Сустрэча з Прэм'ер-міністрам Расіі Міхаілам Мішусціным
- 12
- 5:44
Сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэм'ер-міністра Расіі Міхаіла Мішусціна прайшла 16 красавіка ў Палацы Незалежнасці.
"Я вельмі рады Вас бачыць у Беларусі. Наша з Вамі сённяшняя сустрэча і Вашы перагаворы рабочыя ва Урадзе Беларусі абумоўлены прапановай Уладзіміра Пуціна ў Сочы, калі мы сустракаліся і абмяркоўвалі шэраг праблем. І выйшлі на тую праблему, якой мы ў асноўным (гэта не ўсе праблемы) удзелім увагу", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка расказаў пра падрабязнасці той размовы з Уладзімірам Пуціным у канцы лютага: "Ён кажа: слухай, ён (Міхаіл Мішусцін. - Заўвага) у нас прафесар, а можа, і акадэмік. Паслухай яго, як ён разумее тую сістэму, якую ён выпакутаваў (размова пра падыходы ў рабоце падатковай сістэмы, паколькі да прэм'ерскай пасады Міхаіл Мішусцін узначальваў ФПС Расіі. - Заўвага). Яна патрэбна будзе Беларусі. Я кажу: толькі ўдзячны. Пытаюся: бясплатна? - Бясплатна".
"Таму я Вам удзячны, што Вы, выконваючы даручэнне Прэзідэнта, прыехалі сёння са спецыялістамі для таго, каб разгледзець адну з важнейшых нашых праблем. Але гэта адна з праблем. Гэта ключавое слова, - адзначыў беларускі лідар. - Я думаю, што час заўсёды ў нас спрасаваны быў. І Расіі, і Беларусі заўсёды было нялёгка. Але тым не менш час нас падштурхоўвае да таго, каб вырашаць тыя праблемы, якія ў нас існуюць".
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што беларускі бок гатовы шчыра і сумленна абмеркаваць існуючыя праблемы, ведаючы шчырасць Міхаіла Мішусціна ў адносінах да Беларусі. "Я толькі што размаўляў з нашым агульным сябрам. Ён мяне так упэўніваў у тым, як вы працавалі над гэтай праблемай напярэдадні гэтага візіту, наколькі вы яшчэ раз пераварушылі ўсе пытанні беларуска-расійскіх адносін. Я яго слухаў-слухаў, кажу: што ты мяне ўвагорваеш? Я веру, што Міхаіл Уладзіміравіч такі чалавек, што ён будзе ў гэта ўнікаць. Але ён так ужо... Я потым назаву яго прозвішча. Так ён актыўна спрабаваў мяне пераканаць. На жаль, у тым, у чым я сам перакананы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Я сапраўды рады сустрэцца сёння з Вамі. Гэта першае такое мерапрыемства. Мы ўчора з Пуціным дамовіліся аб нашым графіку работы па многіх пытаннях. Недзе ў канцы красавіка, хутчэй за ўсё 22-га, мы сустрэнемся ў Маскве з Прэзідэнтам. Гэта будзе такая сур'ёзная сустрэча па абмеркаванні тых ці іншых праблем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік беларускай дзяржавы расказаў, што затым бакі правядуць Форум рэгіёнаў у Падмаскоўі. "Потым саюзны Саўмін. А потым недзе верасень-кастрычнік (дамовімся бліжэй па абстаноўцы) - Вышэйшы Дзяржаўны савет. Нам трэба гэты Вышэйшы дзяржсавет адзначыць добрым рухам у рамках Саюзнай дзяржавы. Вось такія дамоўленасці ў мяне былі з Прэзідэнтам Расіі за апошнія два дні", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу Міхаіл Мішусцін сказаў, што рады быць у Мінску, падзякаваў за гасціннасць. "Хачу, карыстаючыся выпадкам, перадаць самыя цёплыя пажаданні ад Уладзіміра Пуціна. Мы якраз напярэдадні з ім гаварылі пра дэталі нашага ўзаемадзеяння", - адзначыў расійскі Прэм'ер.
"Сёння мы паглядзім, як можна інтэграваць сістэмы нашы. Я даўно ведаю беларускіх калег з мытнай, падатковай службы, гэта прафесіяналы. Але нашы сістэмы, паколькі яны ўзаемадзейнічаюць у пастаянным рэжыме, ёсць тавараабарот, павінны быць інтэграваны. Але што такое інтэграцыя? Гэта на карысць нашай Саюзнай дзяржавы, выгада, а ні ў якім разе не нейкія паглынанні. Мы так гэта і бачым. І паспрабавалі разгледзець магчымасць гэтай інтэграцыі на аснове лепшых тэхналогій, якія прапануе і беларускі бок, і расійскі. Мы рыхтаваліся да гэтай падзеі і будзем рады паказаць вам, што мы маглі б узаемна прапанаваць адзін аднаму", - сказаў Міхаіл Мішусцін.
Ён падкрэсліў, што як з Прэм'ер-міністрам Беларусі, так і членамі Урада расійскі бок знаходзіцца ў пастаянным і нават штодзённым кантакце, усе працуюць над паляпшэннем узаемных адносін, надзённымі праблемамі. "Мы паціху аднаўляем тавараабарот. Расце лічба. На жаль, спад быў пасля каранавіруса значны, цяпер усё гэта аднаўляецца. Адновім і паветраныя зносіны, 30 красавіка "Ластаўка" павінна з Масквы ў Мінск прыйсці (скорасны поезд "Ластаўка" ўпершыню звяжа Маскву і Мінск з 30 красавіка. - Заўвага), мы таксама ўсё гэта вітаем", - заявіў Міхаіл Мішусцін.
Ён упэўнены, што, нягледзячы на існуючую праблематыку вакол каранавіруса і з'яўленне новых штамаў COVID-19, сумесныя меры, уключаючы вытворчасць вакцын, дадуць магчымасць засцерагчыся ад віруса.
"Мне здаецца, што наша ўзаемадзеянне ў галіне прамысловасці, энергетыкі транспарту, інфраструктуры, будаўніцтва вельмі актыўнае. 2021-ы - гэта год Расіі ў Беларусі. Наступны год - Беларусі ў Расіі. І нашы культурныя сувязі, абмен дзеячамі культуры будзе інтэнсіфікаваны. Мы падпісалі з Раманам Аляксандравічам (Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. - Заўвага) праграму. На гэты год яшчэ больш шырокія будуць сувязі. Хачу падзякаваць Вам за гэты падыход", - дадаў расійскі Прэм'ер.