Нарада па пытаннях сацыяльна-эканамічнай палітыкі

  • 22
  • 12:29

Праект закона аб удасканаленні сацыяльна-эканамічнай палітыкі разглядаўся 30 мая на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

"Няхай нікога не здзіўляе, што ў такім шырокім складзе мы сёння праводзім нараду. Проста тыя прапановы, якія ўносіць Урад, заслугоўваюць таго", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, што з прыняццем новай Канстытуцыі асноўнымі прававымі актамі ў Беларусі сталі законы.

"Урад падрыхтаваў праект дакумента, які ўстанаўлівае на паўтара года новыя падыходы да эканамічнай палітыкі. Ведаю, па асобных палажэннях ёсць розныя, часам палярныя меркаванні дзяржаўных органаў і службовых асоб - распрацоўшчыкаў. Таму перад тым як накіраваць гэты закон у парламент, правядзём гэту нараду з удзелам зацікаўленых асоб, каб прыняць канчатковае рашэнне па спрэчных пытаннях", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Палажэнні законапраекта закранаюць практычна ўсе сферы: інвестыцыі і фінансы, умовы для вытворчай дзейнасці, транспарт і лагістыку, сацыяльныя гарантыі насельніцтву.

"Нягледзячы на тое, што прапануемыя меры маюць часовы характар (як я сказаў, да канца 2023 года), кожная з іх даволі сур'ёзная і ўносіць істотныя змяненні ў дзеючае рэгуляванне асобных працэсаў. І вось тут (гэта перш за ўсё парламентарыяў датычыцца, ім давядзецца разглядаць закон) нам гэтымі "часовымі мерамі" не разбалансаваць бы і не дэстабілізаваць сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў краіне, - заўважыў Прэзідэнт. - Як мне дакладваюць, мэтай падрыхтоўкі закона з'яўляецца імкненне ўстараніць негатыўны ўплыў заходніх санкцый на эканоміку Беларусі".

"Айчынныя прадпрыемствы сапраўды сутыкаюцца з бар'ерамі, штучна створанымі на знешнім контуры. Яны закранулі ўсе этапы вытворчага працэсу: закупку сыравіны, матэрыялаў, транспарціроўку, разлікі, фінансы, крэдытную падтрымку, продажы на экспарт. Нагадваю, цяжкасці не прычына для панікі, але і разлічваць, што сітуацыя сама па сабе вырашыцца, не трэба", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў фізічнае зніжэнне аб'ёмаў продажаў калію і нафтапрадуктаў. Гэтыя дзве пазіцыі (іх удзельная вага 13%) паўплывалі ў цэлым на вынік прамысловага комплексу. "Трэба адзначыць, што гэта вельмі важныя для сусветнага рынку тавары, па якіх намеціўся проста шалёны рост цэн", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Сітуацыя з экспартам калію і нафтапрадуктаў таксама негатыўна паўплывала на транспартную галіну, аптовы гандаль. Астатнія сектары беларускай прамысловасці працуюць з вынікам 100 працэнтаў і вышэй. "Упэўнены, і з нафтай, і з каліем мы разбяромся", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Закон законам, але без таго, каб у бягучай сітуацыі вазіць калій "мяшкамі" або дызель "бочкамі", мы не абыдземся. Закасаць рукавы і адпрацоўваць кожны кантракт уручную. Ад спецыяліста да прэм'ера, а дзе неабходна, падключайце і Прэзідэнта", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, чым прапанаваны закон дапаможа канкрэтным прадпрыемствам. Напрыклад, "Нафтану", у мадэрнізацыю якога краіна ўклала больш за $1,5 млрд і пастаянна падтрымлівае па ўсіх пытаннях шматтысячны калектыў. Аналагічнае пытанне ў адносінах да Мазырскага НПЗ і "Беларуськалія".

"Нам ніхто не дапаможа акрамя нас саміх. Усе рэзервы росту і развіцця мы павінны шукаць у сабе. Іх мора, нават у гэтых няпростых умовах, - падкрэсліў беларускі лідар. - Таму ад урада, Нацыянальнага банка, іншых прысутных хацеў бы пачуць, як прапануемы праект закона будзе вырашаць гэтыя задачы. Калі ва ўдзельнікаў нарады ёсць альтэрнатыўныя меркаванні і больш эфектыўныя рашэнні, будзьце гатовы іх выказаць".

Прэзідэнт нагадаў удзельнікам нарады аб бягучых задачах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця 2022 года: забяспечыць занятасць людзей, не дапусціць спынення вытворчасцей, захаваць цяперашні ўзровень даходаў насельніцтва. "У каго прадукцыйнасць працы вышэйшая - добра, няхай плацяць больш", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

"Задача Урада - падтрымаць бюджэтнікаў, пенсіянераў, сацыяльна слабаабароненых грамадзян. Усё, што абяцалі, трэба выканаць, чаго б гэта ні каштавала", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, інструмент вырашэння гэтых пытанняў таксама акрэслены: тэрміновая пераарыентацыя экспартных патокаў, жорсткая эканомія бюджэтных расходаў, асабліва на непершачарговыя будоўлі і закупкі, а таксама агрэсіўнае імпартазамяшчэнне ў рамках тых праграм і планаў, якія ўжо зацверджаны.

"Толькі зрабіць гэта трэба не да 2025 года, як было запланавана, а пажадана за год-паўтара. Прыярытэт таксама зразумелы: буйныя, малыя прамысловыя вытворчасці, дзяржаўныя і прыватныя - няважна якія, галоўнае, каб яны працавалі і працавалі сумленна, плацілі падаткі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Пачніце нарэшце нагружаць і спаганяць па поўнай з вертыкалі ўлады, асабліва старшынь райвыканкамаў. Хопіць мясцовай вертыкалі лунаць у воблаках і чакаць указанняў з цэнтра. Усе ўказанні раздадзены", - запатрабаваў Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калі не замацаваць у раёнах людзей шляхам стварэння вытворчасцей і пераразмеркавання рэсурсаў, то можна праваліць усю эканамічную работу ў цэлым па краіне. "Спыніце адток спецыялістаў у абласныя гарады і сталіцу. Праз прадастаўленне жылля, размеркаванне спецыялістаў ВНУ, ільготы і іншае - гэта вашы пытанні", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што перад кіраўнікамі на месцах дакладна абазначаны абсалютна зямныя задачы: адзін-два новыя інвестпраекты на пяцігодку ў кожным раёне, два самыя слабыя сельгаспрадпрыемствы - персанальна за кожным старшынёй райвыканкама, адраджэнне райаграсэрвісу і перасовачных механізаваных калон, падваенне тэмпаў меліярацыі, вырашэнне пытання з пустуючымі дамамі і зямельнымі ўчасткамі.

"Якіх пры гэтым не хапае ў вас паўнамоцтваў для эфектыўнага вырашэння названых праблем? Уносьце прапановы, калі не хапае. І не трэба ламаць сацыяльна-эканамічную палітыку. Губернатар, упаўнаважаныя і памочнікі, за вамі - дапамога і кантроль", - адзначыў Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што генеральная задача ўлады - забяспечыць спакой грамадства, абараніць людзей і мінімізаваць уплыў рабаўніцкіх санкцый на працоўныя калектывы. 

"Радуе, што людзі самі адэкватна разумеюць сітуацыю, падтрымліваюць наш мірны курс на развіццё і, у рэшце рэшт, трымаюцца за работу. Разумеюць, што можа адбыцца", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што шэраг мер у праекце закона накіраваны непасрэдна на абарону дзяржаўных інтарэсаў і ўмацаванне эканамічнай бяспекі краіны. Аднак ёсць і пытанні кардынальнага перагляду практыкі рэгулявання некаторых напрамкаў.

Напрыклад, прапануюцца мытныя і падатковыя адтэрміноўкі, мараторый на рост маёмасных падаткаў. "Але як гэта паўплывае на даходы бюджэту? Інакш кажучы, на зарплаты настаўнікаў, урачоў, выплату пенсій і дзіцячых дапамог?" - абазначыў пытанні Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама паставіў пытанне, наколькі неабходна забарона на выбарачныя праверкі: "Калі трэба нешта не правяраць, дык вы, напэўна, і самі прымеце рашэнне. Навошта вас падразаць нейкімі законамі?"

Кіраўнік дзяржавы таксама задаў пытанні адносна прапанаваных аптымізацыі нагрузкі пры атрыманні дазвольнай дакументацыі і змянення крытэрыяў ацэнкі работы кіраўнікоў дзяржаўных арганізацый. "Трэба ўпірацца і працаваць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён таксама пацікавіўся, ці захаваны баланс інтарэсаў пры прадастаўленні адтэрміновак пагашэння спажывецкіх крэдытаў і крэдытаў на жыллё грамадзянам, а таксама пры забароне на павелічэнне ў 2022 годзе тарыфаў на цеплазабеспячэнне і электрычную энергію.

"Мае апасенні па імгненным прыняцці такога пласта рашэнняў: ці гатовы мы да гэтага? Ці не надуманыя гэта нормы, якія прыгожыя на паперы, але нічога не даюць на практыцы?" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Я нездарма запрасіў губернатараў і асобных галіновых міністраў. Пра ўзмацненне мясцовай вертыкалі сёння ўжо сказана. Але і стратэгію работы міністраў мы вызначылі даўно. Успомніце шквал крытыкі нашых псеўдалібералаў за ручное кіраванне асобнымі пытаннямі. Ну а сёння без гэтага не абысціся", - сказаў беларускі лідар.

Ён таксама пацікавіўся, што яшчэ ў разрэзе прапануемых мер неабходна Міністэрству прамысловасці. "Мне сёння не патрэбны нейкія высокія разважанні наконт таго, як вы ВУП лічыце, яшчэ нешта і гэтак далей. Не патрэбны таксама разважанні аб адпаведнасці глабальным трэндам. Мы ўжо наеліся гэтай балбатні. Час ваенны. Канкрэтныя мера і задача - канкрэтныя тэрмін і рэзультат. Уся формула, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Каб не дакаціцца да гарачай вайны, давайце распранацца і працаваць".

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што калі хочацца быць самастойнымі і незалежнымі, то іншай формулы няма.

"Няма ні адной развітой краіны без матэрыяльнай асновы - ад энергетыкі да прамысловасці. Колькі нас крытыкавалі, даймалі за мадэрнізацыю флагманаў і традыцыйных галін? А сёння сельская і лясная гаспадарка даюць $10 млрд экспарту", - сказаў Прэзідэнт.

У сувязі з абмеркаваннем праекта закона Аляксандр Лукашэнка таксама згадаў сферу адказнасці МЗС: "Што Міністр замежных спраў вынесе з новага закона? Зыходзячы са сваёй галоўнай задачы, якая пастаўлена Міністру, - і ў Азіі, і ў Афрыцы, і ў Лацінскай Амерыцы сёння трэба вельмі інтэнсіўна працаваць. Неабходна перанесці туды ўвесь груз работы пасольстваў і прадстаўніцтваў. Пакуль бачу толькі маленькія крокі, і тое намеры. Можа, закон падштурхне дыпламатаў бегчы хутчэй?"

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на праблематыку, звязаную з ростам цэн, на прыкладзе канкрэтнага аўтамабіля: "Скажыце, колькі сёння каштуе легкавы аўтамабіль "Атлас" (Geely Atlas. - Заўвага)? У доларах. Хто-небудзь мне можа сказаць? Чаго вы да мяне прыйшлі? Вы не ведаеце цэны на адзіны аўтамабіль, на які ёсць шалёны попыт і ў нас, і ў Расіі".

"27-28 (тысяч долараў ЗША. - Заўвага). У 25 не ўлазім", - адрэагаваў Старшыня Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў.

"Не ўлазіце. Дык вось, было 27. А колькі цяпер, вы ўдакладніце і потым публічна журналістам скажаце. Ды ў вас цэны ў два разы выраслі. Вы ва Урадзе гэта ведаеце? І вы што думаеце, народ будзе маўчаць? Вы мне цяпер расказваеце: і лагістыка, і грошы не так, і гэта не так... Слухайце, ну не ў два ж разы!" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Згодна з інфармацыяй на сайце дылера, цана на самую танную камплектацыю за новы аўтамабіль Geely Atlas Pro стартуе з Br87,4 тыс. або амаль $34 тыс. па бягучым курсе. За самыя топавыя камплектацыі ўжо давядзецца заплаціць у раёне Br103 тыс. або амаль $40 тыс.

У час нарады была падрабязна абмеркавана сітуацыя ў эканоміцы, работа аператыўна-сітуацыйнага штаба пры Савеце Міністраў і прапановы, якія паступілі ва Урад ад дзяржаўных органаў і бізнес-супольнасці. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў цяперашняй сітуацыі ўсе неабходныя меры трэба прымаць максімальна аператыўна і кропкава. Для гэтага ў мясцовых органаў улады і Урада ёсць усе паўнамоцтвы.