Нарада па пытаннях аснашчэння Узброеных Сіл і развіцця ваенна-прамысловага комплексу

  • 9
  • 4:43

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 лютага сабраў нараду па пытаннях аснашчэння Узброеных Сіл і развіцця ваенна-прамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь.

У ліку ўдзельнікаў нарады Прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой, Дзяржсакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч, Старшыня КДК Васіль Герасімаў, віцэ-прэм'еры Віктар Каранкевіч і Анатоль Сівак, Міністр абароны Віктар Хрэнін, Міністр фінансаў Уладзіслаў Татарыновіч і Старшыня Дзяржкамваенпрама Дзмітрый Пантус.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў сучасных умовах самадастатковай можа лічыцца толькі тая дзяржава, якая перш за ўсё здольная забяспечыць сваю бяспеку ў ваеннай сферы. "Хочам мы ці не, я даўно аб гэтым папярэджваў беларускі народ, вы тым больш ведаеце аб гэтым, нам давядзецца ўмацоўваць нашу абараназдольнасць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Нарошчванне ваеннай кампаненты ля нашых граніц, асабліва з боку Польшчы, нас не проста насцярожвае. Мы разумеем, што гэта проста так не робіцца. Людзі грошы проста так на танкі і боепрыпасы не трацяць. Таму ў свой час мною было прынята рашэнне з улікам спецыяльнай ваеннай аперацыі Расійскай Федэрацыі заняцца ўмацаваннем нашай абараназдольнасці яшчэ ў больш сур'ёзных маштабах", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нарада мае закрыты характар, паколькі шмат канфідэнцыяльных пытанняў. "Але галоўнае пытанне - як ідзе стварэнне магутнасцей па вытворчасці боепрыпасаў? У будучым годзе, нават да канца бягучага года, мы павінны мець свае боепрыпасы. Хадавыя боепрыпасы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, як бы не ўсхвалялі ролю ракет і беспілотнікаў у сучасных ваенных канфліктах, але не яны вырашаюць лёс нават не вайны, а асобнага баявога сутыкнення. "Па-ранейшаму ў ходзе вайны ва Украіне, мы бачым, вялікую ролю адыгрываюць звычайныя ўзбраенні. Артылерыя, 152-я боепрыпасы да іх (152-міліметровыя артылерыйскія боепрыпасы. - Заўвага). І вельмі эфектыўна сябе зарэкамендавалі ўстаноўкі "Град" - былая "Кацюша" ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яны тады вельмі сур'ёзна дапамаглі нам. І сёння гэтыя ўстаноўкі накшталт "Град" адыгрываюць вялікую ролю на полі бою", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што, як паказвае вопыт ваенных дзеянняў, расход такіх боепрыпасаў вельмі вялікі.

Таму раней было вырашана вырабляць айчынныя боепрыпасы для артылерыйскіх гармат і ўстановак "Град". "Прынята было рашэнне аб будаўніцтве ў нас адпаведных вытворчасцей, якія маглі б выпусціць дастатковую колькасць боепрыпасаў. Ніякага сакрэту тут няма. Я гэта не ўтойваю. Вы бачыце, што робіцца ў Заходняй Еўропе - буйнейшыя кампаніі Еўропы ўсё ў большай колькасці вырабляюць боепрыпасы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што некалі стаяла пытанне аб уласнай вытворчасці патронаў, і цяпер яно ўжо вырашана. "Гранатамёты будуць мець сваё месца ў любым баі, асабліва ў нас у сувязі з тымі прыроднымі ўмовамі, якія мы маем. Таму выстралы для гранатамётаў павінны быць свае", - прадоўжыў Прэзідэнт.

Рэзюмуючы сказанае, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўсе названыя боепрыпасы могуць быць выраблены ў неабходнай колькасці і добра захоўвацца. "Мы ў дастатковай колькасці можам іх вырабляць і пакласці на склад. Гэта не беспілотнікі, якія на склад у вялікай колькасці не пакладзеш. Ды і складоў колькі трэба для таго, каб захоўваць беспілотныя лятальныя апараты розных тыпаў", - сказаў ён.

Прэзідэнт пацікавіўся, як арганізавана вытворчасць, і папярэдзіў усіх адказных: "Барані бог вас сарваць гэта мерапрыемства па тэрмінах".

Асобна Кіраўнік дзяржавы адзначыў неабходнасць дакладнага размеркавання паўнамоцтваў і задач. "Я не хачу, каб Урад адыходзіў ад гэтых праблем. Але ў кожнага свае задачы. Фінансаванне - разам з Міністрам фінансаў і іншымі вы (Урад. - Заўвага) за гэта адказваеце. А арганізацыя і кантроль павінны быць на Дзяржаўным сакратарыяце і Камітэце дзяржаўнага кантролю", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.