываецца тэма архітэктурнай спадчыны Беларусі ў гістарычнай перспектыве ад вытокаў да сучаснасці. Адваротны бок банкнотаў глыбей раскрывае мастацкія карціны правага боку і праз сімвалы той эпохі расказвае пра гісторыка-культурную і духоўную спадчыну нашай краіны.
Банкноты забяспечаны сучасным і надзейным комплексам ахоўных элементаў, якія гарантуюць іх высокую ахову ад падробак.
З 1 ліпеня 2016 года ўпершыню ў навейшай гісторыі Беларусі ў абарачэнне выпушчаны манеты.
У мастацкім афармленні манет праз арнаментальныя сімвалы раскрываецца тэма аднаго з самых папулярных напрамкаў народнай творчасці беларусаў ‒ ткацтва.