Удзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў - членаў ШАС у Астане
- 19
- 9:22
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў - членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, якое прайшло 4 ліпеня ў Палацы Незалежнасці ў Астане.
У самым пачатку саміту лідары краін падпісалі дакументы аб завяршэнні працэдуры ўступлення Беларусі ў ШАС у якасці паўнапраўнага члена. Такім чынам, Беларусь стала дзясятым па ліку паўнапраўным членам "сям'і ШАС". Аналагічным статусам Арганізацыі валодаюць Індыя, Іран, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Пакістан, Расія, Таджыкістан і Узбекістан.
"Рашэнне аб паўнапраўным членстве Рэспублікі Беларусь у Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва прынята. Паважаны Аляксандр Рыгоравіч, шчыра віншую Вас. Упэўнены, сённяшні дзень стане яркай старонкай у гісторыі Беларусі", - сказаў Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў.
Ён выказаў упэўненасць, што Беларусь унясе свой значны ўклад ва ўмацаванне бяспекі на прасторы ШАС.
Аляксандр Лукашэнка выказаў словы ўдзячнасці ў адрас гаспадароў саміту - казахстанскага боку - за выдатную арганізацыю сустрэчы і сардэчны прыём у Астане. "Дзякуючы ў тым ліку і вашаму паспяховаму старшынству гэты дзень увойдзе ў гісторыю Беларусі як дата далучэння нашай краіны да Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка назваў паказальным і сімвалічным яшчэ і той факт, што год прыняцця ў ШАС супаў з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. "Гэта цудоўны падарунак беларускаму народу", - заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Прэзідэнт таксама падзякаваў астатнім калегам - кіраўнікам дзяржаў ШАС - за аднадушную падтрымку гэтага рашэння.
Кіраўнік беларускай дзяржавы расказаў аб канкрэтных напрамках, якім Беларусь у якасці паўнапраўнага ўдзельніка плануе ўдзяліць павышаную ўвагу. Ён запэўніў, што краіна гатова працаваць поплеч з новым старшынствам (пасля Казахстана старшынства ў ШАС пяройдзе Кітаю) па рэалізацыі сумесных прыярытэтаў.
Аб міжнароднай бяспецы
"Глыбока перакананы, што ў XXI стагоддзі неабходна выбудоўваць сапраўдную і непадзельную глабальную бяспеку. Пры гэтым ініцыятыву павінны ўзяць на сябе краіны Глабальнай большасці, паколькі эгаістычны Захад на такое аказаўся няздольны. Там сёння няма лідараў, здольных прымаць адказныя рашэнні самастойна", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Са свайго боку, запэўніў ён, Беларусь пастараецца адаптаваць свае ініцыятывы ў гэтай найбольш актуальнай сёння для партнёраў сферы.
Аб эканоміцы
Кіраўнік беларускай дзяржавы канстатаваў, што ўжо цяпер у партнёраў па ШАС ёсць узаемавыгадныя праекты ў энергетыцы, транспарце і лагістыцы, фінансах і прамысловай кааперацыі. "Калі мы выпрацуем на нашай пляцоўцы дакладныя правілы, выйграюць усе, у тым ліку за межамі рэгіёна адказнасці ШАС", - упэўнены беларускі лідар.
Аб харчовай бяспецы
Гаворачы аб харчовай бяспецы, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што выклікі ў гэтай галіне зыходзяць не толькі ад традыцыйных фактараў, такіх як змяненне клімату і прыродныя катаклізмы, але і штучных бар'ераў, у тым ліку незаконных санкцый адносна мінеральных угнаенняў, тэхнікі, сродкаў аховы раслін, маршрутаў паставак. Як вынік, людзі ў краінах, якія сталі на шлях развіцця, у тым ліку бяднейшыя дзяржавы Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, вымушаны галадаць.
"У нашых сілах разбурыць сцены аднапалярнага свету, накарміць людзей, устараніўшы шмат супярэчнасцей і канфліктаў з-за сацыяльнай няроўнасці, дэфіцыту прадуктаў харчавання і рэсурсаў", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Аб міжнародным пазіцыянаванні
"Мы пастараемся прыкласці ўсе намаганні, каб рос аўтарытэт нашай Арганізацыі, пашыралася кола яе саюзнікаў і прыхільнікаў", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што многія беларускія ідэі, выказаныя раней, ужо атрымалі міжнародную падтрымку. Гэта датычыцца трансферу тэхналогій, інфармацыйнай бяспекі, транспарту і лагістыкі, прамысловасці, гандлю і інвестыцый.
"Цяпер ужо ў новай якасці мы будзем імкнуцца максімальна ўвязаць нашы прапановы з ініцыятывамі нашай арганізацыі", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Аб узаемным узбагачэнні культур
"Беларусь пачынае работу ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва з разуменнем, што ШАС - гэта не толькі бяспека, эканоміка і гандаль. Гэта і ўзаемнае ўзбагачэнне культур, што прывядзе да абавязковага збліжэння нашых народаў", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Па выніках саміту лідары краін ШАС прынялі Астанінскую дэкларацыю і яшчэ два дзясяткі рашэнняў, якія датычацца ўзаемадзеяння ў розных сферах.
Перад цырымоніяй падпісання Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў заявіў, што вынесеныя на зацвярджэнне дакументы адкрыюць новую старонку супрацоўніцтва ў ШАС і будуць садзейнічаць сістэмнаму і ўсебаковаму развіццю Арганізацыі.
Астанінская дэкларацыя накіравана на павышэнне ролі ШАС у фарміраванні ўмоў для ўмацавання ўсеагульнага міру, бяспекі і стабільнасці, пабудову новага дэмакратычнага, справядлівага палітычнага і эканамічнага міжнароднага парадку, а таксама ўдасканаленне механізмаў ШАС па процідзеянні выклікам і пагрозам бяспецы, барацьбе з тэрарызмам, сепаратызмам і экстрэмізмам, незаконным абаротам наркотыкаў, кантрабандай зброі і іншымі відамі транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці.
Лідары краін ШАС зацвердзілі ініцыятыву "Аб сусветным адзінстве за справядлівы мір, згоду і развіццё", прынялі рашэнне адносна канчатковай дапрацоўкі і ўзгаднення праекта стратэгіі развіцця ШАС да 2035 года, разгледзелі пытанні ўдасканалення дзейнасці арганізацыі.
Зацверджаны праграма супрацоўніцтва дзяржаў ШАС у процідзеянні тэрарызму, сепаратызму і экстрэмізму на 2025-2027 гады; антынаркатычная стратэгія на 2024-2029 гады і праграма дзеянняў па яе выкананні; стратэгія развіцця энергетычнага супрацоўніцтва да 2030 года; план мерапрыемстваў па рэалізацыі стратэгіі эканамічнага развіцця ШАС на перыяд да 2030 года.
Прынята рашэнне аб Асацыяцыі інвестараў ШАС. Гэта шматбаковая кансультацыйна-экспертная пляцоўка, створаная для садзейнічання развіццю інвестыцыйнага супрацоўніцтва, наладжвання ўзаемадзеяння паміж дзелавымі коламі, міністэрствамі і ведамствамі дзяржаў у сферы інвестдзейнасці. Падпісана таксама рашэнне аб механізмах фінансавага суправаджэння праектнай дзейнасці ШАС.
Зацверджана праграма па развіцці супрацоўніцтва ў галіне ахоўных тэрыторый і экалагічнага турызму.
Кітайскі горад Цындаа абвешчаны турыстычнай і культурнай сталіцай ШАС у 2024-2025 гадах. Зацверджана дарожная карта па ўмацаванні ўзаемадзеяння паміж дзяржавамі - членамі ШАС і партнёрамі ШАС па дыялогу.
Прынята рашэнне аб падпісанні мемарандума аб узаемаразуменні паміж Сакратарыятам ШАС і Цэнтральнаазіяцкім рэгіянальным інфармацыйным каардынацыйным цэнтрам па барацьбе з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў.
Падпісана рашэнне аб плане ўзаемадзеяння дзяржаў ШАС па пытаннях забеспячэння міжнароднай інфармацыйнай бяспекі. Тэрмін дзеяння адпаведнага ранейшага плана падоўжы на 2024-2025 гады.
Генеральным сакратаром ШАС на тэрмін з 1 студзеня 2025 года па 31 снежня 2027 года назначаны прадстаўнік Казахстана Нурлан Ермекбаеў, які цяпер займае пасаду намесніка Генеральнага сакратара ШАС. Яшчэ адно кадравае рашэнне саміту - назначэнне на аналагічны перыяд Уларбека Шаршэева (Кыргызстан) дырэктарам Выканаўчага камітэта Рэгіянальнай антытэрарыстычнай структуры ШАС.
Савет кіраўнікоў дзяржаў - членаў ШАС таксама прыняў заявы "Аб прынцыпах добрасуседства, даверу і партнёрства", "Аб забеспячэнні бяспекі пітной вады і санітарыі", "Аб эфектыўным кіраванні адходамі".
Акрамя таго, на палях саміту было падпісана міжурадавае пагадненне паміж членамі ШАС аб супрацоўніцтве ў галіне аховы навакольнага асяроддзя.