Сустрэча з Генеральным сакратаром АДКБ Таалатбекам Масадыкавым
- 11
- 10:44
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 красавіка сустрэўся з Генеральным сакратаром Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы Таалатбекам Масадыкавым.
"Беларусь заўсёды была лакаматывам развіцця адносін у АДКБ і іншых структурах на нашай прасторы былога Савецкага Саюза. Нашы падыходы абсалютна адкрытыя. Мы не цямнім, нічога не ўтойваем. Што датычыцца АДКБ, першапачаткова я прапанаваў яшчэ даўным-даўно, калі зараджалася гэта Арганізацыя (ды і да яе), формулу дзеянняў. Мы разумеем, што цэнтральным звяном у гэтай Арганізацыі з'яўляецца Расія. І ўсім трэба добра разумець, што, напрыклад, на заходнім напрамку асноўным звяном АДКБ, вядома, з'яўляецца Беларусь. І не дай бог які-небудзь канфлікт на гэтым напрамку, Расія заўсёды павінна мець ядро ўзброеных сіл, якія падключацца да дзеянняў беларускай арміі, каб абараніць нашу прастору. На поўдні, зразумела, давядзецца напружвацца і вам, і Казахстану. Абавязкова. Таму што гэта паўднёвы напрамак і, зноў жа, Расія будзе вас падтрымліваць. І падпіраць, як ваенныя кажуць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка ў гэтым плане нагадаў аб паспяховым вопыце правядзення міратворчай аперацыі ў Казахстане ў студзені 2022 года, каб не даць магчымасці ўзарваць абстаноўку ў гэтай краіне.
"Я цудоўна разумею, што калі раптам які-небудзь канфлікт у Беларусі, то сваімі ўзброенымі сіламі на 100% Кыргызстан не будзе ўключацца і не ўключыцца. Можа, і не трэба. Але ўпэўнены, што і падтрымка палітычная будзе, і ваенная ў нейкай ступені. Ну і наадварот. Таму я і гаварыў аб тым, што цэнтральным звяном павінна быць у нас Расійская Федэрацыя, яе ўзброеныя сілы. Гэта зразумела, - сказаў Прэзідэнт. - У нас большасць зброі савецкая, вырабляецца ў Расійскай Федэрацыі. Тактыка ў нас аднолькавая - постсавецкіх рэспублік. Таму абараняцца нам давядзецца разам. Маючы на ўвазе, што на галоўных напрамках будуць дзейнічаць тыя дзяржавы, якія знаходзяцца на гэтых напрамках. Такая была філасофія прапанава. Жыццё паказала, што менавіта ў такім ключы мы і будзем дзейнічаць".
Аляксандр Лукашэнка таксама прывёў у прыклад супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў пытаннях забеспячэння бяспекі і абароны, падтрымку, што аказваецца ў гэтым плане.
"Думаю, што ў гэтым плане мы будзем дзейнічаць і ў далейшым. Хоць я не выключаю, што можа скласціся такая сітуацыя, што мы ўсе разам плячо ў плячо ўсімі нашымі ўзброенымі сіламі і ўзбраеннямі будзем абараняць нашу прастору, на якой павінна функцыянаваць наша Арганізацыя", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер якраз ёсць добрая нагода для абмеркавання існуючага ў рамках АДКБ комплексу ваенна-палітычных пытанняў з улікам нядаўна праведзенай маштабнай праверкі боегатоўнасці Узброеных Сіл Беларусі. "Задача была пастаўлена, як у вайну, - як будзем дзейнічаць. Мы не ўтойвалі. Армія для таго і існуе, каб абараніць інтарэсы дзяржавы. І да горшага варыянта трэба заўсёды рыхтавацца. Лепшае, як кажа народ, само прыйдзе", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што разам з пэўнымі дасягненнямі ў АДКБ ёсць і праблемныя пытанні, аб чым Аляксандр Лукашэнка не раз адкрыта гаварыў у тым ліку на міжнародных сустрэчах і мерапрыемствах. Адным з такіх пытанняў, якія патрабуюць асаблівай увагі, Прэзідэнт назваў узаемаадносіны з Арменіяй.
"Нам трэба быць больш карэктнымі і акуратнымі ў рабоце з Арменіяй. Вы ведаеце, што Арменія нібыта і не падтрымлівае работу ў АДКБ, але ў той жа час застаецца ў Арганізацыі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Трэба быць вельмі карэктнымі. У Арменіі складаная сітуацыя ў гэтым плане, асабліва ў электаральны перыяд (летам павінны прайсці парламенцкія выбары. - Заўвага). Вельмі няпростая сітуацыя. Таму нам трэба быць вельмі акуратнымі і асцярожнымі ў адносінах з Арменіяй".
У гэтым плане Аляксандр Лукашэнка лічыць важным арганізацыю сустрэч на ўзроўні Генеральнага сакратара АДКБ і кіраўніцтва Арменіі. "Асабліва цяпер, у гэты востры электаральны перыяд, калі кіраўніцтва Арменіі будзе адкрыта і сумленна гаварыць пра сітуацыю, у тым ліку і на трэку АДКБ", - заўважыў беларускі лідар.
"Калі б Вы пабывалі там і пагаварылі і з Прэм'ер-міністрам, і з Прэзідэнтам, з сакратаром Савета Бяспекі Арменіі, даведаліся аб іх пазіцыі на будучае, было б нядрэнна", - дадаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да Таалатбека Масадыкава.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў свеце хапае розных праблем, у тым ліку наконт аб'ёму ўзбраенняў у асобных краінах. "Усе гэтыя пытанні і іншыя трэба вырашаць мірна, разумеючы, што ніхто нікому з нас не дапаможа, калі мы не дапаможам самі сабе", - сказаў беларускі лідар.
"Вы бачыце, як развіваецца свет. Незразумела, у якім напрамку ён будзе развівацца, як будуць выбудаваны міжнародныя адносіны. Пазіцыя ЗША і ў цэлым Захаду ўжо абсалютна аголена. І дзякуй богу, што Трамп агаліў гэту абстаноўку, і мы цяпер разумеем, дзе "правы чалавека", дзе "дэмакратыя", дзе яшчэ нейкія пытанні. Мы павінны рабіць адпаведныя высновы з таго, што адбылося. Асабліва ў плане Ірана", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Гэта магутная краіна з вялікімі традыцыямі. І самае небяспечнае сёння для ЗША тое, што амерыканцы паказалі свой слабы бок. Для іх галоўны вораг, як яны заўсёды гаварылі, быў Кітай. Але сёння і амерыканцы зразумелі, што з кітайцамі яны ніколі не справяцца. Ніколі. І гэта дэманструе сітуацыя ў Іране", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што канфлікт у Іране пара заканчваць. Прычым аб неабходнасці гэтага беларускі лідар заяўляў ужо не раз. "І ізраільцянам трэба думаць над тым, каб не закасваць рукавы і не паказваць свой спрыт", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Няма той краіны, якая магла б перамагчы Іран. Вельмі складаная геаграфічна краіна, вельмі рашуча настроена насельніцтва, гатовы гінуць за сваю зямлю. Персія, што тут казаць. Мы ж цудоўна ведаем гісторыю гэтай краіны. Таму трэба заканчваць", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што ў цяперашняй складанай сусветнай абстаноўцы АДКБ неабходна бачыць сваю ролю і значнасць, выдзяляць актуальныя напрамкі дзеянняў.
"Многае залежыць ад Вас і ад Вашых калег. Але, я спадзяюся, справіцеся, - заўважыў Прэзідэнт Беларусі, звяртаючыся да Генеральнага сакратара АДКБ. - На нас можаце разлічваць".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў каласальны прафесійны і жыццёвы вопыт Таалатбека Масадыкава, які раней займаў розныя адказныя пасады, уключаючы міжнародныя структуры, быў намеснікам кіраўніка апарату АДКБ. "Вы ведаеце, што беларускі бок Вашу кандыдатуру адназначна падтрымаў. Мы цудоўна разумеем: Вы чалавек вопытны, ведаеце постсавецкую прастору, але Вы добра ведаеце і Захад. Вельмі спадзяюся, што і ідэалагічна, і арганізацыйна, і зыходзячы з Вашага вопыту, Вы - наш чалавек, які можа кіраваць апаратам АДКБ і значна нам падказваць і дапамагаць па асноўных напрамках дзейнасці АДКБ. Вы на нас можаце заўсёды разлічваць", - запэўніў Прэзідэнт.
У сваю чаргу Таалатбек Масадыкаў падзякаваў за сустрэчу і падтрымку, аказаную беларускім бокам пры назначэнні яго на пасаду Генеральнага сакратара АДКБ. "Сустрэча з Вамі для мяне вельмі важна, каб зразумець, як выбудоўваць работу ў Сакратарыяце АДКБ. Вы абсалютна правільна заўважылі, што вельмі шмат складаных пытанняў і неабходна нам разам рухацца як у знешнепалітычным плане, так і па ваенным складніку нашых краін. Ёсць пытанні, якія трэба абмяркоўваць. Гэта знешнепалітычныя нашы ініцыятывы, пазіцыі нашых дзяржаў. Але, я думаю, што рух наперад павінен быць адназначна. У гэты турбулентны час мы можам справіцца толькі агульнымі намаганнямі", - заявіў Генеральны сакратар АДКБ.


