Нарада па сацыяльна-эканамічным развіцці краіны

  • 16
  • 21:40

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 снежня правёў нараду па рабоце эканомікі ў 2021 годзе і праектах прагнозу развіцця краіны на 2022-і.

"Традыцыйна ў канцы года такія нарады, на парадку дня - важнейшыя пытанні, якія датычацца сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Натуральна, больш за ўсё яна мае тактычны характар, паколькі асноўныя праблемы, якія мы будзем разглядаць, датычацца будучага года. Але, зразумела, не можа быць сёння ніводнага тактычнага пытання, якое не было б нацэлена ў будучыню, - стратэгіі. Як вядома, стратэгія наша вызначана на апошнім Усебеларускім народным сходзе. Там і абазначаны і перспектывы, і канкрэтныя паказчыкі дасягнення гэтых перспектыў", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў: спектр вынесеных на нараду пытанняў вельмі шырокі - ад дасягнутых цяпер рэзультатаў, ацэнкі вынікаў бягучага года да мер фінансава-эканамічнай палітыкі, якую Савет Міністраў і Нацыянальны банк прапануюць на наступны год.

"Наша эканоміка зведвае беспрэцэдэнтны па маштабе і глыбіні націск звонку. Агрэсіўныя не толькі рыторыка, але і дзеянні захоўваюцца. А значыць, трэба правесці сур'ёзны аналіз прымаемых намі мер. Думаю, што гэта ўжо зроблена", - сказаў Прэзідэнт.

Ён заўважыў, што Беларусь не ўпершыню сутыкнулася з санкцыйным націскам. Больш таго, у краіне да гэтага рыхтаваліся як мінімум паўгода, і ва Урадзе існуе так званы антыкрызісны штаб. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што і ў цэлым Урад павінен займацца гэтымі пытаннямі прынцыпова, без валакіты, дакладна і па-ваеннаму.

"Аб сённяшніх мерах. Якія з іх у нас былі эфектыўныя, якія не? Якія не даюць чаканага выніку? Што трэба будзе рабіць яшчэ?" - абазначыў шэраг пытанняў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час Прэзідэнт адзначыў, што пакуль у краіне здолелі захаваць эканамічны рост і не дапусціць пераносу большасці праблем на штодзённае жыццё людзей.

"Вось гэта галоўная задача. Якія б ні былі санкцыі, як бы на нас ні націскалі, што б з намі ні спрабавалі зрабіць, мы павінны прымаць такія меры, каб людзі гэтых санкцый не адчулі. Прынамсі, каб гэтыя санкцыі і меры звонку не вызначалі жыццё людзей. Запомніце: гэта галоўнае", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, вынікі дзесяці месяцаў дэманструюць, што валавы ўнутраны прадукт павялічыўся прыкладна на 2,5%, расце прамысловая вытворчасць (больш за 7%), прычым практычна ва ўсіх яе падгалінах.

Больш за 60% беларускай прамысловай прадукцыі пастаўляецца на экспарт. Пры гэтым у глабальным рэйтынгу краін па індэксе канкурэнтаздольнасці прамысловасці Беларусь займае 46-е месца сярод 152 краін. Такія даныя ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па прамысловым развіцці, растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.

"У сувязі з гэтым экспарт тавараў і паслуг павялічыўся прыкладна на 33%, у краіну дадаткова паступіла 8,5 мільярда долараў. Склаўся рэкордны дадатны знешнегандлёвы баланс - больш як 2,7 мільярда долараў", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў многім дзякуючы такой узважанай макраэканамічнай палітыцы ў краіне нядрэнныя паказчыкі плацежнага балансу, а значыць, устойлівы курс і спакой на фінансавым рынку.

Стабільна таксама расце сярэдняя заработная плата: у кастрычніку яна ўшчыльную падышла да Br1,5 тыс. Кожны чацвёрты работнік у краіне атрымлівае звыш гэтага ўзроўню, у той час як год таму іх доля складала толькі 16%.

"Усё гэта добра, але мы не павінны думаць, што вырашылі ўсе праблемы. Тут і вельмі напружаная работа дзяржаўнага апарату, усяго народа, і збег абставін: у нечым нам і пашанцавала. Я ўжо гаварыў: тое, што мы выбралі свой беларускі шлях у пандэміі мінулага года - не закрываліся, не крычалі, проста працавалі. Гэта дае сёння свае вынікі. Беларускім шляхам у 2021 годзе пайшоў увесь свет, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Гэтага ніхто не скажа, таму што Беларусь не Амерыка. Калі б у амерыканцаў гэта было, то ўжо трубілі б на ўвесь свет: "Ах, якія малайцы Трамп і Байдэн, што выбралі правільны шлях!"

Беларусь жа за выбар такой палітыкі не пахваляць, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. "Наадварот, нас будуць за гэта душыць. Ведаеце чаму", - дадаў ён.

Разам з тым Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што і праблем у краіне нямала. Але на 90% яны прыўнесены звонку. Прэзідэнт спыніўся на негатыўных тэндэнцыях, якія непакояць не толькі яго. "Гэта перш за ўсё датычыцца цэн", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Упершыню за некалькі гадоў інфляцыя перавысіла прагнознае значэнне 5%, а цэны на сацыяльна значныя тавары ў сярэднім выраслі амаль на 7%. "І гэта тэндэнцыя не зменена, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Па некаторых таварах першай неабходнасці зафіксавана павышэнне ад 10% да 100%".

Пры гэтым вытворцы сацыяльна значных тавараў і суб'екты гандлю знайшлі пралазы, якія даюць магчымасць абыходзіць уведзеныя цэнавыя абмежаванні і павышаць цэны. Прэзідэнт папрасіў прэм'ер-міністра і старшыню праўлення Нацыянальнага банка асабліва спыніцца на гэтым пытанні ў час дакладаў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што фактараў рэзкага павышэння цэн у краіне шмат, і ён хацеў бы пачуць тлумачэнні наконт гэтага. "Так, ёсць частка інфляцыі, якая занесена, як зараза, звонку. Даражэе на сусветным рынку ўсё. Зразумела, мы як адкрытая эканоміка, закупляючы там жалеза, металы, сыравіну і іншыя камплектуючыя, вымушаны купляць іх па больш высокіх цэнах. У час пандэміі не працавалі, а друкарскія станкі круціліся: долар і еўра надрукавалі - дзяваць няма куды. Пайшла інфляцыя. Яна завезена звонку, ніхто гэтага не адмаўляе. Але самазаспакойвацца і гаварыць "гэта таму што там недзе ў Амерыцы, Расіі, Кітаі падаражэла, таму і ў нас" - не трэба", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў: нельга дапусціць таго, каб цэнавыя фактары пераходзілі ў наступны год. "Там і без гэтага хопіць праблем: пачынаючы ад рызык пашырэння так званых санкцый, да якіх рэгулярна заклікае Захад, і заканчваючы пагрозай распаўсюджвання пандэміі, гэтага муціруючага віруса, - сказаў ён. - Гэта дадатковы цяжар на і без таго перагружаны фонд сацыяльнай абароны і медыцынскую сферу ў цэлым".

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, наколькі ў краіне гатовы процістаяць гэтым рызыкам, у якой ступені прагнозныя дакументы адаптаваны да існуючых выклікаў, якія сістэмныя падыходы закладае ўрад не толькі для прадухілення негатыўнага ўплыву недружалюбных дзеянняў, але і для развіцця краіны.

"У другі год пяцігодкі прапануецца адступіць ад асобных параметраў, вызначаных на шостым Усебеларускім народным сходзе. Па гэтым пытанні аднадушнага меркавання няма. Але мы павінны прыйсці да такога меркавання. Таму заслухаем усе аргументы за і супраць. Тым больш што гэтыя ж пытанні ўзнімаліся і дэпутацкім корпусам, і Дзяржаўным сакратарыятам Савета бяспекі, і Камітэтам дзяржаўнага кантролю", - дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што бачыць у росце экспарту ключ да ўмацавання даверу насельніцтва да рубля і банкаўскіх укладаў.

"Урад лічыць, што ў наступным годзе ў прыярытэт трэба ўзвесці экспарт, - сказаў беларускі лідар. - Бо пакуль ёсць магчымасць прадаваць і замацоўвацца на сусветных рынках (а гэта не будзе доўга) - трэба дзейнічаць".

"Упускаць момант, каб заявіць пра сябе, нельга, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Будзем інтэнсіўна нарошчваць валютную выручку, атрымаем моцны беларускі рубель. Насельніцтва перастане асцярожнічаць і прапануе свае грошы ў дэпазіты або аблігацыі".

Такім чынам, на думку Прэзідэнта, будзе паступальна нарошчвацца база для "доўгага" інвесціравання. "Гэта задача не толькі Урада, але і ўсяго банкаўскага блока. Тым больш што інвестыцыі сапраўды прасядаюць".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што практычна завершаны папярэдні інвестыцыйны цыкл і звязаныя з ім буйныя праекты: атамная станцыя, БНБК, Петрыкаўскі горна-ўзбагачальны камбінат, цэлюлозныя і папяровыя комплексы. На фінальнай стадыі праекты ў нафтаперапрацоўцы. "Калі не абнаўляцца, то праз 3-5 гадоў будзем у аўтсайдарах па канкурэнтаздольнасці. Недзе сітуацыю нам падсапсавалі звонку, а недзе мы самі недапрацоўваем і ў гэтым пытанні. Усе задачы па інвестыцыях дакладна прапісаны ў праграме пяцігодкі, але разгортваюцца яны пакуль слаба", - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт выказаўся аб праекце бюджэту на 2022 год і падкрэсліў неабходнасць эканомікі і скарачэння неабавязковых расходаў.

"Варта памятаць, што людзям патрэбны не лічбы і паказчыкі. Нашых грамадзян хвалююць блізкія ім пытанні: зарплата, работа, цэны. У гэтым кантэксце і прашу весці наш дыялог - ці дастаткова запланавана мер па кантралюемых мной пытаннях", - звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да ўдзельнікаў нарады. 

Ён звярнуў увагу, што праект бюджэту на 2022 год фарміруецца дэфіцытным. "З аднаго боку, зразумела чаму. Мы нясём незапланаваныя расходы, якія складана прадугадаць. Але з іншага, пытанне - ці ўсе эканомяць і напружваюцца па скарачэнні неабавязковых расходаў, якіх у нас шмат. Таму пытанне эканоміі, беражлівасці зноў выступае на першы план. Ці ёсць крыніцы на пакрыццё дэфіцыту? Ці не прывядзе гэта да напружанасці пры выкананні сацыяльных абавязацельстваў?" - абазначыў шэраг прыярытэтных пытанняў Прэзідэнт.

"На практыцы для нас гэта значыць, што спатрэбіцца ўзмацніць дысцыпліну і гібкасць: пераарыентавацца на дружалюбныя гандлёвыя і фінансавыя рынкі, не звяртаючы ўвагі на выпады Захаду", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Асобным пытаннем на нарадзе абмяркоўвалася сітуацыя з дзяржаўным доўгам і планамі па яго пагашэнні. "Беларусь заўсёды была і будзе бездакорным плацельшчыкам па сваіх абавязацельствах. Нягледзячы ні на якія складанасці, мы не маем права страціць гэту рэпутацыю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы спыніўся на прапановах па змяненні падатковага заканадаўства на 2022 год. "Наколькі яны адпрацаваны і якая рэакцыя ў грамадстве на гэтыя прапановы? - пацікавіўся Прэзідэнт. - Матэрыялы ёсць ва ўсіх, таму ўдзельнікаў нарады прашу быць гатовымі выказаць асабістае аргументаванае меркаванне па ўсіх значных пазіцыях".

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў прыняць меры па "ўтаймаванні" інфляцыі. "Пытанні грашова-крэдытнай палітыкі традыцыйна праходзяць у нас у нейкім аблегчаным фармаце. Але не на гэты раз, - адзначыў беларускі лідар. - Самая абмяркоўваемая тэма цяпер - высокая інфляцыя". Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў: ёсць аргументы, што інфляцыя "імпартавана", але не трэба канцэнтравацца толькі на іх.

"Мы плануем у будучым годзе мець адназначную лічбу інфляцыі 6%", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да Старшыні праўлення Нацыянальнага банка, Прэзідэнт запатрабаваў далажыць, якія меры плануюцца па стрымліванні росту інфляцыі. "І памятайце: гэта не павінна ісці ва ўрон эканамічнаму развіццю краіны, за якое вы адказваеце ў звязцы з Прэм'ер-міністрам, - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы. - Абазначце, якія меры падтрымкі эканамічнага росту прадугледжаны грашова-крэдытнай палітыкай на 2022 год".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што Беларусь апынулася ў цэнтры глабальнага процістаяння, якое цяпер разгарнулася паміж Захадам і Расіяй. У гэтай барацьбе бакі не дзейнічаюць ізалявана - ёсць каналы, па якіх яны могуць весці перагаворы. "Вы не думайце, што вось мы ваюем, ваюем і няма ніякіх кантактаў, мы не бачым, яны нам не гавораць нічога, мы не адказваем. У нас ёсць каналы, па якіх мы размаўляем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што калектыўны Захад перайшоў ужо ад прэтэнзій да больш жорсткіх патрабаванняў і ўльтыматумаў. "Ад нас патрабуюць, каб Беларусь стала такой, як Украіна. Цытую: "дэмакратычнай, перспектыўнай, развітой" дзяржавай, як Украіна. На што выразна два дні таму ім было адказана: мы ніколі не станем Украінай. Таму што мы - беларусы, у нас уласнае бачанне нашых перспектыў", - заявіў беларускі лідар.

Ён выказаў цвёрдае перакананне, што ні сярод удзельнікаў нарады, дзе сабралася ўсё кіраўніцтва краіны, ні сярод простых грамадзян, якія жадаюць нармальнага жыцця для сябе і сваіх дзяцей, не знойдзе таго, хто пажадае, каб Беларусь стала другой Украінай.

"Яны хацелі ў мінулым годзе прасцей гэта вырашыць - зрэзаць гэты балкон да Смаленска, - пракаменціраваў Прэзідэнт неажыццёўленую спробу калектыўнага Захаду дэстабілізаваць Беларусь у 2020 годзе. - Іх чаканні пасля распаду Савецкага Саюза (Уладзімір Паўлавіч (Андрэйчанка - Старшыня Палаты прадстаўнікоў. - Заўвага) гэта добра памятае, мы былі ў парламенце дэпутатамі), іх мара здзейснілася б у жніўні мінулага года. Стварылі б гэты санітарны кардон. Але гэта была б ужо не нейкая санітарная зона, а быў бы блок, межы якога праходзілі б пад Смаленскам. Не атрымалася".

"Тое, што я сказаў па Украіне, гэта было даслоўна сказана. Дзе-нідзе завуаліравана. Яны намякаюць: "Ну, пытанне не ва ўладзе..." Ва ўладзе пытанне! Зусім нядаўна заявілі: "Уладу ў Беларусі трэба памяняць. Пачынаць трэба з Прэзідэнта", - расказаў Кіраўнік дзяржавы. - У нас ёсць механізм. Выбары і гэтак далей. Датэрміновыя выбары, калі хто-небудзь хоча, - калі ласка, у нас таксама ёсць механізм. Няхай прапануюць. Таму я не нагнятаю абстаноўку!"

Вяртаючыся да тэмы ўльтыматуму, Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да Прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанкі: "Раман Аляксандравіч, вы былы дыпламат, вы гэта ўсё церпіце, не ўносіце прапаноў. Тыя, хто прынеслі ўльтыматум, - за межы краіны. Не гледзячы, чыю краіну яны прадстаўляюць. Што мы з імі целяпаемся? Яны ж працуюць на шкоду".

"Праўда, мы ўжо заўважылі, вось суткі прайшлі (гэтыя вось санкцыі ўводзіць збіраліся), ужо некаторыя пасольствы пакуюць чамаданы, заяўляючы аб тым, што Прэзідэнт прыме рашэнне, іх заўтра выкінуць. Павінен іх супакоіць: мы ні ў кога чамаданы і тое, што ў чамаданах, адбіраць не збіраемся. Мы нікога не будзем выкідваць. Мы будзем рабіць гэта цывілізавана, у адпаведнасці з нормамі міжнароднага права. Таму вы мяне пачуйце, тыя, хто чамаданы пакуюць: супакойцеся, пакладзіце свае чамаданы назад. Калі мы вам аб'явім аб тым, што вы персонамі нон грата аб'яўляецеся, у вас будзе час для таго, каб узяць гэтыя чамаданы і паехаць. Хоць гэта ваша права", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў грамадстве ўзнікае ўсё больш пытанняў у сувязі з тым, што Захад пачаў эканамічнае ўдушэнне Беларусі. "Не сакрэт, ідзе гібрыдная вайна. Вайна даўно пачалася. Не толькі супраць нас. Перш за ўсё - супраць Расійскай Федэрацыі, і мы звяно ў гэтым націску на Расію. Больш таго, мы аказаліся на пярэднім плане. Таму нам дастаецца першымі, і не проста. Мы гэта з Прэзідэнтам Расіі бачым, ацэньваем і дзейнічаем адпаведным чынам, адэкватна", - падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў мінулым годзе планы Захаду зрэзаць "беларускі балкон" праваліліся, і таму яны пачалі рэалізацыю наступных этапаў націску, каб дабіцца сваіх мэт. Аб гэтых намерах, этапах націску на Беларусь Прэзідэнт неаднаразова гаварыў публічна. "Вось чарговы этап: яны карыстаюцца любымі метадамі (бежанцы, не бежанцы - няважна), каб націснуць на нас, а праз нас - на Расію. Вы бачыце, што адбываецца ад Чорнага мора да Балтыкі. І мы аказаліся галоўным звяном у націску на Расійскую Федэрацыю. Мы можам змяніць свой курс і здрадзіць Расіі, рускаму народу, расіянам? Не можам?" - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што ў сітуацыі процістаяння калектыўнаму Захаду трэба выстаяць, чаго б гэта ні каштавала. "А выстаім толькі тады, калі будзем адзіныя і маналітныя. Таму дысцыпліна, стараннасць павінны стаць у аснову. Не павінна быць доўгіх, працяглых размоў, угавораў. Рашэнне прынята - выконвайце. Калі ідзе такая бойня, нарады не збіраюцца, каб параіцца, у якім напрамку будзем дзейнічаць. Часам рашэнні трэба прымаць імгненна", - растлумачыў Прэзідэнт.

Што датычыцца службовых асоб, якія павінны прымаць кіраўніцкія рашэнні, яны вызначаны ў Канстытуцыі, законах, дзеянні якіх ніхто не адмяняў, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. "Таму яшчэ раз паўтараю: у аснову трэба паставіць выканальніцкую дысцыпліну. І мы элементарна выстаім і, галоўнае, не дапусцім таго, каб тыя праблемы, якія мы павінны вырашаць, былі апушчаны і скінуты на наш народ, на людзей. Людзі хочуць жыць нармальна, і мы павінны ў любой сітуацыі забяспечыць гэта нармальнае жыццё", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт паставіў задачу перад Урадам і эканамічным блокам краіны ў наступным годзе захаваць цяперашні ўзровень абароненасці насельніцтва, знізіўшы інфляцыю.

"Вось што я ад Урада хачу бачыць у наступным годзе: захавайце вось гэты ўзровень абароненасці насельніцтва. Вось што ёсць у гэтым годзе, трэба захаваць. І ледзь-ледзь панізіць інфляцыю. Гэта разам з Калаурам (Старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур. - Заўвага). Усё. Я больш ад вас не патрабую ў гэтай сітуацыі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, справа нават не ў санкцыях. "Вы бачыце, што зноў у сувязі з гэтым амікронам (новы штам COVID-19, які распаўсюджваецца. - Заўвага), пандэміяй пачала апускацца сусветная эканоміка. Мы ж не веліканы, як Амерыка або Кітай. Зразумела, што калі сусветная эканоміка апускаецца, яна будзе ў гэту варонку зацягваць перш за ўсё і Беларусь. Будзе цяжка разлічваць на нейкія вялікія прарывы, паказчыкі там, "ВУП 7% дадзім або вышэй за сусветны". Мы рэалісты. Таму галоўная наша задача - узровень гэтага года захаваць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што гэты ўзровень у Беларусі хоць і адносна невысокі, але дастатковы для таго, каб жыць. "Жыць можна. Толькі трэба і людзям варушыцца крыху. Як я ўжо гаварыў, распранайцеся і пачынайце працаваць. Ну калі яшчэ крыху дабавіце (размова аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця. - Заўвага), ну тады - героі", - сказаў Прэзідэнт.

Як далажыў на нарадзе Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, у бягучым годзе эканоміка краіны функцыянуе ў жорсткіх умовах нарастаючага знешняга санкцыйнага націску. Прыкметны ўплыў аказваюць на дзелавую актыўнасць таксама абмежаванні, звязаныя з пандэміяй COVID-19. "Не ў нашай краіне, а ў цэлым у сусветнай эканоміцы", - удакладніў ён.

Тым не менш у гэтых няпростых умовах эканоміка Беларусі дэманструе ўстойлівасць да існуючых і ўзнікаючых новых эканамічных і палітычных выклікаў і пагроз. "З 6 важнейшых параметраў прагнозу выканана 4. Галоўнае - выконваецца мэтавая задача, вызначаная кіраўніком дзяржавы на бягучы год, - гэта павышэнне ўзроўню дабрабыту насельніцтва на аснове збалансаванага эканамічнага росту", - заявіў Прэм'ер.

Паводле яго слоў, стабільна і эфектыўна функцыянуюць прадпрыемствы, бізнес, дзяржаўныя і камерцыйныя ўстановы, выконваюцца ўсе сацыяльныя абавязацельствы і гарантыі дзяржавы. Колькасць занятых у эканоміцы захавана. Узровень беспрацоўя знаходзіцца ў прагнозным калідоры.

"Рэальныя наяўныя даходы насельніцтва павялічыліся на 2,6%. Рэальная зарплата (гэта значыць з папраўкай на інфляцыю) - на 4,8% вышэйшая за ўзровень мінулага года", - далажыў Раман Галоўчанка.

Ён адзначыў, што ў рэальным сектары эканомікі рост зарплаты забяспечаны выключна ростам прадукцыйнасці працы. "Значыць, гэтыя грошы зароблены", - падкрэсліў Прэм'ер-міністр.

Што датычыцца бюджэтнай сферы, то там намінальная зарплата вырасла на 14,8%, а рэальны рост з карэкціроўкай на інфляцыю, - на 5,1%.

Выконваецца таксама даручэнне вытрымліваць суадносіны зарплаты бюджэтнікаў і сярэдняй па краіне на ўзроўні 80%. "Маем нават крыху больш. Зарплата ўрачоў і настаўнікаў ужо складае 156% і 81% да сярэдняга ўзроўню па краіне адпаведна", - далажыў Раман Галоўчанка.

У цэлым, падкрэсліў ён, эканоміка развіваецца на якаснай і збалансаванай аснове.