Сустрэча з Намеснікам Прэм'ер-міністра Пятром Пархомчыкам

  • 5
  • 5:49

У эканоміцы ў бягучым годзе стаіць важная задача - захаваць развіццё на ўзроўні не ніжэйшым, чым у 2021-м. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з нядаўна назначаным Намеснікам Прэм'ер-міністра Пятром Пархомчыкам.

Аляксандр Лукашэнка, характарызуючы Пятра Пархомчыка, адзначыў яго каласальны вопыт работы ў прамысловасці, у тым ліку на кіруючых пасадах такіх буйных прадпрыемстваў, як Мінскі трактарны завод і БелАЗ. Аднак у работу іншых сфер новаму віцэ-прэм'еру яшчэ трэба ўнікнуць, і ў гэтым яму павінен дапамагчы Юрый Назараў, які перайшоў з пасады віцэ-прэм'ера на пасаду кіраўніка спраў Прэзідэнта. "Калі табе прамысловасць абсалютна зразумелая, то энергетычны комплекс, нафтахімічны, дрэваапрацоўка, лясная гаспадарка - гэта адносна новыя напрамкі работы ў якасці віцэ-прэм'ера. Але як чалавеку, думаю, табе нічога новага няма", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, Юрый Назараў на новай пасадзе не будзе аддаляцца ад работы сферы лясной гаспадаркі і дрэваапрацоўкі: "Калі трэба, і дапаможа, і падкажа. У яго дрэваапрацоўка, лес - хвост застаецца, і Гомельская вобласць - тое, што ён мне абяцаў, разам з Іванам Іванавічам Крупко. Яны зробяць усё для таго, каб Гомельская вобласць выйшла на ўзровень хаця б Брэсцкай вобласці", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да новага віцэ-прэм'ера, Аляксандр Лукашэнка абазначыў шэраг задач па розных напрамках - ад прамысловасці і сельскай гаспадаркі да рэалізацыі канкрэтных праектаў.

"Наша задача адна ў эканоміцы - не ўпасці ніжэй за мінулы год. І галоўную ролю тут павінна адыграць, вядома ж, прамысловасць, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Сельская гаспадарка, я адчуваю, выйдзе на абяцаныя параметры - 104 працэнты. Для гэтага ёсць усё, і надвор'е нас пашкадавала, абрадавала - мы ўбралі (практычна ідзём да фінішу) збожжавыя каласавыя, 8 млн т, напэўна, атрымаем у гэтым годзе, а можа (сон спраўдзіцца), 8,2 млн т. Дай бог, вядома. Гэта будзе цудоўна. Плюс рапс, плюс кукуруза. І калі ўсё складзецца, як цяпер, то 11 млн т - гэта будзе рэкорд для нашай краіны, мы атрымаем неабходнае, якаснае збожжа людзей нашых накарміць і каб хапіла для вытворчасці камбікармоў".

У якасці важнай задачы Прэзідэнт абазначыў асваенне новых рынкаў збыту і захаванне існуючых. Перспектыўнымі могуць быць і такія далёкія краіны, як, напрыклад, Зімбабвэ, лічыць беларускі лідар. "Гэта ўнікальны край, краіна, - адзначыў ён. - І ў такіх краінах вы зможаце працаваць, дзе таксама праблем хапае. Усё жыццё душылі Зімбабвэ санкцыямі. Напэўна, золата, алмазы спакою не даюць некаторым заходнім кіраўнікам".

"Я ўжо гаварыў аб тым, што не трэба адкідваць ніякія рынкі, - прадоўжыў беларускі лідар. - Можам працаваць на захадзе - будзем працаваць на захадзе, на поўдні, поўначы, усходзе - дзе толькі мы патрэбны, патрэбна наша прадукцыя, усюды трэба працаваць. Мы што, эканоміку гіганцкую маем, як Расія? Не. Эканоміка кампактная. Тое, што вырабляем, патрэбна, усюды патрэбна: і прадукты харчавання, і ўгнаенні мінеральныя, асабліва цяпер. Каб голаду не дапусціць, і Захад будзе купляць гэтыя ўгнаенні. А гэта побач. Таму ні ад якіх рынкаў адмаўляцца не трэба".

Прэзідэнт нагадаў, што пытаннем нумар адзін для Савета Міністраў застаецца развіццё імпартазамяшчэння: "Аб гэтым шмат гаворым, нешта пачалі рабіць. Бяда нас прымусіла, гэтыя санкцыі займацца імпартазамяшчэннем".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Пётр Пархомчык прадоўжыць курыраваць рэалізацыю буйных інвестыцыйных праектаў, за якія ён быў адказны і раней. У прыватнасці, размова аб інвестпраектах на нафтаперапрацоўчых заводах у Мазыры і Наваполацку, а таксама запуску на поўную моц Беларускай атамнай электрастанцыі. "Пётр Аляксандравіч, трэба сур'ёзна ўзяцца за гэтыя пытанні і закончыць гэта ўсё. Закончыць гэту валакіту, прынцыпова разабрацца. І БелАЭС павінна пачаць працаваць на поўную моц. Таксама хвасты трэба гэтыя адсякаць", - запатрабаваў Прэзідэнт.

Размова зайшла таксама аб вытворчасці аўтобусаў МАЗ. "Вельмі перспектыўная сфера. Вы бачыце, попыт не паспяваем задавольваць. Таму ўсё, што трэба для МАЗа зрабіць, падстрахуйце, запатрабуйце, дапамажыце, але развіваць аўтобусную вытворчасць трэба", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён згадаў і аб сваёй нядаўняй паездцы ў Мёры і наведванні металапракатнага завода: "Добрае прадпрыемства, можа працаваць, ведаем, што там трэба рабіць. Таксама трэба актыўней нам яго задзейнічаць".

Асобна Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму работы гарбарнай галіны: "Шмат гаварылі аб скураной сыравіне. Я ў бліжэйшы час там пабуду. Паглядзіце на кіраўніцтва канцэрна, на ўсіх тых, хто кіруе гэтай сферай. Вельмі патрэбная сёння вытворчасць. Рынак - вязі не хачу. Але трэба напружыцца. Гэта ж не вытворчасць БелАЗаў і іх продаж, а скураную сыравіну трэба дапрацаваць і прадаць з высокай дабаўленай вартасцю. Рашэнні там усе прыняты. Трэба вярнуцца і паглядзець, як яны рэалізуюцца".

У ліку важных напрамкаў работы віцэ-прэм'ера Прэзідэнт абазначыў рэалізацыю праектаў на "Гродна Азоце" і Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце. Што датычыцца апошняга, там павінна быць арганізавана паглыбленая перапрацоўка, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Гэта павінна быць даведзена да дасканаласці, каб мы не прадавалі паўфабрыкат, прадавалі гатовы выраб і сябе забяспечылі кардонам і не толькі", - сказаў ён.

"Трэба інвесціраваць у тое, што мы ўмеем рабіць, - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. - Калісьці мы ў дрэваапрацоўцы прыйшлі да такой высновы. Калі ў нас ёсць добрая школа аўтамабілебудавання, велікагрузных і іншых аўтамабіляў, давайце будзем паглыбляцца тут, там жа непачаты край работы, перш за ўсё па імпартазамяшчэнні. Гэтак жа і тут. Вырабілі мы цэлюлозу і яшчэ штосьці з драўніны, давайце ператворым у паперу, а паперу - у кардон і ўпакоўку. Чаго ж вязём паўфабрыкат, а потым адтуль вязём кардон, каб жаночыя калготкі ўпакаваць або парфумерыю? Трэба ў сябе гэта ўсё рабіць. Гэта значыць паглыбленне тых напрамкаў, якія сёння даюць эфект і запатрабаваны на рынках".