Удзел у пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы
- 11
- 12:04
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 лістапада прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, якое прайшло ў фармаце відэаканферэнцыі.
Літаральна перад пасяджэннем Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін пагаварылі па тэлефоне. Таму пачатак сустрэчы крыху затрымаўся. Перш за ўсё Кіраўнік беларускай дзяржавы павіншаваў расійскі бок і ўсіх расіян з Днём народнага адзінства, які адзначаецца 4 лістапада.
Дарэчы, Уладзімір Пуцін адзначаць гэта свята прыляцеў у Севастопаль. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка папрасіў расійскага калегу перадаць крымчанам самыя цёплыя віншаванні ад беларусаў і пажаданні моцнага здароўя і мужнасці ў гэты няпросты час. "Яны павінны разумець, што яны не адны. Усе мы побач і будзем трымацца адзін за аднаго і дапамагаць у гэтыя няпростыя часы", - заявіў Прэзідэнт.
Адкрываючы пасяджэнне, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што розныя выклікі і пагрозы для Беларусі і Расіі, памножаныя на няспынную сусветную пандэмію, парушылі графік рэгулярных сустрэч кіраўніцтва абедзвюх краін.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Саюзная дзяржава для Беларусі - прыярытэт з прыярытэтаў. "Разам мы стварылі ўнікальную інтэграцыйную мадэль, дзякуючы якой забяспечваюцца роўныя правы беларусаў і расіян, паглыбляецца эканамічнае ўзаемадзеянне. Мы актыўна супрацоўнічаем па розных напрамках і нацэлены на далейшае пашырэнне саюзнай інтэграцыі, абараняем адзіныя для нашых братэрскіх народаў гістарычныя і маральныя каштоўнасці", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Сур'ёзнай праверкай на трываласць для адносін паміж нашымі краінамі стаў беспрэцэдэнтны знешні націск. Можна з упэўненасцю канстатаваць, што мы гэту праверку вытрымалі. Больш таго, мы становімся мацнейшыя", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, гэта пацвярджаюць даныя эканамічнай статыстыкі. За студзень-верасень аб'ём саюзнага тавараабароту вырас больш як на трэць і дасягнуў $28 млрд.
"Шматпланавы характар мае наша знешнепалітычнае ўзаемадзеянне. Беларусь і Расія выступаюць з адзіных пазіцый практычна па ўсіх сучасных праблемах на розных міжнародных пляцоўках", - таксама звярнуў увагу Прэзідэнт.
Цеснае супрацоўніцтва ў краін і ў сферы абароны. "Як паказалі апошнія падзеі, рэгіянальная групоўка войскаў саюза з'яўляецца надзейным шчытом бяспекі не толькі для нашых краін, але і для ўсёй постсавецкай прасторы. Мы з Прэзідэнтам і не ўтойваем сваіх намераў узмацняць гэту групоўку ў будучым", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Асобная тэма ў саюзным будаўніцтве - абарона інтарэсаў грамадзян. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь і Расія дасягнулі самых важкіх вынікаў менавіта ў правядзенні ўзгодненай сацыяльнай палітыкі, якая забяспечвае дастойнае жыццё і свабоднае развіццё чалавека. Грамадзяне абедзвюх краін маюць роўныя правы ў сферы працы, адпачынку, аховы здароўя, адукацыі.
"Жыццё не стаіць на месцы. Усе мы ў той ці іншай ступені ўсведамляем неабходнасць далейшага руху наперад па шляху саюзнага будаўніцтва. Тым самым забяспечваецца абарона інтарэсаў Беларусі і Расіі ў агульнасусветнай прасторы", - адзначыў Прэзідэнт.
Зыходзячы з гэтага, лідары Беларусі і Расіі ў 2019 годзе паставілі перад урадамі задачу ацаніць вынікі саюзнай інтэграцыі і вызначыць крокі па яе паглыбленні. Вынікам гэтай работы стаў праект Асноўных напрамкаў рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021-2023 гады. Пасля іх зацвярджэння Вышэйшым дзяржсаветам урадам неабходна на працягу двух гадоў прыняць меры па рэалізацыі шэрага канцэптуальных рашэнняў, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Па сутнасці, мы пачынаем перазагрузку сумеснай эканамічнай прасторы. Яна прадугледжвае ўкараненне сучасных тэхналогій, стыляў, метадаў прыняцця рашэнняў", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, вынікам гэтай работы павінны стаць фарміраванне якасна новага асяроддзя абароту тавараў і паслуг, стварэнне аб'яднаных галіновых рынкаў, рэалізацыя адзіных фінансавай, падатковай, крэдытнай, прамысловай і іншых палітык.
"На новы ўзровень трэба вывесці супрацоўніцтва органаў дзяржаўнага кіравання, паставіўшы перад імі задачу вырашаць пытанні двухбаковых адносін у першачарговым парадку з улікам узаемных інтарэсаў. Разам з тым хачу перасцерагчы ўрады ад паглыблення ў тэорыю. Практычную аддачу ад рашэнняў, якія прымаюцца, мы павінны ўбачыць, што называецца, ужо заўтра. Перш за ўсё размова ідзе аб рэалізацыі значных сумесных праектаў. Станоўчыя прыклады ў нас ужо ёсць. Яны не адзін раз абмяркоўваліся на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. У прыватнасці, у сферах атамнай энергетыкі і асваення космасу", - адзначыў Прэзідэнт.
Беларусь і Расія дасягнулі дамоўленасцей і па іншых перспектыўных напрамках сумеснай работы. Гэта праекты па пілатуемай касманаўтыцы і стварэнні новага апарата зандзіравання Зямлі звышвысокага распазнавання, у сферы праектавання і вытворчасці электроннай кампанентнай базы.
Аляксандр Лукашэнка папрасіў Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы ўзяць гэтыя пытанні на асаблівы кантроль. "Усе дамоўленасці прэзідэнтаў па такіх важных перспектыўных напрамках павінны быць фармалізаваны праз адпаведныя рашэнні саюзных органаў", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
У сваю чаргу расійскі лідар падкрэсліў, што Беларусь для Расіі з'яўляецца не проста добрым суседам і бліжэйшым саюзнікам, супрацоўніцтва з якім выбудоўваецца на прынцыпах узаемнай павагі, падтрымкі і ўліку інтарэсаў адзін аднаго. "Гэта сапраўды братэрская рэспубліка, братэрскі народ. І мы стараемся рабіць усё, каб так было заўсёды", - заявіў Уладзімір Пуцін.
Ён адзначыў, што ў Расіі і Беларусі шмат агульнага. "Нас звязваюць і шматвяковая братэрская дружба, гісторыя, духоўныя і маральныя каштоўнасці, а часта проста сямейнае сваяцтва. Нашы народы заўсёды дапамагалі адзін аднаму ў цяжкую хвіліну. Мы разам абаранялі свабоду і незалежнасць. Плячо ў плячо змагаліся са знешнімі ворагамі, поплеч працавалі дзеля дабрабыту і працвітання нашых народаў", - сказаў расійскі лідар.
Што датычыцца будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, Уладзімір Пуцін канстатаваў, што за чвэрць стагоддзя бакі разам шмат зрабілі для агульнай эканамічнай прасторы. Нават ва ўмовах пандэміі эканамічнае супрацоўніцтва дэманструе дадатную дынаміку, і адносіны развіваюцца па самых розных напрамках.
Прэзідэнт Расіі ў прыватнасці нагадаў аб выказанай беларускім бокам прапанове аб магчымым уключэнні ў склад экіпажа МКС беларускага касманаўта. "Мы гатовы падтрымаць гэту прапанову і рэалізаваць яе ў бліжэйшай будучыні. Трэба ўзгадніць дэталі. Яны ёсць, і яны не складаныя для таго, каб быць узгодненымі", - сказаў ён.
У сваім выступленні Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што асаблівае значэнне набывае фарміраванне на знешніх граніцах атмасферы стабільнасці і бяспекі. "Мы маем намер разам процістаяць любым спробам умяшання ва ўнутраныя справы нашых суверэнных дзяржаў. І Расія, вядома, будзе прадаўжаць аказваць дапамогу братэрскаму беларускаму народу. Ніякіх сумненняў тут няма", - заявіў расійскі лідар.
На пасяджэнні таксама выступілі прэм'ер-міністры Беларусі і Расіі Раман Галоўчанка і Міхаіл Мішусцін, якія выказаліся адносна далейшых практычных крокаў па развіцці саюзнай інтэграцыі.
Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета падпісаў Дэкрэт ВДС "Аб Асноўных напрамках рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021-2023 гады".
Падпісаны дакумент быў папярэдне завізаваны Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.
"Нас тут усе крытыкавалі, чакалі, асабліва ў Расіі асобныя Telegram-каналы, падпішам мы з Вамі ці не падпішам. Мы сёння адказваем на гэта пытанне ўсім Вышэйшым дзяржсаветам. Падпісваю. Я бачу, Ваш подпіс (Прэзідэнта Расіі. - Заўвага) пад Дэкрэтам стаіць, усіх членаў ВДС. Калі Вы не супраць, я падпішу Дэкрэт. Але адказваць будзем усе, не толькі я", - сказаў Аляксандр Лукашэнка перад падпісаннем дакумента.
На пасяджэнні ВДС былі прыняты рашэнні і па іншых пунктах парадку дня. У тым ліку зацверджана новая Ваенная дактрына Саюзнай дзяржавы. Прыняцце гэтага дакумента абумоўлена змяненнем ваенна-палітычнай абстаноўкі ў рэгіёне, узнікненнем новых выклікаў і пагроз для Беларусі і Расіі, беспрэцэдэнтным знешнім націскам на краіны.
Бакі таксама зацвердзілі Канцэпцыю міграцыйнай палітыкі. У дакуменце вызначаны асноўныя напрамкі дзейнасці міністэрстваў унутраных спраў, органаў дзяржаўнай бяспекі, пагранічных службаў і знешнепалітычных ведамстваў у сферы міграцыі з улікам новых рэалій, абумоўленых узрастаннем міграцыйных патокаў.
Разгледжана таксама пытанне прысуджэння прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне навукі і тэхнікі.
Прэзідэнт упэўнены, што ўсе прынятыя на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета дакументы чарговы раз пацвярджаюць наяўнасць значнага патэнцыялу для далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы. "Наперадзе нас чакае вялікая работа, але я ўпэўнены: усё намечанае будзе рэалізавана ў поўным аб'ёме на карысць нашых краін і народаў, што адпавядае мэтам і прынцыпам саюзнага будаўніцтва", - падвёў вынік беларускі лідар.
Рэагуючы на выступленне Дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Дзмітрыя Мезенцава, які закрануў супрацоўніцтва дзвюх краін у медыйнай сферы, Прэзідэнт заявіў, што саюзныя СМІ неабходна рэфармаваць. Адным з рашэнняў Кіраўнік дзяржавы бачыць стварэнне медыяхолдынга.
"Думаю, што тут нам трэба сур'ёзную рэформу правесці. Мы маглі б стварыць медыяхолдынг Саюзнай дзяржавы. І тыя грошы, няхай нават невялікія, не размазваць па існуючых газетах, часопісах, Telegram-каналах і іншых "юцьюбах", а, сабраўшы іх у кулак, за гэтыя ж грошы стварыць адпаведную групу, медыяхолдынг і расказваць аб тым, што адбываецца. А так мы проста размазваем гэтыя грошы, раскладваем па розных талерках, а аддачы ніякай не бачым", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У час сустрэчы Кіраўнік дзяржавы заявіў: "Праз 25 гадоў з моманту падпісання дагавора аб стварэнні супольніцтва Беларусі і Расіі мы робім чарговы важны крок на шляху саюзнага будаўніцтва".
На пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета бакі зацвердзілі маштабны пакет інтэграцыйных дакументаў. Яны нацэлены на ўмацаванне эканамічнага патэнцыялу дзвюх краін, адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы выказаў удзячнасць урадам Беларусі і Расіі за карпатлівую і плённую працу і ўсім экспертам, якія прымалі ўдзел у падрыхтоўцы гэтых дакументаў. Членаў ВДС, урадаў і парламентаў, Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка як Старшыня Вышэйшага дзяржаўнага савета папрасіў забяспечыць практычную рэалізацыю саюзных праграм і прынятых рашэнняў.
Падводзячы вынікі пасяджэння ВДС, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: ён і Прэзідэнт Расіі яшчэ знойдуць час для таго, каб абмеркаваць некаторыя пытанні саюзнага будаўніцтва. "Я проста хачу на заканчэнне членам Вышэйшага дзяржсавета паскардзіцца. Украіна закрыла для Беларусі неба, і мы ніяк не можам трапіць цераз Украіну ў Крым. А там у нас і ўласнасць, і іншыя ёсць праблемы. І вось Уладзімір Уладзіміравіч мне ўсё абяцаў-абяцаў, што з сабой возьме ў Крым, пакажа навінкі, што там новага зроблена. А зроблена нямала. Па дарозе правязе ў Крым. Але вось сёння адзін паехаў і мяне з сабой не запрасіў. Таму я вось з такой скаргай перад членамі Вышэйшага дзяржсавета выступаю", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Ён выказаў меркаванне, што калі не ў Крым, то можна разам наведаць Санкт-Пецярбург - малую радзіму Уладзіміра Пуціна, - паглядзець, што там робіцца.
"У сваю чаргу я Вас запрашаю да сябе на радзіму (Вы ведаеце гэта месца), і ў Мінск пры любым зручным выпадку", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
"Гэта так, для разрадкі напружанасці. Але ў гэтым жарце ёсць толькі доля жарту. Усё гэта праўда", - дадаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што яму хацелася б паглядзець нядаўна ўстаноўлены ў Севастопалі помнік. Ён прысвечаны ўсім, хто ў 1918-1920 гады ваяваў у Грамадзянскую вайну. Мемарыял устаноўлены на беразе Каранціннай бухты. "Дзіўнае цуда. Я, гісторык, гэтага не ведаў. Уладзімір Уладзіміравіч мне расказаў, што два браты-блізняты. Адзін за белую гвардыю ваяваў, другі - за чырвоных, - адзначыў Прэзідэнт. - Гэта важны помнік. Хацелася б паглядзець на гэты помнік і ведаць гэту гісторыю".
Уладзімір Пуцін адзначыў, што ён сапраўды ў гэты дзень удзельнічаў у пасяджэнні ВДС знаходзячыся ў Севастопалі з нагоды Дня народнага адзінства, які адзначаецца ў Расіі. "Помнік вельмі добры, рэкамендую паглядзець. І гісторыя, вядома, вельмі вострая", - сказаў ён.
Расійскі лідар адзначыў, што Прэзідэнта Беларусі заўсёды будуць рады бачыць, каб ён у тым ліку мог асабіста агледзець гэты помнік.
У цэлым прэзідэнты Беларусі і Расіі 4 лістапада размаўлялі тройчы. Да перагавораў сазваніліся і абмеркавалі пытанні і праблемы, звязаныя перш за ўсё з саюзным будаўніцтвам. Таксама Уладзімір Пуцін праінфармаваў калегу аб сённяшніх мерапрыемствах і ў цэлым сітуацыі ў Крыме.
Далей, як і планавалася, правялі ВДС.
Пасля - у развіццё - прадоўжылі абмеркаванне па тэлефоне актуальных пытанняў міжнароднага і ўнутранага парадку дня, асобна спыніўшыся на сітуацыі на граніцы з Польшчай. Размова доўжылася амаль паўтары гадзіны.