Сустрэча са старшынёй Мінскага гарвыканкама Анатолем Сіваком
- 2
- 2:02
Рэалізацыя ў Мінску шэрага горадабудаўнічых праектаў і сітуацыя ў горадзе ў цэлым абмяркоўваліся 2 чэрвеня на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Анатолем Сіваком.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што асноўнае пытанне, якое ён хацеў бы абмеркаваць, - будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу "Мінск-Мір". Як дакладваюць Прэзідэнту, работы вядуцца згодна з графікам, аднак Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці ёсць якія-небудзь праблемы. "Але больш за ўсё мяне хвалюе ўзвядзенне грамадскіх будынкаў - фінансавага цэнтра, часткова гандлёва-забаўляльны цэнтр - такіх, якія сёння не прадаш і хуткія грошы не атрымаеш. Жыллё - гэта зразумела. Жыллё добрае будуюць, малайцы. Але ж трэба займацца і астатнімі аб'ектамі. Як там з інфраструктурай? І ці ўкладваемся мы наогул у тэрміны будаўніцтва?" - абазначыў тэму для размовы беларускі лідар.
Другое пытанне было ініцыявана самім кіраўніцтвам Мінгарвыканкама і датычылася размяшчэння Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі. "Што мы будзем рабіць з будынкам гістарычнага музея: новы будынак у перспектыве будаваць або гэты рамантаваць ці расшыраць? Гэта ўжо ініцыятыва Мінгарвыканкама. Я гатовы да абмеркавання", - сказаў Прэзідэнт.
Яшчэ адна тэма сустрэчы - магчымае будаўніцтва ў Мінску шматфункцыянальнай клінічнай бальніцы. "Што будзем рабіць - будаваць ці не будаваць? Можа, перафармаціруем неяк наогул сістэму аховы здароўя (у сталіцы. - Заўвага). Зразумела, што сёння ж мы не пабудуем. Сёння не да гэтага. Але тым не менш на перспектыву павінны бачыць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама пацікавіўся ў Анатоля Сівака ў цэлым сітуацыяй у горадзе. "Я чакаю ад цябе і ад праваахоўнікаў поўнага парадку ў горадзе-героі Мінску. Ні ў якім разе нельга перашкаджаць людзям жыць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што Мінск - гэта чысты, утульны, зручны і прыгожы горад, дзе ёсць магчымасць для сямейных прагулак з дзецьмі, разнастайных заняткаў фізкультурай і спортам. "Але вось жа карціць некаму. Таму якая тут сітуацыя?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы.