Нарада па экспарце беларускіх тавараў
- 11
- 3:00
У 2022 годзе ўдалося пераадолець негатыўныя тэндэнцыі і выйсці ў грашовым выражэнні на станоўчыя вынікі па экспарце. Але гэта не падстава расслабляцца, таму што трэба нарошчваць аб'ёмы экспартных паставак. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 5 студзеня на нарадзе па экспарце беларускіх тавараў.
"Мы сабраліся, каб абмеркаваць пытанні экспарту беларускай прадукцыі. Нам у мінулым годзе ўдалося пераадолець негатыўныя тэндэнцыі і выйсці ў грашовым выражэнні на станоўчыя вынікі па экспарце. Вядома, грошы вырашаюць усё, але хацелася б, каб мы, як прынята гаварыць, і паштучна павялічвалі экспарт, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Паштучна - гэта значыць, што трактароў, аўтамабіляў, калійных угнаенняў, нафтапрадуктаў тоны і штукі мы рэалізавалі менш, чым у 2021 годзе. Дзякуючы таму, што адбыўся рэзкі рост цэн на тыя тавары, якія мы прадаём, мы маем больш-менш станоўчыя вынікі па экспарце. Але тое, што мы паштучна і па тонах не выйшлі на запланаваны ўзровень, - сведчанне таго, што супакойвацца нельга. Нам трэба думаць, як нарошчваць экспарт. Экспарт - гэта валюта, без якой краіна і эканоміка жыць не могуць, тым больш што Беларусь мае экспартна арыентаваную эканоміку. Палову таго, што вырабляем, мы павінны будзем прадаць, каб нармальна жыць".
Прэзідэнт адзначыў, што ў сувязі са спробамі задушыць Беларусь у мінулым годзе санкцыямі была парушана існуючая лагістыка. Давялося шукаць новыя лагістычныя шляхі. "Трэба будзе абмеркаваць і гэтыя пытанні. Прынамсі тое, што вы прасілі мяне вырашыць на ўзроўні Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі для таго, каб былі адкрыты для нас парты, я мяркую, што ўсе пытанні вырашаны. Пытанне застаецца за малым - пачынаць грузіць у гэтых партах. Хоць сёе-тое мы пачалі ўжо грузіць. Трэба хутчэй будаваць гэтыя парты, даводзіць да пэўнага ўзроўню і гандляваць ужо праз уласныя парты".