Сустрэча з губернатарам Бранскай вобласці Расіі Аляксандрам Багамазам
- 14
- 5:22
Міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне Беларусі і Расіі дае адчувальны эканамічны эфект для абодвух бакоў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 30 верасня на сустрэчы з губернатарам Бранскай вобласці Расіі Аляксандрам Багамазам.
У першую чаргу Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Аляксандра Багамаза з нядаўнім выбраннем на пасаду губернатара Бранскай вобласці. "Я вас віншую з гэтым поспехам, вы сапраўды заслужылі гэту перамогу. Вы па многіх паказчыках за апошні час рэвалюцыйна рушылі наперад - па развіцці вобласці, па валавым рэгіянальным прадукце. Гэта заслужаная перамога. Мы вельмі рады за вас. Вы чалавек зямны, людзі па заслугах ацанілі вашу работу, выбраўшы паўторна губернатарам Бранскай вобласці", - лічыць Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што напярэдадні завяршыў работу VII Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, на якім былі падведзены вынікі і намечаны перспектывы супрацоўніцтва. Па сваіх выніках гэты форум перасягнуў усе астатнія, лічыць Прэзідэнт. Паводле яго слоў, былі заключаны кантракты на суму больш як $750 млн. "Гэта добры ўклад у эканоміку Беларусі. І для Расіі гэта істотна, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Тым больш трэба мець на ўвазе і далейшы эфект ад гэтых кантрактаў. Гэта ж і работа для людзей, заработная плата. Гэта тое, чаго нам не хапае ў супрацоўніцтве з іншымі краінамі. І добра, што ў гэтых умовах - і каранавірусных, і абвастрэння міжнароднай абстаноўкі (вы бачыце, што па перыметры робіцца) - мы ўсё ж такі, на здзіўленне, знайшлі шляхі не проста збліжэння, а ўзаемадзеяння, якое дае адчувальны эканамічны эфект".
Гаворачы аб міжрэгіянальным супрацоўніцтве з Бранскай вобласцю, Прэзідэнт звярнуў увагу, што гэты рэгіён для Беларусі не проста суседні, гэта вельмі дружалюбны рэгіён. "Мы думаем, дзейнічаем аднолькава, у нас падобныя эканомікі. Нюансы заўсёды былі і будуць, але мы поўныя рашучасці іх вырашаць. Думаю, ваш візіт у Беларусь будзе садзейнічаць вырашэнню гэтых нюансаў", - падкрэсліў ён.
Што датычыцца двухбаковага тавараабароту, то Кіраўнік дзяржавы ацаніў яго як "нядрэнны". "Але, думаю, калі мы з вамі замахнёмся, то ў другім перыядзе вашага знаходжання на пасадзе дакладна можам падысці да мільярда долараў тавараабароту Беларусі і Бранскай вобласці", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.
У якасці перспектыўных сфер супрацоўніцтва Прэзідэнт, у прыватнасці, назваў дарожнае і жыллёвае будаўніцтва. Напрыклад, Беларусь гатова прадэманстраваць свае магчымасці па ўзвядзенні аж да цэлых кварталаў з нуля на ўчастку, прадастаўленым рэгіёнам. "Хацелася б, каб вы ў Бранску ўбачылі комплекснае будаўніцтва Беларусі, ад праектавання і пад ключ, - дадаў беларускі лідар. - Пры гэтым мы гатовы працаваць такім чынам, каб падключаць вашых людзей. Так, як вы (расіяне. - Заўвага) будавалі для нас атамную станцыю, падключаючы беларусаў, якія асвойвалі тэхналогіі і ў далейшым будуць карысныя "Расатамбуду" на будоўлях у іншых краінах".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўжо вядуцца перагаворы аб удзеле беларускіх будаўнікоў ва ўзвядзенні буйных аб'ектаў у Расіі. У прыватнасці, касмадрома "Усходні" на Далёкім Усходзе. Калі нават на такой адлегласці магчымы ўдзел айчынных спецыялістаў, то тым больш ён будзе эфектыўным у суседняй Бранскай вобласці. "І пастаўка будаўнічых матэрыялаў. Калі вы хочаце ўдзельнічаць у рабоце якога-небудзь прадпрыемства, якое вырабляе будаўнічыя матэрыялы, стварыць СП у Беларусі, мы гатовы", - дадаў Прэзідэнт.
Акрамя таго, Беларусь мае вопыт будаўніцтва і рэканструкцыі дарог. За апошні час у краіне былі абноўлены многія трасы, і ў гэтай сферы таксама магчыма ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва з Бранскай вобласцю, упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў гатоўнасць беларускага боку прадаўжаць узаемадзеянне і ў іншых сферах. "Мы гатовы паглыбляцца і ісці далей, чым звычайны тавараабмен. Трэба ісці больш у тэхналогіі, навуку, - упэўнены Прэзідэнт. - Нам трэба сур'ёзна прапрацаваць пытанне, каб мы стваралі народнагаспадарчы комплекс такім чынам, каб мы дапаўнялі адзін аднаго, але ні ў якім разе не бадаліся лоб у лоб, не дубліравалі і тым больш не канкурыравалі. Нам гэта не патрэбна. Лепш мы аб'яднаемся і будзем канкурыраваць на іншых рынках. Мы да гэтага гатовы, калі ў вас будзе такое жаданне", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.
У сваю чаргу Аляксандр Багамаз адзначыў, што Беларусь і Бранскую вобласць звязваюць добрыя адносіны ў самых розных сферах - ад эканомікі да культуры. Пры гэтым больш як трэць знешнегандлёвага абароту гэтага расійскага рэгіёна прыпадае менавіта на Беларусь.
"Вы правільна сказалі: мы - суседзі. У нас у Беларусі шмат пражывае сяброў, знаёмых, сваякоў. І мы не па чутках ведаем, што адбываецца ў Беларусі. Мы заўсёды за вамі імкнуліся, заўсёды з вас бралі прыклад. Нас, вядома, уражваюць чысціня і дагледжанасць, дарогі. Ды і наогул усё, што сёння робіцца ў Беларусі", - сказаў губернатар Бранскай вобласці.