Нарада па пытаннях забеспячэння ваеннай бяспекі
- 10
- 7:17
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 26 мая наведаў Міністэрства абароны Беларусі, дзе правёў нараду па пытаннях забеспячэння ваеннай бяспекі.
Прэзідэнт абазначыў неабходнасць абмеркаваць актуальныя пытанні па карэкціроўцы напрамкаў далейшага развіцця Узброеных Сіл у сучасных умовах. "Падкрэсліваю: карэкціроўцы", - засяродзіў ён увагу.
"Падзеі, якія адбываюцца ў сумежных дзяржавах, сведчаць аб высокай дынаміцы змяненняў пагроз ваеннай бяспецы Беларусі. Трансфармуюцца погляды на прымяненне ваеннай сілы і спосабы ўзброенай барацьбы", - адзначыў беларускі лідар.
"Паглядзіце, мы з вамі, нядаўна сустракаючыся, да ваеннай аперацыі Расіі ва Украіне, зусім інакш разважалі аб далейшым развіцці і мадэрнізацыі нашых Узброеных Сіл. Прайшло тры месяцы процістаяння Украіны і Расіі, гэтай ваеннай аперацыі, мы ўбачылі, што нам не трэба праводзіць такую мадэрнізацыю, як мы тады замахнуліся: вельмі дарагую і для нашай рэспублікі, для нашых умоў наогул непрымальную. Мы зразумелі, якая павінна быць у нас армія", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Як праінфармаваў Кіраўніка дзяржавы Міністр абароны Віктар Хрэнін, у адпаведнасці з пастаўленай задачай і з улікам абстаноўкі, якая складваецца, ацэнкі вопыту ваенных дзеянняў ва Украіне ў ведамстве былі ўдакладнены падыходы да развіцця Узброеных Сіл. Гэта работа будзе весціся па некалькіх напрамках.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што Злучаныя Штаты і іх сатэліты прадаўжаюць рэалізацыю курсу на абвастрэнне адносін фактычна з усім светам, адбываецца гарачае процістаянне з Расіяй, нарошчваецца ваенная прысутнасць паблізу Беларусі, як саюзніка Расіі, праводзяцца маштабныя вучэнні.
"Мы бачым сапраўдныя мэты праводзімых натаўцамі мерапрыемстваў. Па сутнасці, гэта разведка і асваенне магчымага ў будучым тэатра ваенных дзеянняў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Пад прыкрыццём абарончай тэматыкі гэтых манеўраў адпрацоўваюць пытанні перакідкі войскаў з Амерыкі, Заходняй Еўропы, стварэння і прымянення груповак. Мы бачым сапраўдныя мэты праводзімых натаўцамі мерапрыемстваў. Па сутнасці, гэта разведка і асваенне магчымага ў будучым тэатра ваенных дзеянняў. Паводле задумы Амерыкі Еўропа і НАТА ўступілі ў глабальнае процістаянне з Расіяй. У гэтай барацьбе Беларусі давядзецца сутыкнуцца з беспрэцэдэнтным і доўгім эканамічным, палітычным і нават ваенным націскам, - заявіў беларускі лідар. - Ужо некалькі гадоў таму я аб гэтым гаварыў: наша бяда ў тым, што гасподзь нас размясціў у цэнтры еўрапейскага кантынента. Што б тут ні адбывалася, заўсёды на тэрыторыі Беларусі сутыкаюцца асноўныя інтарэсы буйных ігракоў. Вось так яно і адбываецца. Дзякуй богу, што пакуль (дай бог, каб гэтага не было) без ваеннага процістаяння, без гарачай вайны".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ваенны націск будзе аказвацца праз Польшчу, Літву, Латвію і дыслацыраваныя там войскі НАТА, а таксама за кошт падтрымання і эскалацыі баявых дзеянняў ва Украіне.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што абстаноўка, якая складваецца, як ніколі патрабуе ад войскаў быць у гатоўнасці ў любую хвіліну, даць адэкватны адказ ваенным замахам у бок Беларусі.
"Акрамя таго, мы павінны вызначыць асноўныя напрамкі далейшага развіцця нашай арміі. Зыходзім з таго, што ўзровень ваенных пагроз Беларусі на перспектыву будзе нарастаць і гэтыя меры неабходна прымаць у самыя кароткія тэрміны", - заявіў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што на нарадзе з кіруючым складам Міністэрства абароны была пастаўлена задача аб прапрацоўцы прапаноў па ўдакладненні напрамкаў развіцця Узброеных Сіл у сучасных умовах. Аляксандр Лукашэнка папрасіў далажыць аб выніках праведзенай працы.
"Работа па інфармацыйным проціборстве - у гэтым напрамку мы працуем. Не скажу, што мы тут дабіліся вялікіх поспехаў, але без інфармацыйнага забеспячэння той работы, якую мы, ваенныя, у краіне вядзём, сёння немагчыма. Гэта не будучыня, гэта ўжо сучаснасць. І мы недзе пададсталі ўжо", - адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што неабходна ўзмацняць работу па напрамках інфармацыйнага проціборства, таму што ваенныя дзеянні ў сучасным свеце маюць комплексны характар. "Гэта і эканамічная вайна, і інфармацыйная вайна, і гарачая вайна. Гэта значыць, гібрыдныя войны. Таму трэба развіваць усе напрамкі, як бы нам ні было складана", - абазначыў задачы Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, прынята лічыць, што ваяваць цяжка з тымі краінамі, якія маюць не толькі ваенную моц, але і вялікую колькасць насельніцтва. Аднак сёння зыход ваенных дзеянняў ужо не так залежыць ад такога фактару, як гэта было раней, звярнуў увагу галоўнакамандуючы.
"Трэба ваяваць не колькасцю, а ўменнем, як некалі гаварыў наш вядомы палкаводзец. Гэта набывае сёння сур'ёзную актуальнасць. Гэта сведчыць аб тым, што і такая невялікая па колькасці дзяржава, як Беларусь, здольна процістаяць самым буйным дзяржавам, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Але яшчэ раз падкрэсліваю: гарачая вайна - гэта тое, што мы ўмеем рабіць і будзем рабіць, калі не дай бог давядзецца. Інфармацыйнае проціборства, якое папярэднічае гарачай вайне і суправаджае любое ваеннае процістаянне, вельмі важнае".
"На жаль, адкрыўся новы напрамак, як у нас прынята гаварыць, новы фронт, і мы не можам не ўдзяляць гэтаму ўвагу. Мы пра гэта ў першым прыбліжэнні ўжо гаварылі. Міністр абароны тады прапанаваў нам яшчэ адно аператыўнае камандаванне адкрыць - на паўднёвым флангу, паўднёвым напрамку нашай краіны. Гэта было яшчэ ў мінулым годзе. Мы тады разумелі, што нешта трэба рабіць, але час так дынамічна і хутка падштурхнуў нас да таго, што нам неадкладна трэба ствараць гэты аператыўны напрамак. Разам з заходнім, паўночна-заходнім будзе і паўднёвае крыло", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт канстатаваў, што ўжо сёння, нават яшчэ не стварыўшы аператыўнае камандаванне на паўднёвым флангу, беларускія ваенныя вымушаны хутка, на хаду адпрацоўваць абарону нашых рубяжоў.
"Вы гэта бачыце: ідзе ратацыя Узброеных Сіл, сіл спецыяльных аперацый (заходні, паўночна-заходні напрамак), батальённых тактычных груп, якія па маім рашэнні накіраваны на поўдзень і сёння прыкрываюць разам з пагранічнымі войскамі. Мы павінны праводзіць гэту ратацыю, гэта маё жорсткае патрабаванне, і на гэтым "абкатваць" нашых ваенных. Гэта ўмова ваеннага часу. Але пакуль без вайны. Я адчуваю і інфармацыю атрымліваю, што хлопцы паводзяць сябе дастойна. Нам трэба і планаванне адпрацоўваць у гэтых умовах: калі, не дай бог, вайна, як дзейнічаць мы будзем", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.