Нарада па пытаннях забеспячэння жыллём ваеннаслужачых і прыраўнаваных да іх асоб
- 10
- 6:20
Забеспячэнне жыллём бюджэтнікаў і асабліва людзей, якія стаяць на абароне Беларусі, заўсёды будзе ў прыярытэце дзяржаўнай жыллёвай палітыкі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 6 снежня на нарадзе па пытаннях забеспячэння жыллём ваеннаслужачых і прыраўнаваных да іх асоб.
Цяпер на чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў знаходзіцца больш за 33 тыс. тых, хто носіць пагоны.
"Ваеннаслужачыя, як і дзяржслужачыя, у нейкай ступені ўрачы, настаўнікі, - гэта бюджэтнікі, якія выконваюць важнейшыя для краіны функцыі. І яны маюць права разлічваць на падтрымку дзяржавы, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Гэтыя прафесіі выбіраюць не з-за вялікіх зарплат, а па прызванні, закліку сэрца, зыходзячы з высокіх маральных прынцыпаў і патрыятызму (прынамсі, з гэтага трэба зыходзіць). Накапіць на сваю кватэру маладому спецыялісту ў гэтых сферах немагчыма".
Пры гэтым калі для ўрачоў або настаўнікаў існуе магчымасць дадатковага заработку акрамя асноўнага віду дзейнасці (напрыклад, рэпетытарства), то ваеннаслужачыя ў адпаведнасці з заканадаўствам не павінны займацца якім-небудзь бізнесам.
Таму пры выбары такіх прафесій, як педагог, урач, ваеннаслужачы, добрай матывацыяй з'яўляецца дзяржпадтрымка, накіраваная на вырашэнне жыллёвага пытання, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Ды і працаваць чалавек стане больш старанна, калі будзе ўпэўнены, што дзякуючы сваёй працы дасць сям'і і дзецям дах над галавой, дадаў ён. "Словам, жыллёвае пытанне - пытанне найважнейшае", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Забеспячэнне жыллём бюджэтнікаў і асабліва людзей, якія стаяць на абароне Беларусі, асабліва цяпер, заўсёды будзе ў прыярытэце дзяржаўнай жыллёвай палітыкі. Я неаднаразова падкрэсліваў, што шматдзетныя і людзі ў пагонах - гэта нашы першачаргавікі, нават звышпершачаргавікі", - заявіў беларускі лідар.
На парадку дня нарады таксама пытанні забеспячэння жыллём ваеннаслужачых як частка сістэмнай работы па павышэнні прэстыжу ваеннай службы, у тым ліку для ўмацавання нацыянальнай бяспекі краіны.
"Механізм павінен быць добра прапрацаваны ўсімі зацікаўленымі ведамствамі. І папярэджваю: ведамаснасці ў гэтым пытанні быць не павінна. Ніхто не павінен цягнуць коўдру на сябе: "Ах, вось прынята рашэнне наверсе, цяпер усіх забяспечым жыллём. Хто наперад пабяжыць, раней дабяжыць, той больш і атрымае". Гэтага быць не павінна. Тут прысутнічаюць Прэм'ер-міністр, намеснік (Прэм'ер-міністра. - Заўвага) і іншыя службовыя асобы, якія павінны разумець, што сутнасць эканомікі ў тым, каб утрымліваць заўсёды балансы. Калі ёсць грошы, значыць, ёсць на што іх траціць. Калі такая колькасць грошай, значыць, вось такую колькасць жылля мы можам пабудаваць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Баланс павінен заўсёды быць".
На нарадзе трэба выбудаваць дакладную і ясную дарожную карту, каб людзі разумелі, што будзе рабіць дзяржава для вырашэння іх жыллёвых праблем, звярнуў увагу Прэзідэнт.
Як адзначыў Прэзідэнт, Урад прапануе для вырашэння пытання перш за ўсё арэнднае жыллё. "Наяўнасць такіх службовых кватэр не толькі стымулюе да прадаўжэння кантрактаў, але і дае магчымасць для ратацыі кадраў, - лічыць Кіраўнік дзяржавы. - Ваенныя ж часта пераязджаюць у сувязі з новым месцам службы. Арэндная плата за такія квадратныя метры ўжо сёння ўстаноўлена з паніжаючым каэфіцыентам. Так павінна быць і далей. Гэта правільна. Але людзям трэба даць цвёрдую ўпэўненасць і ў заўтрашнім дні".
Кіраўнік дзяржавы даручыў на заканадаўчым узроўні разгледзець магчымасць у тым ліку выкупу арэнднага жылля ва ўласнасць, дакладна прапісаўшы ўмовы для гэтага. "Служыш - жыві, адслужыў патрэбную колькасць гадоў, дапусцім, 25 належных гадоў, - дзяржава павінна загадзя сказаць: мы гэтаму чалавеку пасля 25 гадоў (калі ён пакідае службу, звальняецца ў запас або па яшчэ нейкіх аб'ектыўных прычынах) бясплатна аддаём гэту кватэру, жыллё або ён 3% павінен заплаціць, або па астаткавым кошце? Думаю, што нам трэба ісці на гэта радыкальна", - заявіў беларускі лідар.
Ён звярнуў увагу, што служба ваенных можа быць звязана з рызыкай для жыцця, таму чалавек, які выбірае такую прафесію, павінен быць упэўнены, што ў выпадку чаго яго дзеці, жонка, сям'я, бацькі застануцца ў кватэры або ў доме, у іх будзе дах над галавой. "Гэта непарадак, калі ваенны чалавек аддае сябе краіне і невядома, што з ім будзе заўтра, блукае па горадзе або па краіне ў пошуках нейкага вугла для жыцця, - папярэдзіў Прэзідэнт. - Ваеннаслужачыя павінны быць упэўнены, што пасля заканчэння службы яны будуць забяспечаны жыллём". Разам з тым пры вырашэнні жыллёвага пытання за кошт бюджэту трэба зыходзіць з эканамічных магчымасцей дзяржавы, нагадаў Аляксандр Лукашэнка.
Нараўне з будаўніцтвам новых арэндных дамоў на нарадзе абмяркоўваліся і іншыя напрамкі па паляпшэнні сітуацыі з забеспячэннем жыллём ваеннаслужачых.