Сумеснае пасяджэнне Канстытуцыйнай камісіі і рабочай групы па дапрацоўцы праекта Канстытуцыі
- 16
- 3
Работа па падрыхтоўцы змяненняў Канстытуцыі выйшла на фінішную прамую. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 25 лістапада на сумесным пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі і рабочай групы па дапрацоўцы праекта Канстытуцыі.
"Я лічу, што сёння можна канстатаваць той факт, што работа па падрыхтоўцы змяненняў Канстытуцыі выйшла на фінішную прамую. І я гэта асабліва хачу падкрэсліць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы, адкрываючы пасяджэнне.
Ён нагадаў, што над праектам Асноўнага Закона працавалі Канстытуцыйная камісія і спецыяльна створаная рабочая група, у склад якіх увайшлі аўтарытэтныя эксперты, прафесіяналы ў розных галінах дзейнасці і проста талковыя вопытныя людзі. "Зроблена нямала", - адзначыў Прэзідэнт.
Працуючы над падрыхтоўкай новага праекта Канстытуцыі, Канстытуцыйная камісія спачатку ўнесла напрацаваныя прапановы, акумуляваўшы таксама шматлікія ініцыятывы грамадзян. Гэты варыянт узяла за аснову рабочая група, якая сканцэнтравала сваю дзейнасць на шэрагу нявырашаных прынцыповых пытанняў і паспрабавала сфармуляваць тое, што не атрымалася ў Канстытуцыйнай камісіі. "У выніку ўдалося выпрацаваць важнейшыя канстытуцыйныя нормы, - канстатаваў беларускі лідар. - Замацаваны статус Усебеларускага народнага сходу, пераразмеркаваны паўнамоцтвы паміж органамі дзяржаўнай улады, гарантавана стабільнасць дзяржаўнага апарату, як здаецца рабочай групе. Сфармуляваны пераходныя палажэнні. Не думаю, што яны канчатковыя, над імі трэба будзе яшчэ папрацаваць, прытым, магчыма, і кардынальна".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што дзейнасць рабочай групы не падводзіць рысу пад работай над Канстытуцыяй: "Сённяшняе мерапрыемства - чарговае ў распрацоўцы змяненняў, і я прасіў бы вас вельмі ўважліва падысці да таго праекта, які ёсць сёння, - сказаў ён. - Вам усё роўна давядзецца гэта абдумаць і прыняць канчатковае рашэнне перад прадстаўленнем гэтага праекта Прэзідэнту".
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ў час работы над праектам Канстытуцыі меркаванні камісіі і рабочай групы не ва ўсім супадалі. "Лічу, што гэта абсалютна нармальна, - сказаў ён. - Як гаварылі старажытныя мысліцелі, у спрэчках нараджаецца ісціна. І таму прапановы Канстытуцыйнай камісіі атрымалі сваё развіццё пасля адпаведнай дапрацоўкі".
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што некалькі разоў сустракаўся з рабочай групай: "Я гэта рабіў таму, што трэба было абмеркаваць адчувальныя пытанні. Паколькі вынікі нашай работы вызначаць, якой будзе наша краіна ў будучым".
"Самыя галоўныя змяненні Асноўнага Закона накіраваны на значнае ўмацаванне інстытута народаўладдзя, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Менавіта ў гэтых мэтах і задумвалася канстытуцыйнае замацаванне статусу УНС. Надзяленне яго стратэгічна важнымі для стабільнасці краіны паўнамоцтвамі. Як як не раз гаварыў, УНС - гэта наша веча. Лічу, што гэты інстытут народаўладдзя адпавядае векавому нацыянальнаму ўкладу жыцця беларусаў".
"Напэўна, апошнія падзеі пераканалі не толькі ўсіх вас, але і беларускі народ, асабліва не веруючых, што нам не трэба бегчы за прынцыпамі, нормамі, укладам жыцця там (у краінах Захаду. - Заўвага). Вы бачылі, што дэкларуецца адно, прапіхваецца на нас іншае, а робяць яны... Робяць як робяць, вы гэта бачылі", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што УНС для Беларусі - гэта не новы орган. "Ён проста просіцца ў Канстытуцыю, - сказаў ён. - І тут справа не ў асобах. Асабліва падкрэсліваю: ніякіх канкрэтных асоб у Канстытуцыі быць не павінна. Ніякую Канстытуцыю Лукашэнка пад сябе не робіць".
Пры гэтым Беларусь застанецца прэзідэнцкай рэспублікай, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. "Так мы абаронім асновы дзяржаўнасці. Захаваем і замацуем пераемнасць свайго гістарычнага вопыту, - адзначыў ён. - Але давайце будзем шчырымі, і я публічна аб гэтым сёння скажу: усё будзе залежаць ад таго, які Прэзідэнт прыйдзе на змену гэтаму Прэзідэнту. Таму мы падстрахоўваемся Усебеларускім народным сходам. Вы бачыце, што лягчэй і спакайней вакол нас не стала".
Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь знаходзіцца на скрыжаванні ўсіх дарог, перасячэнні інтарэсаў Захаду і Усходу, і ў кожнага з бакоў - уласныя інтарэсы. Таму спакойнага жыцця Беларусі яны не дадуць, нават калі спрабаваць за імі бегаць, на каленях стаяць, упэўнены Кіраўнік дзяржавы. "Спакойна не будзе, таму што цераз нас праходзіць галоўная дарога", - сказаў беларускі лідар. У сувязі з гэтым ён нагадаў, як з-за інтарэсаў і дзеянняў іншых краін Беларусь пакутавала ў час шматлікіх войнаў, у тым ліку Другой сусветнай.
"Гасподзь нас пасяліў на гэтым кавалачку зямлі, і нікуды не дзенешся, трэба забяспечыць нармальнае жыццё на гэтым кавалачку зямлі для гэтага дзясятка мільёнаў чалавек і пары мільёнаў гасцей, якія сюды кожны год прыязджаюць. Таму вельмі шмат будзе залежаць ад асоб, у тым ліку і першай асобы дзяржавы, не перабольшваючы нашу і маю ролю ў гісторыі. Мы застанёмся ў гісторыі. Як-ніяк, мы стварылі сваю незалежную суверэнную дзяржаву, якая праіснавала ўжо больш за чвэрць стагоддзя", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прычым захаваць дзяржаву трэба для будучых пакаленняў, упэўнены Прэзідэнт. "Для дзяцей трэба пакінуць нармальную кіруемую краіну і дзяржаву, - звярнуў увагу беларускі лідар. - Пераканаць людзей трэба, што сёння не асабістае галоўнае, а галоўнае - у цэлым для нашага грамадства захаваць нашу дзяржаўнасць".
Паводле слоў Прэзідэнта, у бліжэйшы час падрыхтаваны праект Асноўнага Закона будзе вынесены на ўсенароднае абмеркаванне. На гэтым этапе кожны грамадзянін зможа стаць удзельнікам канстытуцыйнага працэсу. "Думаю, што членам Канстытуцыйнай камісіі і рабочай групы трэба данесці да насельніцтва значэнне прапанаваных дзяржаўных навацый", - сказаў ён.
Паводле яго слоў, праведзеныя сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што 50-60% насельніцтва гатовы прыйсці на рэферэндум і падтрымаць праект Канстытуцыі. "Але калі мы добра папрацуем, апублікуем праект Канстытуцыі, раскажам людзям аб навацыях, яшчэ раз растлумачым, навошта мы прымаем гэту Канстытуцыю, я ўпэўнены: людзі нас падтрымаюць, як гэта было на пераломе ў сярэдзіне 1990-х", - выказаў упэўненасць Аляксандр Лукашэнка.
"Таму я вас папрасіў бы сустракацца з людзьмі - у працоўных калектывах, па месцы жыхарства, у грамадскіх аб'яднаннях. Трэба актыўна выступаць у сродках масавай інфармацыі, расказваць аб Канстытуцыі. Адным словам, праяўляйце ініцыятыву", - сарыентаваў удзельнікаў мерапрыемства беларускі лідар.
"На рэферэндум грамадзяне павінны прыйсці з дакладным разуменнем сутнасці ўсіх новаўвядзенняў і неабходнасці іх прыняцця", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Павінен вас папярэдзіць, што тыя, хто больш за ўсё крычаў аб пераменах і аб тым, што трэба ледзь ці не зняць гэтага Прэзідэнта, зламаць, забіць і іншае, сёння закрычалі: а гэта не трэба, нам не патрэбна новая Канстытуцыя", - сказаў беларускі лідар.
Прэзідэнт расказаў: яму вядома аб плане, які выпрацавалі збеглыя праціўнікі дзеючай улады, і паабяцаў абвясціць сутнасць гэтага плана. "Каб вы ўсе бачылі, чаго яны хочуць. Гэта пасмешышча поўнае. Гэты план збеглых там, за мяжой, для таго, каб атрымаць фінансаванне, інакш не скажаш, проста смешны. Я, чалавек, які шмат пабачыў ужо, чытаю і думаю: няўжо зноў Захад адурэе і дасць пад гэта грошы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Яны ўжо рыхтуюцца зламаць Канстытуцыю і калі ў іх план рэалізуецца, зноў вывесці на вуліцу народ Беларусі", - расказаў Прэзідэнт, адзначыўшы, што ў гэтым выпадку, відаць, нічому гісторыя іх не вучыць.
На сумесным пасяджэнні былі выслуханы розныя меркаванні і падыходы, якія датычацца асобных момантаў у падрыхтаваным праекце абноўленай Канстытуцыі. Па выніках дыскусіі тэкст будзе дадаткова дапрацаваны з улікам праведзенай дыскусіі, перад тым як яго вынесуць на ўсенароднае абмеркаванне.
Памочнік Прэзідэнта Аляксандр Косінец прапанаваў змяніць у праекце Канстытуцыі парадак фарміравання Усебеларускага народнага сходу, у прыватнасці выбрання дэпутатаў мясцовых Саветаў для ўдзелу ва УНС.
Цяпер у праекце Канстытуцыі прапануецца выбіраць дэпутатаў мясцовых Саветаў для ўдзелу ва УНС на пасяджэннях Мінскага гарадскога і абласных Саветаў дэпутатаў. Аднак Аляксандр Косінец прывёў простыя матэматычныя разлікі, зыходзячы з якіх зразумела, што такія выбары стануць фармальнымі. Калі выказаць меркаванне, што на УНС павінны быць выбраны каля 900 дэлегатаў (акрамя тых, хто па статусе будзе прымаць удзел у сходзе), то мясцовыя Саветы дэпутатаў павінны выбраць у сярэднім па 128 чалавек у кожным з сямі рэгіёнаў.
Гэта, па сутнасці, ператворыцца ў механічную працэдуру і страціцца сэнс усенароднага выбрання гэтых людзей, лічыць Аляксандр Косінец. "Любы сёння можа задаць пытанне: а я магу стаць членам УНС? Адкажам: так. А ён задасць другое пытанне: як я магу вылучыцца, хто мяне выбера і дзе? Адказу мы не можам атрымаць", - адзначыў памочнік Прэзідэнта.
Ён прапанаваў адрэгуляваць канкрэтныя палажэнні аб фарміраванні УНС у законе. Яго прапанова - выбіраць дэлегатаў на ўзроўні раённых Саветаў дэпутатаў. Тады атрымаецца па 4-5 чалавек на раён.
"Гэта пытанне не закрыта, як ніводнае пытанне не закрыта, - адрэагаваў на гэту прапанову Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. - На тое яна і Канстытуцыйная камісія, каб далей працаваць. І ўсенароднае абмеркаванне пройдзе. Гэта будзе адкрытае пытанне, пакуль не сфарміруецца праект і не будзе на стале ў Прэзідэнта, які ўнясе праект на рэферэндум. Тое, што Аляксандр Мікалаевіч тут выказаў, цалкам магчыма".
"Я яшчэ раз хачу звярнуць вас да таго, што мы на ўсе нормы павінны паглядзець і на ўсе нашы заключэнні, якія мы давалі, ідучы на змяненні Канстытуцыі. Аж да таго, што наогул патрэбны нам або не патрэбны рэферэндум, патрэбна нам новая Канстытуцыя, змененая Канстытуцыя?" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён растлумачыў сваё пытанне, адзначыўшы, што некаторыя людзі, у тым ліку сярод прыхільнікаў дзеючай улады, не лічаць патрэбным мяняць Канстытуцыю. "Многія гавораць: "А навошта? Нам нічога не трэба мяняць, не трэба Канстытуцыю мяняць". Адмахнуцца ад гэтага мы не можам, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы можам трапіць у такія "нажніцы", што нас падтрымаюць нашы людзі, а частка нашых людзей, прыхільнікаў цяперашняй улады, не будуць падтрымліваць новую Канстытуцыю, не таму што яны нас не падтрымліваюць, а таму, што яны лічаць непатрэбным гэта рабіць". Такая катэгорыя людзей, паводле слоў Прэзідэнта, прытрымліваецца меркавання, каб дзеючы Прэзідэнт прадаўжаў працаваць максімальна магчымы час і заставалася тая ж Канстытуцыя, якая праверана ўжо часам, пры якой краіну стварылі, дзяржаву абаранілі.
"Я гэта падкрэсліваю заўсёды: не пад нас (дзеючых прадстаўнікоў улады. - Заўвага) мы ствараем Канстытуцыю. І тым больш не пад дзеючага Прэзідэнта", - сказаў беларускі лідар.
"Калі нехта думае, што я ўчапіўся за крэсла (і ўжо рукі пасінелі), каб мяне тут не адарвалі ад яго, вы проста памыляецеся. Я рэальна ацэньваю сітуацыю, свае магчымасці. І справа нават не ў магчымасцях, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Справа ў тых, хто ідзе за вамі і за намі, - тая моладзь, якая пораху яшчэ не нюхала. Яны лічаць, што ў інтэрнэце і бульба, і морква, і бананы - усё там".
"Наша пакаленне таксама не ваявала, але пасля вайны многія гора зазналі, жывучы ў Савецкім Саюзе", - дадаў Кіраўнік дзяржавы. Тады перад грамадствам ставіліся іншыя задачы, больш глабальнага характару, і на першы план выходзілі грамадскія, не асабістыя інтарэсы. "Мы павінны былі прадэманстраваць нашу сістэму. І мы дэманстравалі, мы захоўвалі, мы ў космас выходзілі, яшчэ нешта стваралі. Абаранілі, захавалі краіну, але ўпусцілі дэталі, - адзначыў беларускі лідар. - Упусцілі і дачакаліся таго, што краіна была разбурана".
Таму цяпер неабходна вельмі сур'ёзна ўзважыць усе меркаванні, абмеркаваць усе нюансы, каб зрабіць лепш для будучыні краіны, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
"Я лічу, што на рэферэндум трэба ісці. Так, там рыхтуюцца нам падкінуць гадасці і іншае. Але калі мы грамадства, калі мы стварылі суверэнную незалежную дзяржаву, дык павінны выстаяць. У жніўні мінулага года выстаялі. Там таксама было такое пытанне, і я яго бачыў. Мне многія ўносілі прапановы: "Давайце перанясём, правядзём па пошце, ніхто не асудзіць - пандэмія". Я на гэта не пайшоў", - канстатаваў Прэзідэнт.
На сумесным пасяджэнні Аляксандр Лукашэнка заявіў, што абстаноўка вакол Беларусі застаецца неспакойнай - Злучаныя Штаты Амерыкі, выкарыстоўваючы Польшчу, краіны Балтыі, Украіну і міграцыйны крызіс на граніцы Беларусі, хочуць развязаць тут вайну.
"Ім трэба наблізіцца да Масквы. І тут вось "балкон" гэты зноў застаўся, перашкаджае ім, трэба яго зрэзаць. І будуць рэзаць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
У якасці падставы выкарыстоўваецца міграцыйны крызіс, які ўзнік на граніцы Беларусі з Еўрасаюзам. "Гэтыя бедныя людзі шукаюць дзірку, дзе праскочыць, і вось яны выбралі Беларусь. Але палякі імгненна гэтым скарысталіся для рэалізацыі сваіх стратэгічных мэт. Вось ён, этап мяцяжу, або каляровай рэвалюцыі", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што раней ён не раз гаварыў аб чаканнях, што "нам чаго-небудзь абавязкова падкінуць" з боку Захаду, і таму трымаў сітуацыю пад кантролем. Цяпер той бок спрабуе выкарыстоўваць сітуацыю з бежанцамі ў сваіх мэтах.
"Яны спрабуюць скарыстацца гэтымі беднымі бежанцамі, гэтым працэсам. Ужо і мэта іх відаць. Яны ўжо адкрыта гавораць: падключыць НАТА. А што значыць НАТА? Развязаць вайну. Яны нас правакуюць. Гэта не трэба Еўропе, Еўропа не хоча гэтага, Еўропа не хоча вайны. Каму гэта вайна патрэбна? Амерыканцам, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Сёння, вы бачыце, шматпалярны свет знікае. Яны любяць чужымі рукамі ваяваць, і трэба недзе вось тут заваруху зноў стварыць. А яны будуць убаку назіраць і зброю пастаўляць для таго, каб мы забівалі адзін аднаго і эканоміка апусцілася. Яны зноў з доларам, які цяпер друкуюць, прыйдуць сюды, каб нам дапамагчы, і Амерыка зноў, як Трамп гаварыў, перш за ўсё дамінаваць. Вось, па вялікім рахунку, для чаго гэта ўсё робіцца. Зрабіць яны гэта хочуць рукамі палякаў, прыбалтаў і ўкраінцаў".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: разам з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным яны бачаць, што адбываецца, і аднолькава глядзяць на гэтыя падзеі. "Гэта нацэлена супраць іх перш за ўсё (супраць Расіі. - Заўвага). А як туды падабрацца, калі Украіна і Беларусь (геаграфічна знаходзяцца на подступах. - Заўвага)? З Украінай вы бачыце, што адбылося, а Беларусь працівіцца", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
"Сітуацыя цяпер няпростая. І як нам яе праскочыць, груба кажучы, як нам прыстасавацца, каб збегарчы дзяржаву, - пытанне. Гэта маё пытанне перш за ўсё. Але і вы не староннія наглядальнікі. У патрэбны момант я вас імгненна далучу да гэтага пытання, і нам разам давядзецца яго вырашаць", - сказаў Прэзідэнт.
Беларускі лідар звярнуў увагу, што Польшча выкарыстоўвае тэму міграцыйнага крызісу на граніцы, каб адцягнуць увагу свайго насельніцтва ад мноства ўнутраных праблем. Напрыклад, ад канфлікту з Еўрасаюзам наконт вяршэнства ўнутранага заканадаўства над міжнародным. "Еўрасаюз па іх нормах мае права правяраць назначэнне суддзяў у судовую сістэму аж да ніжэйшага звяна (Польшча з гэтым не згаджаецца. - Заўвага). Але вы ж у Еўрасаюз уступалі, вы ж падпісалі гэтыя нормы, чаго ж вы не хочаце цяпер іх выконваць? Не выконваюць - зноў скандал. Таму трэба адцягнуць увагу ад гэтага скандалу з ЕС. А пандэмійныя, еўрасаюзаўскія грошы - гэта амаль $100 млрд. І ўнутры - там жа катастрофа. Вось і трэба адцягнуць увагу ад гэтай сітуацыі. Яны гатовы вайнушку развязаць".
Пры гэтым, як усім вядома, ключавыя рашэнні ў Польшчы прымае не Прэзідэнт Анджэй Дуда або Матэвуш Маравецкі (Прэм'ер-міністр Польшчы. - Заўвага), а лідар правячай партыі "Права і справядлівасць" Яраслаў Качыньскі, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Не Дуда там з Маравецкім кіруюць, а спадар Качыньскі там кіруе. Таму ўсяляк хочуць утрымаць уладу. Знайшлі апору ў амерыканцаў, яны таксама падкідваюць грошай. Вось і атрымліваецца гэты выгін - Украіна, Польшча, Прыбалтыка. Мэта адна, як заўсёды, - туды (у бок Масквы. - Заўвага). Праз нас пакуль пераступіць не могуць. І нам трэба выстаяць", - падкрэсліў беларускі лідар.
Падводзячы вынікі сустрэчы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што неабходна яшчэ раз уважліва паглядзець на выпрацаваны праект змяненняў Асноўнага Закона краіны, дашліфаваць яго асобныя палажэнні напрыклад, прынцып фарміравання Усебеларускага народнага сходу. Затым праект абноўленай Канстытуцыі Беларусі будзе вынесены на грамадскае абмеркаванне.
"Мы бяром праект і кожны член Канстытуцыйнай камісіі павінен яго вывучыць, праштудзіраваць і ўнесці прапановы, калі яны будуць. Мы яшчэ многае пачуем і павінны будзем прапрацоўваць гэта ўсё. Магчыма, там будуць разумныя думкі. Усе прапановы трэба асэнсаваць", - падагульніў Прэзідэнт.
На нарадзе Аляксандр Лукашэнка таксама пракаменціраваў сітуацыю з адменай эвакуацыйнага рэйса з Ірака.
"Хочуць паехаць - калі ласка. Мы іх (бежанцаў. - Заўвага) збіраем у аэрапорце. Чагосьці самалёт сёння не прыслалі?" - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Было адзначана, што пытанне звязана з аплатай расходаў на ажыццяўленне рэйса. "Дык няхай еўрапейцы заплацяць. Таксама нягоднікі: "Выдзелілі мы грошы: і мільёны, і тысячы... Ніводнай капейкі сюды не паступіла грошай. Чырвоны Крыж там і іншыя. Пакуль кормім і поім мы гэтых людзей, не за іх (бежанцаў. - Заўвага) кошт. Гэта ім вельмі важна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Што там гэты рэйс каштуе?! І няма каму аплаціць. Няхай Еўрасаюз аплаціць", - дадаў беларускі лідар.