Сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Азербайджана ў Беларусі Лаціфам Гандзілавым
- 7
- 3:13
Беларусі і Азербайджану ўдалося не проста захаваць, але і прымножыць свае адносіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 26 ліпеня на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Азербайджана ў Беларусі Лаціфам Гандзілавым з нагоды завяршэння яго дыпмісіі ў краіне.
"Нейкая дрэнная традыцыя: лепшыя нашы сябры-паслы ад'язджаюць і мы вымушаны спадзявацца, што тыя, хто прыедзе пасля Вас, будуць добрымі нашымі сябрамі, і мы гэтак жа, як і пры Вашай кадэнцыі, зможам выбудаваць самыя добрыя адносіны з Азербайджанам. Але ў тым, што ў нас будуць добрыя адносіны з Азербайджанам, я ніколькі не сумняваюся, паколькі на ўсіх узроўнях нам удалося выбудаваць гэтыя ўзаемаадносіны на аснове ўзаемаразумення", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што паміж народамі дзвюх краін склаліся добрыя, цесныя і дружалюбныя адносіны.
"Як мы часта гаворым, братэрскія адносіны. Гэта прыклад добрых адносін з часоў Савецкага Саюза: мы як былі некалі ў адной дзяржаве і мелі добрыя, бліскучыя адносіны, нам удалося іх не проста захаваць, але і прымножыць. І, вядома ж, Вы зрабілі для гэтага нямала. Вы сапраўдны сябар нашага народа. Я вельмі спадзяюся, што, дзе б Вы ні працавалі пасля гэтага перыяду Ваша жыцця, Беларусь застанецца ў Вашым сэрцы", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў азербайджанскаму дыпламату за разуменне няпростых працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі. Прэзідэнт адзначыў, што беларускі бок у сваю чаргу перажываў з-за канфлікту, які абвастрыўся ў мінулым годзе паміж Азербайджанам і Арменіяй.
"У асноўным дзякуючы пазіцыі Азербайджана і вашага Прэзідэнта вам удалося стабілізаваць абстаноўку і прыйсці да мірнага ўрэгулявання тых праблем, якія існавалі. Вядома, шлях да міру толькі пачаўся, - падкрэсліў беларускі лідар. - І армянскі, і азербайджанскі народ заслужылі спакойнага, мірнага жыцця".
Гаворачы пра развіццё гандлёва-эканамічных адносін з Азербайджанам, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь заўсёды гатова аказаць тэхнічную і тэхналагічную дапамогу. Ён падзякаваў азербайджанскаму боку за пастаўкі вуглевадароднай сыравіны ў Беларусь. "Вы малайцы, не прагнуліся пад націскам з боку заходніх дзяржаў. Вы трымаеце слова. Як мы дамовіліся, так і дзейнічаеце. Гэта дарагога варта ў сучасным свеце. Вы на нас можаце разлічваць, мы гатовы рэалізаваць тыя дамоўленасці, якія былі дасягнуты ў час майго нядаўняга візіту ў Азербайджан", - заявіў Прэзідэнт.