Пасяджэнне Савета Міністраў
- 25
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 жніўня правёў пасяджэнне Савета Міністраў аб функцыянаванні эканомікі ва ўмовах санкцый і мерах па іх пераадоленні.
У час пасяджэння былі заслуханы даклады не толькі Прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанкі, але і кіраўнікоў галін - сельскай гаспадаркі, прамысловасці, транспарту, будаўніцтва, калійнай галіны, банкаўска-фінансавай сферы. Усе асноўныя тэндэнцыі вывучаны на аснове даных статыстыкі.
"У нас сёння рабочае пасяджэнне Урада, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Я разумею ваша напружанне - ад Прэм'ер-міністра да прысутных тут. Так, гэта сур'ёзнае мерапрыемства, знакавае, але не надзвычайнае. Гэта прамежкавае мерапрыемства. Вельмі ўсё будзе сур'ёзна па выніках года. Хацелася б, каб па выніках гэтага года ў нас была добрая размова, мы паціскалі адзін аднаму рукі і радаваліся таму, што адносна невялікая краіна па сусветных маштабах, сярэднееўрапейскага памеру, вытрымала беспрэцэдэнтны, жудасны, нічым не абгрунтаваны націск".
Прэзідэнт нагадаў, што перад Урадам стаіць задача спрацаваць не горш за мінулы год. "А ці зможам мы спрацаваць на ўзроўні мінулага года? Усё ж такі санкцыі беспрэцэдэнтныя для нашай экспартна арыентаванай эканомікі. Бываючы на месцах і вывучаючы тыя ці іншыя праблемы, я пераканаўся: мы можам гэта зрабіць. Той, хто напружваецца, той і сёння працуе нядрэнна. А той, хто апусціў рукі, думаючы аб тым, што само сабой наладзіцца, ды нічога страшнага, прабачаць, - так не будзе, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Празмернае напружанне, пошук новых лагістычных ланцужкоў, новых спажыўцоў нашых тавараў і гэтак далей - пытанне нумар адзін".
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што пакуль Урад і міністэрствы працуюць не на поўную моц. "Таму ў нас сёння прамежкавае пасяджэнне Урада. Па выніках года трэба спланаваць пасяджэнне Урада ў такім жа фармаце пад старшынствам Прэзідэнта, поўнасцю ўжо разгледзець, як спрацавалі. Задача адна - не горш за мінулы год. Памерці, але вытрымаць, - яшчэ раз падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Калі мы не хочам ваяваць (у кожнага ёсць дзеці), калі вы не хочаце, каб нашы дзеці са стрэльбай адстойвалі свой суверэнітэт і незалежнасць, мы павінны мець моцную эканоміку. Гэта стабільнасць у нашым грамадстве".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсё пачынаецца з малога і нязначных канфліктаў: "Нехта бяднейшы, а нехта багацейшы. Адзін на аднаго скоса паглядзелі, потым пачалі зайздросціць адзін аднаму, як гэта мы ўмеем добра рабіць, асабліва ў Беларусі. Потым узяліся за вінтоўку, стрэльбу і пачалі адзін на аднаго каціць".
На думку Прэзідэнта, як толькі ў беларускім грамадстве парушыцца стабільнасць, краіне адразу ж "дапамогуць". "Нас хутка падпаляць. Цалкам. І будзе горш, чым ва Украіне. Я гэта нутром адчуваю. Вельмі сур'ёзная абстаноўка, вельмі сур'ёзная сітуацыя, - звярнуў ён увагу. - Накормлены, напоены, апрануты, як у народзе кажуць, усё пакуль ёсць. Але гэта рухне ў адно імгненне, калі мы расслабімся".
"Таму эканоміка - пытанне нумар адзін. Будзе эканоміка - усё ў нас атрымаецца", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы лічыць неабходным нават ва ўмовах санкцый не скідваць з рахункаў рынак Еўрасаюза і працаваць з адпаведнымі краінамі па прасоўванні айчынных тавараў.
Прэзідэнт назваў няправільнай пастаноўку пытання і рыторыку аб тым, што замест недружалюбных краін цяпер Беларусь будзе працаваць выключна з дружалюбнымі. "Нам ні ў якім разе нельга скідваць з рахункаў рынак Еўрсаюза. Гэта наш бліжэйшы сусед. Мы палову там, па-мойму, працавалі па экспарце, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - З імі трэба працаваць. Шаленства палітыкаў ужо адыходзіць на задні план. Бізнес ёсць бізнес".
Кіраўнік дзяржавы ў якасці прыкладу прывёў высокі попыт у свеце на мінеральныя ўгнаенні і нафтапрадукты, якія ёсць у Беларусі. Прэзідэнт упэўнены, што цікавасць да куплі айчынных тавараў ёсць і ў партнёраў у Еўрасаюзе. "Можа, мы недастаткова актыўны ў прасоўванні сваёй прадукцыі ў гэтых умовах на тыя рынкі. Калі яны маюць патрэбу ў нашых таварах, яны таксама шукаюць шляхі набыць. Таму ні ў якім выпадку нельга адкідваць іх і нават у пэўнай рыторыцы, тэрміналогіі нельга гэта выключаць. Наадварот, туды трэба ісці, ствараючы новыя ланцужкі для таго, каб гандляваць", - заявіў беларускі лідар.
"Я нікога не хачу палохаць. Кіраўніку Адміністрацыі даручана да канца года далажыць мне па кадравым рэестры поўнасцю. Не таму, што вы такія дрэнныя. Калі нехта не цягне або не хоча, трэба будзе ісці. Таму трэба варушыцца. Вельмі трэба варушыцца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўжо і на Захадзе ёсць інтарэс да аднаўлення супрацоўніцтва з Беларуссю па тых ці іншых напрамках: "Палякі, іншыя ўносяць нам прапановы ўжо: "Давайце размаўляць". Добра, давайце. Але пакуль у МЗС яшчэ ў нас так - з нагі на нагу пераступаюць".
У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад дыпламатаў у першую чаргу займацца пытаннямі гандлю, а не абмяжоўвацца толькі заявамі аб тым, наколькі несправядлівыя санкцыі. "Раман Аляксандравіч (Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. - Заўвага), Вы былы дыпламат, я Вам даручаў у гэтым годзе сустрэцца з пасламі і катэгарычна ад іх запатрабаваць выніку. Нічога не трэба больш, ні на прыёмы хадзіць. Займіцеся толькі экспартам", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, чакае далейшых зрухаў у рабоце на расійскім рынку. Гэта задача новага пасла ў гэтай краіне Дзмітрыя Крутога, які да нядаўняга часу працаваў на пасадзе Намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, а яшчэ раней быў віцэ-прэм'ерам. "Думаю, ведаючы нашу кухню, сітуацыю, там будуць нейкія зрухі. Не таму, што Уладзімір Ільіч (былы пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка. - Заўвага) дрэнна працаваў, не. Дай бог, каб Дзмітрый узяў лепшае ў Сямашкі. Вы яго добра ведаеце", - адзначыў Прэзідэнт.
Задача стаіць і па актыўным развіцці супрацоўніцтва з Кітаем.
Асаблівую ўвагу Кіраўнік дзяржавы ўдзяліў пытанню транспарту, папярэдзіўшы, што пастаўкі замежным пакупнікам павінны ажыццяўляцца аператыўна і ў тэрмін. "Не дай бог, па выніках 2022 года мне даложаць, што вы нешта не перавезлі, што трэба перавезці. І не толькі ў Кітай", - папярэдзіў беларускі лідар.
Старшыня Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў на пасяджэнні канстатаваў, што далёка не ва ўсіх раёнах мясцовыя кіраўнікі выступілі з прапановай стварэння экспартна арыентаваных, інавацыйных невялікіх вытворчасцей.
Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка пацвердзіў, што такая праблема ёсць і не ва ўсіх кіраўнікоў прысутнічае стратэгічнае бачанне развіцця свайго рэгіёна. Шмат кіраўнікоў раёнаў, якія проста займаюцца бягучай работай і звычайнымі рэчамі. У гэтым плане ўрад гатовы падключыцца і прапанаваць праекты. Папярэдняя работа і аналіз праведзены ўжо. Раёны краіны ўмоўна падзялілі на тры групы - прамысловыя, аграрна-прамысловыя і аграрныя, прааналізавалі на ўзроўні Мінэканомікі канкрэтныя перавагі кожнага рэгіёна, існуючыя запасы сыравіны, наяўнасць рабочай сілы. "Ужо робім карту індустрыялізацыі. Гэтыя праекты будзем "насаджваць" рэгіёнам. Я іншага шляху не бачу", - сказаў кіраўнік Урада.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым папярэдзіў губернатараў, што рашэнне палітычнае і павінна няўхільна выконвацца. "Прыгожа сказана: "Будзем, будзем..." Але калі нехта з губернатараў думае, што я пажартаваў, вы памыляецеся. Вы не разумееце: гэта - палітычнае рашэнне Прэзідэнта".
Прэзідэнт звярнуў увагу, што невялікія населеныя пункты - гэта не Мінск, і людзі там небагатыя, ім трэба прадаставіць добрыя працоўныя месцы. "Там кожны бачны беспрацоўны. Яны бачны. Так, трэба націснуць, каб усе працавалі. Але трэба прапанаваць працоўнае месца. І, самае галоўнае, чаму палітычнае рашэнне, - разгрупаванне рабочай сілы. Прынамсі, каб не было прытоку з рэгіёнаў у Мінск. Вы ж задыхняцеся хутка ў гэтым Мінску", - адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што якраз з мэтай не сцягваць людзей з усёй краіны ў сталіцу ў свой час прымаўся шэраг рашэнняў, рэалізоўвалася праграма па развіцці гарадоў-спадарожнікаў. "Не, мы клеплем жыллё ў Мінску, то ў Мінску... Туды трэба ісці - у гэтыя гарады, раённыя цэнтры. Там трэба ствараць нармальнае жыццё. Гэта значыць разгрупаваць людзей. Таму думаючы, што ж прапанаваць, я ішоў ад зямлі. Вось кожны старшыня райвыканкама няхай падумае".
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што аб гэтым жа гаварыў і ў ходзе нядаўняй рабочай паездкі ў Мёрскі раён, што ў кожным раёне ў залежнасці ад наяўнасці працоўных рэсурсаў трэба ствараць невялікія прадпрыемствы. "Каб там людзі маглі жыць і працаваць. Гэта даручэнне, якое нарадзілася не раптам. І губернатары мяне не чуюць. Глядзіце, з агнём гуляеце, вы не абароніцеся", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама падкрэсліў, што агульная карціна заўсёды складваецца з дробязей, і для дасягнення выніку неабходна ўсяму ўдзяляць увагу, у тым ліку і ў плане падтрымання парадку. "Будзе вельмі сумна, калі па выніках года нехта недзе чагосьці недацягне. Гэта датычыцца ўсіх", - дадаў Прэзідэнт.
У час пасяджэння Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што санкцыі практычна не паўплывалі на сферу сельскай гаспадаркі, а таму з улікам добрых разлікаў на ўраджай у бягучым годзе ад галіны чакаюць росту.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў недапушчальнасць адмоўнай дынамікі вытворчасці ў сельскай гаспадарцы. "Што недапушчальна (спад вытворчасці. - Заўвага) - гэта сельская гаспадарка. Не ў плане ўвагі, якая ёй аказваецца, а ў плане таго, што іх (аграрыяў. - Заўвага) санкцыі практычна не закранулі. Гэтыя санкцыі ім на карысць: вязі, прадавай, асабліва ў Расіі. І самы маржынальны рынак сёння - гэта расійскі, - сказаў Прэзідэнт. - Для сельскай гаспадаркі санкцыі - гэта добра".
Адначасова ён нагадаў і пра неабходнасць нарошчваць пастаўкі прадуктаў харчавання ў Кітай, каб не губляць там пазіцыі.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ад галіны чакаюць у бягучым годзе рост на 4%. "Новы Міністр (Ігар Брыло. - Заўвага) пакляўся на крыві. У Беларусі ўсе ведаюць, што сельгасвытворчасць па выніках года павялічыцца на 4%. Бог падарыў нам добры ўраджай па ўсіх відах культур", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Кіраўнік Мінсельгасхарча далажыў, што па выніках года стаіць амбіцыйная задача - дасягнуць $7,8 млрд экспарту, такім чынам дадаўшы да ўзроўню 2021 года $1,1 млрд.
Аднак Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што за добрымі лічбамі ў вартасным выражэнні не трэба забываць пра вытворчасць у натуральным выражэнні. Прасцей кажучы, "у штуках". "Я патрабую, каб пры гэтых высокіх цэнах мы і па штуках выйшлі на ўзровень мінулага года хаця б. Таму не трэба тут хітраваць: вось, у вартасным, не ў вартасным... А калі б мы ў штуках прадавалі, уяўляеш, колькі грошай мы яшчэ атрымалі б", - сказаў беларускі лідар.
Ігар Брыло адзначыў, што на сённяшні дзень на складах практычна няма ніякіх запасаў, расце экспарт. Што датычыцца ўнутранага рынку, да кожнай вобласці даведзены аб'ёмы, узгоднены пастаўкі, сітуацыя трымаецца на кантролі.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся інфармацыяй наконт таго, што на рынку дэфіцыт па некаторых відах тавару. Міністр прызнаў, што ёсць пэўная праблема з упакоўкай тэтрапак, і пакуль не ўдаецца замясціць гэты сегмент у поўным аб'ёме. "Гэта адзіная праблема", - сказаў ён.
Прэзідэнт у сувязі з гэтым заўважыў, што людзі павінны атрымаць прадукт, да якога яны прывыклі, няхай і ў іншай упакоўцы: "Яны ж не ядуць тэтрапак. Людзі ж ядуць тое, што ў тэтрапаку. Дык вы выйдзіце і скажыце: "Людзі добрыя, так, пакуль у нас ёсць праблема з гэтым тэтрапакам, купляйце, калі ласка, той жа прадукт, толькі ў пакетах ён будзе". Ігар Брыло ў адказ растлумачыў, што вытворчыя лініі неабходна перабудаваць. "Дык вайна ідзе. Перабудуйце за суткі, за ноч!" - настойліва запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.
Міністр запэўніў, што будзе зроблена ўсё магчымае, каб не страціць аб'ём малака ў гандлёвых сетках.
Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка ў сваю чаргу адзначыў, што акрамя пытання ўпакоўкі, ёсць яшчэ такі момант, што частка прадукцыі цяпер актыўна ідзе на экспарт, што выгадна прадпрыемствам. Таму цяпер адміністрацыйным шляхам кантралюецца сітуацыя па напаўненні ўнутранага рынку пад поўную патрэбнасць. Асабліва гэта характэрна для горада Мінска, які не мае сваіх сыравінных зон.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым заўважыў, што ў АПК дзяржава ўкладвала немалыя сродкі, прадпрыемствы маюць вартасныя перавагі па шэрагу напрамкаў, а таму на фоне дзяржпадтрымкі пытанні забеспячэння ўнутранага рынку павінны быць у ліку прыярытэтаў.
У Беларусі ва ўмовах санкцый і сітуацыі на рынках фарміруюць разведку ўласных карысных выкапняў. Размова аб карысных выкапнях, у прыватнасці, зайшла ў час даклада Міністра архітэктуры і будаўніцтва Руслана Пархамовіча. Ён разлічвае на станоўчы вынік па экспарце тавараў і паслуг у галіне - значна растуць аб'ёмы падрадных работ за межамі краіны. Але назіраецца некаторы спад інвестыцыйнай актыўнасці ўнутры краіны.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на такі аспект, як асваенне айчыннай мінеральна-сыравіннай базы ва ўмовах таго, што пастаўкі некаторых відаў сыравіны спыніліся з-за санкцый або цэны істотна выраслі. У ліку такіх, напрыклад, гліна, якая выкарыстоўваецца для вытворчасці пліткі, сантэхнічнай прадукцыі.
У Беларусі ёсць залежы гэтай сыравіны, і ўжо да канца года плануецца выйсці на нармальныя, стабільныя вынікі па атрыманні сыравіны, неабходнай для адпаведнай вытворчасці.
Гэта ж датычыцца і шэрага іншых пазіцый. "Работа па асваенні мінеральна-сыравіннай базы рэспублікі не задавальняе. Сапраўды, раней было ўсё проста і лёгка. З Украіны завозілі гэта, з Расіі гэта, - прызнаў праблему Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. - Цяпер адна з важнейшых задач, якая стаіць нараўне з іншымі, - гэта фарсіраваная разведка і даследаванне запасаў карысных выкапняў. У нас іх не так шмат. Але нават тыя, што ёсць, намі асвойваюцца недастаткова. У самы бліжэйшы час мы вельмі прадметна пачнём гэтай тэмай займацца".
"Трэба шукаць варыянты. Але галіну загубіць нельга", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
Па выніках пасяджэння Прэзідэнт даў канкрэтныя даручэнні па шэрагу напрамкаў.
Кіраўнік дзяржавы даручыў узмацніць узаемадзеянне перш за ўсё з Расійскай Федэрацыяй. Ён, у прыватнасці, акцэнтаваў увагу на навукова-тэхнічных праграмах Саюзнай дзяржавы, адзначыўшы, што не павінна быць драбнатэмнасці.
"Максімальна трэба ўстараніць бар'еры з расійскімі партнёрамі па таварных пазіцыях, абмежаваных да ўвозу на тэрыторыі Расіі. Гэта і для мяне тэма для размовы", - адзначыў Прэзідэнт.
Ён таксама даручыў прапрацаваць стварэнне ў буйных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках Расіі беларускіх адзіных машынабудаўнічых цэнтраў з функцыямі сэрвісу: "Мы пастаянна пра гэта гаворым. Не трэба кожнаму прадпрыемству, асабліва ў прамысловасці, ствараць нейкі цэнтр. Трэба ствараць агульныя цэнтры".
Прэзідэнт запатрабаваў паскорыць рэалізацыю планаў па імпартазамяшчэнні: "Вельмі важнае пытанне. Калі Вы, Раман Аляксандравіч (Прэм'ер-міністр. - Заўвага) будзеце ўгаворваць, у Вас нічога не атрымаецца. Трэба даводзіць заданне Пархомчыку (Міністр прамысловасці Пётр Пархомчык. - Заўвага), каму толькі можна: вось гэта вырабіце - дэталь, запчасткі - і пастаўце".
У гэтай жа плоскасці знаходзяцца пытанні па стварэнні праграмнага забеспячэння для той ці іншай прадукцыі. Тут можна не толькі задзейнічаць ПВТ, але ёсць і добрыя спецыялісты ў IT-сферы на шэрагу прадпрыемстваў, якія могуць стварыць неабходны праграмны прадукт, звярнуў увагу беларускі лідар.
Імпартазамяшчэння датычацца і некаторыя іншыя даручэнні - ад больш актыўнай распрацоўкі радовішчаў карысных выкапняў да вырошчвання некаторых культур у сельскай гаспадарцы. Напрыклад, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на алей сланечніка. Пастаўляць яго можа і Расія, але Прэзідэнт даручыў прапрацаваць мэтазгоднасць пашырэння пасеваў сланечніка ў паўднёвых рэгіёнах Беларусі. "Слухайце, чым адрозніваецца клімат у вас ад Украіны? Ну, давайце спрабаваць. Я буду гэта спрабаваць на сваім эксперыментальным полі. Я Леаніду Канстанцінавічу (віцэ-прэм'ер Леанід Заяц. - Заўвага) ужо даручыў: лубін, гарох, соя (паглядзім у Сенненскім раёне, Бешанковічах гэтыя палі - гэта яшчэ больш на поўнач), сланечнік, рапс і гэтак далей. Будзем глядзець, што там на поўначы ў нас атрымаецца. Трэба рухацца ў гэтым напрамку".
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў некаторых раёнах Гомельскай вобласці традыцыйна атрымліваюць невысокія ўраджаі збожжавых, а таму можна падумаць над іншымі варыянтамі. "Магчыма, трэба акрамя кукурузы паспрабаваць вырошчваць і гэтыя культуры. Але трэба не проста на рынку семкі прадаць, а выціснуць алей сланечнікавы", - сказаў ён.
Прэзідэнт таксама даручыў вывучыць патрэбнасць у насенні, якое закупляецца па імпарце, пад ураджай 2023 года, папярэдзіўшы рызыкі дэфіцыту да пачатку пасяўной кампаніі. "Насенне трэба ў прынцыпе, каб было сваё. Мы ўжо нямала пра гэта гаварылі", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы даручыў да мінімуму скараціць тэрміны разгляду заявак на крэдытаванне праектаў і фінансаванне з інавацыйных фондаў. Як было адзначана на пасяджэнні, часам гэтыя сродкі выкарыстоўваюцца не зусім па прызначэнні, і гэта не ёсць добра. "Але горш, калі грошы будуць мёртвым грузам ляжаць і мы іх нават у вытворчасць не выкарыстаем. Але, вядома, разбазарваць не трэба", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Асобная ўвага банкаўскаму сектару і сферы разлікаў. "Трэба ўвесці магчымасць банкам ажыццяўляць разлікі ў турэцкай ліры, іншых альтэрнатыўных валютах", - даручыў Кіраўнік дзяржавы.
Дадзены даручэнні і ў частцы тэрмінаў выканання вытворцамі абавязацельстваў перад пакупнікамі, удасканалення механізму правядзення закупак.
На пасяджэнні некалькі разоў узнімалася і тэма транспарту, аператыўнай дастаўкі прадукцыі замежным пакупнікам. У сувязі з гэтым яшчэ адно даручэнне - забяспечыць айчынныя прадпрыемствы дастатковай колькасцю кантэйнераў, вагонаў і чыгуначных платформ, аддаючы прыярытэт экспарцёрам.
Сітуацыя ў будаўнічай галіне дастаткова падрабязна разглядалася ў ходзе даклада профільнага Міністра Руслана Пархамовіча. Аднак па выніках пасяджэння Аляксандр Лукашэнка зрабіў асаблівы акцэнт на будаўніцтве арэнднага жылля, даручыўшы павялічыць аб'ёмы яго будаўніцтва. "Асаблівая ўвага. Па жыллі трэба нам зноў вярнуцца да гэтага пытання", - сказаў ён.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў пытанні падтрымкі ў будаўніцтве жылля нельга "фінансаваць усіх разам", і тут справа за губернатарамі, каб яны прадумалі канкрэтныя прапановы. Але ў прыярытэце, як і раней, ваенныя, шматдзетныя сем'і.
"І разгрупаваць гэтыя інвестыцыі там, дзе патрэбна. Па ўсёй краіне. І будаваць трэба там. Не трэба невялікія льготныя рэсурсы раздаваць усім, хто нават мае і можа пабудаваць жыллё. І гэта момант, каб пераарыентавацца і заняцца нармальным будаўніцтвам жылля ў краіне", - даручыў беларускі лідар.
Завяршаючы пасяджэнне, Прэзідэнт абагульніў некаторыя даручэнні па розных напрамках.
Па-першае, ён распарадзіўся даручыць Ураду, аблвыканкамам, Мінскаму гарвыканкаму сумесна з Нацыянальным банкам разгледзець прапановы груп, якія папярэдне працавалі ў рэгіёнах над вывучэннем тэндэнцый і праблемных пытанняў. Цяпер неабходна на практыцы рэалізаваць падрыхтаваныя рэкамендацыі.
Па-другое, Аляксандр Лукашэнка даручыў забяспечыць па выніках 2022 года выхад кожнай вобласці па валавым рэгіянальным прадукце на ўзровень не ніжэйшы за мінулы год.
Па-трэцяе, неабходна запоўніць упушчаную выгаду ад страты ў студзені-маі бягучага года экспартнай выручкі за кошт пераарыентацыі экспарту. Але актывізаваць супрацоўніцтва трэба імкнуцца і з так званымі недружалюбнымі краінамі. "Нічога не трэба адкідваць. З усімі краінамі трэба весці дыялог. Санкцыі рана ці позна адыдуць. І гэтыя дзікія адносіны, якія ў нас існуюць з Захадам, таксама адыдуць у нябыт. Нельга страчваць гэтыя рынкі. Паколькі гераічна потым будзем на іх вяртацца", - падкрэсліў беларускі лідар.
Чацвёртае. Даручана забяспечыць стопрацэнтнае асваенне грашовых сродкаў для аказання падтрымкі малому, сярэдняму прадпрымальніцтву, ільготнага крэдытавання жылля, а таксама крэдытавання арганізацый з улікам Указа № 93 "Аб дадатковых мерах па забеспячэнні стабільнага функцыянавання эканомікі". "Паглядзіце, каму тут трэба дапамагчы", - распарадзіўся Прэзідэнт.
Разам з тым ён акцэнтаваў увагу кіраўніка МАРГ на пытаннях цэнаўтварэння, росце цэн на спажывецкім рынку. "Я не веру, што нехта не набівае кішэні на цяперашняй сітуацыі. Праблемы ёсць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён даручыў дзейнічаць у гэтым плане больш жорстка і папярэдзіў, што ніхто жартаваць не будзе.
Што датычыцца малога і сярэдняга бізнесу, Прэзідэнт папярэдзіў, што ім трэба ў першую чаргу арыентавацца на ўласныя сілы, а не чакаць у цяперашняй сітуацыі нейкіх ільгот і дадатковай падтрымкі ад дзяржавы. "У нас ёсць, каго падтрымліваць. Дзе тысячныя калектывы. Няхай грошы дастаюць, якія ў сытыя часы запасалі, і ўкладваюць у вытворчасць. Ну, хто будзе паміраць ужо, то, вядома, выратуем", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Пятае. Аляксандр Лукашэнка даручыў аднавіць аб'ёмы інвестыцый у асноўны капітал, у тым ліку за кошт падваення тэмпаў меліярацыі. "Шмат пра гэта гаварылі. Дзяржаўная праблема", - акцэнтаваў ён увагу.
Шостае. Даручана нарасціць аб'ёмы жывёлагадоўлі і раслінаводства з выхадам у бягучым годзе на тэмп росту прыкладна 105% да ўзроўню мінулага года. Таксама нельга дапусціць зніжэння аб'ёмаў прамысловай вытворчасці ніжэй за ўзровень мінулага года. Аляксандр Лукашэнка разам з тым папярэдзіў, што не павінна быць вытворчасці прадукцыі толькі дзеля паказчыкаў, яна не павінна ляжаць на складах, а рэалізоўвацца пакупнікам.
"Гэта калі гаварыць увогуле з той размовы, якую мы тут правялі. Правялі мазгавую атаку на праблемы эканомікі ў перыяд санкцыйнага перыяду. Яшчэ раз гавару тое, што гаварыў у Дзень Незалежнасці: у кожнага зона адказнасці, вырашыце кожны свае праблемы. Яны ёсць усюды, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Нам ні ў якім выпадку нельга давесці краіну да прорвы. Так, не мы ў гэтым будзем вінаватыя. Але хто нас потым слухаць будзе? Ніхто слухаць не будзе. Не забывайце, урокі 2020 года для нас павінны быць законам".
Прэзідэнт даручыў падрыхтаваць праект пастановы на падставе праведзенага абмеркавання. "Гэта прамежкавая размова на злобу дня. Па выніках года, хочам гэтага ці не, павінны прымаць канкрэтныя рашэнні. Хацелася б, каб мы пражылі дастойна гэты год і былі рады, што мы яго гераічна пераадолелі. Гэта датычыцца і легпрама, і харчпрама, аб якіх ішла размова, і асобных кіраўнікоў прадпрыемстваў", - рэзюмаваў ён.