Сустрэча са Старшынёй Камітэта дзяржаўнай бяспекі Валерыем Вакульчыкам
- 6
- 7:27
У Беларусі ведаюць, адкуль дзьмуць вятры на яе зямлю, і ў краіне навучыліся з імі змагацца. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 1 чэрвеня на сустрэчы са Старшынёй Камітэта дзяржаўнай бяспекі Валерыем Вакульчыкам.
"Мы ведаем, адкуль вятры дзьмуць на нашу беларускую зямлю. На жаль, не з таго боку, адкуль хацелася б. Але мы гатовы да любых вятроў. Тым больш вывучаючы ў свой час гісторыю нашай дзяржавы, савецкую гісторыю (ды і вы таксама ведаеце, што на Беларусь вятры заўсёды дзьмулі з розных бакоў). Адметнай асаблівасцю сённяшняга этапу з'яўляецца тое, што ўсё ж такі мы навучыліся змагацца з гэтымі вятрамі і ўраганамі. Тады мы змагацца не ўмелі. Таму і не мелі суверэннай і незалежнай дзяржавы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Заўсёды нас дзялілі на часткі, далучалі кавалкамі то да адной зямлі, то да другой. Вы ведаеце, што да мінулай вайны мы практычна былі падзелены. Таму сёння гэтага дапусціць нельга", - дадаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што майданаў у Беларусі не будзе. "Дзяржаўная бяспека - аснова асноў. І Камітэту дзяржаўнай бяспекі ў гэтым плане належыць разам з Прэзідэнтам вядучая роля па абароне незалежнасці і суверэнітэту нашай дзяржавы. Мы абсалютна ведаем мэты, якія ставяць сабе тут некаторыя. Гэтыя мэты нам зразумелыя: учыніць нам майданчык напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў або ў дзень прэзідэнцкіх выбараў. Так яны планавалі. Хачу на гэтай сустрэчы вас папярэдзіць і ўсіх, хто нас пачуе, усіх гэтых "майданутых" хачу папярэдзіць, што майданаў у Беларусі не будзе", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка заклікаў не праводзіць аналогіі і не параўноўваць тое, што адбываецца ў Беларусі, з некаторымі папярэднімі падзеямі ў Арменіі або Украіне. "Не трэба нас параўноўваць, як нядаўна газета суседняй краіны пісала, што тут у нас з'явіліся новыя Пашыняны, новыя Зяленскія і ў нас ледзь ці не сітуацыя як у Арменіі, або як ва Украіне. Павінен сказаць, што сітуацыя па-рознаму можа складвацца. Толькі ў нас няма Пашынянаў і Зяленскіх. Як бы там ні адбываліся ў Арменіі і Украіне падзеі, усё ж такі гэта людзі таленавітыя - і Зяленскі, і Пашынян. Я ўжо з імі блізка пазнаёміўся. Гэта людзі таленавітыя, безумоўна, і галоўнае - патрыёты сваёй краіны. Яны адданыя сваёй краіне", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"А некаторыя нашы хочуць за капейку прадаць усё тое, што тут было створана не толькі Прэзідэнтам Лукашэнкам, не толькі ўладай. Народам было створана. Таму гэтага дапусціць нельга. Яшчэ раз падкрэсліваю, "майданутым" гэта гавару, што мы ніколі не дапусцім дэстабілізацыі абстаноўкі ў нашай краіне", - заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы пры гэтым акцэнтаваў увагу, што ніхто не перашкаджае адкрыта выказваць свой пункт гледжання, але трэба захоўваць рамкі закону. "Мы нікому не будзем закрываць рот. Калі ласка - вызначаны месцы ў Мінску і ва ўсіх гарадах кропкі, дзе можна весці дыскусію. Па-мойму, у Мінску гэта шэсць кропак. Наша справа - кантроль, каб вы не выйшлі за рамкі. Шэсць кропак у Мінску - ідзі дэбатуй. Але Камітэт дзяржбяспекі разам з міліцыяй ні ў якім разе не павінны дапусціць парушэння закону", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Людзі павінны пайсці самі і дыскутаваць. Хочуць на кухні - калі ласка. Але каб не перашкаджалі іншым людзям. Мы павінны захаваць парадак. У краіне павінен быць парадак. Мы не павінны дапусціць, каб розныя шайкі і банды крымінальнікаў хадзілі па краіне з закасанымі рукавамі: людзі, не дай бог, падумаюць, што гестапа вярнулася, вайна пачалася. Вось гэтага мы дапусціць не павінны. І я гэтага не дапушчу, - запэўніў Аляксандр Лукашэнка. - Я ўжо ваенным гаварыў: адзін буду супраць іх (шаек і бандаў. - Заўвага) змагацца, калі трэба. Хоць у нас хапае людзей у пагонах, якія здольныя абараніць сваю краіну. Яны разумеюць, што ў гэтай краіне жыць іх дзецям. Нашым дзецям, вашым, не толькі нам самім яшчэ. Мы ж паміраць не збіраемся".
Паводле слоў Прэзідэнта, усё павінна быць у адпаведнасці з законам, справядліва, сумленна і без хлусні. "Я Амерыку не адкрыў. Мы павінны дзейнічаць у гэтым плане. І хто хоча ў адпаведнасці з законам прайсці гэты перыяд, мы да іх будзем ставіцца з павагай", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка папрасіў Валерыя Вакульчыка ахарактарызаваць сітуацыю і прадставіць свой пункт гледжання. "Мне інфармацыі дастаткова, тым не менш яна ў вас у абагульненым выглядзе. Я хацеў бы ведаць стан спраў у Беларусі з пункту гледжання Камітэта дзяржбяспекі. І гэта не толькі тое, што я тут на злобу дня сказаў наконт гэтых, якія нам майдан спрабуюць учыніць. У нас і эканамічная бяспека, харчовая, ваенная і іншыя многія напрамкі. Яны цяпер пакрыху абвастраюцца. Таму што востры палітычны перыяд", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт вобразна ахарактарызаваў абстаноўку, заўважыўшы, што, па сутнасці, маюць месца адразу некалькі "пандэмій". Адна ў галіне аховы здароўя. "Дзякуй богу, што мы пакрыху пераадольваем яе. Тут ужо не скажаш, што мы хлусім. Ідзіце ў бальніцу, глядзіце і гэтак далей", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Наклалася на гэта палітычная пандэмія ў сувязі з выбарамі, эканамічная пандэмія (крызіс ва ўсім свеце - не наша віна, бяда наша). Ну і шэраг іншых пандэмій, якія ходзяць вакол нашых меж, але пакуль баяцца сунуць сюды нос. Мы з гэтымі пандэміямі павінны справіцца", - заявіў Прэзідэнт.
"Я ўжо не называю інфапандэмію. Гэта, ведаеце, фон для ўсіх пандэмій. Цяпер і ў інтэрнэце, гэтым сметніку, што хочаце закідваюць, і з-за мяжы нам у тым ліку родныя браты праблем падкідваюць у СМІ. Але мы ўсё гэта бачым", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.