Цырымонія ўручэння прэміі "За духоўнае адраджэнне", спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва і "Беларускі спартыўны Алімп"
- 33
- 15:50
Выступленне на цырымоніі ўручэння прэміі "За духоўнае адраджэнне", спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва і "Беларускі спартыўны Алімп"
Дарагія сябры!
Светлыя калядныя дні - час дзіўны, напоўнены верай, любоўю і радасцю. Ён аб'ядноўвае людзей, натхняе і дорыць надзею.
Таму калі чвэрць стагоддзя таму мы заснавалі прэмію "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльныя прэміі, то свядома прымеркавалі іх да Нараджэння Хрыстовага. Менавіта гэта хрысціянскае свята сімвалізуе ўсё самае светлае, чыстае ў нашым жыцці, што нам давялося дзесяцігоддзямі і стагоддзямі абараняць.
Успомніце, які тады быў час. На фоне распаду савецкай дзяржавы да нас мутным патокам з Захаду прынесла так званыя дэмакратычныя каштоўнасці, замешаныя на чужых ідэалах, бездухоўнасці і нізкіх пачуццях.
Падавалася гэта пад выглядам нейкай высокай моды і культуры, а мэта таго экспарту сёння ўсім зразумела. Трэба было ўзгадаваць пакаленне без роду і племені. Дыскрэдытаваць паняцце "патрыятызм", прымусіць пагарджаць спадчынай нашых продкаў. Што гэтаму можна было проціпаставіць? Перш за ўсё - нашы традыцыйную хрысціянскую мараль, духоўнасць і найбагацейшую культуру народа, забяспечыўшы падтрымку людзям, якія гэтыя каштоўнасці аберагалі і цяпер аберагаюць і развіваюць.
Не маючы трывалых духоўных апор, наўрад ці беларусы, прайшоўшы праз шматгадовыя войны і нягоды, здолелі б захаваць родную мову, культуру, традыцыі, што звязалі стагоддзі і пакаленні.
Здавалася б, простыя ісціны, але давайце зазірнём крыху далей за нашы граніцы. Ці ўсе народы сёння, як мы, жывуць як мае быць, у міры і згодзе? На жаль, не. Часам і ў нас бывае.
На дварэ 21-ы век - век навукі, прагрэсу, унікальных тэхналогій, а сотні мільёнаў людзей у свеце пакутуюць ад войнаў, хвароб і голаду.
У бурлівым моры перамен нам з вамі ўдалося адстаяць незалежнасць Беларусі, вывесці на новы ўзровень эканоміку, захаваць і развіць сацыяльную сферу.
Але галоўнае, мы захавалі сябе, менталітэт, годнасць і чыстую душу беларускага народа. Усё тое, што нас аб'ядноўвае і дае магчымасць з упэўненасцю глядзець у будучыню.
Час паказаў, што наша маладая суверэнная дзяржава ўмее знаходзіць, калі патрэбна, эфектыўныя адказы на любыя выклікі. Пацвярджэнне - тое, як мы спраўляемся з кавіднай пнеўманіяй. Усё, што намі зроблена і робіцца, - выключна для захавання здароўя і жыцця нашых людзей.
А прыгранічны крызіс з бежанцамі паказаў, што для беларусаў міласэрнасць, чалавекалюбства і сумленне - не пусты гук. Мы заўсёды гатовы адгукнуцца на чужую бяду. І помніце, калі нехта гэта не разумеў: як ты ставішся да чалавека, так і ён да цябе будзе ставіцца; як твой народ паважае іншыя народы, так і цябе будуць паважаць. Гэта непахісная ісціна, мы яе павінны помніць. Дзякуй богу, з гэтым у нас усё добра.
Мы падтрымалі тых людзей, абагрэлі, далі ім прытулак і хлеб. Яны прыйшлі да нас з мірам, і мы сустрэлі іх з адкрытай душой. Да такіх людзей у нашай чыстай, утульнай, прыгожай, гасціннай Беларусі іншага стаўлення не магло і быць.
Такія падзеі даюць зразумець, наколькі неабаронены сёння чалавек, калі губляе сувязь з каранямі, з роднай зямлёй. І як важна ў сучасным жорсткім свеце берагчы памяць народа, гістарычную праўду, не дапускаць фальсіфікацыі лёсавызначальных для краіны падзей. Перш за ўсё я маю на ўвазе, вядома ж, Вялікую Перамогу.
Страта вобраза гераічнага мінулага вядзе дзяржаву да катастрофы і пазбаўляе народ будучыні.
Менавіта таму 2022 год мы аб'явілі Годам гістарычнай памяці.
Добрая нагода для ўсіх яшчэ раз асэнсаваць тысячагадовы цярністы шлях народа да незалежнасці і ўласнай дзяржаўнасці. Скласці разам усе старонкі нашай няпростай гісторыі: і гераічныя, і трагічныя. Вызначыцца з пантэонам нацыянальных герояў, яшчэ раз паглядзець на падручнікі гісторыі, надаць новы імпульс краязнаўству, прадоўжыць працу па захаванні помнікаў архітэктуры. Данесці да свету праўду аб генацыдзе беларускага і іншых народаў на тэрыторыі нашай краіны.
Мы абавязаны гэта зрабіць. Перш за ўсё для нашых дзяцей і ўнукаў. Яны павінны ведаць цану міру і свабоды, якія здабываліся многімі пакаленнямі потам і крывёю.
Паважаныя сябры!
Беларусы заўсёды па-асабліваму ставяцца да людзей, якія ўмеюць ствараць нешта незвычайнае, што радуе вока і сагравае душу. Да тых, хто, не шкадуючы часу, узбагачае культуру, захоўвае гістарычную спадчыну, выхоўвае моладзь. Да такіх, як вы, паважаныя лаўрэаты.
Справай жыцця вы абралі пачэсны абавязак захоўваць хараство прыроды, чалавечую існасць і культуру.
Кожны з вас уносіць адметны ўклад у скарбонку нацыянальных традыцый, мастацтва і асветы нашай краіны.
Вельмі важна, што значная частка праектаў, якія сёння адзначаны прэміямі, звязана з захаваннем гістарычнай памяці і фарміраваннем грамадскага светапогляду ў юнага пакалення.
Больш таго, сама моладзь з вашай дапамогай актыўна ўдзельнічае ў дабрачыннай і валанцёрскай дзейнасці, займаецца пошукам загінулых герояў вайны, аднаўленнем імён і ўвекавечаннем іх подзвігаў.
У наш лічбавы век, калі як вялікую мару будучыні вызначаюць бяздушны свет штучнага інтэлекту, а нармальны жывы дыялог людзей замяняюць сацыяльныя сеткі, вашу працу інакш як выратаваннем чалавецтва не назавеш.
Разам з прэміямі "За духоўнае адраджэнне", спецыяльнымі прэміямі мы сёння па добрай традыцыі ўручаем прэміі "Беларускі спартыўны Алімп" атлетам, трэнерам, якія праслаўляюць Беларусь на міжнародных арэнах і на ўласным прыкладзе дэманструюць перавагу здаровага ладу жыцця.
Кожны з вас, паважаныя лаўрэаты, вялікі талент. Вы сваёй дзейнасцю, сваім жыццём сцвярджаеце простую ісціну: мастацтва, творчасць, спорт, грамадская дзейнасць павінны быць высокамаральнымі і стваральнымі.
Вы патрыёты па ўчынках, сапраўдная народная інтэлігенцыя па духу, для якой любоў да Радзімы - перш за ўсё служэнне ёй, прага зрабіць родную краіну яшчэ прыгажэйшай.
Вы прыклад для іншых, як разуменне таго, што толькі стваральная праца вядзе дзяржаву да росквіту, а прызначэнне грамадзяніна заўжды і ва ўсе часы - абарона і будаўніцтва Айчыны.
Толькі такія справы ўзбагачаюць чалавека і вядуць яго да вяршынь духу, прымушаюць імкнуцца да святла, несці яго іншым.
Наш шлях - мацаванне незалежнасці, клопаты пра надзённае і будучыню, пра захаванне ў чалавеку чалавечага.
Паважаныя сябры! Перш за ўсё жадаю ўсім у гэтым годзе здароўя. Для нас гэта вельмі важкая катэгорыя сёння. Дабрабыту і поспехаў ва ўсіх вашых пачынаннях.
Міру, дамашняга цяпла і шчасця!
Беражыце сябе!