Уручэнне дзяржаўных узнагарод і Сцяга пракуратуры Рэспублікі Беларусь
- 32
- 2
У Беларусі не дапусцяць спроб перапісаць гісторыю і забраць Перамогу савецкага народа. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 21 лютага на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод і сцяга пракуратуры.
Ва ўрачыстай абстаноўцы Кіраўнік дзяржавы ўручыў ордэны, медалі і падзякі Прэзідэнта пракурорскім работнікам. У прыватнасці, ордэна "За службу Радзіме" ІІІ ступені ўдастоены Генеральны пракурор Андрэй Швед, ордэна Пашаны - пракурор Гродна Уладзімір Клішын.
Сённяшнюю падзею Прэзідэнт назваў без перабольшання знакавай і сімвалічнай у гісторыі пракуратуры. "Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны мы ўручаем дзяржаўныя ўзнагароды і сцяг пракуратуры людзям, на плячах якіх ляжыць адказнасць за ажыццяўленне бяспекі, законнасці і правапарадку ў нашай дзяржаве", - сказаў беларускі лідар.
Ён падкрэсліў, што не выпадкова для правядзення ўрачыстай цырымоніі была выбрана Зала Перамогі Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны - сімвала беларускай дзяржаўнасці. "Тут усё нагадвае аб тым, якой цаной мы захавалі сябе як народ, сваё права жыць на гэтай зямлі і адбудоўваць нашу дзяржаву, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Знаходзячыся ў гэтым храме смутку па мільёнах ахвяр і гонару за пакаленне пераможцаў, я задаюся толькі адным пытаннем. Няўжо пройдзены вопыт так нічому людзей і не навучыў?"
"Здавался б, памяць аб тых страшных, параўнальна нядаўніх падзеях зусім свежая. Бо сведкі зверстваў фашыстаў яшчэ сярод нас. І яна, гэта ўсенародная памяць, павінна была б астудзіць запал асобных палітыкаў і дзеячаў. Але што мы бачым? Колькасць і маштабы выклікаў і пагроз не змяншаюцца. У выніку міжнацыянальных і ўнутрынацыянальных войнаў прадаўжаюць гінуць людзі, прытым масава гінуць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Ён канстатаваў, што сучасныя рэваншысты правакуюць новыя канфлікты. "І каб апраўдаць сябе, з усіх сіл спрабуюць перапісаць гісторыю і забраць Перамогу савецкага народа, а наследнікаў народа-пераможцы, гэта значыць нас з вамі, назваць агрэсарамі", - дадаў ён.
"Гэтага дапусціць мы не можам", - заявіў Кіраўнік дзяржавы. Ён запэўніў, што пачатае Генеральнай пракуратурай расследаванне фактаў генацыду і ўстанаўленне канкрэтных асоб, якім удалося пазбегнуць пакарання за забойства мірнага насельніцтва, будуць даведзены да канца. "Гэта пытанне гістарычнай справядлівасці і нашага абавязку перад памяццю больш як 3 млн чалавек, якія сталі ахвярамі нацызму", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Са шкадаваннем Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пасля праведзенага расследавання Генеральнай пракуратуры колькасць загінулых, закатаваных у час вайны людзей павялічыцца. Бо толькі ў 2021 годзе ў Беларусі ўстанавілі каля 300 месцаў пахаванняў. "Усе вынікі праведзенай работы прадставім сусветнай супольнасці (зразумела, калі да гэтага часу гэта сусветная супольнасць будзе існаваць і захоча даведацца і пачуць гэтыя факты). Яны стануць напамінам аб тым, што так узмоцнена спрабуюць забыць сучасныя паслядоўнікі фашызму", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, беларусы павінны памятаць, што не адно дзесяцігоддзе спатрэбілася для аднаўлення даваеннай колькасці насельніцтва рэспублікі. "Дзякуючы неймаверным намаганням і працы беларускага народа наша краіна здабыла сваё непаўторнае сучаснае аблічча", - сказаў Прэзідэнт.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў цырымоніі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сваёй настойлівасцю і прынцыповасцю пры абароне правоў грамадзян, грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў, сумленнасцю і патрыятызмам яны заваявалі немалы аўтарытэт. "У гэтым годзе пракуратура Беларусі адзначыць векавы юбілей. І няхай сцяг як асаблівая рэліквія нагадвае нам аб свяшчэнным абавязку кожнага грамадзяніна - служыць сваёй Айчыне", - заявіў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы павіншаваў прысутных з уручэннем дзяржаўных узнагарод і сцяга пракуратуры, пажадаўшы ім здароўя і дабрабыту, прафесійных поспехаў на карысць роднай краіны і, самае галоўнае, мірнага неба над галавой: "Нам трэба зрабіць усё, каб наша краіна, якая зведала такое гора зусім нядаўна, заставалася мірнай, незалежнай краінай і каб на нашай зямлі жылі толькі мірныя людзі".
У сваю чаргу Генеральны пракурор Андрэй Швед выказаў Прэзідэнту вялікую ўдзячнасць за высокі гонар, які Кіраўнік дзяржавы аказаў, уручыўшы сцяг пракуратуры: "Мы абавязуемся шанаваць і берагчы перададзеную нам святыню як сімвал даверу дзяржавы пракурорскай дзейнасці. Запэўніваю Вас, што пракурорскія работнікі і ў далейшым будуць на самым высокім узроўні выконваць пастаўленыя задачы". З нагоды памятнай падзеі Андрэй Швед уручыў Аляксандру Лукашэнку нагрудны знак узнагароды "За заслугі" і памятны сувенір - эмблему органаў пракуратуры.
На завяршэнне мерапрыемства Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз звярнуўся да прадстаўнікоў органаў пракуратуры, адзначыўшы ў тым ліку якасны склад супрацоўнікаў Генеральнай пракуратуры.
"Цяпер я бачу не проста выканаўцаў, сканцэнтраваных у Генеральнай пракуратуры, а людзей, якія генерыруюць вялікія ідэі. Адна з апошніх вашых ідэй (не апошняя, думаю) - гэта расследаванне злачынстваў фашыстаў і іх саўдзельнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта цяжка пераацаніць. Гэта вельмі важна. Запомніце: гэта важна для ўсіх тых, хто сёння кіруе краінай і носіць пагоны", - адзначыў беларускі лідар.
"Мы раней, вы крыху пазней - маладыя - пойдзем з гэтага жыцця. Але мы заўсёды павінны думаць, што мы пакінем пасля сябе", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў важнасць захаваць памяць аб тых далёкіх часах. Асаблівая роля ў гэтым плане ўскладзена на людзей старэйшага пакалення. "У гэтай зале няма ніводнага чалавека, які прайшоў бы праз тыя падзеі. Але мы гэта ведаем, таму што мы бліжэй былі да тых зверстваў, да нашай Перамогі. Мы бачылі і ведалі людзей, якія прынеслі нам гэту Перамогу. І нашым дзецям, новаму пакаленню, мы павінны гэта аформіць і, што называецца, пакласці на стол. Вось - глядзіце, што было, каб вы цанілі, каб ні ў якім выпадку не правакавалі народ і не былі прычынай тых сутыкненняў і, не дай бог, вайны ў сучасны час", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Таму, - прадоўжыў ён, - у музей Вялікай Айчыннай вайны трэба прыводзіць моладзь, дзяцей і паказваць, што было. І задаваць ім, некаторым, пытанне: "Вы гэтага хочаце?" - адзначыў беларускі лідар.
"Вайна - гэта страшна. Ні я, ні вы не перажылі, дзякуй богу, гэту страшную падзею", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што апошнім часам разам з псіхозам на фоне пандэміі разгарнуўся яшчэ адзін - псіхоз распальвання ў Еўропе вайны. "Мы зноў апынуліся ў эпіцэнтры гэтых падзей. Я ўсё часцей і журналістам, і іншым гавару: ну вось бачыце! Вось на вучэннях мы былі, і якраз на канец гэтых вучэнняў (я даўно не помню такога надвор'я) - жахлівае надвор'е: лівень, мокры снег, страшэнны вецер. Усе змерзлі, стаяць, дрыжаць. Ну, я думаю, даўжэй з імі пагавару, каб яшчэ лепш адчулі, і іншаземцы і мы, што такое жыць у некамфортных умовах, да якіх мы прывыклі. І я ў іх спытаў: "Ну цяпер вы зразумелі, што вайна - гэта страшна, яшчэ горш будзе, чым цяпер? А мы ж прывыклі да добрых умоў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Таму нам трэба рабіць усё, каб захаваць нашу краіну. Але калі... (я заўсёды народу адкрыта гэта гавару) мы, людзі ў пагонах, першымі пойдзем, каб абараніць нашу Айчыну", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт адзначыў правільнасць прынятага рашэння запрасіць на ўрачыстае мерапрыемства і ветэранаў органаў пракуратуры. "Нашы ветэраны, умудроныя вопытам, я звяртаюся да вас, каб вось гэтаму маладняку вы перадалі ўвесь свой вопыт, пакуль вы жывыя, здаровыя і працуеце. Без вас яны не змогуць вырашаць тыя задачы, якія будуць стаяць перад намі. Ды і вы яшчэ зазнаеце ў гэтым жыцці", - сказаў ён.
"Вы бачыце, што робіцца вакол нас. І каб нас узарваць, будуць рабіць знутры. Як будуць рабіць - ні я, ні Генеральны пракурор, ні вы гэтага ў поўным аб'ёме не ведаеце, і ведаць не можаце. Але мы павінны быць да гэтага гатовы. Гэта самае цяжкае, калі ты ведаеш, што на цябе будуць націскаць, хістаць, але не ведаеш, калі і ў якой форме гэта адбудзецца. Таму трэба быць напагатове", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён таксама звярнуўся і да кіраўнікоў у абласцях. "Прашу, каб вы не менш, чым Генеральная пракуратура, былі гатовы абараніць мір у нашай краіне", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Рэзюмуючы, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Генеральнаму пракурору Андрэю Шведу ёсць з кім працаваць у плане кадравага складу: "Дзякуй вам вялікі за тое, што вы па-сапраўднаму пачалі кіраваць, я вельмі хацеў бы, самай лепшай пракуратурай нашай сучаснасці".