Сустрэча з кіраўніком Татарстана Рустамам Мініханавым
- 13
- 8:37
Патэнцыял супрацоўніцтва Беларусі з Татарстанам каласальны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 13 красавіка на сустрэчы з кіраўніком Татарстана Рустамам Мініханавым.
"Шчыра, ад усёй душы рады вітаць вас у Беларусі, у Мінску. Вы сапраўдныя сябры беларускага народа. Я даўно з цікавасцю назіраю за развіццём вашага рэгіёна. Поспехі ўражваюць і натхняюць нас да яшчэ больш актыўнай работы з Казанню, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Акрамя таго, у нас склаліся вельмі дзелавыя, плённыя адносіны, а патэнцыял нашых сувязей каласальны".
Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што заўсёды здзіўляўся таму, наколькі татарстанская зямля падобная да Беларусі. "Калі б не ведаў, што ты пралятаеш над Татарстанам, падумаў бы, што гэта адзін к аднаму прырода нашай Беларусі", - заявіў ён.
Нядаўна Татарстан наведала беларуская дэлегацыя на чале з Прэм'ер-міністрам Раманам Галоўчанкам. Бакі вызначылі канкрэтныя напрамкі супрацоўніцтва.
Амаль 50% тавараабароту паміж Мінскам і Казанню сёння забяспечваецца за кошт нафтахіміі. "Таму рост аб'ёмаў гандлю ў 2022 годзе на 5% з лішнім, да мільярда долараў, - гэта паказчык нядрэнны. Але ў поўнай меры не адлюстроўвае нашы магчымасці, - сказаў Прэзідэнт. - Наша нафтахімія - гэта толькі адзін напрамак. Таму правільна зрабілі, што, выпрацоўваючы план супрацоўніцтва, вы не абмяжоўваліся толькі нафтахіміяй".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што бакам трэба чаго б гэта ні каштавала пашыраць наменклатуру ўзаемных паставак, пашыраць кааперацыю і ствараць сумесныя прадпрыемствы. "Калі ў вас будуць якія-небудзь інтарэсы, мы абавязкова будзем у гэтым напрамку працаваць, - запэўніў Прэзідэнт. - Вялікія магчымасці адкрывае сфера інфармацыйных тэхналогій і лічбавай эканомікі. Нашы магчымасці вы ведаеце. Калі мы тут скааперуемся разам з вамі, значыць, атрымаем таксама добры эфект на перспектыву".
"Мы робім вельмі вялікую стаўку ў супрацоўніцтве з Расіяй на прамысловую сферу. Менавіта таму мы з Прэзідэнтам Расіі чарговы раз удзялілі асаблівую ўвагу гэтаму напрамку ў ходзе двухбаковых перагавораў і пасяджэння ВДС на мінулым тыдні ў Маскве", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, вынікі сумеснай работы ўжо бачны. Прэзідэнт прывёў у прыклад супрацоўніцтва ў сферы прамысловасці з Татарстанам. У Казані функцыянуе Гандлёва-вытворчая кампанія "МТЗ-Татарстан". Сёння яна стала хабам па рэалізацыі прадукцыі многіх беларускіх прадпрыемстваў. А Мінскі маторны завод сумесна з татарстанскімі партнёрамі стварае сучасныя газавыя рухавікі. "Нядрэнна было б, калі б вы дапамаглі паскорыць іх сертыфікацыю і запуск у серыйную вытворчасць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Міністэрства прамысловасці Беларусі і КАМАЗ дамовіліся аб паглыбленні кааперацыі па вытворчасці розных аўтакампанентаў, вузлоў, агрэгатаў і мікраэлектронікі. "Трэба проста хутчэй гэта рабіць. Трэба паскарацца. Час нас вымушае паскарацца", - адзначыў беларускі лідар.
Толькі ў 2021 годзе Беларусь і Расія імпартавалі аўтакампаненты для транспартнага машынабудавання на суму звыш $19 млрд. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта вялікія грошы, якія неабходна захаваць унутры сваіх краін. "Мы з вамі тут можам адыграць асноўную ролю", - дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў рамках Саюзнай дзяржавы плануецца запусціць каля 15 праектаў у машынабудаванні. Пытанні іх фінансавання вырашаны. Беларусь і Расія будуць разам вырабляць шырокую лінейку прадукцыі: мікрасхемы, кар'ерныя самазвалы, сельгасмашыны, іншую тэхніку. "Мы проста абавязаны ў гэтай сітуацыі выйграць час", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Казанскі авіяцыйны завод вярнуўся да масавай вытворчасці пасажырскага самалёта Ту-214. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі, дзе захавалі неабходныя кампетэнцыі і вытворчыя магутнасці, гатовы наладзіць выпуск шэрага кампанентаў для гэтага самалёта. Гэта пытанне таксама абмяркоўвалася і прэзідэнтамі дзвюх краін.
"Мы сёння вырабляем амаль паўтысячы дэталей для расійскіх самалётаў", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў высокі ўзровень гуманітарнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Татарстанам. Паводле яго слоў, высокі ўзровень цікавасці жыхароў Татарстана да мерапрыемстваў у рамках Дзён культуры Беларусі ў 2022 годзе пацвярджае важнасць культурных абменаў, захавання традыцый нашых народаў і, вядома ж, агульнай гістарычнай памяці. Мы з вялікім задавальненнем у адказ прымем Дні культуры вашай рэспублікі ў нашай краіне", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама падзякаваў кіраўніку Татарстана за цёплы прыём і падтрымку беларускай каманды ў Казані на міжнародных "Гульнях Дружбы" ў мінулым годзе. "Мы ў даўгу не застанёмся", - падкрэсліў ён.
Кіраўнік дзяржавы падагульніў, што пералік напрамкаў, па якіх бакі могуць супрацоўнічаць, не мае меж. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што гэты візіт дэлегацыі Татарстана будзе вельмі плённым і дасць магчымасць значна перасягнуць сённяшнія лічбы тавараабароту. "Тым больш магчымасці ў нас каласальныя", - рэзюмаваў беларускі лідар.
Кіраўнік Рэспублікі Татарстан Рустам Мініханаў у першую чаргу падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за магчымасць сустрэчы і гасціннасць. "Мы вельмі рады наведаць вашу цудоўную краіну, сталіцу, - сказаў ён, асабліва адзначыўшы чысціню і парадак як на сталічных вуліцах, так у цэлым на прадпрыемствах, у аграпрамысловым сектары. - Заўсёды ўражвае гэта культура на палях, у населеных пунктах". Паводле яго слоў, у гэтым сэнсе Беларусь з'яўляецца добрым, пазітыўным прыкладам для Татарстана, якому яшчэ трэба зрабіць нямала. "Нам трэба яшчэ крыху падцягнуцца", - заўважыў ён.
Асаблівую ўдзячнасць кіраўнік расійскага рэгіёна выказаў прэзідэнтам Беларусі і Расіі за падтрымку на рэгіянальным узроўні.
"Заўсёды з вялікай цікавасцю мы наведваем Мінск. Мы бачым, як развіваецца краіна, нягледзячы на беспрэцэдэнтны санкцыйны націск Захаду. Шмат пазітыўных змяненняў адбываецца. Вядома, гэта ўплывае на якасць жыцця людзей. Перш за ўсё гэта велізарная заслуга ваша, і, вядома, актыўная работа ўрада краіны", - падкрэсліў Рустам Мініханаў.
Гаворачы пра двухбаковае супрацоўніцтва з Беларуссю, ён звярнуў увагу, што парадак дня даволі насычаны. Дэлегацыя, якая цяпер наведвае з візітам нашу краіну, уключае прадстаўнікоў больш як 20 кампаній. А ўсяго каля 335 кампаній Татарстана актыўна працуюць з партнёрамі ў Беларусі. Аб'ём узаемнага гандлю за апошнія два гады стабільна перавышае $1 млрд. Але беларускі бок лічыць, што пара істотна нарасціць супрацоўніцтва і выйсці на ўзровень $2 млрд. "Нашы калегі кажуць: мільярд мала. Раман Аляксандравіч (Галоўчанка, Прэм'ер-міністр Беларусі. - Заўвага) гаворыць, трэба задачу ставіць $2 млрд. Я лічу, што трэба працаваць", - сказаў Рустам Мініханаў.