Сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Славакіі ў Беларусі Ёзафам Мігашам
- 5
- 3:49
Беларусь гатова ісці на больш глыбокае супрацоўніцтва ў адносінах са Славакіяй. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 6 ліпеня на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Славакіі ў Беларусі Ёзафам Мігашам.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што паміж краінамі складваюцца вельмі добрыя адносіны, разам з тым у развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ёсць яшчэ вялікі патэнцыял. "Згадзіцеся, асноўны паказчык - $220 млн тавараабароту - гэта зусім няшмат, - сказаў ён. - Але калі ўлічыць, што наогул ніякага не было тавараабароту ў свой час, гэты рост - ён значны. Але мы можам больш, мы гатовы супрацоўнічаць самым цесным чынам з вашай цудоўнай Славакіяй, мы гатовы па многіх напрамках вучыцца ў вас (а ў вас ёсць чаму вучыцца, пачынаючы ад спорту і заканчваючы пытаннямі прамысловага развіцця). Мы гатовы ісці на больш глыбокае супрацоўніцтва".
Прэзідэнт адзначыў вопыт работы Ёзафа Мігаша ў розных сферах і прапанаваў у будучым прадаўжаць супрацоўніцтва. "Вы ў сваім жыцці былі не толькі грамадскім дзеячам, але і перадавым бізнесменам, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Думаю, што мы вельмі шмат можам зрабіць, у тым ліку і з Вашай дапамогай. Мы адкрыты для гэтага супрацоўніцтва. Калі ў Вас асабіста будуць нейкія прапановы, калі і ў далейшым жыццё будзеце звязваць з бізнесам, вытворчасцю, ведайце, што ў Беларусі знойдзецца месца для стварэння і развіцця таго напрамку, які Вы палічыце патрэбным".
У час сустрэчы Кіраўнік дзяржавы ўручыў Ёзафу Мігашу ордэн Францыска Скарыны. Дыпламат удастоены гэтай узнагароды за значны асабісты ўклад ва ўмацаванне дружалюбных адносін і развіццё супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Славакіяй.
Прэзідэнт Беларусі, уручаючы паслу ордэн, падзякаваў яму за ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды Вялікай Перамогі 9 мая ў Мінску і адзначыў вялікае значэнне гэтага рашэння дыпламата, хоць яно і мела для яго неадназначныя вынікі. "Вы сапраўды прадэманстравалі мужны ўчынак, гэта ўбачылі не толькі беларусы, убачыў увесь свет, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Рэдка сустракаюцца такія паслы, якія дзейнічаюць па волі сэрца, але тым не менш яны ёсць". У якасці падарунка на памяць аб краіне Аляксандр Лукашэнка перадаў Ёзафу Мігашу кнігу "Спадчына Беларусі".
У сваю чаргу пасол падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за тую ацэнку, якой ён удастоены. Ёзаф Мігаш падкрэсліў, што Беларусь, прыняўшы рашэнне адзначыць 75-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ўрачыстымі мерапрыемствамі, "зрабіла так, як належыць, таму што гэта светлае свята". Што датычыцца яго персанальнага рашэння прыняць удзел у такіх мерапрыемствах, то ён зрабіў гэта, кіруючыся асабістымі перакананнямі. І калі б такая сітуацыя паўтарылася, ён зрабіў бы тое ж самае. "Таму што перакананні, гонар - гэта тое, што характарызуе чалавека. Ты не можаш чапляцца за пасаду моцна і рыгідна, калі гэта ідзе ўразрэз з тваімі перакананнямі. Я ўдзячны вам і ўсяму беларускаму народу", - сказаў дыпламат.