Сустрэча з кіраўнікамі палітычных партый
- 11
- 9:02
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 лістапада правёў сустрэчу з кіраўнікамі палітычных партый, у час якой абазначыў сваю пазіцыю па пытанні развіцця ў краіне партыйнага будаўніцтва.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што сустрэчу ў такім фармаце анансаваў яшчэ ў сакавіку, у ходзе Паслання беларускаму народу і парламенту: "Тады дамовіліся, што сустрэнемся з кіраўнікамі партый, якія пройдуць перарэгістрацыю". Яе прайшлі тры палітычныя партыі: камуністычная, ліберальна-дэмакратычная і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Зарэгістравана таксама новая партыя - "Белая Русь".
"У ходзе перарэгістрацыі, будзем шчырымі, мы ачысцілі партыйнае поле ад дэкаратыўных аб'яднанняў і тых, чыя дзейнасць накіравана на падрыў асноў канстытуцыйнага ладу нашай краіны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Беларусь - маладая суверэнная дзяржава. Выбраная намі мадэль кіравання краінай - прэзідэнцкая рэспубліка - аптымальная для нашага грамадства з улікам гістарычных традыцый і геапалітычнага становішча. Але асабліва тым, што гэту форму праўлення прымае наш народ. Людзі павінны гэта не проста разумець, а прымаць як аксіёму", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што на працягу доўгага часу пад шырмай "дэмакратычных форм палітычнага ўдзелу" фактычна дзейнічалі экстрэмісцкія групоўкі ў мэтах падрыву дзяржаўнасці.
Кіраўнік дзяржавы пры гэтым падкрэсліў, што не супраць разумнай і канструктыўнай крытыкі тых ці іншых дзеянняў улады. "Я не супраць таго, каб мы, у тым ліку крытычна, абмяркоўвалі тыя праблемы, якія сёння існуюць. Я не супраць нават таго, каб канструктыўна, па-дзелавому крытыкавалася ўлада за тыя ці іншыя памылкі, або (за тое, што. - Заўвага) недзе ўлада аступілася... Праблем хапае, але рабіць трэба гэта разумна, канструктыўна. Не ў мэтах разбурэння, а ў мэтах стварэння", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што на гэты момант узровень даверу палітычным партыям у беларускім грамадстве невысокі. "Гэта не толькі таму, што народ у нас такі. Але і таму, што мы сур'ёзна не займаліся партыйным будаўніцтвам. Час пакажа. Але, тым не менш, ёсць самае галоўнае - людзі актыўныя, якія хочуць удзельнічаць у палітычным жыцці краіны, праяўляюць цікавасць да пытанняў грамадска-палітычнага развіцця. З гэтымі людзьмі нам усім трэба працаваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў: калі некалькі гадоў таму размова зайшла аб партыйным будаўніцтве, ён абазначыў адну ўмову - праводзіць яго выключна з улікам нацыянальных асаблівасцей і спецыфікі айчыннага палітычнага працэсу.
"Нам не трэба капіраваць розныя тэмы з савецкай, расійскай гісторыі, тым больш заходні вопыт. Мы не аднаўляем КПСС, не будуем партыю ўлады, не падзяляем грамадства па партыйнай прыналежнасці. Вопыт будзем выкарыстоўваць станоўчы", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
У гэтым плане ён прывёў свята, якое адзначаецца ў Беларусі, - Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. "Аказваецца, і гэта свята можа спадабацца людзям, і мы знойдзем сэнс у гэтым свяце".
Прэзідэнт упэўнены, што беларускія партыі прынясуць карысць, калі па-сапраўднаму змогуць прадстаўляць інтарэсы сваіх членаў перад дзяржавай, а таксама стаць памочнікам улады ў растлумачэнні, пашырэнні і ўдзеле ў прымаемых рашэннях.
"Прызначэнне партый - не змагацца з дзяржавай, а канкурыраваць паміж сабой на ўзроўні праектаў, заканадаўчых ініцыятыў. Усё, што нацэлена на стварэнне. Прычым трэба разумець, што кожнае рашэнне, якое прымаецца на дзяржаўным узроўні, павінна задавальняць адначасова ўсе групы насельніцтва: і бюджэтнікаў, і прадпрымальнікаў, і пенсіянераў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Адсюль вынікае яшчэ адна задача партый - не раз'ядноўваць, а аб'ядноўваць грамадства, асабліва перад тварам сучасных выклікаў і пагроз. "Нам вельмі важна сёння быць адзінымі. Таму што сітуацыя вельмі напружаная, вельмі небяспечная. Асабліва калі паглядзець у будучыню, у перспектыву. Ніхто сёння не можа прадказаць, што будзе заўтра", - адзначыў беларускі лідар.
"У пытаннях партыйнага будаўніцтва нам трэба прайсці доўгі шлях. Якім ён будзе, шмат у чым залежыць ад прысутных. Дзяржава стварыла неабходныя прававыя ўмовы, партыям прадастаўлены шырокія магчымасці ўдзелу ў выбарчым працэсе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама прапанаваў абмеркаваць, якія яшчэ патрэбны рашэнні арганізацыйнага характару. "Ну а потым уся справа за вамі. Калі ад мяне нешта залежыць, калі ласка, гаварыце, будзем працаваць разам", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на актуальны момант, асабліва перад маючымі адбыцца выбарамі: "Я адкрыта сказаў, што ўся вертыкаль улады мабілізавана на правядзенне разумна, прыгожа, дастойна парламенцкіх выбараў, выбараў УНС. Ну і праз год - прэзідэнцкія выбары. Я хачу, каб вы разумелі, што ў нас асаблівасць яшчэ ў тым, што ідзе змена пакаленняў".
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, на змену цяперашнім кіраўнікам павінны прыходзіць маладыя, энергічныя людзі, але галоўная задача - захаваць краіну. "Аступімся - паверце, нам ніхто плячо не падставіць. Усё залежыць толькі ад нас. Ідзе перадзел свету. І нам не дай бог трапіць у млын гэтага перадзелу", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка пералічыў складнікі поспеху любой палітычнай партыі: на яго думку, гэта прывабная ідэя і прафесійныя, палітычна падрыхтаваныя, ідэйна зараджаныя кадры.
"Асабліва цяпер. Я ведаю, напярэдадні парламенцкіх выбараў ёсць ініцыятыва з боку кіраўнікоў партый аб вылучэнні людзей, падтрымцы іх і гэтак далей. Я проста вам раю: гэта людзі павінны быць выключна дзяржаўныя. Такія, як кіраўнікі партый, якія сядзяць перада мной. І абавязкова прафесіяналы. Можна вакол сябе сабраць надзейных людзей, але калі яны будуць не прафесіяналы, вы адразу ж схібіце і зняславіце сябе перад людзьмі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што новы парламент будзе адрознівацца ад цяперашняга: "Я ў гэтым абсалютна ўпэўнены. Давядзецца ўзяць на сябе вялікую нагрузку і адыграць сур'ёзную ролю ў будучым развіцці краіны. Калі шчыра, то я нават яшчэ не ўяўляю, якую большую павялічаную ролю давядзецца вам адыграць. У цяжкія часы возьмеце ўсё на плечы і будзеце цягнуць. Адседзецца нікому не атрымаецца. Таму глядзіце, каб вы рэкамендавалі і падтрымлівалі ў гэтым выбарным працэсе дастойных і моцных людзей. Не трэба баяцца, калі яны нават у нечым лепшыя, вышэйшыя за вас. Гэта толькі ў плюс будзе".
Яшчэ адзін складнік поспеху партыі - дысцыпліна, аб чым Аляксандр Лукашэнка таксама заклікаў не забываць. "Партыя без дысцыпліны - гэта не партыя", - сказаў ён.
"Зможаце выбудаваць сістэму - людзі да вас пойдуць. Не - ніякі адміністрацыйны рэсурс не дапаможа, толькі нашкодзіць, асабліва на этапе станаўлення", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
"Што датычыцца майго стаўлення да партый, кіраўнікі якіх тут прысутнічаюць, - для мяне вы ўсе роўныя. Вы - патрыятычныя. І я вам выказваю проста вялікую ўдзячнасць, усім кіраўнікам, за тую пазіцыю, якую вы займаеце", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Гледзячы на гэта, некаторыя кажуць: "Зноў Лукашэнка там нешта прыдумаў асаблівае". Ды не я прыдумаў. Мы сапраўды асаблівыя. Мы не б'ёмся адзін з адным за нешта. Слухайце, мы заўсёды знойдзем месца кожнаму, калі будзем нацэлены і арыентаваны ў адным напрамку", - сказаў Прэзідэнт.
З улікам будучай электаральнай кампаніі Аляксандр Лукашэнка прапанаваў абмеркаваць на сустрэчы ў тым ліку і ўдзел у ёй палітычных партый, а таксама бачанне перспектыў партыйнага будаўніцтва.