Нарада аб грамадска-палітычнай абстаноўцы і стане злачыннасці ў краіне
- 10
- 2
Абарона законных правоў і інтарэсаў грамадзян Беларусі стала адной з галоўных тэм нарады ў Прэзідэнта Беларусі аб грамадска-палітычнай абстаноўцы і стане злачыннасці ў краіне.
Разам з асноўнай тэмай нарады, карыстаючыся выпадкам, Кіраўнік дзяржавы звярнуўся і да шэрага іншых актуальных пытанняў - ад утрымання і рамонту дарог да работы індывідуальных прадпрымальнікаў. Ён таксама даручыў больш актыўна папулярызаваць і дэманстраваць дасягненні беларускіх вучоных, на што ёсць запатрабаванне ў грамадстве з улікам вялікай цікавасці да выстаўкі "Беларусь інтэлектуальная".
"Тэма сённяшняй размовы - злачыннасць, дынаміка злачыннасці ў краіне. Асаблівую ўвагу прашу звярнуць на злачынствы тэрарыстычнай накіраванасці. Для нас гэта цяпер вельмі важна. І калі наогул падвесці рысу пад тымі пытаннямі, якія звязаны са злачыннасцю і злачынствамі, пытанне глыбокае - абарона законных правоў і інтарэсаў нашых людзей. Гэта галоўнае, - абазначыў Аляксандр Лукашэнка галоўную тэму для абмеркавання. - Мы мала ўвагі звяртаем апошнім часам на гэту праблему. Але яна існуе. Няхай гэта ў параўнанні з іншымі дзяржавамі, нават самымі дэмакратычнымі ў свеце, кропля ў моры. Але, тым не менш, пра гэта нельга забываць".
"У сувязі з гэтым я хацеў бы сёння абмеркаваць з вамі, як быць з тымі, хто яшчэ ўчора выступаў супраць дзяржавы (мы ўсе памятаем 2020 год), пакінуў краіну (нехта ў месцах не вельмі аддаленых), а сёння раскаяўся, але баіцца вярнуцца назад або звяртаецца да мяне з просьбай аб памілаванні. Я адчуваю, што ў асобнай часткі нашага грамадства з'явілася запатрабаванне на гэту тэму. Я даручаў Адміністрацыі з удзелам грамадскасці прапрацаваць гэта пытанне і прапанаваць механізм яго вырашэння", - нагадаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму даручаў прапрацаваць адпаведную тэму з удзелам грамадскасці: "Я выконваю свае абавязкі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй нашай краіны. Як кіраваў краінай, так і кірую. Што датычыцца сілавікоў, згадзіцеся, што яны сваю ролю ў 2020 годзе адыгралі. Яны тады не падвялі ў цэлым. У цэлым яны выконвалі выразна пастаўленыя перад імі задачы. Кожную хвіліну я быў у тэме, аддаваў адпаведныя распараджэнні, і сілавыя падраздзяленні не адступілі, не памыліліся і нідзе, па вялікім рахунку, не праваліліся. Вядома, я сёння ўлічваю іх меркаванне. Для мяне вельмі важна меркаванне маіх хлопцаў, якія служаць сёння ў спецпадраздзяленнях. Ваенныя людзі, якіх мы прыцягвалі для таго, каб навесці парадак. Унутраныя нашы войскі - хлопцы стаялі тут насмерць. Вядома, я бязмерна іх паважаю, аддаю належнае і ўлічваю іх меркаванне".
Разам з тым Прэзідэнт адзначыў, што лёс ваенных і дзяржслужачых, з аднаго боку, - жорстка рэагаваць, абараняючы краіну і правапарадак, але ў той жа час не зыходзіць з асабістага, а, кіруючыся дзяржаўнымі інтарэсамі, недзе адступіць, зрабіць крок насустрач, калі гэта патрэбна.
"Я ўжо ў храме гаварыў: нам не трэба ствараць дадатковыя нейкія кропкі напружання ў нашым грамадстве. Таму даручаў Адміністрацыі з удзелам грамадскасці гэта пытанне прапрацаваць і прапанаваць механізм магчымага вырашэння (гаворка пра вяртанне на радзіму тых, хто ад'ехаў за мяжу пасля падзей у Беларусі 2020 года.- Заўвага).Тыя, хто гатовы жыць у міры, ствараць на карысць сваёй краіны, не павінны быць адхілены грамадствам. Гэта аксіёма. Гэта не я прыдумаў. І калі мы людзі мудрыя і ўлада мае прыкметы мудрасці, яна павінна ў такім ключы і дзейнічаць. Нам трэба не закрывацца ад тых, хто памыліўся, усвядоміў гэта, а зрабіць крок насустрач", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Але толькі тым, хто вернецца або з месцаў не вельмі аддаленых, або з-за мяжы і будуць, як у нас прынята гаварыць, "ябацькамі" яшчэ большымі, чым тыя, хто сёння нас акружае. А такія ёсць", - адзначыў беларускі лідар.
Ён канстатаваў, што ворагі будуць усяляк перашкаджаць вяртанню дадому гэтых людзей: "Мы гэта бачым. Для збеглых, якія гандлююць інтарэсамі народа, простыя людзі заўсёды будуць таранам для барацьбы супраць дзяржавы і пастаяннай крыніцай асабістага фінансавага дабрабыту".
"Вы, напэўна, заўважылі ў СМІ, калі я заявіў аб тым, што мы гатовы размаўляць з тымі, хто ўсвядоміў сваю віну і гатовы жыць на радзіме, вы бачылі, як захлынуліся гэтыя ўсе Telegram-каналы, чаты і іншыя: "Ах, тут хапаюць сілавікі тых, хто паспрабаваў прыехаць, саджаюць, ледзь ці не забіваюць!" Абсалютная лухта. Ніхто нікога не хапае. Але чаму яны так сябе паводзяць? Таму што ім грошы калі і даюць - "ціхушкам", "лахушкам", то толькі ўлічваючы, што ў іх там пара тысяч людзей, якія беглі разам з імі. І Захад добра разумее, што гэтых людзей у перспектыве гэты самы Захад можа выкарыстаць супраць нашай краіны. А кіруюць, нібыта, гэтымі дзвюма або паўтары тысячамі збеглых "ціхушкі" і "лахушкі". У штаб ідуць нейкія грошы. Як мы дакладна ведаем, да гэтых няшчасных паўтары тысяч даходзяць, можа, цэнт-два. Усё астатняе асядае ў кішэнях у штабах, офісах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Кожны, хто стаў на шлях выпраўлення і хоча загладзіць сваю віну, павінен мець шанц на паразуменне і спагаду. Гэта датычыцца толькі тых, хто заслугоўвае гэтага даравання. Ну а хто свядома пераступіў мяжу закону, паставіў пад пагрозу чалавечыя жыцці, пры падтрымцы заходніх спецслужбаў прадаўжае дэструктыўную дзейнасць супраць нашай краіны, будзе адказваць перад законам. Закон мы прывялі ў адпаведнасць і дастаткова ўзмацнілі. Тым больш што асобныя з тых, хто туды пабеглі (есці ж хочацца), узмацнілі пазіцыю і цяпер стаўку робяць на прымяненне сілы і стварэнне незаконных ваенізаваных фарміраванняў. У такім выпадку дарогі назад няма і не будзе", - заявіў Прэзідэнт.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка згадаў пра "каліноўцаў" ва Украіне і фарміруемых у Літве і Польшчы харугвах. "Афіцыйныя ўлады ад іх спрабуюць дыстанцыравацца. Мы гэта добра бачым. Мы дакладна разумеем і ведаем, - сказаў Прэзідэнт. - Іх на фронт адпраўляюць: "Ідзіце на фронт, трэніруйцеся. Натрэніруецеся - паедзеце ў Беларусь звяргаць уладу. Учыніце там шабаш, вайнушку". Нядаўна на фронце трапілі пад абстрэл. Нямала загінула, але калекамі ж колькі засталося. Каму яны сёння патрэбны? Нікому. Прэзідэнт Зяленскі іх на калясцы па хакейнай пляцоўцы катаць не будзе (на злобу - хлопец ваяваў за сваю зямлю, адарвала нагу. І другую ледзь не страціў, калі б не нашы ўрачы). Але гэта іх выбар. Яны павінны ведаць, што з імі будзем разбірацца па законах ваеннага часу".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што наперадзе сур'ёзная работа, каб ва ўсім разабрацца. "Агулам ніхто нічога не павінен рабіць. Паколькі мы страцім сваіх прыхільнікаў і законна страцім. Мы гэта павінны ўлічваць", - акцэнтаваў увагу Прэзідэнт.
"Тыя, хто ўсвядоміў, хто раскаяўся, публічную заяву (зрабіў. - Заўвага). Гэта абавязкова. А затым разам з людзьмі, грамадскасцю - журналістамі, блогерамі, хто быў на перадавой, - мы будзем вырашаць, што з імі зрабіць. Але крок насустрач трэба рабіць, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.- Трэба дакладна вызначыць, хто сапраўды перагледзеў свае погляды і хоча спакойна жыць, вучыцца і працаваць, а хто не. Але трэба памятаць, што не выключана, што некаторыя з іх могуць скарыстацца нашымі крокамі насустрач, каб нанесці пэўны ўрон. Таксама і ў інтарэсах спецслужбаў замежных дзяржаў, асабліва нашых суседзяў па перыметры, якія паводзяць сябе подла (горш, чым іншыя дзяржавы, якія далей знаходзяцца ад нашых граніц). Таму наша задача - выключна індывідуальны падыход да кожнага і справядлівасць у прыняцці рашэнняў".
"Некаторыя прытаіліся. Хтосьці прытаіўся, хтосьці сябе праяўляе - мы вельмі жорстка працуем. Прайшоў 2020 год. Дрэнна, што ў нас так складваецца сітуацыя вакол краіны. Асабліва з нашай Украінай. Але гэта ж для нас урок. Для ўсіх дзесяці мільёнаў і гасцей, якія ў нас тут бываюць, гэта ўрок. Ужо ўсе зразумелі: калі б мы не выстаялі ў 2020 годзе - мы ведаем, што было б. Было б горш, чым ва Украіне. Украіна багатая. Багацейшая за нас. Было б тут горш. Я не хачу, каб мне ці вам кланяліся за гэта і нам дзякавалі, але ўсім зразумела, у імя чаго і дзякуючы каму выстаялі. І ўжо калі пасля гэтага нехта вылазіць з-пад плінтуса, як таракан, і пачынае зноў або прадаўжае гэту сваю агідную справу, ваюючы супраць народа і супраць улады… Калі нехта, не дай бог… Але адкрыта яны цяпер пабойваюцца некаторыя. Слухайце, што з імі сёння рабіць?" - задаў рытарычнае пытанне Прэзідэнт.
"Вядома, мы жорстка на гэта рэагуем. Мы ніколі не дапусцім гэтага хістання 2020 года. Там, вядома, і пандэмія, і іншыя пытанні, перадвыбарныя, выбарныя, на гэта ўплывалі, але гэта не апраўданне. Нам трэба з'яднацца цяпер, каб выжыць, каб, не дай бог, тут не ляталі ракеты і не кідалі на нас бомбы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Захад не адмовіўся ад сваіх планаў адносна Беларусі, ва Украіне прадаўжаюць рыхтаваць баевікоў і экстрэмістаў. "Не ведаю, навошта гэта ўкраінцам. З аднаго боку, просяць нас, каб мы ні ў якім разе не ваявалі з Украінай, каб нашы войскі туды не рухаліся. Пакт аб ненападзенні прапануюць заключыць. А з іншага боку, рыхтуюць гэту грымучую сумесь і ўзбройваюць іх.Польшча, Літва наогул ачумелі. Навошта гэта ім трэба? Не зразумела.Таму мы вымушаны жорстка рэагаваць. Нам па перыметры хапае пытанняў - і ў паветранай прасторы, і на зямлі, зялёная граніца. У нас там хапае праблем. Дай бог утрымаць усё гэта. А яшчэ ўнутры нам нехта будзе ствараць? Таму рэакцыя на вось гэту ўнутраную не апазіцыю, а экстрэмістаў - вылезлі з-пад плінтуса, не вылезлі - будзе жорсткая. І няхай не крыўдзяцца: мы папярэджвалі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Гаворачы пра выстаўку навукова-тэхнічных дасягненняў "Беларусь інтэлектуальная", Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што цікавасць да яе з боку наведвальнікаў была вельмі вялікая, паступалі просьбы прадоўжыць яе работу, што і было зроблена па даручэнні Прэзідэнта.
"Гэта нікуды не варта, што мы на тры дні выстаўку выставілі і спыніліся. Патокам пайшлі просьбы, у тым ліку з рэгіёнаў, - прадоўжыце гэту выстаўку "Беларусь інтэлектуальная" для таго, каб арганізаваць і прапусціць праз яе асабліва нашу моладзь. Яны ўсё тыкаюць у тэлефоны, айфоны, іншае і ўпэўнены, што ў краіне нічога не робіцца на канструктыў. Але тыя, хто пабываў там, ахкаюць і вохкаюць: няўжо гэта мы зрабілі?!" - сказаў беларускі лідар.
Асабліва важна, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, арганізаваць наведванне выстаўкі навучэнцамі каледжаў, тэхнікумаў, ВНУ: "Каб яны пайшлі і паглядзелі будучыню. Там жа амаль тысяча экспанатаў, дзе паказваюць нашу будучыню, перспектывы. Вучоныя паказваюць. Трэба паказаць гэта ўсім".
Вялікі рэзананс наконт выстаўкі быў і з боку беларускіх рэгіёнаў, дзе таксама праявілі цікавасць, але не ўсе змаглі прыехаць у Мінск для гэтага. "Рэгіёны просяць: чаго вы ўсё ў Мінску топчацеся і топчацеся, пакажыце нам. Хаця б у абласных цэнтрах трэба, буйных гарадах паехаць і паказаць людзям, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Няхай яны паглядзяць, што робяць нашы вучоныя і што ў нас ёсць будучыня і перспектыва ў нашай краіне".
Прэзідэнт падкрэсліў: правядзенне такіх мерапрыемстваў даказвае, што Беларусь, хоць і невялікая па памерах, але пры гэтым высокаінтэлектуальная краіна.
Аляксандр Лукашэнка ў час нарады звярнуў увагу на дрэнную якасць дарог у Мінску і запатрабаваў ад адказных асоб аператыўна вырашыць гэту праблему.
Паводле слоў Прэзідэнта, у яго адрас апошнім часам паступаюць скаргі наконт дарожнага пакрыцця. "Людзі скардзяцца на дарогі, асабліва ў Мінску. Але гэта актуальна для ўсіх", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
На стан дарог, зразумела, аказваюць уплыў складаныя кліматычныя ўмовы, але ёсць і іншыя фактары, на якія можна і трэба ўплываць. "Людзі павінны разумець, што зіма ў нас наогул вельмі дрэнная - то мароз мінус 20-25, потым дождж пайшоў, то зноў пачне падмарожваць, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Вядома, наш асфальт пачынае крышыцца. Зразумела, што недзе дарожнікі недагледзелі і гэтак далей... Але гэта не апраўдвае і таго, што ў нас у Мінску".
"Я даручыў учора службе бяспекі і міліцыі праехаць па ўсіх дарогах. Вывад адзін: на тройку, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - За суткі людзі зрабілі выснову: цярпіма, але працаваць трэба".
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай і Міністру ўнутраных спраў Івану Кубракову разабрацца з праблемай і прывесці ў парадак дарогі. "Што мяне здзівіла: у вас у горадзе (Мінску. - Заўвага) паўсотні машын, нават больш, якія ў гэты перыяд павінны працаваць з ямачным рамонтам. Паўсотні! За суткі, калі арганізаваць дастойна, можна навесці парадак на дарогах, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Калі ласка, разам разбярыцеся з Кухаравым (Уладзімірам Кухаравым, старшынёй Мінгарвыканкама. - Заўвага) і гарвыканкамам. Будзе дрэнна, калі я пачну разбірацца".
"Наталля Іванаўна, Вы не рабіце справаздачу перада мной. Вы зрабіце так, каб другі раз хлопцы са службы бяспекі і ДАІ, якім я даручу, праехалі і сказалі: "Так, сапраўды шмат зроблена". Трэба працаваць у гэтым напрамку", - дадаў Прэзідэнт.
Падагульняючы ўсё сказанае, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Дарогі і ўсё, што звязана з дарогамі, асабліва ў Мінску і буйных гарадах, ды ўсюды гэтым трэба займацца. Але не проста - ідзі яму зараўнуй. Не. Павінен быць план, павінна быць задача на суткі, па начах трэба працаваць, калі няма руху ў асноўным, недзе днём, калі рух не інтэнсіўны. Трэба гэта прыводзіць у парадак".
Аляксандр Лукашэнка таксама паставіў задачу перад мясцовымі ўладамі пры неабходнасці арганізаваць работу па ачыстцы вуліц ад снегу з прыцягненнем жыхароў адпаведных раёнаў. "Чысціць не ўлада павінна. Людзі павінны гэта рабіць. Але арганізаваць мы павінны. Людзі жывуць у кватэры. Няўжо лапаты, скрабкі яны будуць у кватэры трымаць? Значыць, трэба арганізаваць. Гэта вы павінны зрабіць, органы ўлады", - сказаў Прэзідэнт.
Адным з актуальных пытанняў бягучага парадку дня Кіраўнік дзяржавы абазначыў сітуацыю з індывідуальнымі прадпрымальнікамі. З гэтага года яны павінны працаваць па новых правілах. Але, відаць, не ўсе да канца разумеюць, чаму і як змяніліся ўмовы работы. Таму Аляксандр Лукашэнка даручыў чыноўнікам паразмаўляць з прадпрымальнікамі і яшчэ раз усё падрабязна растлумачыць. "Трэба яшчэ раз, Ігар Пятровіч (Сергяенка, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. - Заўвага), Ураду даручыць, узяць на кантроль, каб ім давялі нашу палітыку ў адносінах да індывідуальных прадпрымальнікаў", - сказаў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, змяненні для ІП былі аб'яўлены загадзя, магчымасць да іх падрыхтавацца ў гэтай катэгорыі бізнесу была. "Мы не ў адзін момант прынялі рашэнне, - заявіў Прэзідэнт. - Настала 1 студзеня, мы робім першы крок. Іпэшнікі некаторыя захваляваліся: ах, тут зноў на іх наступілі. Не наступае ніхто. Проста гэта той план, які быў раней агучаны".
У Беларусі настала разуменне, што такі від дзейнасці, як ІП, гэта нейкае спараджэнне часу, калі людзі вымушаны былі весці бізнес, гандляваць такім чынам. І ў іншых краінах такія формы прадпрымальніцтва не развіты. "У тыя часы яны ўзялі на сябе вялікі клопат. У сумках, мяшках, як у Беларусі кажуць, торбах вазілі нешта, прадавалі, забяспечвалі і гэтак далей. Мы іх спарадзілі да 200 тысяч у нашай краіне", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"І некаторыя ІП (мы на іх паглядзелі) сталі буржуямі значна большымі, чым тыя, хто сёння фабрыкі-заводы цягне. Той жа "АМКАДОР"... Параўнаць з індывідуальнымі прадпрымальнікамі - неба і зямля, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - У нас перакосы пайшлі ўжо (у плане падтрымкі ІП. - Заўвага). Трэба цывілізавана працаваць".
Надышоў перыяд, калі ў рабоце ІП спатрэбіліся змяненні, упэўнены Прэзідэнт. "Мы прынялі рашэнне, што ІП павінны падняцца на ўзровень вышэй і, як усе фізічныя або юрыдычныя асобы, плаціць падатак", - заявіў ён.
Пры гэтым застаецца такая катэгорыя, як рамеснікі - людзі, якія робяць сваімі рукамі нешта выключнае. І яны маюць права прадаваць свае тавары па той цане, па якой змогуць прадаць, заўважыў Прэзідэнт. "Гэта ўнікальныя людзі, якіх мы павінны падтрымаць - рамеснікі. Гэтых мы дамовіліся пакінуць. А ўсе астатнія павінны плаціць падаткі як належыць", - сказаў беларускі лідар.
"І на працягу гэтага года, яшчэ некалькі месяцаў мы гэта прывядзём у адпаведнасць. Нікога не крыўдзячы. Тое, што ты зарабіў на сённяшні дзень, у цябе ніхто не адбярэ, калі, вядома, не парушаў закон", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Ён даручыў яшчэ раз сустрэцца з прадпрымальніцкай супольнасцю і перагаварыць. "Трэба цывілізавана, па-чалавечы з імі. Трэба ім проста растлумачыць, якім шляхам мы будзем рухаць іх да цывілізаванага гандлю або вытворчасці, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Трэба з імі размаўляць. Нельга так, каб... настане нейкі час і яны ачумелыя, не разабраўшыся, зноў выскачаць на вуліцу, і мы з імі будзем змагацца. Трэба папярэджваць такія рэчы".