Удзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД
- 10
- 8:05
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 кастрычніка на правах старшынства правёў пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД, якое на фоне пандэміі адбылося ў рэжыме відэаканферэнцыі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пасяджэнне знакавае, таму што праходзіла напярэдадні 30-годдзя СНД. У сувязі з гэтым лідары краін прынялі асобную Заяву. У дакуменце падведзены вынікі 30-гадовай дзейнасці арганізацыі, вызначаны задачы па пашырэнні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, адаптацыі СНД да цяперашніх рэалій, процідзеянні сучасным выклікам і пагрозам. На саміце таксама быў разгледжаны і шэраг іншых пытанняў, у тым ліку ў галіне забеспячэння біялагічнай бяспекі, у сферах міграцыі, абароны выбарчых правоў грамадзян і гарантый электаральнага суверэнітэту краін СНД. Патрабаванням сённяшняга дня адпавядае абноўлены Дагавор аб процідзеянні легалізацыі (адмыванню) даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансаванню тэрарызму і распаўсюджванню зброі масавага знішчэння. Зацверджана пагадненне аб утварэнні Савета старшынь вярхоўных (вышэйшых) судоў краін Садружнасці, а малдаўскі горад Камрат цяпер ужо афіцыйна вызначаны культурнай сталіцай Садружнасці ў 2023 годзе. Акрамя таго, на парадку дня было кадравае пытанне - цяпер начальнік Акадэміі ФСБ Расіі Яўген Сысоеў назначаны на пасаду кіраўніка Антытэрарыстычнага цэнтра дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
У сваім выступленні на саміце Прэзідэнт Беларусі канстатаваў, што існуюць розныя пункты гледжання аб спыненні існавання Савецкага Саюза. "А калі дакладней, то яго прымусовага развалу, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Маё адмоўнае стаўленне да гэтых падзей усім добра вядома. Але ў той крытычнай сітуацыі стварэнне такога інтэграцыйнага "купала", які ўкрыў былыя саюзныя рэспублікі ад хаосу і эканамічнага калапсу, было, хутчэй за ўсё, правільным рашэннем. За тры дзесяцігоддзі Садружнасць прайшла няпросты шлях станаўлення і стала прызнанай міжнароднай супольнасцю рэгіянальнай арганізацыяй".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўніверсальнасць, добраахвотнасць, раўнапраўе - асноўныя прынцыпы, якія садзейнічалі стрымліванню многіх разбуральных працэсаў, дапамаглі стабілізацыі эканомік, захаванню гандлёвых сувязей паміж краінамі.
Менш як тры месяцы застаецца да завяршэння Беларуссю сваёй адказнай і ганаровай місіі - старшынства ў органах Садружнасці Незалежных Дзяржаў. На працягу года беларускі бок паслядоўна рэалізуе палажэнні канцэпцыі і мерапрыемствы плана старшынства. "Мы адаптуем іх выкананне да новых рэалій, а таксама ўдзяляем асаблівую ўвагу ажыццяўленню ініцыятыў краін-удзельніц. Робім настолькі, наколькі гэта магчыма", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Важнае значэнне надаецца развіццю агульнай эканамічнай прасторы, пашырэнню і павышэнню эфектыўнасці ўзаемнага гандлю. Вядзецца работа па пагадненні аб свабодным гандлі паслугамі, скарачэнні да мінімуму абмежаванняў і выключэнняў з рэжыму свабоднага гандлю таварамі, а таксама па пытаннях ліквідацыі тэхнічных бар'ераў, уніфікацыі правіл і працэдур дзяржаўных закупак.
Асноўныя намаганні ў культурна-гуманітарнай сферы, адзначыў беларускі лідар, былі накіраваны на далейшае развіццё супрацоўніцтва і ўдасканаленне арганізацыйна-прававых асноў маладзёжнай палітыкі, культуры, навукі, адукацыі, аховы здароўя, спорту, турызму, працы і сацыяльнай абароны.
Краіны таксама прадоўжылі работу па мінімізацыі распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі і яе наступстваў.
Дарэчы, намаганні Беларусі на пасадзе старшыні СНД не засталіся незаўважанымі. Многія лідары краін у сваіх выступленнях на саміце далі ім станоўчую ацэнку.
"Беларусь была і застаецца актыўным удзельнікам рэгіянальных інтэграцыйных аб'яднанняў. І сёння мы гэта яшчэ раз пацвярджаем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы выказаў асаблівую ўдзячнасць Узбекістану і Казахстану, якія ў гэтым годзе выконваюць функцыі сустаршынь у Садружнасці, а таксама падзякаваў усім краінам СНД за садзейнічанне Беларусі ў выкананні функцыі старшынства. "Упэўнены, што сумеснымі намаганнямі мы да канца года выканаем намечаныя мерапрыемствы на карысць нашых краін і народаў", - сказаў ён.
Дарэчы, намаганні Беларусі на пасадзе старшыні СНД не засталіся незаўважанымі. Многія лідары краін у сваіх выступленнях на саміце далі ім станоўчую ацэнку.
Адным з ключавых дасягненняў СНД Кіраўнік дзяржавы назваў захаванне цесных чалавечых кантактаў, даверных палітычных адносін, шматпланавых гаспадарчых сувязей з прыцэлам на далейшую інтэграцыю. "Ва ўмовах нестабільнасці ў свеце кааперацыя ўзаемадапаўняльных эканомік дзяржаў СНД мае вырашальнае значэнне", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Трэба разумець, што нідзе ні на якіх рынках нас ніхто не чакае. Рынкі даўно падзелены ўжо. Таму дай бог утрымаць свае. І тут нам трэба шукаць сваё шчасце", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт лічыць, што ў сучасных умовах мэтазгодна прыняцце канкрэтных крокаў па спалучэнні рэгіянальных інтэграцыйных працэсаў. "Мяркую, што актуальныя пытанні парадку дня ў фармаце СНД павінны перш за ўсё ўлічваць тое, што адбываецца ў Вялікай Еўразіі. А па асобных тэмах маглі б быць сінхранізаваны з праблематыкай, што абмяркоўваецца ў рамках Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва", - сказаў ён.
"У мэтах умацавання ролі і вагі Садружнасці лічу неабходным зрабіць далейшая рэальныя крокі па аб'яднанні намаганняў для сумеснай абароны інтарэсаў на сусветным рынку", - прапанаваў беларускі лідар.
Паводле слоў Прэзідэнта, краінам СНД неабходны актывізацыя ўзаемнага гандлю і інвестыцый, звядзенне да мінімуму штучных бар'ераў. "Толькі аб'яднаўшы намаганні і павысіўшы ролю Садружнасці як рэгіянальнага іграка, мы зможам паспяхова процістаяць усім выклікам і пагрозам", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ў гэтым годзе Беларусь, і не толькі яна, сутыкнулася з беспрэцэдэнтным санкцыйным націскам. "Год ад году з-за беспакаранасці і праславутага права сілы меры, што прымяняюцца да нашых краін, становяцца ўсё шырэй і не такія бяскрыўдныя для нашых нацыянальных эканомік", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Саюзная дзяржава, лічыць Аляксандр Лукашэнка, можа прапанаваць Еўразійскаму эканамічнаму саюзу і Садружнасці Незалежных Дзяржаў лепшыя напрацоўкі: "У існуючых умовах вопыт саюза Беларусі і Расіі - Саюзнай дзяржавы - зноў можа выступіць лакаматывам інтэграцыйных працэсаў, прапанаваўшы для ЕАЭС і СНД лепшыя напрацоўкі. Я звяртаю вашу ўвагу да той рознаўзроўневай інтэграцыі, якая складваецца на постсавецкай прасторы".
На думку Кіраўніка дзяржавы, выкарыстанне напрацовак Саюзнай дзяржавы ў іншых інтэграцыйных аб'яднаннях стала б рэальным укладам у гарманізацыю такіх працэсаў з суседнімі рэгіянальнымі аб'яднаннямі ў мэтах эканамічнай кансалідацыі Еўразіі і фарміравання вялікага еўразійскага партнёрства.
Кіраўнік беларускай дзяржавы на правах старшынствуючага вёў саміт, а таму шэраг яго важных заяў і рэмарак прагучалі і па ходзе мерапрыемства.
Так, Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў на выступленні Прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева і Прэм'ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна ў той частцы, якая датычылася сітуацыі вакол урэгулявання канфлікту ў Нагорным Карабаху. Характэрна, што, нягледзячы на ўсё яшчэ існуючыя рознагалоссі і відавочныя ўзаемныя папрокі, бакі ўсё ж у цэлым настроены на рух у бок канчатковага мірнага ўрэгулявання і заключэнне адпаведнага пагаднення.
Завяршаючы сваё выступленне, Нікол Пашынян адзначыў, што не лічыць пляцоўку саміту СНД зручным месцам для разбору сумеснай гісторыі Арменіі з Азербайджанам, бо краіны цяпер праводзяць такі разбор у рамках іскаў у міжнародным судзе ў Гаазе. Рэагуючы на гэту рэмарку, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Дзякуй, Вы абсалютна маеце рацыю, - СНД не пляцоўка для разбору па асобных пытаннях. Мы не маем такіх паўнамоцтваў, функцый. Але тое, што вы з Ільхамам Гейдаравічам (Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў. - Заўвага) праінфармавалі кіраўнікоў дзяржаў аб сітуацыі ў вашым рэгіёне (там жывуць нашы сябры - і азербайджанцы, і армяне), за гэта вам вялікая падзяка. Выбудоўваючы палітыку ў сваіх краінах, мы, вядома, будзем мець на ўвазе гэту інфармацыю".
Прэм'ер-міністр Малдовы Наталля Гаўрыліца, якая прадстаўляла на саміце гэту краіну, выказала меркаванне, што ў Садружнасці ёсць вялікі патэнцыял для развіцця гандлёва-эканамічных адносін. На завяршэнне яе прамовы Аляксандр Лукашэнка выказаў задавальненне, што ў гэтай краіне, што б ні гаварылі пра палітыку яе новага кіраўніцтва, цэняць супрацоўніцтва ў фармаце СНД і бачаць вялікія перспектывы для нарошчвання разнапланавага ўзаемадзеяння. "Вы абазначылі напрамкі, якія Беларусь абсалютна падтрымлівае", - заявіў Кіраўнік дзяржавы. Ён таксама падзякаваў малдаўскаму Прэм'еру за "бліскучае выступленне на рускай мове", якая з'яўляецца міжнародна прызнанай, а ў Беларусі яшчэ і адной з дзяржаўных.
Пасля выступлення ўсіх лідараў краін Прэзідэнт Беларусі падзякаваў калегам за плённы абмен думкамі. "У ходзе вашых выступленняў прагучалі вельмі значныя канструктыўныя прапановы, накіраваныя на далейшае ўдасканаленне нашага ўзаемадзеяння ў рамках СНД", - сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы прапанаваў Выканкаму Садружнасці прааналізаваць выказаныя ініцыятывы і пры неабходнасці распрацаваць канкрэтныя мерапрыемствы. Напрыклад, адзначыў ён, кіраўнік Кыргызстана прапанаваў арганізаваць гуманітарную дапамогу Афганістану пад эгідай СНД. "Добрая прапанова. Я думаю, што можна было б не проста падумаць аб ёй, а ўжо думаць над рэалізацыяй такой прапановы", - заявіў беларускі лідар.