Сустрэча з губернатарам Калужскай вобласці Расіі Уладзіславам Шапшой
- 14
- 7:25
Беларускі і расійскі народы сталі яшчэ больш з'яднанымі і моцнымі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 3 красавіка на сустрэчы з губернатарам Калужскай вобласці Расіі Уладзіславам Шапшой.
"У апошнія гады - і мы гэта канстатуем адкрыта - нашы краіны, Расія і Беларусь, сталі значна бліжэйшымі адна да адной. І не толькі дзякуючы нашым узаемаадносінам на вышэйшым палітычным узроўні, але, як заўсёды, дзякуючы нашым кантактам з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. Мы пачалі больш цесна працаваць на ўзроўні ўрадаў, прадпрыемстваў і арганізацый, разам шукаць выйсці з існуючай няпростай сітуацыі вакол нашых краін. Гэта яшчэ больш з'яднала нашы народы (мы гэта бачым) і зрабіла іх мацнейшымі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт упэўнены, што значны ўклад у рэкордны тавараабарот паміж Беларуссю і Расіяй у 2022 годзе ўнесла таксама рэалізацыя дамоўленасцей з кіраўнікамі расійскіх рэгіёнаў. І дынаміка кантактаў з Калужскай вобласцю тут не выключэнне. "Яны не спыняліся ні на адзін дзень, дзякуючы чаму ў нас створаны пэўны зачын. Не буду ўтойваць, наша мэта - перавысіць планку адзін мільярд долараў у гандлі і дабіцца поўнай збалансаванасці. Мінск і Калуга павінны атрымліваць максімальную выгаду ад супрацоўніцтва. Як сведчыць вопыт, нашы эканомікі ўзаемадапаўняльныя. Прадпрыемствы Беларусі і Расіі натуральным чынам убудоўваюцца ў сумесныя вытворчыя ланцужкі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, гэта асабліва запатрабавана сёння, калі размова ідзе аб прамысловай кааперацыі, укараненні новых навукаёмістых тэхналогій, імпартазамяшчэнні.
"Мы добра знаёмы з вашым патэнцыялам. Нас аб'ядноўвае станоўчы вопыт стварэння індустрыяльных паркаў і свабодных эканамічных зон. Яго асабліва важна - наш патэнцыял - выкарыстоўваць пасля таго, як з Расіі сышлі многія заходнія кампаніі. Трэба паглядзець, як мы маглі б убудавацца ў гэтыя структуры і вырабляць запатрабаваную прадукцыю. Гэта значыць кааперацыя цяпер вельмі запатрабавана, як ніколі", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аснову гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Калужскай вобласцю сёння складае будаўнічая сфера, адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Беларускія будаўнікі ўзводзяць у расійскім рэгіёне жыллё і сацыяльныя аб'екты. "Як мне дакладваюць, тэмпамі і якасцю выконваемых работ вы ўвогуле задаволены. Мы гатовы да грунтоўнага і прадметнага дыялогу па гэтай тэме і любыя магчымыя заўвагі, прапановы і пажаданні па рэалізуемых праектах выслухаем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Таксама Беларусь гатова забяспечыць патрэбнасці Калужскай вобласці ў пасажырскай, камунальнай і сельскагаспадарчай тэхніцы. Паводле слоў Прэзідэнта, існуючыя фінансавыя інструменты даюць магчымасць зрабіць беларускія тавары яшчэ больш прывабнымі для спажыўца.
"Ініцыяванае Захадам санкцыйнае процістаянне, зразумела, парушыла існуючыя міжнародныя лагістычныя ланцужкі і ў харчовай сферы. Мы прагназавалі такія сцэнарыі і загадзя зрабілі неабходныя захады. Як вам вядома, Беларусь уваходзіць у лік сусветных лідараў па экспарце мяса-малочных прадуктаў. Узровень самазабяспечанасці за кошт уласнай вытворчасці практычна па ўсіх асноўных групах прадуктаў харчавання ў нас значна перавышае аб'ём спажывання", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым перапрацоўчая галіна ў краіне пастаянна мадэрнізуецца, заўважыў Аляксандр Лукашэнка. У Калужскай вобласці аграрны сектар таксама ў прыярытэце. "Мы гатовы аказваць, калі гэта неабходна, садзейнічанне ў развіцці малочнатаварнай вытворчасці, наладзіць пастаўку элітнага насення беларускай селекцыі, а таксама высокапрадукцыйных кармоў і прэміксаў ад БНБК - нашай біятэхналагічнай карпарацыі", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што абазначанае кола напрамкаў для ўзаемадзеяння далёка не вычарпана. "Паміж намі няма закрытых тэм. Гатовы выслухаць усе вашы прапановы, якія будуць неадкладна прыняты ў работу", - падкрэсліў ён.
Кіраўнік расійскага рэгіёна ў сваю чаргу адзначыў: "Для Калужскай вобласці Беларусь - вельмі надзейны і правераны сябар. Доўгі час наша супрацоўніцтва будуецца на прынцыпах узаемнай павагі, узаемнай выгады. І гісторыя адносін напоўнена паспяховымі праектамі ў прамысловасці, аграрнай сферы, навуцы, адукацыі, культуры".
Ён адзначыў, што з учарашняга дня Калужская вобласць і Рэспубліка Беларусь сталі яшчэ бліжэй. "Мы прыляцелі першым пасля доўгага перапынку рэгулярным рэйсам з міжнароднага аэрапорта Калугі ў Мінск. І ўпэўнены, што гэтай магчымасцю скарыстаюцца і калужане, і жыхары Расійскай Федэрацыі - нашых бліжэйшых рэгіёнаў, і беларусы. І просім вас падтрымаць нашу ініцыятыву, калі ёсць такая магчымасць, па арганізацыі сустрэчнага рэйса беларускай авіякампаніі ў Калугу. Гэта сёння карыстаецца вялікім попытам у нашых жыхароў", - заявіў Уладзіслаў Шапша.
Губернатар павіншаваў Кіраўніка дзяржавы з Днём яднання народаў Беларусі і Расіі і адзначыў знакамітую беларускую гасціннасць. "Разам з намі прыехалі шматлікія прадстаўнікі бізнесу, кіраўнікі абласных міністэрстваў. І мы разлічваем на вельмі насычаную, плённую дзелавую праграму", - адзначыў ён.
У візіту дэлегацыі з Калужскай вобласці ёсць і свае асаблівасці. Ён уключае не толькі дзелавыя перагаворы, але і мерапрыемствы па ўзаемадзеянні ў сферах культуры і спорту. З Калугі ў Мінск прыехала трупа драматычнага тэатра - артысты ў беларускай сталіцы прадставяць гледачам свой спектакль.
"Узялі з сабой юнацкую хакейную каманду, і заўтра адбудзецца хакейны матч юніёраў Калугі і Беларусі. Дзіцячы спорт мы падтрымліваем вельмі актыўна. Для вашых лыжнікаў і хакеістаў прывезлі ў падарунак лыжы і клюшкі ўласнай, калужскай вытворчасці. Будзем рады, калі яны вам спадабаюцца. Самі карыстаемся імі вельмі актыўна", - расказаў Уладзіслаў Шапша.