Сустрэча з прэзідэнтам Нацыянальнага даследчага цэнтра "Курчатаўскі інстытут" Міхаілам Кавальчуком
- 10
- 2:48
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 ліпеня сустрэўся з прэзідэнтам Нацыянальнага даследчага цэнтра "Курчатаўскі інстытут" Міхаілам Кавальчуком.
"Гэта сустрэча, як часта кажуць, можа стаць гістарычнай, таму што яна надасць дадатковы імпульс развіццю ядзерных тэхналогій у Беларусі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што расійскія вучоныя займаюць вядучыя пазіцыі ў свеце - пачынаючы ад мірнага атама да самых сучасных навуковых распрацовак. Расіяне - галоўныя партнёры вучоных Беларусі ў многіх даследаваннях. У сферы выкарыстання атамнай энергіі краіны бачаць вялікія перспектывы для сумеснага супрацоўніцтва.
"Некалі я наведаў наш ядзерны цэнтр у Соснах (Аб'яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў. - Заўвага). Вельмі ўважліва глядзеў за ім, дагэтуль прыглядаюся. Шчыра кажучы, я ўвесь час думаю, як бы нам актывізавацца ў гэтым цэнтры", - сказаў Прэзідэнт. На яго думку, інстытут у Соснах уяўляе сабой вялікую каштоўнасць і мае навуковы патэнцыял.
У лютым Курчатаўскі інстытут і Нацыянальная акадэмія навук Беларусі заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве. Для яго рэалізацыі распрацаваны праект дарожнай карты супрацоўніцтва да 2030 года. "Ведайце, што я буду падтрымліваць усе прапановы. Ведаю, што ў вас аж, па-мойму, з 44 мерапрыемстваў распрацавана саюзная праграма", - дадаў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў асаблівую ролю Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Дзмітрыя Мезенцава ў развіцці супрацоўніцтва па гэтых напрамках.
Курчатаўскі інстытут аказваў падтрымку беларускім калегам пры будаўніцтве атамнай электрастанцыі. "Вы навучылі вельмі шмат чаму нас. Мы гатовы будаваць гэтыя станцыі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - На тых станцыях, якія будуюцца (расіянамі. - Заўвага), мы можам прымаць удзел, не гаворачы ўжо аб тэрыторыі Расіі, калі будуць узводзіцца такія атамныя станцыі".
"Словам, вельмі шмат пытанняў, - рэзюмаваў Прэзідэнт. - Я хачу, каб гэта сустрэча была гістарычнай. Каб мы ад гэтага пачалі нейкі сур'ёзны адлік для развіцця ядзернай энергетыкі ў Беларусі".
"Я хацеў бы вас павіншаваць, - адзначыў у сваю чаргу кіраўнік інстытута Міхаіл Кавальчук. - Вы адзіная краіна з постсавецкіх рэспублік, якая захавала навуку. Павінен вам сказаць, на гонар вашым калегам, я на самай справе проста ўражаны і абрадаваны. Мы з вельмі многімі маем справу, у нас вялікая колькасць дэлегацый з былых рэспублік, а сёння - незалежных дзяржаў, якія ўваходзяць у СНД або іншыя ўтварэнні. Трэба сказаць, што навука ў такім выглядзе - яна захавалася ў вас".
Паводле яго назіранняў, у Беларусі захавана і развіваецца мноства розных навуковых інстытутаў, а вучоныя абедзвюх краін блізкія па духу, і гэта з'яўляецца трывалай асновай для эфектыўнага ўзаемадзеяння паміж імі.
"У такім кантэксце ў мяне ёсць некалькі прапаноў нашай дапамогі", - адзначыў Міхаіл Кавальчук. У прыватнасці, ён згадаў магчымасць супрацоўніцтва па выкарыстанні буйных даследчых комплексаў класа мегасаенс. "Сёння поспех навукі, навуковага руху, прарыву звязаны з вялікімі ўстаноўкамі - так званымі мегасаенс. Гэта буйныя дарагія ўстаноўкі, куды ўваходзяць паскаральнікі, спецыяльныя магутныя крыніцы рэнтгенаўскага выпрамянення, нейтронаў, лазерныя крыніцы", - растлумачыў вучоны.
Паводле слоў Міхаіла Кавальчука, у Курчатаўскага інстытута не так даўно быў вопыт супрацоўніцтва з беларускім "Планарам", які вырабляў для расійскага даследчага цэнтра невялікую партыю арыгінальных рэнтгенаўскіх прыбораў. І гэты вопыт быў станоўчым. Кіраўнік інстытута адзначыў выдатнае, сучаснае аснашчэнне прадпрыемстваў, прафесіяналізм супрацоўнікаў.