Нарада па пытаннях фінансавання закупак прадукцыі ваеннага прызначэння

  • 13
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 27 лютага нараду па пытаннях фінансавання закупак прадукцыі ваеннага прызначэння.

"Тэма сённяшняй нарады - пытанні фінансавання закупак прадукцыі ваеннага прызначэння для патрэб сілавых ведамстваў. Дынаміка ўзроўню пагроз Беларусі вымушае нас трымаць руку на пульсе айчыннай ваенна-прамысловай вытворчасці. Хачу адзначыць, што, нягледзячы на беспрэцэдэнтны санкцыйны націск, мы вырабляем дастаткова ўзбраення і ваеннай тэхнікі для патрэб беларускай арміі, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта звязана з тым, што ўсё, што нам трэба (я маю на ўвазе зброю "жалеза"), мы атрымліваем з Расіі. А тое, што датычыцца мікраэлектронікі, оптыкі і іншага, хвала тым, хто захаваў вытворчасць, якая дасталася нам ад Савецкага Саюза, і такім чынам разам з Расіяй мы можам вырабляць любыя тыпы ўзбраення".

Беларусь можа сабе дазволіць таксама экспартаваць гэту прадукцыю ў 57 краін свету, што яна і робіць, звярнуў увагу Прэзідэнт. "Мы паспяхова распрацоўваем сучасныя ўзоры ўзбраення не толькі па тых напрамках, дзе ў нас ёсць навукова-тэхнічны задзел і кампетэнцыі, але асвойваем новыя запатрабаваныя напрамкі - рэактыўныя снарады, артылерыйскія боепрыпасы буйнога калібра", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што ў кастрычніку 2022 года на Абуз-Лясноўскім палігоне была прадстаўлена лінейка беспілотных лятальных апаратаў, распрацаваных у Беларусі. "Падраздзяленні Узброеных Сіл паспяхова прадэманстравалі іх баявыя магчымасці ў рамках таго мерапрыемства", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Аднак, заўважыў ён, неабходна яшчэ працаваць над тым, каб сучасныя ўдарныя беспілотныя лятальныя апараты ў Беларусі выраблялі на больш высокім узроўні.

"Асвойваючы вытворчасць беспілотнай авіяцыі, мы ўдзяляем вялікую ўвагу процідзеянню такой зброі, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Распрацаваныя беларускімі спецыялістамі радыёэлектронныя сродкі барацьбы з беспілотнікамі карыстаюцца вялікім попытам".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што створаны рабатызаваны комплекс, які спалучае ў сабе як сродкі выяўлення, так і агнявога паражэння паветраных цэлей. На завяршальным этапе знаходзіцца распрацоўка зенітнага ракетнага комплексу сярэдняй далёкасці і зенітная кіруемая ракета да гэтага комплексу. "Спадзяюся, што ў гэтым годзе Прэм'ер-міністр і кіраўнік ВПК нас парадуюць у гэтым плане", - сказаў ён.

У мінулым годзе айчынныя вытворцы паставілі Узброеным Сілам Беларусі больш як 500 адзінак новых узораў узбраення і ваеннай тэхнікі, канстатаваў Прэзідэнт. Прадаўжаючы пералічэнне, ён адзначыў, што прынята на ўзбраенне шэсць узораў, у тым ліку мадэрнізаваная рэактыўная сістэма залпавага агню "Ураган-М", а таксама два тыпы ўдарных беспілотных авіяцыйных комплексаў.

У мэтах аснашчэння беларускай часці Рэгіянальнай групоўкі войскаў расійскі бок паставіў для Беларусі аператыўна-тактычны ракетны комплекс "Іскандэр" з неабходным запасам ракет, боепрыпасаў. Таксама перададзены зенітны ракетны комплекс вялікай далёкасці С-400. "Тое, што вы, ваенныя, хацелі, тое вы і атрымалі. Гэта грозная зброя", - сказаў беларускі лідар.

У рамках дзяржаўнай праграмы закуплены і пастаўлены батарэя зенітнага ракетнага комплексу "Тор", процітанкавыя кіруемыя ракеты, мінамёты, рэактыўныя пяхотныя агнямёты, больш за 830 тыс. боепрыпасаў рознага калібру, дадаў Прэзідэнт.

"Будуць пастаўлены самалёты Су-З0СМ, верталёты Мі-З5М, бронетранспарцёры, а таксама іншае ўзбраенне, ракеты і боепрыпасы, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - У частцы распрацовак сучаснага ўзбраення мы не стаім на месцы, наша армія аснашчаецца неабходнымі ўзорамі для адэкватнага рэагавання на выклікі і пагрозы, што ўзнікаюць. Тым не менш ёсць да чаго імкнуцца. Я ўжо не гавару пра стралковую зброю, гранатамёты і гэтак далей - гэтага ў нас дастаткова. Я гавару пра больш грозную зброю. Да гэтага трэба імкнуцца. Над гэтым мы будзем працаваць".

Далей у Прэзідэнта адбылася нарада з сілавым блокам у вузкім складзе. Напярэдадні трохдзённага дзяржаўнага візіту ў Кітай Аляксандр Лукашэнка запрасіў да сябе кіраўнікоў ваенных і сілавых ведамстваў абмеркаваць абстаноўку ўнутры краіны і за яе межамі.

"У святле падзей унутранага характару, і перш за ўсё знешняга, хацеў бы пачуць з вашых вуснаў характарыстыку ўнутрыпалітычнага і ваеннага складніка вакол нашай Беларусі. Яшчэ раз хачу падкрэсліць і арыентаваць вас, і запатрабаваць ад вас самай жорсткай дысцыпліны ў воінскіх падраздзяленнях МУС і КДБ. Самай жорсткай дысцыпліны! Кожны павінен займацца сваёй справай", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"У нас немалая колькасць людзей у пагонах. Усе ўзброеныя. Гэта людзі, мэта якіх - абарона сваёй Айчыны. Гэтым нам трэба карыстацца. Дысцыпліна і выкананне сваіх абавязкаў. Асабліва на граніцы. Я, калі гавару пра граніцу, гэта не значыць, што гэта падраздзяленне Лапо (Старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Анатоль Лапо. - Заўвага) і ўсё. Гэта міліцыя, гэта КДБ, гэта ваенныя - мы ўсе павінны бачыць на рубяжах нашай краіны любую, нават самую малую агрэсіўнасць у адносінах да нашай дзяржавы, каб прыняць адпаведныя меры рэагавання, - запатрабаваў Прэзідэнт. - Яны выкарыстоўваюць любыя выпадкі для таго, каб ускалыхнуць сітуацыю ў Беларусі. І яны будуць гэта рабіць. Я прашу вас і патрабую ад вас выканаць гэтыя ўстаноўкі. Усё астатняе - за мной".