Сустрэча з Міністрам замежных спраў Узбекістана Бахціёрам Саідавым
- 4
- 4:01
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 красавіка сустрэўся з Міністрам замежных спраў Узбекістана Бахціёрам Саідавым.
Кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу падзякаваў Бахціёру Саідаву за гасціннасць, якая была аказана ўзбекскім бокам у час нядаўняга афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Ташкент, а таксама перадаў самыя добрыя пажаданні і ўдзячнасць узбекскаму лідару Шаўкату Мірзіёеву.
"Мы паставілі тады перад сабой амбіцыйныя планы - дасягнуць абароту ў гандлі мільярд долараў. Я думаю, што ў нас часу няма для таго, каб некуды адступаць, ды і не трэба. Мы гатовы адыграць сваю ролю, спадзяюся, што і Узбекістан таксама прыкладзе максімум намаганняў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама выказаў удзячнасць Узбекістану за падтрымку Беларусі на яе шляху да членства ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.
"Асаблівую ўвагу прашу вас звярнуць на стварэнне сумесных прадпрыемстваў, аб якіх мы дамаўляліся. Мы гаварылі тады пра БЕЛАЗ і гэтак далей. Давайце будзем прадметна ў гэтым напрамку працаваць. Мы ў гэтым зацікаўлены. У нас ёсць што прапанаваць Узбекістану. Думаю, што, знаходзячыся тут, у Беларусі, калі вы захочаце паглядзець якія-небудзь нашы прадпрыемствы, калі ласка, мы арганізуем у любы час наведванне любога прадпрыемства, каб вы маглі пераканацца, што яго прадукцыя прымальная для прымянення ва Узбекістане", - прапанаваў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь заўсёды была дружалюбна і па-брацку настроена да Узбекістана і народа гэтай краіны. "Можаце не сумнявацца, што так будзе заўсёды. Я часта гавару аб тым, што мы вельмі падобныя сваёй працавітасцю, патрыятычнасцю і стаўленнем да сваёй дзяржавы. Таму давайце будзем выконваць дамоўленасці, якіх мы дасягнулі тады ў Ташкенце", - рэзюмаваў Прэзідэнт.
Бахціёр Саідаў у сваю чаргу перадаў Аляксандру Лукашэнку словы прывітання ад яго ўзбекскага калегі: "Ён асобна звярнуў маю ўвагу і сказаў: "Перадай мае найлепшыя пажаданні майму сябру". Вядома, той візіт, які быў зроблены Вамі ва Узбекістан, - гэта гістарычны візіт".
Паводле слоў Бахціёра Саідава, Узбекістан гатовы ўзняць адносіны з Беларуссю на якасна новы ўзровень па ўсіх напрамках.