Нарада па праекце Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб удасканаленні навуковай дзейнасці"
- 9
- 3:04
Фінансаванне навуковай дзейнасці і аплата працы вучоных павінны залежаць перш за ўсё ад выніку. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 9 лютага на нарадзе па праекце Указа аб удасканаленні навуковай дзейнасці.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што пытанні развіцця айчыннай навукі нядаўна ўжо абмяркоўваліся на шырокай нарадзе (нарада па пытаннях развіцця навуковай сферы і дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 21 лістапада 2025 года. - Заўвага): "Тады быў узняты шэраг старых новых пытанняў. На жаль, нічога новага і ў выступленні Уладзіміра Сцяпанавіча (Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Караніка. - Заўвага) не было аб развіцці і, можа, рэфармаванні, мадэрнізацыі нашай Акадэміі навук. Але мы дамовіліся, што падрыхтуем праект Указа аб удасканаленні ўвогуле навуковай дзейнасці, і вы ўнесяце гэты праект Указа для разгляду".
"У мяне пасля азнаямлення з праектам Указа з'явілася нямала пытанняў. І я хацеў бы з вамі абмеркаваць гэтыя пытанні. Але тады на нарадзе мы дамовіліся, што калі размова ідзе пра грошы, пра аплату, то механізм адзін - плаціць за вынік. Ёсць вынік - плацім. Няма выніку - ніякіх грошай не будзе. Як бы там нашы безумоўна разумныя вучоныя людзі ні падавалі гэта пытанне", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка папрасіў далажыць, як прадстаўлены праект Указа забяспечвае дасягненне мэт і якія для гэтага прапануюцца інструменты. "Пакуль выразна праглядаецца не вельмі шмат: базавае фінансаванне і магчымасці вучоным выкладаць у ВНУ. Ну а хто супраць? Ніхто не супраць. І сёння, па-мойму, гэты працэс паспяхова развіваецца, - заўважыў Прэзідэнт. - А пра эфектыўнасць, вынікі навуковай дзейнасці? Тут адсылачныя нормы, як юрысты кажуць: "Гэта вызначыць Урад". Дык навошта мы тады праект Указа ўносім?"
"Праект Указа павінен быць поўным і ўсёабдымным. І ніякіх адсылачных норм. Каб людзі, якія будуць цікавіцца гэтым Указам, перш за ўсё вучоныя, разумелі, аб чым ідзе размова, і колькі гэта будзе каштаваць", - патрабуе Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў абмеркаваць адпаведныя пытанні і прыняць прынцыповае рашэнне. "Усе гэтыя пытанні, якія яшчэ ёсць у Акадэміі навук, у вучоных у цэлым, павінны быць вырашаны да з'езда вучоных", - адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы папрасіў кіраўніка НАН далажыць аб сваіх прапановах зыходзячы з агучаных і, самае галоўнае, жыццёвых падыходаў. "Хто, навошта, колькі і чаму прапануе гэты праект Указа? - акрэсліў пытанні Аляксандр Лукашэнка. - Самае галоўнае: чаго вы хочаце, што трэба? Часу было дастаткова для таго, каб разабрацца. Вы разумны, вопытны чалавек. Упэўнены, разабраліся".
Акрамя Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзіміра Караніка сярод удзельнікаў нарады - Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой, Старшыня Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў, віцэ-прэм'ер Віктар Каранкевіч, Міністр адукацыі Андрэй Іванец, Міністр фінансаў Уладзіслаў Татарыновіч.


