Выступленне на пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу
- 30
- 3
Пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу ў якасці канстытуцыйнага органа ўпершыню адбылося 24 красавіка.
У пачатку мерапрыемства Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступіў з прамовай, у якой падрабязна расказаў аб ролі і месцы УНС у абноўленай палітычнай сістэме дзяржавы, сацыяльна-эканамічных дасягненнях Беларусі за гады суверэннага развіцця, а таксама абстаноўцы ў свеце і вакол краіны.
"У Беларусі сапраўды гістарычны дзень. Хто гэтага не зразумеў, зразумеюць з часам. Упершыню ў канстытуцыйным статусе пачынае сваю работу Усебеларускі народны сход сёмага склікання. Упершыню Пасланне Прэзідэнта, з якім па нашай Канстытуцыі Кіраўнік дзяржавы павінен звяртацца да народа і парламента раз у год, будзе агучана ў ходзе ўсенароднага форуму, што стане ўжо штогадовай традыцыяй", - сказаў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што ў сваім выступленні наўмысна пакідае за дужкамі пытанні развіцця рэальнага сектара эканомікі, паколькі ўсе гэтыя тэмы былі дэталёва разгледжаны на нядаўніх нарадах, якія шырока асвятляліся, і адпаведныя даручэнні дадзены і падлягаюць выкананню.
"Сённяшняя падзея фактычна дзеліць гісторыю палітычнага жыцця краіны на да і пасля. І гэта эвалюцыйны рух і развіццё, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Гістарычнасць моманту вызначаюць не толькі новы статут, новыя функцыі, новыя паўнамоцтвы дэлегатаў. Важна не што, а як мы робім - як удасканальваем мадэль палітычнага ўладкавання. Не ламаючы ўклад, не адмаўляючыся ад традыцый - эвалюцыйна, па-беларуску ўзважана, без рэзкіх рухаў. Абапіраючыся на меркаванне большасці".
"Мы спакойна ставімся да непрымання заходнімі лібераламі нашай мадэлі палітычнага развіцця. Нягледзячы на гэта, самі мы не адмаўляем прагрэсіўныя формы заходнееўрапейскай дэмакратыі. Мы іх інтэгруем. У свой палітычны лад, у сваю культуру, у свой светапогляд, калі яны не супярэчаць нашым прынцыпам і каштоўнасцям", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што УНС выконвае ролю механізма зліцця спрадвечных традыцый і сусветнага вопыту кіравання.
"У гэтай зале сабраліся прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства, усіх прафесій і статусаў: кіраўнікі, людзі ў пагонах, працаўнікі вёскі, работнікі прадпрыемстваў і сферы паслуг, прадпрымальнікі, педагогі, урачы, дзеячы навукі і мастацтва, спартсмены - сапраўдныя прадстаўнікі народа. Упэўнены - патрыёты. Славянскае веча ў яго сучасным абліччы, - сказаў Прэзідэнт. - Па-простаму - народны сход, які цяпер стаіць вышэй за ўсе галіны ўлады, меркаванне якога павінен улічваць і Кіраўнік дзяржавы".
Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што сярод дэлегатаў УНС - дэпутаты мясцовых Саветаў, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і парламентарыі.
"Мы не адмовіліся ад савецкіх дэмакратычных традыцый, дапоўніўшы іх сучаснымі, што адпавядаюць духу нашага перыяду, яго гісторыі. І ў гэтым наша сіла. Сіла, якая фарміруе нацыю, умацоўвае нацыянальную дзяржаўнасць", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Мы ўзмацняем ролю і статус улады народных прадстаўнікоў. І тут важна зрабіць акцэнт на тым, што мы ў прынцыпе не аддзяляем уладу ад народа", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Першы Прэзідэнт, кіраўнікі ўсіх узроўняў - выхадцы з самых простых сем'яў. У Беларусі ёсць толькі адзін шлях да высокіх пасад - праз уменне і жаданне сумленна працаваць на карысць краіны", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Кім бы мы ні з'яўляліся, прысутныя ў гэтай зале, дзе б ні працавалі, паміж намі няма дыстанцыі. Тут ва ўсіх нас адзін статус - удзельнікі Усебеларускага народнага сходу. Дэлегаты і запрошаныя. І гэтым дасягненнем нацыянальнай дэмакратыі я ганаруся больш за ўсё", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што ў Беларусі ганарацца назапашаным вопытам стратэгічнага планавання - амаль 30 гадоў УНС шмат у чым вызначала дзяржаўны ўклад Беларусі.
"Скажам адкрыта: першы Усебеларускі народны сход выратаваў нашу краіну", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Усе пяцігадовыя праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця рэалізоўваліся толькі пасля адабрэння дэлегатамі сходу. "Настаў час выходзіць на новы ўзровень, і мы зрабілі гэта", - сказаў беларускі лідар.
"Дэлегаты - гэта і ёсць голас народа, калектыўны розум яго. Вы не проста ўсеагульны сход. Вы нацыянальнае сумленне, вы, паўтару, голас народа. У вас няма права на памылку. Вы маеце права толькі на вернасць і адданасць сваёй краіне і нашаму народу. Ваша місія - служэнне ў імя будучыні Беларусі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, з набыццём канстытуцыйнага статусу роля сходу, кампетэнцыі дэлегатаў павялічыліся шматразова. Цяпер УНС зацвярджае ўсе асноўныя праграмныя дакументы, якія вызначаюць эканамічнае развіццё, бяспеку нашай краіны - стратэгічныя пытанні.
"Вядома, дэлегаты павінны разумець, што ў гэтых дакументах напісана, умець растлумачыць людзям. І не проста растлумачыць. Трэба ўключыць грамадства ў палітычны дыскурс. Сёння без гэтага нельга. Не будзем мы размаўляць з нашымі грамадзянамі, з народам аб глабальных мэтах развіцця дзяржавы - за нас гэта зробяць іншыя, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Менавіта адзінае разуменне нацыянальнай стратэгіі павінна яшчэ больш з'яднаць і ўмацаваць нас".
Другая важная і новая задача УНС - вырашэнне кадравых пытанняў. "Цяпер вы, дэлегаты УНС, будзеце выбіраць суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, членаў Цэнтральнай выбарчай камісіі", - адзначыў Прэзідэнт.
Акрамя таго, УНС дадзена права аператыўна сабрацца і прыняць рашэнне аб увядзенні надзвычайнага або ваеннага становішча. "Дай бог, каб не было прычыны, але місія больш чым адказная. І нават прызнанне легітымнасці выбараў у вашых руках. Усіх выбараў. Усе вашы рашэнні ў іерархіі прававых актаў краіны зоймуць вышэйшую пазіцыю і набудуць агульнаабавязковы характар. Іх павінны будуць выконваць усе грамадзяне, усе органы і інстытуты ўлады", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Скажу больш. УНС атрымаў выключныя паўнамоцтвы прыпыняць рашэнні любога органа або службовай асобы. Тым самым сход стане абаронным буферам ад магчымых небяспечных працэсаў, якія ідуць уразрэз з інтарэсамі грамадства і дзяржавы", - падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы назваў сімвалічным, што сваю работу Усебеларускі народны сход пачынае з абмеркавання і прыняцця важнейшых дакументаў, якія забяспечваюць нацыянальную бяспеку.
"Беларусь - кампактная краіна, беларусы - вельмі міралюбівы народ па сваёй прыродзе, які валодае запасам магутнай жыццёвай энергіі. Рэсурс унікальны, які ў розныя перыяды гісторыі дапамагаў выжыць беларускаму народу. Пры гэтым маніякальнае жаданне быць уладнымі людзьмі нам абсалютна чужое. Але мы ведаем, што значыць быць моцнымі ў імя міру, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта наша памяць. Гэта наш гістарычны вопыт, які каштаваў нам вельмі дорага".
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў бягучым годзе краіна адзначыць 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
"Пакаленне пераможцаў паказала, што сіла нацый не ў капіталах, не ў ваеннай моцы, не ў амбіцыях. Яна ў сапраўных каштоўнасцях, у імкненні да справядлівасці і веры ў сябе, - падкрэсліў беларускі лідар. - Калі на зямлю ступіў вораг, савецкая краіна яшчэ не адышла ад разрухі грамадзянскай вайны. Людзі не жылі ў раскошы. Але яны перамаглі. Перамаглі ўсю Еўропу - багатую, якая стала пад сцягі нацызму! Сваю краіну ачысцілі ад нацыстаў. І тых, хто яшчэ ўчора глядзеў на савецкі народ з пагардай, мы тады таксама аздаравілі".
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ў вайне перамаглі таму, што змагаліся за родную зямлю, а яна давала сілы: "Давала сілы на полі бою, сілы перажыць гора, сілы аднавіць разбуранае і сілы не помсціць".
Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым паставіў пытанне, каго зрабілі мацнейшымі акты запалохвання - бамбардзіроўка Дрэздэна, скінутыя на Хірасіму і Нагасакі атамныя бомбы. "Абсалютна бессэнсоўныя і бязлітасныя. Ганебная старонка ў гісторыі: сотні тысяч мірнага насельніцтва забіты ў канцы вайны, калі і так было ўсё вырашана. Для чаго? Каб усяму свету заявіць аб сваім панаванні і трымаць планету ў страху", - адзначыў Прэзідэнт.
Ён прывёў у прыклад Лівію - некалі найбагацейшую краіну. У 2010 годзе, да агрэсіі, ВУП Лівіі ацэньваўся ў больш як $75 млрд. Цяпер краіна скацілася да раздробленасці і сыравіннай эканомікі.
У Сірыі за 10 гадоў грамадзянскай вайны, развязанай з мэтай змяніць палітычны рэжым, загінулі звыш 300 тыс. чалавек.
А на афганскай тэрыторыі зноў адрадзіўся ІДІЛ. "Вядома, чый праект. Сее насілле, смерць далёка за межамі сваіх лагераў. Вядома, за чые грошы і з чыёй зброяй", - заўважыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што войны за грошы і дзеля грошай ніколі і нікога яшчэ не рабілі больш моцнымі. Узбагачаліся крэдыторы войнаў або на гандлі зброяй, або ўганяючы ў даўгі, як гэта сёння адбываецца на прыкладзе брацкай Украіны.
"Чые пазіцыі ўмацавала бойня паміж Ізраілем і Палесцінай? У вайну на Блізкім Усходзе ўцягнуты Сірыя і Ліван. І паглядзіце, як філігранна, тонка робіцца ўсё, каб сутыкнуць Ізраіль і Іран. Практычна ядзерныя дзяржавы. Гэта, вядома, далёка ад нас. Але далёка толькі геаграфічна. З пункту гледжання інтарэсаў Беларусі, у тым ліку эканамічных, вельмі нават блізка. Таму цягнуць ачаг напружаннасці на поўдзень, каб канчаткова разбурыць еўразійскія рыначныя, культурныя, дружалюбныя сувязі", - прывёў прыклад беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што гэта робіцца гегемонам, які страчвае сваю гегемонію: "А гегемонія ў свеце для іх - гэта велізарнае багацце. Можна нічога не рабіць. Маючы станок - друкаваць долар. І быць багатымі".
"Дэстабілізацыйныя войны спараджаюць тысячныя натоўпы бежанцаў. Каму гэта выгадна? Тым, хто за акіянам рэжысуе і глядзіць гэты крывавы баявік даўжынёй у дзесяцігоддзі. Глядзіць і лічыць прыбытак. Заходні транснацыянальны бізнес, у асноўным англасаксы, значна ўзбагаціўся за апошнія гады. Гэта праўда, - адзначыў Прэзідэнт. - Але скажыце, сталі Вашынгтон і Лондан больш моцнымі ў плане палітычнай рэпутацыі, аўтарытэту на міжнароднай арэне? Не. Наадварот, бачым, як разбураецца вобраз некалі сапраўды ўплывовых дзяржаў. А там недалёка і да эканамічнага краху. Эксперты ўжо на ўвесь голас гавораць аб нестабільнасці сусветнай доларавай піраміды".
"Ці многія з нашых суседзяў сталі сёння мацнейшымі? Напрыклад, Прыбалтыйскія рэспублікі, якія так імкнуліся да сваёй незалежнасці. Ці ўдалося стаць раўнапраўнымі ўдзельнікамі сусветнага палітычнага працэсу? На што яны сёння наогул уплываюць? Страцілі ўсё, чым ганарыўся ўвесь Савецкі Саюз, - парты, рыбалоўны флот, прамысловасць, энергетычную бяспеку, транзіт, турыстычныя магчымасці. І цяпер коцяцца ўніз. Нават нягледзячы на шчодрыя ўліванні Бруселя. Вельмі ўжо дорага абыходзіцца барацьба з Беларуссю і Расіяй. У 2023 годзе ВУП Літвы і Латвіі знізіўся амаль на 1 працэнт, Эстоніі - на цэлыя 3,5%", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён канстатаваў, што палітыкаў у гэтых краінах такая сітуацыя не вельмі турбуе: "Плацяць жа звычайныя грамадзяне. Гэта іх даходы і зарплаты змяншаюцца, а цэны і падаткі растуць. Латышы і літоўцы больш як трэць насельніцтва страцілі за гады сваёй так званай незалежнасці".
"Варожасць Балтыйскіх дзяржаў у адносінах да ўсходніх суседзяў прывяла да адмовы ад гісторыі вялікай краіны. Адрэзалі сябе ад крыніцы сілы. Што ні гавары, а менавіта савецкі перыяд для літоўцаў, латышоў, эстонцаў быў залатым векам іх развіцця. Дарэчы, дзякуючы Савецкай дзяржаве Польшча і Фінляндыя здабылі сваю незалежнасць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - І ў гэтай гісторыі, заўважу, нікога з іх ніколі не папракалі фактамі здрадніцтва і супрацоўніцтва з фашыстамі. А ў іх гісторыі гэта ж было. Бераглі іх нацыянальную годнасць. А тыя, як высветлілася, усе гады трымалі камень за пазухай".
Паводле слоў Прэзідэнта, тая ж гісторыя з украінскім рэжымам: "Падумаць толькі - квітнеючая краіна, зямля ўрадлівая - паўтабліцы Мендзялеева ў глебе, два моры, шахты, прамысловыя гіганты. Народ творчы, працавіты. Жыві, радуйся і багацей. І багацелі. Толькі вельмі нямногія - у лепшых традыцыях дэмакратыі па-заходнееўрапейску. Алігархі і тыя, хто трымае ўладу, падмялі пад сябе ўсе рэсурсы".
"Алігархі, атрымаўшы народам створаныя багацці, потым захацелі і ўлады. Так заўсёды было і будзе. Пайшлі ў палітыку і пачалі ўцягваць у свае разборкі бандытаў і народ. Панесліся майданы. А да іх падключыліся ўжо заходнія спецслужбы і сталі разыгрываць нацыянальную карту. Падкінулі патрэбны вобраз ворага, "віноўніка бед і беднасці народа" - Расію, а за кампанію і нас, беларусаў", - канстатаваў Прэзідэнт.
"Мы да дэталей вывучылі, як працуе метадычка вашынгтонскага абкама. На ўласным вопыце. Я заўсёды гаварыў: урокі і яшчэ раз урокі! Разумныя людзі аналізуюць, што адбываецца вакол, і атрымліваюць урокі з таго, што адбываецца. Мы гэта зрабілі. Уся гэта "спантанная самаарганізацыя грамадства" ішла па адным сцэнарыі, пачынаючы з Паўднёвай Амерыкі, Азіі, завяршаючы Казахстанам, Сербіяй, Кыргызстанам, Грузіяй, Малдовай і Узбекістанам. Схема дзяржпераваротаў не мянялася дзесяцігоддзямі. Нават не паклапаціліся адаптаваць пад нацыянальную спецыфіку краіны, зразумець, хто мы. Нядзіўна, што пастаноўка галівудскага спектакля з яго карусельнымі перадвыбарнымі чэргамі, дзяўчатамі з кветачкамі, чаяпіццямі галодных з пячэнькамі і іншымі элементамі відовішчнага шоу правалілася менавіта ў нас, у Беларусі", - сказаў Прэзідэнт.
"Таму што не было рэальных сацыяльных прычын для мяцяжу і рэвалюцыйных настрояў. Ды і рэвалюцыянераў жа не было! Жыць на той момант беларусы сталі не багата, але значна лепш за ўзровень "чаркі-скваркі". Сёння амаль 60% сябе адносяць да сярэдняга класа, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Ну так, некаторыя разбагацелі і пацягнуліся да ўлады. Якраз у лепшых традыцыях украінскага сцэнарыя. А за імі пайшлі такія ж, хто за сваё жыццё ніколі не трымаў у руках чаго-небудзь цяжэйшага за камп'ютарную мыш або мабільнік. Былі і такія, хто не адразу разабраўся, паддаўся эмоцыям".
Прэзідэнт падкрэсліў, што каляровыя рэвалюцыі не ўзнікаюць і не перамагаюць на голым месцы: "Там, дзе народ даведзены да галечы, а ў вярхоў кішэнь трашчыць ад нарабаванага, вывесці людзей на вуліцы і абваліць краіну вялікіх намаганняў не трэба. Дастаткова нагадаць пра рахункі ў замежных банках - уладары самі аддадуць краіну. Прыкладаў шмат. Ад Гаіці да Філіпін".
"І ва Украіне не пры Валодзю Зяленскім усё гэта стваралася. І не ён адзін вінаваты ў тым, што адбываецца. На маіх вачах з работы першага Прэзідэнта Украіны да апошняга ўсё дзялілі, рабавалі і кралі. Скажу шчыра, я папярэджваў усіх, што гэта дрэнна закончыцца. Прыходзілі новыя прэзідэнты, а народ іх ненавідзеў якраз гэтак жа, як папярэдніх. Гэтым і скончылася", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
"Гэта на Беларусь давялося патраціцца. Мільярды кінулі на тое, каб нас "прывесці ў парадак". Мы набылі каласальны вопыт з таго, што адбылося, сталі з'яднанай і сталай нацыяй. Мы, сапраўды, сталі мацнейшыя. Мы тады, у 2020-м, паглядзелі на сябе, сваё жыццё і на тое, што нас акружае. Ацанілі, што маглі страціць, убачылі сапраўдны твар і ўнутраных, і знешніх праціўнікаў і ворагаў", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
"На нас тады глядзелі з усіх бакоў свету. Глядзелі і думалі, чым жа скончыцца ў Беларусі. Глядзелі з надзеяй некаторыя. А ў НАТА паціралі ўжо рукі і рыхтаваліся да ваеннай інтэрвенцыі ў заходнія рэгіёны як мінімум. Разлічвалі на хаос і бліцкрыг. Калі б не стойкасць і мужнасць сапраўдных патрыётаў, страцілі б краіну. Не выстаялі б мы тады - натаўскія ястрабы былі б ужо пад Смаленскам. І ўкраінская тэма стала б нашай рэальнасцю. Але мы аказаліся больш моцнымі і з'яднанымі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Помніце, я іх папярэджваў, што мы вельмі любім сваю невялікую кампактную краіну. Мы яе вельмі-вельмі любім. А любімую не аддаюць! Мы іх папярэджвалі. Але мы і не аддалі. І, паверце, не аддадзім. Якія намаганні яны не прыкладалі б", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка. Гэтыя яго словы ўдзельнікі мерапрыемства сустрэлі апладысментамі.
"А вось нашы паўднёвыя суседзі не выстаялі", - заўважыў беларускі лідар.
"Тое, што Украіна сёння - гэта палігон, на якім часткова вырашаецца лёс будучага сусветнага парадку, разумеюць усе. Буйнейшыя ядзерныя дзяржавы, няхай і апасродкавана, але ўжо фактычна ваююць на яе тэрыторыі. А ўжо і не апасродкавана, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - А ўлада апусцілася да здзелкі з Захадам, абменьваючы зброю на жыцці ўкраінцаў. Балюча гэта бачыць, але давайце абстрагуемся, паглядзім на тое, што адбылося, па-філасофску: хто ў гэтым новым вітку процістаяння паміж Захадам і Усходам стаў мацнейшым? Хто? Не мы?.. Але і не яны!"
"Новыя спробы раздавіць нас, рускіх, беларусаў, славян, знішчыць пачуццё нацыянальнай гордасці, культуру з'ядналі і матывавалі на аднаўленне былой моцы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Ды і ўзварухнулі нас добра. І ўсе, хто глядзіць на ўкраінскую і іншыя геапалітычныя трагедыі, нават калі не гавораць услых, разумеюць: той, хто гатовы служыць любому гаспадару за падачкі, рана ці позна прайграе".
Прэзідэнт звярнуў увагу, што здрадніцтва мінуламу і традыцыям аслабляе і вядзе да краху дзяржаўнасці. І гэта разумеюць усе.
"А хтосьці чакае фіналу. Як, напрыклад, Польшча, у якой свой рахунак з Украінай (памятаеце з кніжак і кіно Валынскую разню). Развязка будзе драматычнай, калі не спынімся. Але яна будзе. І, мяркуючы па ўсім, не выратуе ранейшы парадак", - сказаў Прэзідэнт.
"Захад, калі хоча застацца ў новым светаўладкаванні адным з цэнтраў сілы, няхай вучыцца ў Старажытнага Кітая. Супольнасць адзінага лёсу з усім чалавецтвам - вось узор яднання нацый без урону нацыянальным культурам, ідэалогіям, суверэнітэтам. Без падаўлення і пачуцця перавагі. Без бразгання зброяй. Сілай мудрасці і інтэлекту", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, прапанаваны Кітаем праект такога справядлівага светаўладкавання мае права на жыццё. Больш таго, ён вельмі блізкі беларусам.
"З тым, што Кітай ператвараецца ў першую эканоміку свету, Амерыка згадзіцца не можа. Па прывычцы спрабуюць размаўляць з пазіцыі сілы. Прапанавалі - цытую - "падтрымку міру і стабільнасці ў Тайваньскім праліве", калі Кітай адмовіцца ад падтрымкі расійскага абаронна-прамысловага комплексу. Замуцілі канфлікт, давялі да эскалацыі, цяпер прапануюць паслугі "міратворца". Шантаж - слабы аргумент. А вось Кітай павінен быў і адказаў на яго моцнай пазіцыяй. Цытата: "Не перашкаджайце, не стварайце праблем і не пераходзьце небяспечную рысу", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Гэта заява кітайцаў, спакойных, якія нікуды не спяшаюцца, дарагога каштуе", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Свет ужо змяніўся. І не так, як марылі за акіянам. Але чаго яны хочуць? На што разлічваюць? ЗША, зрабіўшы атаку на ўсіх непажаданых адначасова ("вось зла" вы ведаеце - ад Беларусі да Паўночнай Карэі, уключаючы Расію, Кітай, Іран і іншых), зразумелі, што дапусцілі памылку, аб'яднаўшы непаслухмяную Расію і галоўнага ворага для іх - Кітай. Сваім націскам яны аб'ядналі гэтыя дзве дзяржавы. Расію з багатымі рэсурсамі і магутным ваенна-прамысловым комплексам і Кітай з вялізным эканамічным і чалавечым патэнцыялам, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Яны зразумелі, што з гэтым саюзам яны не справяцца".
Прэзідэнт заявіў, што паглыблены ў гэту праблематыку, паколькі яму пяць гадоў таму давялося абмяркоўваць гэтыя пытанні з высокапастаўленымі амерыканскімі чыноўнікамі.
Але Злучаныя Штаты знайшлі выйсце: арганізавалі канфлікт у Еўропе, у гэтай сітуацыі ва Украіне, і ўсклалі яго на плечы Еўрасаюза і НАТА, паабяцаўшы дапамагчы грашамі.
"Мэта - адцягнуць увагу, утапіць Расію ў вайне з Украінай, аслабіць вайной і санкцыямі (тады Расіі будзе не да саюза з Кітаем, не да адзінства). А ў гэты час разабрацца з Кітаем, уцягнуць у гэтыя разборкі, калі атрымаецца, "зацікаўленых": AUKUS (абаронны альянс Аўстраліі, Вялікабрытаніі і ЗША. - Заўвага) - новае НАТА ў Ціхім акіяне, дабавіўшы туды Японію і Паўднёвую Карэю. Вось ключ да стратэгіі Злучаных Штатаў у імя дамінавання ў свеце, - заявіў Прэзідэнт. - Потым гэта не трэба будзе нікому: яны ўсіх кінуць, як гэта яны паказалі ў Афганістане".
"Таму на заходніх граніцах мы твар у твар стаім з НАТА. Зацверджаны план разгортвання трохсоттысячнай ваеннай групоўкі на ўсходнім флангу блока. Яны называюць гэта "поясам стрымлівання". Зразумець бы толькі, каго яны збіраюцца стрымліваць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён нагадаў, што палякі разгарнулі на граніцы з Беларуссю баявыя падраздзяленні Узброеных сіл для абароны ад нібыта "масавага пранікнення з беларускай тэрыторыі мігрантаў". "Сур'ёзна? Прафесійныя, узброеныя да зубоў ваенныя стаяць на граніцы, каб забіваць жанчын і дзяцей? Бяззбройных людзей, якія ўцякаюць ад вайны з тых дзяржаў, якія яны (Захад. - Заўвага) разбурылі. Вы бачылі, як яны абараняюць граніцу. Калечаць, забіваюць, а потым падкідваюць трупы і калек нам", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
На тэрыторыі Літвы да 2028 года будзе разгорнута фарміраванне брыгаднага ўзроўню Узброеных сіл ФРГ, а таксама сілы і сродкі Аб'яднаных узброеных сіл НАТА колькасцю 5 тыс. чалавек. "Немцы так нічога і не зразумелі. Урокі ім на карысць не пайшлі з той вайны", - заўважыў Прэзідэнт.
Да 20 тыс. натаўскіх салдат сканцэнтравана ў Польшчы і краінах Балтыі. "Успомніце, нас пасля Другой сусветнай, Вялікай Айчыннай вайны яны, кіраўнікі, эліта Еўропы, называлі акупантамі. А дыслакацыя ў Заходняй Еўропе на пастаяннай аснове больш як 60,5 тыс. ваеннаслужачых Узброеных сіл ЗША і звыш 30 тыс. натаўскіх салдат - гэта што? Гэта не акупацыя, гэта іншае. Якія палітычныя рашэнні будуць прымаць еўрапейскія лідары пад прыцэлам аўтаматаў амерыканскай групоўкі? Мы ж ужо бачым, якія яны рашэнні прымаюць і наколькі яны самастойныя", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Самі ж Злучаныя Штаты паскоранымі тэмпамі мадэрнізуюць сваю тактычную ядзерную зброю, якая захоўваецца на авіябазах Бельгіі, ФРГ, Італіі, Турцыі, Нідэрландаў. "У ваеннай тэрміналогіі гэта называецца "ўдарна-наступальныя магчымасці". Калі дойдзе да стратэгічнага, планета знікне. А ім жа хочацца жыць і кіраваць планетай, як раней, таму тактычнае. Ударна-наступальныя кампаненты, не абарончыя, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Дык якія да нас тады пытанні? Што так расхваляваліся, калі мы размясцілі аналагічную па функцыянале зброю на сваіх базах?"
"Латышы, вядома, дзіўныя. Небагатая ж краіна. Пенсіянеры ледзь канцы з канцамі зводзяць, моладзь бяжыць у пошуках лепшага жыцця. Але на фоне істэрыі вакол пагрозы ядзернай вайны, пра якую ўсе гавораць, трацяць неймаверныя грошы на будаўніцтва бетонных блокаў і металічных загарод у пагранічнай паласе па прыкладзе Польшчы. Агульны бюджэт названых работ на агароджы складзе амаль 300 мільёнаў еўра. Дарэчы, пад шумок у такіх выпадках немалыя сумы асядаюць у кішэнях высокапастаўленых асоб. Мы ўжо бачым гучныя выкрыцці і адстаўкі.
"Зразумела адно: нас вельмі хочуць уцягнуць у вайну. Як ніхто іншы і я як галоўнакамандуючы, і нашы ваенныя, спецслужбы гэта бачым. Пакуль яны нас правакуюць, капаюць акопы, мадэрнізуюць ваенную інфраструктуру, узбраенне. Я ўжо гаварыў: мы па другі бок граніцы будуем мірнае жыццё. Сцены не ўзводзім, акопы не капаем. Але наша міралюбнасць - не пацыфізм. Я папрашу не блытаць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, па меры росту пагроз Беларусь будзе прымаць сіметрычныя меры і нарошчваць баявую моц. "І, звяртаючыся да іх, хацеў бы папрасіць: вы не штурхайце нас да асіметрычных мер, - папярэдзіў Прэзідэнт. - Мы павінны быць моцнымі, каб ніхто не смеў паставіць нас на калені, як было часта ў нашай гісторыі. Каб нас, як футбольны мяч, ад варот да варот больш не кідалі: то ў адзін бок, то ў другі. Мы ні ў кога не просім зямлі. Мы ні ў кога нічога не патрабуем. Мы хочам жыць на сваёй зямлі. Наш беларускі народ выпакутаваў гэта права, і мы яго аддаць нікому не дазволім".
"На фоне ваеннага спектакля на граніцы з Беларуссю давайце сумленна адкажам сабе на пытанне: ці ёсць сёння рэальная карысць ад падкантрольных Захаду наднацыянальных структур, якія нібы грыбы разрасліся па ўсім свеце?" - спытаў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што АБСЕ, ААН і іншыя арганізацыі не змаглі прадухіліць ні аднаго крывавага канфлікту. "А іх галоўная задача ў гэтым. Еўрапейскі фонд міру наогул выдзяляе сродкі на вайну ва Украіне. Удумайцеся: не хапае грошай, фонд міру спансіруе забойства людзей. Варта было нашаму фонду міру, кіраўніцтву яго, паехаць ва Украіну, каб дапамагчы дзеткам, - неадкладна выкінулі са сваёй кагорты, са сваёй групы. Бог з вамі, мы перажывём", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Якія рэальныя вынікі дасягнуты ў ходзе правядзення буйных міжнародных форумаў: Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, саміту "Вялікай дваццаткі", Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе, Кліматычнай канферэнцыі ААН? Здавалася б, цікава ж запрасіць розныя пункты гледжання, як хваліліся на Мюнхенскай канферэнцыі. Запрасіце расіян, беларусаў. Мы з Пуціным прыедзем, раскажам, чаго мы хочам, як мы хочам "ваяваць" супраць Еўропы. Не, ім гэта меркаванне не трэба", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што эксперты ўсіх масцей гавораць пра ангажыраванасць міжнародных структур Захадам, менш радыкальныя называюць іх "заложнікамі геапалітычнага проціборства".
"А якая, па сутнасці, розніца - ці ідэйныя яны глабалісты ці "заложнікі"? Паглядзіце: сітуацыя ж склалася абсурдная. Пагрозы бяспецы ледзь ці не кожны дзень множацца, а міратворчая місія міжнародных структур страчваецца. Гэта нармальна для тых, хто пойдзе на ўсё, каб не дапусціць еўразійскага цывілізацыйнага развіцця. Усё гэта схавана за шырмай балбатні", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра кліматычную канферэнцыю, якая прайшла ў 2023 годзе ў ААЭ. Лідары заходніх дзяржаў з высокіх трыбун расказвалі іншым краінам, як трэба жыць, каб абараніць планету, але ніхто не выказаўся за спыненне ваенных канфліктаў. "Перастаньце ваяваць - і выкіды зменшацца кратна. А грошы адпраўце тым, хто сёння ў бядотным становішчы і пакутуе, - прапанаваў простае выйсце Прэзідэнт. - Яны разлічваюць, што за гэтай балбатнёй мы не бачым сутнасці".
"Вы ўявіце, што будзе з англасаксонскай гегемоніяй, калі ўсю гэту вялізную прастору ад Лісабона да Пекіна звяжа новы Шаўковы шлях. А што будзе з Еўрасаюзам, грамадзяне якога ўбачаць, што развівацца і жыць у дастатку можна, не таргуючы сваім суверэнітэтам, не здраджваючы нацыянальным інтарэсам і не забіваючы людзей. І як бы амерыканцы ні патрабавалі ад сваіх васалаў, але яны па чарзе едуць у Кітай да Сі Цзіньпіна. Гэта пра што сведчыць? Гэта сведчыць пра тое, што дурні дурнямі, а глядзяць далёка. Яны разумеюць, што Кітай не спыніць. І многае будзе ў будучым залежаць ад Кітая", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
У прынцыпе многія пачалі бачыць, дадаў ён. Польшча паспрабавала ўжо ўзняць пытанне аб прыярытэце нацыянальнага права адносна права Еўрапейскага саюза. "І былі хутка пастаўлены на месца. Але тэма будзе набіраць абароты, яна не разыдзецца, не знікне", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Са сваёй пазіцыі выступае і Венгрыя. У Францыі праходзяць свае акты непадпарадкавання. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэта таксама спроба выбіцца з масы паслухмяных краін, хоць неяк заявіць пра сябе.
"Міжнародныя пагадненні, інтэграцыйныя саюзы патрэбны. Але такія, якія будуць паважаць нацыянальныя суверэнітэты, выбудоўваць узаемадзеянне ўдзельнікаў праз дыялог, кансэнсус, пошук кампрамісаў. Бяспека павінна быць роўнай і агульнай для ўсіх краін планеты. Згодны з экспертамі, якія сцвярджаюць, што сістэмы супрацоўніцтва і бяспекі можна і трэба будаваць у рамках Вялікай Еўразіі", - заявіў беларускі лідар.
"Абсалютна ўпэўнены, што прыкладам мірнага і стваральнага парадку дня стануць правераныя гадамі нашы саюзніцкія адносіны з Расіяй, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я нават сказаў бы, што саюзу Расійскай Федэрацыі і Беларусі ўдалося прадугадаць сённяшнія тэктанічныя зрухі ва ўсіх сферах. І цяпер менавіта наш час. Моцныя суверэнныя дзяржавы - моцны саюз. Вось формула поспеху любой інтэграцыі".
Прэзідэнт адзначыў, што час падштурхнуў беларусаў з расіянамі да вырашэння важнейшай задачы: краіны маюць намер дасягнуць тэхналагічнага суверэнітэту ў рамках Саюзнай дзяржавы, захоўваючы пры гэтым нацыянальныя інтарэсы. "І мы ўпэўнена гэта робім і рухаемся да жаданага выніку", - заявіў ён.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяпер набірае вагу Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва, дзе, як чакаецца, ужо летам Беларусь будзе выступаць у статусе паўнапраўнага члена. Каб мець уяўленне аб перспектывах гэтай структуры, дастаткова паглядзець, колькі месца на карце свету займаюць дзяржавы-ўдзельніцы і наглядальнікі.
"З такім размахам і не трэба быць ваенным блокам па ўзоры НАТА, каб быць стрымальным элементам любой агрэсіі. Ды і не ў маштабе сіла. ШАС - гэта размова на роўных. Усе, хто стаміўся ад гегемоніі Амерыкі, уключаючы краіны Лацінскай Амерыкі, Глабальнага Поўдня, глядзяць на гэту структуру з павагай. А БРІКС - гэта ўжо іншая геаграфія і іншы маштаб уплыву на сусветны парадак дня. Няма сумненняў: ШАС і БРІКС - прагрэсіўная сусветная большасць. Гэта выклік ідэалогіі глабальнай уніфікацыі. Месца Беларусі менавіта там - побач з народамі, якія прадстаўляюць розныя культуры, але аб'яднаны імкненнем да міру і развіцця", - заявіў Прэзідэнт.
"Тэма Глабальнага Поўдня, вядома, страшна гучыць для старэючай Еўропы. Гуманітарны і міграцыйны крызіс, справакаваны барацьбой за ўплыў у рэгіёне, нарастае. Вы ведаеце, кім гэты крызіс справакаваны. Але гэта не мае значэння. Эксперты прагназуюць сур'ёзныя змяненні і без таго безаблічнай агульнаеўрапейскай ідэнтычнасці пад націскам мігрантаў на працягу нейкіх 20 гадоў. Для Еўропы гэта катастрофа. Няма ўжо часу строіць з сябе неакаланізатара, чапляцца за страчаны імідж белага ўладара. Ды і не ўладары вы ўжо! Нават на сваёй зямлі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што грамадзянам Еўрасаюза цяпер трэба было б вярнуцца да трыдыцыйных каштоўнасцей, пачаць дзяцей нараджаць, умацоўваць інстытут класічнай сям'і. "Ім упісацца б у новыя прагрэсіўныя структуры ўзаемадзеяння з Усходам. Гэта наш агульны Еўразійскі кантынент. Але куратарам з Вашынгтона больш падабаецца ідэя адпраўляць еўрапейскіх салдат ва Украіну. У авангардзе перспектывы або першай на чарзе стаіць Францыя. Як кажуць, без каментарыяў", - дадаў Прэзідэнт.
"Настае час моцных. Не агрэсіўна моцных, а моцных духам. Сапраўдная моц вымяраецца імкненнем станавіцца лепшым, рабіць свет лепшым, прымаць яго нацыянальную, канфесійную, ідэалагічную разнастайнасць, дапамагаць тым, хто слабейшы. Мы, беларусы, так разумеем сілу нацыі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы задаўся пытаннем: "Якія мы, сучасныя беларусы, якія трэць стагоддзя цвёрда стаім пад інфармацыйным, санкцыйным агнём? Безумоўна, развіваючыся ў сітуацыі пастаяннага націску і агрэсіі, мы загартаваліся".
"А ўвогуле, гістарычнае развіццё беларускага народа наперакор абставінам і ёсць той унікальны шлях, прычым даўжынёй у стагоддзі. Мы - нацыя моцная. Што павінны рабіць у першую чаргу, каб захаваць гэты статус? Усё проста - трэба станавіцца яшчэ мацнейшымі. У аснове асноў - моцная эканоміка. Але і яна - вынік правільнага геапалітычнага выбару", - заўважыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў пра афарызм аб савецкім мінулым, які нарадзіўся на фоне разрухі 1990-х: "Тыя, хто апладзіраваў ліберальным рэформам (і ў нас таксама), лаяў савецкую сістэму, раптам абдумаліся і пачалі ўспамінаць: як добра мы дрэнна жылі".
"Каб не давялося калі-небудзь сказаць гэтак жа пра наш з вамі час, параўноўваючы яго з якой-небудзь чарговай гуманітарнай катастрофай, давайце шчыра прызнаем: мы ніколі яшчэ так не жылі добра, як цяпер, - сказаў Прэзідэнт. - Вядома, маглі б і лепш, але ў нас няма таго, што ёсць, напрыклад, у Эміратах і Расіі (такіх запасаў карысных выкапняў. - Заўвага). Прызнаем, каб не кідацца ў рэвалюцыйныя трансфармацыі. Не для гэтага трэць стагоддзя таму мы адводзілі народ ад прорвы. І адвялі".
Цяпер рэальныя грашовыя даходы беларусаў у 10 разоў перавышаюць узровень сярэдзіны 1990-х. "Ведаю, якая будзе рэакцыя на гэты тэзіс. Некаторыя панапісваюць, што ў 10 разоў за 30 гадоў - гэта не так ужо і шмат. Але падкрэслю: рэальныя даходы, падмацаваныя рэальнымі магчымасцямі купляць, зберагаць, адпачываць", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Рост даходаў, паводле слоў Прэзідэнта, вядома, стрымалі санкцыі. "Так, без іх, гэта значыць у абдымку з тым, хто іх увёў супраць нас - Захадам і Амерыкай, быў шанц разбагацець. Але не ва ўсіх. Выключна ў лічаных беларусаў, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Мы ж рабілі ўсё, каб не дапусціць празмернага расслаення грамадства на бедных і багатых. Няхай не кожны гэта разумее, не ўсе прымаюць, але мы зрабілі тое, што абяцалі народу. І мы гэта зрабілі! Як умелі і як маглі. І няхай пасля нас зробяць лепш іншыя!"
Пры супастаўленні ўмоў, у якіх развівалася краіна, і атрыманых вынікаў становіцца відавочным: ёсць нагоды для гонару. "Ведаючы, як ніхто іншы, геапалітычныя рызыкі, сувымяраючы нашы геаграфічныя, рэсурсныя магчымасці з тымі намаганнямі, якія мы разам прыклалі, я ганаруся нашымі дасягненнямі", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падзякаваў усім, хто ў 1990-я гады выводзіў краіну з крызісу, адводзячы яе ад прорвы.
Прэзідэнт дапусціў верагоднасць таго, што тых прадстаўнікоў маладога пакалення, якія нарадзіліся і выраслі ў паспяховай Беларусі, не ведалі жыцця і цяжкасцей 1990-х, такі экскурс у гісторыю не кране: "І гэта добра. Гэта значыць, што нам, старэйшаму пакаленню, ёсць што прадставіць маладому пакаленню ў год нашага 30-годдзя (гаворка пра 30-годдзе інстытута прэзідэнцтва. - Заўвага). Мы не проста пераадолелі цяжкасці, якія зваліліся на нашы плечы. Мы зрабілі гэта хутка і якасна - так, што пакаленне 30+ сёння ўпэўнена, што беларусы заўсёды жылі гэтак жа, як цяпер. Ды нам у радасць, што ў іх такое жыццё. Для гэтага мы і працавалі".
"Можна шмат расказваць пра тое, як у гады станаўлення суверэннай Беларусі мы харчаваліся бульбай і хлебам. Мяса і рыба былі святочнымі стравамі. Бананы і мандарыны ўвогуле бачылі раз у год. І тое не ўсе. А цяпер? Фінансавыя магчымасці беларусаў (як гавораць эканамісты, пакупная здольнасць даходаў) выраслі ў разы", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Свае словы ён падмацаваў канкрэтнымі прыкладамі. Так, у сярэдзіне 1990-х даходу хапіла б прыкладна на 20 кг ялавічыны ці свініны, якія яшчэ трэба было дастаць ва ўмовах дэфіцыту. А зараз гэта больш за 100 кг (рост у 4-5 разоў). Тады даступна было 13-14 кг сыру або сметанковага масла, цяпер - з лішкам 46-48 кг (рост больш чым у 3 разы).
"У краіне ў поўнай меры вырашаны пытанні харчовай бяспекі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Так, узровень самазабяспечанасці Беларусі малаком і малочнымі прадуктамі складае звыш 260%. "А што такое 260%? Гэта магчымасць накарміць дзве з паловай Беларусі, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - Па іншых паказчыках - амаль паўтары Беларусі можам забяспечыць мясам і мясапрадуктамі".
Па сярэднедушавай вытворчасці збожжа і агародніны наша краіна ўваходзіць у пяцёрку лідараў сярод краін СНД. Хоць яшчэ ў 1990-я гады Беларусь купляла збожжа ў Чэхіі, каб накарміць насельніцтва, а бацькі цяперашніх збеглых сцяной стаялі супраць і прасілі Чэхію не даваць Беларусі збожжа. "Цытую: "Хай яны там падохнуць", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка. - Але мы выжылі".
"Больш таго. Мы гатовы ўносіць свой важкі ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі ва ўсім свеце. За гэта, як вы ведаеце, выступае і Генеральны сакратар Арганізацыі Аб'яднаных Нацый", - дадаў Прэзідэнт.
Прадаўжаючы размову аб дасягненнях краіны і паляпшэнні якасці жыцця людзей, кіраўнік дзяржавы нагадаў, што яшчэ трэць стагоддзя таму сучасная бытавая тэхніка для беларусаў была раскошай, на тэлевізар гадамі збіралі, на асабістым аўто ездзілі выключныя людзі. А цяпер гэтыя "выключныя людзі" маюць машыны на розныя выпадкі жыцця: для прагулкі, на рыбалку і гэтак далей.
У 1990 годзе ў грамадзян Беларусі было ў карыстанні крыху больш за паўмільёна аўтамабіляў, а ў 2023 годзе - звыш 3 млн (у 5,5 разоў больш). Гэта значыць, на кожнага трэцяга жыхара краіны, уключаючы немаўлят, прыпадае аўтамабіль.
"Што важна: беларусы ўсё больш могуць сабе дазволіць і дазваляюць набыццё новага аўтамабіля", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Больш таго, за купляй новых аўтамабіляў, якія вырабляюцца ў Беларусі, ужо выстройваюцца чэргі як унутры краіны, так і за яе межамі.
Пры падтрымцы Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі змаглі стварыць уласны легкавы аўтамабіль. У 2023 годзе выраблена і рэалізавана амаль 70 тыс. машын.
Прэзідэнт нагадаў, як у 1990-я гады ў Беларусі не хапала кваліфікаваных урачоў, педагогаў, вучоных (яны рванулі на рынкі гандляваць, каб выжыць), станавіліся непрыдатнымі жыллё, школы, бальніцы, а новыя сацыяльныя аб'екты не будаваліся.
Аднак за перыяд 1994-2022 гадоў амаль у 2 разы павялічылася колькасць амбулаторна-паліклінічных арганізацый, і цяпер гэта 2660 устаноў.
"У сферы аховы здароўя Беларусь займае адно з вядучых месцаў у свеце па даступнасці медыцынскіх паслуг для насельніцтва - заява СААЗ", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Калі яшчэ 10 гадоў таму перасадка органаў чалавеку ў краіне была гістарычнай падзеяй, то цяпер гэта шырока распаўсюджанае бясплатнае для беларусаў медыцынскае ўмяшанне. Больш як паўтысяча такіх аперацый праводзіцца штогод не толькі ў сталіцы, але ўжо і ў абласных цэнтрах.
"За тры дзесяцігоддзі мы дабіліся неверагодных вынікаў у сакральнай тэме нараджэння дзяцей", - заявіў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што Беларусь можа па праву ганарыцца тым, што змагла скараціць мацярынскую смяротнасць больш як у 6 разоў, а дзіцячую ў 5,5 раза і мае адны з самых нізкіх паказчыкаў у Еўропе і сярод краін СНД (гэтыя даныя пацвярджаюцца з боку СААЗ). Дзякуючы ЭКА толькі за апошнія 5 гадоў на свет з'явіліся больш як 4 тыс. маленькіх беларусаў.
"За гэтымі сухімі лічбамі - сотні тысяч шчаслівых матчыных сэрцаў і радасных усмешак малышоў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - А для маладых і будучых мамачак адзначу, што Беларусь займае 20-ю пазіцыю ў рэйтынгу самых камфортных для мацярынства краін".
На гэты камфорт, паводле слоў Прэзідэнта, беларусы працавалі па ўсіх напрамках, пачынаючы ад будаўніцтва ўстаноў дашкольнай і школьнай адукацыі, медыцынскіх, спартыўных, развіваючых цэнтраў, заканчваючы распрацоўкай адукацыйных праграм. У эксплуатацыю ўведзены 170 тыс. вучнёўскіх месцаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, 55 тыс. месцаў - у дашкольных. За 30 гадоў дасягнута амаль стапрацэнтная забяспечанасць дзяцей месцам у дзіцячым садзе. У пачатку 1990-х толькі палова малышоў ішлі ў першы клас з дзіцячага сада.
Беларусь - краіна з нізкім узроўнем сацыяльнага расслаення насельніцтва па даходах. Менавіта такой, перакананы Кіраўнік дзяржавы, і павінна быць цывілізаваная высокаразвітая краіна - краіна роўных магчымасцей.
"Беларусь кардынальна змяніла свой сацыяльны статус", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. З групы краін з нізкім узроўнем чалавечага развіцця яна перамясцілася ў групу з вельмі высокім узроўнем, дзе ўпэўнена займае сваю пазіцыю ўжо больш як 10 гадоў. "Удумайцеся, усяго за нейкія 30 гадоў мы гэта зрабілі", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
"Давайце сумленна. Аснова для развіцця ёсць, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы забяспечылі макраэканамічную збалансаванасць, фінансавую стабільнасць, аднавілі дынаміку эканамічнага росту, нарасцілі вялікі экспартны патэнцыял".
У якасці пазітыўнага факта Прэзідэнт адзначыў, што цяпер беларусы могуць сабе дазволіць мець зберажэнні. Толькі ў банках, паводле даных на пачатак красавіка гэтага года, на рахунках насельніцтва захоўваецца амаль Br30 млрд. У сярэднім гэта прыблізна па $1 тыс. на кожнага жыхара краіны. І дома, як кажуць, пад падушкай схавана яшчэ, на чорны дзень. "Бедна" жывём", - іранічна заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы значна рушылі наперад у пытаннях забеспячэння энергетычнай незалежнасці, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Беларуская АЭС - гэта наш моцны брэнд і наш суверэнітэт. І гэта якасць нашага жыцця, якая забяспечваецца развіццём электражылля, электратранспарту, скарачэннем выкідаў парніковых газаў на 7 млн т. Лічба вялікая".
Што датычыцца жыллёвай палітыкі беларускай дзяржавы, то прыярытэт у пытаннях дапамогі ў будаўніцтве і набыцці жылля захоўваецца за сем'ямі з дзецьмі, у першую чаргу шматдзетнымі, жыхарамі малых гарадоў і пасёлкаў, сем'ямі, якія не маюць уласнага жылля, ваеннаслужачымі. І гэта практыка, як запэўніў Прэзідэнт, будзе прадоўжана.
"Амаль мільён сем'яў палепшылі жыллё за гэтыя гады. Сотні тысяч кватэр пабудаваны з дзяржаўнай падтрымкай. Камфортныя і сучасныя, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі ў 1995 годзе ў добраўпарадкаваных кватэрах і дамах пражывала крыху больш за палову насельніцтва, сёння мы блізка падыходзім да стапрацэнтнага паказчыка (94%). Рост у паўтара раза. Пры гэтым у сельскай мясцовасці паказчык павялічыўся не ў паўтара раза, а ўтрая".
Доля сем'яў, якія ўказалі на задаволенасць сваімі жыллёвымі ўмовамі, складае амаль 90%. "Вы мае падыходы ведаеце. Лічба добрая, але павінна быць вышэй, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - А нехта наогул пачаў жыць з размахам".
"Мы пабудавалі з вамі найпрыгажэйшыя гарады, паляпшаем глыбінку", - сказаў Прэзідэнт. У краіне мадэрнізавалі і ўзвялі нямала спартыўных збудаванняў сусветнага класа. Сярод іх - Нацыянальны алімпійскі стадыён "Дынама", спартыўна-відовішчны комплекс "Мінск-Арэна" з веладромам і канькабежным стадыёнам, спарткомплексы "Чыжоўка-Арэна", "Стайкі", "Раўбічы", вяслярныя каналы ў Брэсце і Заслаўі.
Гэта інфраструктура дазволіла паспяхова правесці ў Беларусі шматлікія чэмпіянаты свету і Еўропы, другія Еўрапейскія гульні (2019), другія Гульні краін СНД (2023).
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што будаўніцтва многіх культурных аб'ектаў стала сапраўды народным. У іх ліку - Нацыянальная бібліятэка, новы будынак музея Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер сумеснымі намаганнямі ўзводзіцца Рэспубліканскі маладзёжны патрыятычны цэнтр у Брэсцкай вобласці.
"Мадэрнізавалі і перааснасцілі ўсе існуючыя аб'екты культуры. Пляцовак для выступленняў нашых культурных работнікаў больш чым дастаткова - ідзі і паказвай сваё майстэрства, а мы (гледачы. - Заўвага), калі вы нас зацікавіце, будзем прыходзіць і купляць вельмі дорага білеты, якія вы будзеце прадаваць, як гэта робіць наш Вялікі тэатр", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
За тры дзесяцігоддзі ў Беларусі амаль у 2 разы павялічылі працягласць дарог, пры гэтым у 1,5 раза павялічыўся кіламетраж дарог з цвёрдым пакрыццём і на 1 студзеня 2024 года склаў амаль 80 тыс. км. Скораснымі дарогамі звязана сталіца практычна з усімі абласнымі цэнтрамі. Траса Мінск - Полацк - Віцебск з'яўляецца завяршальным праектам у гэтай справе, які плануецца завяршыць у бліжэйшы час. "Усё гэта - наш агульны поспех", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што суверэнная Беларусь захавала і прымножыла свой прамысловы патэнцыял. Працуюць такія флагманы, як МАЗ, БелАЗ, МТЗ, "Гомсельмаш", іншыя. Аб'ём прамысловай вытворчасці з сярэдзіны 1990-х па 2023 год павялічыўся ў 4 разы.
"Пішуць, што па суадносінах цана - якасць нашы суседзі параўноўваюць беларускі трактар МТЗ з безадмоўным аўтаматам Калашнікава. Дзякуй. Вельмі прыемна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Дзякуючы сучасным нафтаперапрацоўчым прадпрыемствам у краіне ёсць якаснае і даступнае паліва. Хаця быў час, калі не ведалі, як заправіць і вывесці на палі ўборачную тэхніку, нагадаў Прэзідэнт.
"Мы маем сур'ёзныя кампетэнцыі ў глыбокай дрэваперапрацоўцы. Выпускаючы прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю, сталі прыкметным канкурэнтам па цэлым спектры прадукцыі - ад запалак да мэблі і цэлюлозы, таму супраць нас і гэтага сектара перш за ўсё Захад увёў санкцыі, мы для іх канкурэнты", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прычым за час развіцця галіны, за гады незалежнасці плошча ляснога масіву ў краіне павялічана амаль на 1 млн гектараў. Цяпер лясы пакрываюць 40% тэрыторыі Беларусі. "А памятаеце, колькі шуму рабілі нашы так званыя змагары за экалогію?" - заўважыў Прэзідэнт.
Пра многія дасягненні краіны, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, можна вобразна сказаць: "Гэта космас!" Але ў гэтым годзе такое параўнанне загучала па-новаму. Паколькі Беларусь цяпер - касмічная дзяржава.
"Космас наш! І гэта не афарызм. Палёт Марыны Васілеўскай - для Беларусі не проста імідж, паказушны палёт. Гэта сімвалічны акорд, вяршыня, да якой мы ішлі з савецкіх часоў", - заявіў беларускі лідар.
У краіне шмат і эфектыўна працавалі на касмічныя праграмы, калі гісторыя засваення космасу яшчэ толькі пачыналася. Захавалі навуковыя калектывы ў гады суверэннага развіцця і ў далейшым значна рушылі наперад у касмічных тэхналогіях. "Мы запусцілі на арбіту першы беларускі касмічны апарат у 2012 годзе. Цяпер там тры нашы спадарожнікі", - нагадаў Кіраўнік дзяржавы.
Кампетэнцыі Беларусі ў гэтай сферы запатрабаваны іншымі краінамі. Напрыклад, ідзе сумесная з Расіяй работа над праектам па стварэнні новага беларуска-расійскага касмічнага апарата з дакладнасцю вышэйшай за папярэдні амаль на парадак. Сумесна з расіянамі беларусы працавалі ў такой высокатэхналагічнай сферы, аб якой ішла размова вышэй, як атамная энергетыка. Пры будаўніцтве атамнай электрастанцыі ў Астраўцы беларускі бок звяртаўся да расійскага з тым, каб на аб'екце працавала як мага больш беларусаў, каб яны пераймалі вопыт і асвойвалі новыя тэхналогіі. "І мы навучыліся. Мы сёння з расіянамі па ўсім свеце, дзе яны захочуць, усюды, дзе яны будуюць атамныя блокі, мы з імі працуем разам", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Гэта поспех інтэлектуальна развітой нацыі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Вынікі Беларусі ў касмічнай галіне сталі магчымымі ў тым ліку дзякуючы айчыннай адукацыі, якая стала сапраўды народным здабыткам. Яна якасная і даступная кожнаму.
"Кожны год, як вы помніце, мы на ўзроўні Прэзідэнта пастаянна вярталіся да пытанняў адукацыі. Для чаго? Каб кожнаму, дзе б ён ні жыў - у маленькай вёсцы, раённым цэнтры або ў Мінску, - стварыць роўныя ўмовы для паступлення. Каб усе дзеткі - і механізатараў, і настаўнікаў, і ўрачоў, і кіраўнікоў - мелі роўныя ўмовы (для атрымання адукацыі. - Заўвага)", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Невыпадкова расце колькасць замежных студэнтаў, якія вучацца ў нашай краіне. Цяпер іх звыш 30 тыс. чалавек, што ў 3 разы больш, чым 15 гадоў таму.
"І невыпадкова Беларусь стаіць у адным шэрагу з краінамі, якія дасягнулі высокага ўзроўню адукацыі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
"Які сацыяльна-эканамічны дабрабыт можа быць, калі не забяспечана бяспека людзей? - рытарычна спытаў Прэзідэнт. - Я часта гавару: калі мы, нашы дзеці, нашы сем'і не могуць жыць спакойна, калі дзеткі не могуць выйсці на вуліцу, калі свішча, гудзіць і ўзрываецца з усіх бакоў, калі сірэны паветранай трывогі раніцай, ноччу, у любы час палохаюць дзяцей, - навошта ўсё гэта, аб чым я гаварыў (вышэй. - Заўвага)? Гэта нічога не варта, калі няма нармальнай бяспекі для жыцця ў грамадстве".
У 1990-я гады быў разгул бандытызму, асаблівую небяспеку ўяўлялі трасы, што вялі за межы краіны. Але з гэтай праблемай у Беларусі разабраліся жорстка і хутка. "Думаю, што тыя, хто з'ехаў у "прагрэсіўную" Еўропу і ў Амерыку, гэта дасягненне нашай бяспекі ацэньваюць па заслугах. Не толькі я, і вы таксама ведаеце, што там робіцца на вуліцах. Мы ж успрымаем сваю бяспеку як данасць. Ну і дзякуй богу".
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі вырас аўтарытэт абаронца Айчыны. Для гэтага, паводле яго слоў, зрабілі ўсё, хоць было і вельмі няпроста. У сярэдзіне 1990-х ветэраны Вялікай Айчыннай вайны асцерагаліся надзяваць ордэны і медалі, выходзячы на вуліцу, а ваенныя - з'яўляцца публічна ў пагонах. "Гэта было на вашых вачах, больш як палова гэтай залы гэта памятае. Мы спынілі гэтыя настроі ў грамадстве. І зрабілі гэта шмат у чым дзякуючы развіццю нацыянальнай эканомікі, што дае магчымасць своечасова вырашаць у тым ліку пытанні сацыяльнай абароны людзей у пагонах", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы ўвесь час жывём, не задумваючыся аб тым, як у абстаноўцы эскалацыі і напружанасці забяспечваецца неабходны ўзровень ваеннай бяспекі ў нашай краіне (думаю, заўтра вы гэта пачуеце і зразумееце, хто яшчэ не зразумеў). А ён забяспечваецца гатоўнасцю нашай арміі да абароны, аховы нацыянальных інтарэсаў, - сказаў Прэзідэнт. - Тое, як функцыянуе дзяржаўная сістэма рэагавання на акты тэрарызму, дзейнасць тэрарыстычных арганізацый, незаконных узброеных фарміраванняў і масавыя беспарадкі, на шчасце, большасць з нас ведаюць толькі па фільмах, жывём мірна і спакойна. І на наша шчасце, маладыя беларусы таксама ўпэўнены, што так было заўсёды".
Магчыма, маладое пакаленне не заўважыла, як змянілася крымінальная статыстыка: амаль напалову знізіліся ўзроўні злачыннасці і крыміналізацыі грамадства. Амаль напалову - са 120 тыс. чалавек у 2004 годзе да 70 тыс. у 2023 годзе.
Стала больш бяспечна перамяшчацца па дарогах краіны. У 7 разоў скарацілася колькасць фактаў кіравання транспартнымі сродкамі ў стане ап'янення: калі ў 2004 годзе іх было 79 тыс., то ў 2023-м - 11,5 тыс.
З 1990 па 2023 год практычна ў 3 разы знізілася колькасць ДТЗ. Хаця колькасць аўтамабіляў і вадзіцеляў павялічылася значна. У 2020 годзе СААЗ паставіла Беларусь на 2-е месца ў свеце (пасля Ісландыі) сярод краін з найменшай аварыйнасцю.
"Менш сталі гінуць людзі не толькі на дарогах, але і пры пажарах, на вадаёмах, на вытворчасці. Не буду паглыбляцца ў статыстыку, паколькі за ўсімі лічбамі - лёсы нашых людзей, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Хацелася б дасягнуць ідэалу, які азначае адсутнасць такой статыстыкі ў прынцыпе. Але гэта ўтопія. А мы ўсё роўна павінны да яе імкнуцца".
"Мы павінны быць моцнымі, каб мець магчымасць абараніць слабых, дапамагчы ўсім, хто мае патрэбу ў нашай дапамозе. Мы павінны быць моцнымі, каб нас чулі на міжнароднай палітычнай арэне. І наш голас гучыць у свеце і будзе гучаць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама адзначыў: "Мы разам прайшлі вельмі цікавы шлях да фарміравання сваёй нацыянальнай дэмакратыі - шэсць усебеларускіх народных сходаў, чатыры ўсенародныя рэферэндумы. Стварылі аснову грамадзянскай супольнасці - супольнасці моцнай і патрыятычнай".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што разлічвае на агульнае імкненне да эканамічнага, навуковага, сацыяльнага, духоўнага і культурнага развіцця, якое складваецца з працы, інтэлекту, таленту і маральнай сілы кожнага.
Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў: "У нашай Радзімы акрамя нас нікога няма. Толькі мы ведаем, якой павінна быць будучыня Беларусі, якой павінна быць наша краіна, як зрабіць яе мацнейшай. Толькі мы гэта ведаем, і ніхто іншы".
"Так, было цяжка. Будзе не лягчэй. Але будзе цікава, таму што мы выбралі моцную, суверэнную, незалежную, мірную Беларусь. І ў гэты складаны, супярэчлівы час трэба выстаяць! Мы павінны гэта зрабіць - час выбраў нас!" - заявіў Прэзідэнт Беларусі.
Пасля выступлення і вырашэння шэрага арганізацыйных пытанняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка быў вылучаны дэлегатамі ў якасці кандыдата на пасаду Старшыні VII Усебеларускага народнага сходу. На пасаду Намесніка Старшыні быў вылучаны памочнік Прэзідэнта Аляксандр Косінец.
Кіраўнік дзяржавы публічна растлумачыў, з якой мэтай ствараўся гэты орган і якія надзеі на яго ўскладаюцца.
"Увесь гэты сыр-бор пачаў дзеючы Прэзідэнт. Ведаеце чаму. Я не аднойчы аб гэтым гаварыў. Мы, і я ў тым ліку, перш за ўсё я, - пакаленне адыходзячых палітыкаў. І я вельмі спадзяваўся і спадзяюся, што калі нас не стане, вы - УНС - утрымаеце краіну. Я ведаю, як цяжка гэта рабіць аднаму, дзесяці, дваццаці, трыццаці чалавекам. Я гэта гавару таму, каб вы сваё права галасаваць, вылучаць, крытыкаваць не страцілі і нікому не аддалі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Час склаўся так, што вы падтрымліваеце, я гэта бачу па апладысментах, дзеючага Прэзідэнта. Але запомніце: вы заўсёды павінны трымаць сваё слова, вы не павінны нікога баяцца. Калі вы адчуваеце і разумееце, што тыя, хто выступілі толькі што, або я да гэтага ў чымсьці не маем рацыю, вы павінны аб гэтым гаварыць. У гэтым сутнасць народнага веча. У гэтым сутнасць усяго таго, у імя чаго мы сабраліся", - адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дэлегаты УНС павінны быць сапраўднымі, рабіць так, каб іх нідзе і ніхто не мог пакрытыкаваць.
Прэзідэнт таксама апярэдзіў магчымую крытыку з боку апанентаў, што на УНС сабраліся выключна яго прыхільнікі: "Так, тут сабраліся "лукашысты", ворагаў тут няма і не будзе!" Гэту фразу зала сустрэла апладысментамі.
"Я гэта раблю на будучыню. Але пасля нас будзеце вы, большасць. І будуць нашы дзеці. І яны не павінны быць маўклівымі. Таму заўтра, калі не сёння, мы павінны сказаць сваё слова", - дадаў Прэзідэнт.
Ён таксама звярнуў увагу, што дэлегаты, галасуючы за тое ці іншае рашэнне, нясуць адказнасць. "Я на вас не перакладваў гэту адказнасць. Я 30 гадоў адказваў за гэта адзін, прымаючы гэтыя рашэнні. А цяпер будзем разам. І разам будзем за гэта адказваць. Будзьце заўсёды са сваім словам, будзьце моцнымі і мудрымі. І нікога не бойцеся. Патрэбна дапамога - клічце, мы прыйдзем", - падкрэсліў беларускі лідар.
Гаворачы пра кандыдатуру Аляксандра Косінца на пасаду Намесніка Старшыні, Кіраўнік дзяржавы сказаў: "На ўсе пасады, на якіх ён працаваў, мне давялося яго назначыць. Яго адметнасць у тым, што гэта працаголік і патрыёт. Так, ён бывае часам радыкальны, рэзкі, таму, можа, камусьці, асабліва з членаў Урада, гэта кандыдатура не зусім спадабаецца. Але такі Косінец. Мне ўвогуле падабаюцца такія людзі: смелыя, рашучыя, якія могуць выказаць сваю пазіцыю заўсёды і ўсюды. І па любым пытанні: ён жа вопытны чалавек. І ўвогуле можа быць прыкладам для любога з нас".
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што падрыхтоўка да пасяджэння УНС неаднаразова абмяркоўвалася на яго нарадах з арганізацыйным камітэтам. Да гэтай работы прыцягнулі ў тым ліку тых службовых асоб, якія дапамагалі арганізоўваць першыя Усебеларускія народныя сходы.
У дэталях на нарадах у Кіраўніка дзяржавы разглядаліся ўсе пытанні, у тым ліку фарміраванне Прэзідыума УНС. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліваў: гэты орган не павінен дубліраваць кіраўніцтва краіны.
"Я не хацеў бы, каб так было. Як быццам акрамя нас, начальнікаў, няма каго выбраць", - адзначыў Прэзідэнт.
На думку Кіраўніка дзяржавы, у Прэзідыуме УНС павінны быць прадстаўлены розныя грамадскія і дзяржаўныя структуры, у тым ліку з рэгіёнаў. "Гэта будзе больш дэмакратычна і лепш, калі ў нас у Прэзідыуме будуць засядаць не толькі начальнікі, а прадстаўнікі нашых цэнтральных органаў. Як будзе, вырашыце толькі вы тайным галасаваннем, - рэзюмаваў ён. - Ніхто не павінен націскаць. Мы не павінны ператварыцца ў тое старажытнае славянскае веча, калі прыходзілі ўсе і крычалі гвалтам, хто кап'ё падымаў, хто шапку кідаў уверх. Асноўнае мы захавалі, але асучаснілі. Тайнае галасаванне - ніхто ні на кога не націскае. Калі мы хочам, каб гэта было дэмакратычна".
"Галасую. У кожнай клетцы паставіў птушку. Інакш кажучы, усюды за", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, апускаючы бюлетэні ў выбарчую урну.
Вынікі выбараў кіраўніцтва УНС і членаў Прэзідыума УНС агучыла старшыня Падліковай камісіі УНС, старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева: "У выніку тайнага галасавання большасцю галасоў ад поўнага складу Усебеларускага народнага сходу Старшынёй Усебеларускага народнага сходу сёмага склікання выбраны Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.
Намеснікам Старшыні УНС выбраны памочнік Прэзідэнта Аляксандр Косінец. Дэлегаты таксама выбралі членаў Прэзідыума УНС у складзе 13 чалавек.
У сваёй прамове пасля выбрання Старшынёй УНС Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што цяпер вельмі важна не разбурыць адзінства беларусаў.
"Я думаў, што сказаць у гэтай сітуацыі. Банальна, традыцыйна, але вельмі правільна - я хачу вам падзякаваць. нават не за тое, што вы выбралі мяне Старшынёй. Я спадзяваўся і разумеў, што вы, напэўна, мяне выбераце, калі прапануюць людзі. Я дзякую вам за тую падтрымку, якую вы аказалі мне. У гэтай зале знаходзіцца эліта нашага грамадства, сапраўдная. Патрыятычныя людзі, адданыя нашай дзяржаве. Для мяне гэта вельмі важна. Я ганаруся тым, што пры мне вы выраслі і сталі такімі людзьмі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў некаторым сэнсе лічыць усіх прысутных сваімі дзецьмі. "Я ўсё ж такі паўплываў на тое, што вы сталі сапраўднымі палітычнымі людзьмі, вельмі адказнымі", - растлумачыў сваю пазіцыю Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пасада Старшыні УНС для яго не "выратавальны круг", як пішуць збеглыя.
"Калі б за мяне не прагаласавалі цяпер або потым, я ўжо супакоіўся б (не вельмі гэта прыемна было б, вядома, але а каму прыемна?) і думаў, што ўсё ж такі 30 гадоў - гэта нямала. І мы з вамі за гэты час нямала зрабілі. Няхай тыя, хто прыйдзе на змену нам, зробіць больш. Але гэта ваша воля і ваша рашэнне, і вам за яго несці адказнасць. Гэта ваш выбар. Я не чапляюся за гэту пасаду (ні за адну, ні за другую), я проста хачу, каб было добра", - заявіў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, цяпер важнейшая задача - удала ўпісаць УНС у палітычны быт беларускага грамадства. У свой час адной з прычын распаду Савецкага Саюза стаў раскол эліты, нагадаў Кіраўнік дзяржавы.
"Калі толькі наверсе сутыкнуцца два чалавекі, гэта імгненна пяройдзе ў грамадства. А вы ж разумееце: сутнасць людзей заўсёды заключаецца ў тым, што, засумаваўшы па "дэмакратыі" ў "дыктатуры", усе закасаўшы рукавы пачнуць краіну выхоўваць. Нехта - дзяліць, нехта - хапаць. Я гэта праходзіў, будучы дэпутатам Вярхоўнага Савета", - адзначыў Прэзідэнт.
Цяпер у Беларусі адбываецца карэннае змяненне органаў улады. "Вельмі важна цяпер, у гэты вельмі лёсавызначальны час, калі вырашаецца многае вакол нас, не разбурыць наша адзінства. А адзінства хутка разбураецца, калі зверху намячаецца трэшчына", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дэлегаты Усебеларускага народнага сходу не павінны быць маўклівымі, інакш як змагацца за будучыню краіны?
"Калі вы будзеце такімі, значыць, я памыліўся. Значыць вы, асабліва без мяне, не зможаце абараніць нашу краіну. Калі нават Кіраўнік дзяржавы памыліўся, вы павінны сказаць яму адкрыта: "Не туды ідзеш і не тое робіш. Мы гэтай вайны не хочам, яе не трэба ініцыяваць. Мы будзем ваяваць толькі тады, калі нехта ступіць на нашу зямлю". Гэта напрыклад. Вы павінны быць, як ваўкадавы: нікому не павінны нічога дазваляць таго, што можа парушыць наша адзінства і стратэгічны напрамак развіцця, які вы прымеце. Я хачу бачыць такі Усебеларускі народны сход", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, ёсць у гэтым і суб'ектыўны фактар. "Так, я сапраўды, як і вы, хачу, каб захавалася тое, што мы пабудавалі. Каб гэта ніхто не зламаў, - растлумачыў Прэзідэнт. - Ідзе вельмі небяспечны перыяд унутры: ні эканоміка, ні сельская гаспадарка, ні прамысловасць - змена пакаленняў. Гэта вельмі балючы працэс. Да нас прыходзяць маладыя, яны ўсё ведаюць. Ёсць верагоднасць, што яны могуць адмовіцца ад тых плячэй, на якіх яны будуць стаяць. Як мы: мы ж стаялі на плячах некага. Але мы ж не адхілілі, мы ж не адмовіліся".
Аляксандр Лукашэнка асобна адзначыў работу сілавых структур па забеспячэнні бяспекі ў краіне. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што абстаноўка часам бывае небяспечная, але ваенныя і праваахоўнікі ціха і спакойна робяць сваю работу, складаныя аперацыі застаюцца незаўважнымі для абывацеляў.
"Усё няпроста цяпер. Ідзём па тонкім ільдзе, па лязе нажа. І нам сёння не патрэбны ніякі разлад. Таму вы зрабілі правільнае рашэнне. Цяпер нічога не трэба дзяліць. Цяпер трэба выбудаваць сістэму. Потым збяромся, падзякуем адзін аднаму, і кожны будзе займацца сваёй справай, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Парадак павінен быць, дысцыпліна. Растапырыўшы пальцы ўладу ніхто не трымае".
"Перад кожным з нас стаяць няпростыя задачы, якія ва ўмовах сучаснага свету набываюць лёсавызначальнае значэнне, у тым ліку і для Беларусі. Але час выбраў нас!" - рэзюмаваў Старшыня УНС.
На палях пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Лукашэнка таксама адказаў на пытанні журналістаў.
Размаўляючы з прадстаўнікамі СМІ, Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што Усебеларускі народны сход як канстытуцыйны орган будзе мець сілу.
"Мы нікуды не дзенемся, каб палітычна даказаць нашым ворагам і непрыяцелям, што ў нас сапраўдная дэмакратыя. І я ўпэўнены, што з гэтага Усебеларускага народнага сходу, канстытуцыйнага органа, будзе сіла", - сказаў Прэзідэнт.
Адказваючы на ўдакладняльнае пытанне прадстаўнікоў СМІ, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што УНС - гэта не надпрэзідэнцкі орган. "Гэта орган, які дзесьці там наверсе ўбаку, але не ўмешваецца ў працэсы, якія вырашае Прэзідэнт, парламент, Урад. Гэта іх справа. Так, частка паўнамоцтваў, я іх ужо пералічваў, перададзены УНС. Напрыклад, пытанні вайны і міру", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што такія важныя пытанні раней вырашаліся асабіста Прэзідэнтам, няхай і пасля тых ці іншых кансультацый і абмеркавання з іншымі службовымі асобамі і экспертамі. "Але Прэзідэнт падпісваў ваенны Указ, дактрыну нейкую і гэтак далей. І гэтым кіраваліся. Маглі б і далей так. Але пытанні сур'ёзныя, і іх павінны вырашаць непасрэдна прадстаўнікі народа. Таму гэта (УНС. - Заўвага) не падмена Прэзідэнта", - расказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што гэты новы орган яшчэ трэба будзе правільна на практыцы ўманціраваць у цяпер дзеючую сістэму ўлады, каб не дапусціць блытаніны: "Радзькоў (Аляксандр Радзькоў. - Заўвага) бліскуча сёння сказаў: "Яго трэба ў наш палітычны быт уманціраваць". Вось, што вельмі важна. Не дай бог гэтыя супярэчнасці і сутыкненні. Тады бяда будзе ў грамадстве".
Кіраўнік дзяржавы чарговы раз адказаў і на пытанне аб маючай адбыцца ў 2025 годзе прэзідэнцкай кампаніі. Ён падкрэсліў, што пры прыняцці канчатковага рашэння ён у першую чаргу будзе арыентавацца на меркаванне народа: "Калі яны вырашаць, што я павінен ісці, - я пайду. І калі людзі вырашаць, што будзе іншы (не банальна, я гэта шчыра гавару), я згаджуся".
Адказваючы на пытанні журналістаў, Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што амерыканская дапамога Украіне ніколькі не зменіць сітуацыю на фронце.
"Я ж папярэджваў: гэтыя $60 млрд ім дадуць. Пагулялі туды-сюды ў дэмакратыю: "Ах, Кангрэс!". Гэта адзінае меркаванне ўсіх у Амерыцы: яны паціху гэту нагрузку кладуць на Еўрасаюз і НАТА, каб Расію стрымліваць і ўтапіць, каб разабрацца з Кітаем асобна. Вось у чым сэнс. Таму яны будуць даваць крыху грошай, пакуль усе больш-менш здаровыя ўкраінцы не разбягуцца або не загінуць", - сказаў Прэзідэнт.
Гэта ніколькі, зусім не зменіць сітуацыю на фронце. Абсалютна не зменіць. Справа не ў грашах, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Гэтыя грошы трэба яшчэ асвоіць. Асвойваць іх будуць у Амерыцы. Як яны асвояць, не зразумела. Але я ведаю, як асвойваюцца грошы ў Расіі: сёння Расія мае вельмі магутны раскручаны патэнцыял. Я ўжо заходнікаў папярэджваў па сваіх кантактах: "Вы даскачацеся да таго, што Расія, раскруціўшы свой эканамічны і ваенны патэнцыял, зробіць столькі зброі, што яе не будзе куды дзяваць. Куды яна пойдзе? Яна разыдзецца па ўсім свеце. Вы гэтага хочаце? Вы гэта атрымаеце". Але яны ж гэтага не хочуць".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на Захадзе не хочуць перамогі Пуціна ў цяперашнім процістаянні. Паводле яго слоў, такія заявы гучаць у яго кантактах з высокапастаўленымі чыноўнікамі. "Я ім гавару: "Добра, садзіцеся за стол перагавораў, заключайце мірны дагавор. Калі вы гэтага не зробіце, Пуцін дакладна пераможа". Вось і ўсё", - расказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што абмяркоўваў выдзяленне амерыканскай ваеннай дапамогі Украіне са сваім расійскім калегам Уладзімірам Пуціным. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, абодва лідары ведалі, што такое рашэнне будзе прынята. "Але што яны вырашаюць пры такой дарагоўлі на боепрыпасы і іншае? Нічога не вырашаюць. І калі яны яшчэ іх атрымаюць", - заўважыў беларускі лідар.
На пытанне журналістаў, ці прапісаны механізм прымянення ядзернай зброі ў новай Ваеннай дактрыне, Аляксандр Лукашэнка адказаў адмоўна: "Механізм не прапісаны. Гэта наша справа з Пуціным. Больш таго, не толькі па тактычнай, але і па звычайнай зброі мы раімся, як, калі і дзе прымяняць. Таму там, дзе трэба, прапісана".
"Неяк сказаў, што я зацвердзіў Указ, дзе прапісана формула прымянення і ракетнай ядзернай тактычнай зброі, і бомбаў, якія падвешваюцца пад самалёт. Усё гэта прапісана, і зразумела, як дзейнічаць і што рабіць. Але я цяпер аб гэтым менш гавару, таму што гэта, напэўна, не вельмі добра, калі мы гаворым аб ядзернай зброі. Гэта страшная зброя, якую не дай бог давядзецца прымяніць", - падкрэсліў Прэзідэнт.