Сустрэча з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом КНР у Беларусі Цуй Цымінам
- 8
- 8:43
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 верасня правёў сустрэчу з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом КНР у Беларусі Цуй Цымінам. Сустрэча ў Палацы Незалежнасці адбылася з нагоды завяршэння Паслом сваёй дыпламатычнай місіі ў Беларусі.
У самым пачатку мерапрыемства Кіраўнік дзяржавы ўзнагародзіў дыпламата ордэнам Пашаны. Гэтай узнагароды Цуй Цымін удастоены за значны асабісты ўклад у развіццё і ўмацаванне палітычных, гандлёва-эканамічных, крэдытна-інвестыцыйных, навукова-тэхнічных і гуманітарных сувязей паміж Беларуссю і Кітаем.
"Мы нядаўна з вамі сустракаліся і абмяркоўвалі праблемы беларуска-кітайскіх адносін, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Сёння ў нас не сказаць, што радасная падстава для сустрэчы. Калі Пасол ад'язджае з краіны, прытым добры Пасол, які вельмі шмат зрабіў для таго, каб у нас развіваліся адносіны, і ў патрэбным ключы (так, як мы і планавалі са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам), вядома, падстава не самая прыемная".
"Нам застаецца спадзявацца, што пасля вас прыедзе Пасол не горшы. Хацелася б, каб лепшы, але наўрад ці лепшы бывае. Вы шмат чаго зрабілі для нашых адносін. І я вам за гэта вельмі ўдзячны", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Спадар Пасол, вы хутка будзеце ў Пекіне. Я пераканаўча прашу вас перадаць Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі, майму даўняму сябру самыя добрыя словы ўдзячнасці за тую падтрымку, якую ён аказваў заўсёды і асабліва апошнім часам. Ён першы павіншаваў мяне з перамогай на выбарах, ды і ўсе буйнейшыя дзяржавы нашай планеты. За выключэннем, вядома, асаблівасцей Захаду. Захад заўсёды ў нас быў з асаблівасцямі. Мы да гэтага прывыклі ўжо, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Перадайце яму, што ў Беларусі ў яго надзейныя сябры, што Беларусь заўсёды будзе дружалюбнай краінай для Кітайскай Народнай Рэспублікі".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў неканструктыўную пазіцыю, якую займаюць асобныя дзяржавы ў адносінах да Беларусі. "Асабліва, што дзіўна, суседзі. Суседзі ад бога, іх не выбіраюць, і нам наканавана жыць разам, сябраваць. Але аказваецца, што не заўсёды так. Суседнія дзяржавы, асабліва Польшча, вы ведаеце, якую пазіцыю занялі, - сказаў ён. - Нават па ўчарашняй інаўгурацыі нейкая ці то крыўда, ці то прэтэнзіі, што мы не паведамілі палякам, літоўцам, украінцам, чэхам або яшчэ некаму, што будзем праводзіць гэта мерапрыемства".
"Ну, па-мойму, па законах Беларусі мы нікога не павінны з заходніх дзяржаў і наогул кагосьці папярэджваць. Гэта ўнутраная справа нашай краіны. І крытыка толькі адна: ці то тайна, ці то таінства. Ведаеце, на інаўгурацыю былі запрошаны амаль 2 тыс. чалавек разам з ваеннымі. І ў тайне гэта захаваць практычна немагчыма", - заўважыў беларускі лідар.
"Але калі яны аб гэтым не ведалі, дык а дзе ж іх разведка, дзе ж ЦРУшнікі, нямецкая разведка? Палякі тут пяшком ходзяць тысячамі. Яны куды глядзелі? Таму няхай у разведчыкаў сваіх спытаюць, чаго ж яны ім не далажылі. А наогул, вы паглядзіце іх Telegram-каналы. Напярэдадні яны паведамлялі аб тым, што 23-га будзе інаўгурацыя, яны ж аб гэтым пісалі. Таму ну вось хоць да нечага, але трэба прычапіцца", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што ўступленне на пасаду Прэзідэнта можа крытыкавацца, толькі калі гэта мерапрыемства не праведзена ў адпаведнасці з законам. "У нас, па-мойму, усе заканадаўчыя нормы былі выкананы. Каму трэба было ведаць аб гэтым, яны ведалі. Таму што і трэніроўкі, і падрыхтоўка - гэта ж пэўны час займае, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - А тое, што мы ўмеем праводзіць мерапрыемствы, дык трэба гэта адзначыць, што беларусы ўмеюць праводзіць мерапрыемствы. Наступны раз мы будзем старацца нашых суседзяў папярэдзіць, я маю на ўвазе палякаў і літоўцаў, аб якіх-небудзь буйных мерапрыемствах".
Прэзідэнт у размове з Паслом растлумачыў, што на гэтым канкрэтным невялікім прыкладзе хацеў прадэманстраваць стаўленне заходніх краін да суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. "Крычаць аб тым, што яны нешта не прызнаюць у нас. Вы ведаеце, мы нікога і не прасілі прызнаваць або не прызнаваць нашы выбары, прызнаваць легітымнасць нававыбранага Прэзідэнта або не прызнаваць. Галоўнае, каб гэта адпавядала Канстытуцыі нашай краіны. І калі яны бачаць неадпаведнасці, лепш аб гэтым няхай скажуць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Ну а што датычыцца ўчарашняга мерапрыемства, то вы, напэўна, не маглі не заўважыць, што картэж Прэзідэнта нетрадыцыйна ехаў па ўсім горадзе. Мы як адчувалі, што нас могуць папракнуць у нейкай канспіралогіі. Мы праехалі па ўсім горадзе, людзі гэта бачылі. Таму ніякай тайны няма. І я не надаю інаўгурацыі цяперашняга Прэзідэнта, гэта не першая мая інаўгурацыя, нейкага такога вялікага фантомнага значэння. Звычайная рабочая сітуацыя, - заўважыў беларускі лідар. - Але чаму яны гэта робяць? Яны гэта робяць для таго, каб падагрэць пратэсны так званы настрой. Каб больш вываліла на вуліцу людзей, як звычайна ў суботу, нядзелю. Вось для чаго ім гэта патрэбна. Мы гэта разумеем і да гэтага гатовы".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кітайскі Пасол ведае сітуацыю ў Беларусі. "Вельмі хацеў бы, каб вы далажылі ў Міністэрстве замежных спраў Кітайскай Народнай Рэспублікі і майму сябру Сі Цзіньпіну аб сітуацыі, якая складваецца ў нашай краіне", - сказаў ён.
Прэзідэнт падкрэсліў вялікія заслугі дыпламата ў развіцці беларуска-кітайскага супрацоўніцтва. За гады работы Цуй Цыміна краіны значна прыбавілі ў тавараабароце.
Асобна Кіраўнік дзяржавы падзякаваў кітайскаму боку за дапамогу, якая аказвалася ў барацьбе з каранавірусам. Гэта 110 т пастаўленых медыцынскіх грузаў, два станкі для вытворчасці ахоўных масак. "Мы сёння можам любую колькасць вырабіць", - адзначыў Прэзідэнт.
"Але самае галоўнае - мы пастаянна былі ў кантакце з вашымі ўрачамі. Яны першыя сутыкнуліся з гэтай заразай. І пастаянна нас інфармавалі, якім чынам нам змагацца з гэтай бядой. Таму вы зрабілі вельмі шмат для арганізацыі гэтых працэсаў. І ордэн, які сёння ў вас на грудзях, - гэта заслужаны ордэн. Гэта ваш асабісты ўклад. І, зразумела, гэта павага Беларусі да Вялікага Кітая. Яшчэ раз дзякую вам за ўсё, што вы зрабілі за гэты час. Ведайце, што вы сябар нашай краіны і ў любы час без усялякіх фармальнасцей вы маеце права прыехаць у Беларусь адпачыць, успомніць былыя часы. Па любой прычыне прыязджайце да нас у Беларусь, мы заўсёды будзем рады вас сустрэць", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.