Адкрыццё святломузычнага фантана ў Мінску
- 9
- 4:35
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт, старшыня праўлення ПАТ "Ашчадбанк Расіі" Герман Грэф 3 ліпеня адкрылі ў Мінску святломузычны фантанны комплекс.
Незвычайны фантан устанавілі на рацэ Свіслач у парку імя Янкі Купалы. Ён стаў падарункам беларускай сталіцы да Дня Незалежнасці ад Ашчадбанка Расіі.
На думку Кіраўніка дзяржавы, фантан адкрыты ў адной з найпрыгажэйшых мясцін сталіцы з дзіўнай гісторыяй - парку імя Янкі Купалы. "Ён быў адкрыты роўна 70 гадоў таму. Задумайцеся: 1949 год - краіна яшчэ не прыйшла ў парадак пасля вайны, многія жывуць у зямлянках, але людзі цягнуцца да прыгожага, закладваюць парк. І сёння, у Дзень Незалежнасці Беларусі, у юбілейны год парку, мы, як і дагаворваліся з нашым добрым сябрам Беларусі Германам Грэфам, адкрываем тут мультымедыйны фантан", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што з адкрыццём гэтага ўнікальнага фантана гістарычная набярэжная Свіслачы пачне пералівацца новымі фарбамі, стане цэнтрам прыцягнення для моладзі, новай пляцоўкай для цікавых праектаў. Ён пажадаў, каб іх было як мага больш - цікавых, дынамічных, крэатыўных, такіх, якія зробяць жыццё горада яшчэ больш яркім.
У сваю чаргу Герман Грэф заявіў, што фантан у Мінску ўнікальны: Ашчадбанк раней не будаваў такія комплексы на вадзе. "Гэта адзіны такі фантан у свеце і па маштабах, і па месцараспалажэнні. Мы ніколі не рабілі фантан на вадзе: гэта было тэхналагічна складана, - падкрэсліў ён. - Вельмі хочацца, каб гэты знак шчырых адносін, любові расіян да беларусаў меў поспех сярод моладзі, мінчан і радаваў усіх вас".
Прадоўжылі цырымонію адкрыцця фантанны нумар пад музыку Вівальдзі і невялікая канцэртная праграма. У канцы вечара жыхары і госці сталіцы прынялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі "Спяём гімн разам", завяршыўся дзень святочным феерверкам.