Сустрэча з Прэм'ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам
- 5
- 2:56
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Астане на палях саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва сустрэўся з Прэм'ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам.
Кіраўнік беларускай дзяржавы прапанаваў дапрацаваць і зацвердзіць дарожную карту развіцця двухбаковага супрацоўніцтва на перспектыву.
Шахбаз Шарыф аднавіў запрашэнне Кіраўніку беларускай дзяржавы наведаць з візітам Пакістан. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў яму за сустрэчу і вялікае садзейнічанне, аказанае ў працэсе ўступлення Беларусі ў ШАС у якасці паўнапраўнага члена. "Дзякуй Вам за дружалюбную атмасферу і цеплыню, з якой мы заўсёды з Вамі сустракаемся на розных міжнародных форумах. У тым ліку і на гэтым форуме", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Шахбаза Шарыфа з нядаўнім выбраннем Прэм'ер-міністрам.
"Я абавязкова пастараюся да канца бягучага года пабываць у Пакістане, - заявіў беларускі лідар. - Вырысоўваецца кароткі план нашых арганізацыйных мерапрыемстваў у гэтым годзе. У верасні сустрэнуцца члены міжурадавай камісіі нашых краін. У кастрычніку наш Прэм'ер-міністр у рамках мерапрыемства кіраўнікоў урадаў краін ШАС будзе у вас у Пакістане. Вельмі хацеў бы, каб Вы знайшлі час з ім сустрэцца. На гэтай сустрэчы мы маглі б канчаткова разгледзець план нашых дзеянняў на перспектыву. А ў час майго візіту ў Пакістан да канца бягучага года мы з вамі маглі б зацвердзіць гэты план - дарожную карту".
"Напэўна, той перыяд, калі мы прыглядаліся, вывучалі адзін аднаго, спрабавалі разгледзець тыя напрамкі, па якіх мы можам супрацоўнічаць, завяршыўся. Нам пара пераходзіць да канкрэтных мерапрыемстваў па ўстанаўленні самых цесных сувязей паміж нашымі краінамі", - дадаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка ў ходзе размовы асобна згадаў пра сяброўскія адносіны, якія яго звязваюць з Навазам Шарыфам, братам цяперашняга пакістанскага Прэм'ера, які некалькі гадоў таму таксама ўзначальваў Урад. Прэзідэнт разлічвае, што ў дні яго візіту ў Ісламабадзе будзе і Наваз Шарыф.