Сустрэча з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным
- 9
- 4:33
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 лістапада сустрэўся з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Месцам сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў стала падмаскоўная дзяржаўная рэзідэнцыя Нова-Агарова.
"Я вельмі цаню ўсе нашы сустрэчы, нашы кантакты. У нас сапраўды добрыя, блізкія адносіны. Практычна няма ніякіх рознагалоссяў на сёння перад Новым годам, як гэта было раней. Гэта сведчыць аб добрай дынаміцы. Вы сказалі аб тавараабароце: ён сапраўды ў гэтым годзе значна расце, працэнтаў на 20, недзе 21 з лішкам, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы гандлюем патрэбнымі для Беларусі і Расіі таварамі - гэта добра".
Беларускі лідар таксама пагадзіўся з пазітыўнай ацэнкай, якую яго расійскі калега даў рабоце ўрадаў дзвюх краін. "Сапраўды, урады малайцы, працуюць добра. Усе задачы, якія мы перад імі ставілі, яны рэалізоўваюць", - падкрэсліў ён.
"Я аб гэтым сказаў: я ганаруся тым, што нам удалося практычна вырашыць усе праблемныя вузлы, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Два-тры пытанні, па якіх хацеў пракансультавацца. Гэта не тыя пытанні, якія трэба вырашаць (яны вырашаны ўсе), а пракансультавацца на будучыню і параіцца".
"Што датычыцца бяспекі, я дзякую, што вы трымаеце слова. Усё, што вы паабяцалі Беларусі ў плане бяспекі, мы асвоілі. Усе віды ўзбраенняў, самыя новыя. Вопыт, які ўвесь свет бачыць у канфлікце ва Украіне, мы таксама ўважліва вывучаем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Сфарміравалі баявыя падраздзяленні - фактычна ад народнага апалчэння да Узброеных Сіл, арміі. Праводзім рэгулярныя праверкі, вы гэта бачыце. Таму магу толькі падзякаваць за падтрымку і дапамогу па сучасных відах узбраенняў, якія беларуская армія атрымлівае. У гэтым плане вы можаце не турбавацца", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Беларускі лідар звярнуў увагу і на расійскія воінскія фарміраванні, сфарміраваныя на заходнім напрамку Саюзнай дзяржавы, адзначыўшы іх боегатоўнасць. "На заходнім напрамку беларуская армія і расійскія ўзброеныя сілы - тыя фарміраванні, якія вы стварылі, на захадзе трымаеце на ўсякі выпадак. Яны вельмі баяздольныя і гатовы абараняць Беларусь. Я вам удзячны за тое, што вы трымаеце ў баявой гатоўнасці гэтыя войскі, і пры ўсёй складанасці нейкіх пытанняў яны ніколі не накіроўваліся ў зону баявых дзеянняў ва Украіну. Гэта для нас вельмі важна", - канстатаваў ён.
Прэзідэнт Расіі ў сваю чаргу пазітыўна ацаніў эканамічнае супрацоўніцтва дзвюх краін.
"У нас з вамі кантакт увогуле пастаянны, па-мойму, не спыняецца. Урады працуюць ледзь ці не ў штодзённым рэжыме. Ва ўсякім разе, калегі дакладваюць з урада па ўсіх напрамках. Усё развіваецца, развіваецца добрымі тэмпамі. У нас цудоўны аб'ём тавараабароту, інакш не скажаш. Вырашаюцца пытанні, звязаныя з інвестыцыямі, з высокімі тэхналогіямі, што мяне вельмі радуе", - сказаў Уладзімір Пуцін.
"Мы з Вамі, што называецца, на вастрыі вырашэння ўсіх задач, якія не толькі ў нашых краінах, але і ва ўсім свеце лічацца прыярытэтнымі. Так і будзем далей рухацца", - падкрэсліў Прэзідэнт Расіі.
Расійскі лідар адзначыў, што сустрэча з беларускім калегам адбылася напярэдадні саміту АДКБ, які пройдзе ў Маскве 11 лістапада. "У нас паўнацэнны рабочы дзень, будзем размаўляць з калегамі ў рамках чарговай сесіі АДКБ. Зразумела, як заўсёды бывае, будзем гаварыць аб усіх баках нашых адносін: эканоміка, пытанні гуманітарнага характару і бяспека ў шырокім сэнсе слова", - дадаў ён.
"Аляксандр Рыгоравіч, вы нагадалі пра ўкраінскі напрамак. Хачу падзякаваць вам за дапамогу ў арганізацыі гуманітарных абменаў. Мы высока гэта цэнім", - сказаў Уладзімір Пуцін.
"Вялікі дзякуй вам і ўсім вашым калегам, якія гэта робяць і гэтым займаюцца", - дадаў ён.


