Сустрэча з губернатарам Санкт-Пецярбурга Аляксандрам Бягловым
- 17
- 9:41
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 кастрычніка правёў сустрэчу з губернатарам Санкт-Пецярбурга Аляксандрам Бягловым.
У час сустрэчы Кіраўнік дзяржавы ўручыў губернатару Санкт-Пецярбурга ордэн Пашаны. Аляксандр Бяглоў удастоены ўзнагароды за значны асабісты ўклад у развіццё гандлёва-эканамічных і культурных сувязей, умацаванне міжнароднага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй.
"Прыемна пачынаць з прыемнага, - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы, сустракаючы высокага госця. - Узнагарода знайшла сваіх герояў, як у нас кажуць".
"Вялікі гонар для мяне і для нашага горада. Дзякую Вам", - адказаў Аляксандр Бяглоў, прымаючы ордэн Пашаны.
"Гэта ўзнагарода заслужаная. Паверце, у нас узнагароду вельмі складана атрымаць. І я разы два тут вяртаўся да гэтага ўзнагароджання - ці тым ордэнам мы ўзнагароджваем. Уладзімір Уладзіміравіч (Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. - Заўвага), мы з ім абмяркоўвалі, кажа: "Так, Бяглоў заслугоўвае ўзнагароды, я згодны", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што без згоды Прэзідэнта Расіі ў дадзеным выпадку ніяк не ўзнагародзіць. "Таксама дрэнна. Напэўна, беларусам і расіянам трэба ўжо ад гэтага адыходзіць. Чаго мы тут адзін у аднаго пытаемся, каго ўзнагароджваць… Заслугоўвае - трэба ўзнагароджваць. А то яшчэ хто-небудзь заблакіруе ўзнагароджанне пасла Расіі ў Беларусі, вось будзе потым…" - заўважыў беларускі лідар.
"Я намёк зразумеў", - адрэагаваў пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў, які прысутнічаў на сустрэчы.
"Пакуль мы на чале ўлады, трэба вырашаць гэта пытанне, паколькі яно паступіла ўжо", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама перадаў самыя цёплыя пажаданні ўсім жыхарам Санкт-Пецярбурга. Ён асабліва падзякаваў губернатару горада за дапамогу, што аказваецца Беларусі, і той высокі ўзровень супрацоўніцтва, які склаўся. "Калі б у нас супрацоўніцтва з іншымі гарадамі і рэгіёнамі Расіі было як з Піцерам і Ленінградскай вобласцю, у нас увогуле праблем не было б - ні ў Расіі, ні ў Беларусі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў адрадзіць савецкую практыку, калі Беларусь была адказная за забеспячэнне неабходнымі таварамі шэрага буйных гарадоў і рэгіёнаў Расіі.
"Пара вяртацца да савецкай практыкі, калі Беларусь адказвала за Калінінград, Піцер, Маскоўскую вобласць, часткова Маскву (яна велізарная, асабліва цяпер, думаю, што мы наўрад ці справімся з такім гіганцкім аб'ёмам). Але супрацоўнічаць нам перш за ўсё трэба з гэтымі рэгіёнамі. Адказнасць была ў тым, што ўсё, чаго не было ў Ленінградзе і вобласці, асабліва ў Калінінградзе, мы абавязаны былі вырабіць і паставіць", - сказаў беларускі лідар, звяртаючыся да пасла Расіі ў Беларусі Барыса Грызлова, які прысутнічаў на сустрэчы.
"Нам трэба як прыклад ставіць наша супрацоўніцтва з Піцерам і Ленінградскай вобласцю, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта наогул павінен быць узор нашага супрацоўніцтва. Дзякуй богу, што пры вашым кіраўніцтве горадам гэта ўдалося зрабіць. Мы ў гэтым напрамку рухаемся наперад. Толькі вы больш адкрыта гаварыце, у чым мы недзе там недапрацоўваем. Мы на гэта адрэагуем вельмі хутка. Для нас гэта вельмі важна".
"Нашы магчымасці вы добра ведаеце. Будзьце ўпэўнены, што ўсё, што паабяцалі, мы зробім. І ў сферы машынабудавання, і рамонту ліфтаў, прадуктаў харчавання. Усё, што патрэбна Ленінграду і мы можам, мы павінны гэта рабіць. Я вельмі рады, што Прэзідэнт Расіі ўспрымае такую формулу, што цесна павінны супрацоўнічаць у гэтым плане, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Быў Вараб'ёў нядаўна (сустрэча з губернатарам Маскоўскай вобласці Андрэем Вараб'ёвым у чэрвені 2026 года. - Заўвага). Я бачу ў яго настрой вельмі добры на наша супрацоўніцтва. Але я ж не забываю, што ў нас ёсць суседзі - Бранск, Смаленск, Пскоў. Ад бога яны. І калі мы нечым можам дапамагчы, мы будзем дапамагаць".
Аляксандр Лукашэнка расказаў аб сваім даручэнні паставіць на кантроль пытанні, калі гэтым расійскім рэгіёнам будзе неабходна тая ці іншая дапамога. "З палівам, іншымі пытаннямі, бяспекай. Калі патрэбна наша дапамога, мы адкрыта аб гэтым гаворым, мы будзем дапамагаць. Там не чужыя людзі. Там усё перамяшана", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт у сувязі з гэтым нагадаў, як на нядаўняй сустрэчы з губернатарам Бранскай вобласці жартам сказаў: "Яшчэ трэба разабрацца, чыя Бранская вобласць". "Тут пачалі падкручваць, што я ледзь ці не Бранскую вобласць патрабую ад Барыса Вячаслававіча (пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў. - Заўвага) аддаць. Ды не, у мяне гэтага няма абсалютна, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Невядома яшчэ, што ў бліжэйшы час, праз некалькі гадоў, будзе з гэтымі рознымі граніцамі. Можа, наогул людзі іх прызнаваць не будуць, будуць свабодна перамяшчацца ў свеце. Дай бог, каб так было, гасподзь дапаможа. Таму ў мяне няма такой зацыкленасці на тым, што нечая там зямля. Там, дзе людзі жывуць, - няхай жывуць. Не трэба перашкаджаць. Проста дзверы насцеж, і мы павінны абавязкова падтрымліваць і дапамагаць ім".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі склалася практыка назначэння службовых асоб, адказных за развіццё супрацоўніцтва з тым ці іншым рэгіёнам або дзяржавай. І за расійскі напрамак у гэтым сэнсе адказвае Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой, які таксама прысутнічаў на сустрэчы і салідарны з меркаваннем, што супрацоўніцтва Беларусі і Санкт-Пецярбурга можна лічыць узорным і ставіць у прыклад.
Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу, што ў аснове такога цеснага ўзаемадзеяння - у тым ліку і гістарычныя сувязі. І адны, і другія перажылі вельмі трагічныя падзеі, значна пацярпелі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. А пасля яе заканчэння многія з Ленінграда прыязджалі ў Беларусь, заставаліся тут жыць. Асабліва гэта датычыцца прадстаўнікоў навуковай супольнасці, якія пазней дапамагалі ў стварэнні і станаўленні нацыянальных навуковых школ. "Людзі ў нас граматныя, разумныя. Я заўсёды Прэзідэнту Расіі гавару: калі беларусы да каго-небудзь вельмі-вельмі падобныя, то да ленінградцаў. Гэта ўвогуле адны і тыя ж людзі", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама выказаўся наконт праграмы візіту Аляксандра Бяглова ў Беларусь, адзін з пунктаў якой - наведванне Брэсцкай крэпасці. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў асаблівую значнасць як самога месца, так і яго наведвання. "Стаць на калені, як у нас кажуць, ушанаваць памяць герояў Брэсцкай крэпасці - гэта вельмі важна. Гэта паказальна, Барыс Вячаслававіч (Грызлоў. - Заўвага), для нашых украінскіх сяброў і таварышаў. Рана ці позна людзі зразумеюць, што могуць страціць і што губляюць ва Украіне, а вось гэты прыклад - Брэсцкай крэпасці - там змагаліся ўсе. Больш за ўсё там было рускіх людзей, беларусаў, украінцы там былі і нават з Цэнтральнай Азіі людзі ваявалі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Такі элемент Вашай паездкі вельмі важны для сучаснасці і будучыні", - звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да губернатара Санкт-Пецярбурга.
Аляксандр Бяглоў час сустрэчы перадаў Аляксандру Лукашэнку словы ўдзячнасці і найлепшыя пажаданні ад жыхароў Санкт-Пецярбурга: "Вы ведаеце, ленінградцы Вас вельмі любяць. Вы ў нашым горадзе - сімвал мужнасці, стойкасці, сімвал той у добрым сэнсе слова савецкай эпохі, якая сапраўды рабіла Савецкі Саюз магутным. А Вы сёння робіце магутнай і моцнай рэспубліку. І народ Вам удзячны".


