Рэспубліканскае свята выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі
- 21
- 9:44
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 чэрвеня прыняў удзел у рэспубліканскім свяце выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі, які праходзіў на пляцоўцы каля Палаца спорту ў Мінску.
"Дарагія сябры, добры вечар! Дазвольце мне ўпершыню ў новым фармаце, сустракаючыся з новымі людзьмі тут, у цэнтры нашай сталіцы, вітаць вас і павіншаваць з вялікім святам у жыцці. Святам адзіным, якое ніколі не паўторыцца. Падыходзячы сюды, я так і падумаў, што тут выключная атмасфера. І гэту атмасферу робіце вы - сваёй маладосцю і прыгажосцю. А як інакш? Вашу сённяшнюю эйфарыю лёгка зразумець. Мінулі напружаныя гады вучобы, залікаў, экзаменаў, бяссонных начэй (я маю на ўвазе начэй, праведзеных з падручнікам). А заўтра ў вас - новае жыццё. Таму сёння весяліцеся, а заўтра з новымі сіламі - да новых поспехаў. Вы будзеце ўжо выхоўваць, вучыць, лячыць, будаваць, развіваць тэхналогіі, ствараць шэдэўры мастацтва і яшчэ шмат іншага. Будзеце ахоўваць мір, забяспечваць нацыянальную бяспеку", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Момант сур'ёзны яшчэ і таму, што з заўтрашняга дня ў вашых руках, у кожнага маладога выпускніка, маладога чалавека будзе часцінка нашай радзімы. А разам мы будзем трымаць нашу краіну, нашу Радзіму ў нашых руках. І, як я раніцай сёння ўзнагароджаным ужо сказаў: глядзіце, гэта ўжо ваша адказнасць. Не ўпусціце сваю зямлю, іншай у вас не будзе. Дзе б ні былі вы, дзе б ні вучыліся далей, дзе б вы ні працавалі. Гэта ваша. І сваё нікому не аддавайце", - заклікаў маладых людзей Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што хутка выпускнікі раз'едуцца на свае першыя працоўныя месцы па розных кутках Беларусі. І чым меншы будзе гэты куток, тым больш прыкметнымі будуць маладыя людзі, тым большы будзе іх уклад у гісторыю роднай краіны, заявіў Аляксандр Лукашэнка. "Нашай утульнай краіны, прыгожай, чыстай Беларусі, якую мы, безумоўна, усе любім", - падкрэсліў ён.
"Якія надзеі мы - Прэзідэнт, вашы бацькі і педагогі - на вас ускладаем, я сказаў сёння раніцай, калі ўзнагароджваў тых, хто вызначыўся. Сказаў усім вам - дзясяткам тысяч беларускіх выпускнікоў. Рабіце ўсё своечасова. Рабіце сёння тое, што вы павінны зрабіць. Заўтра вы гэта не зробіце, таму што будуць новыя праблемы, новыя клопаты - вас захлісне жыццё. Бурнае, шалёнае, часам ашалелае жыццё. І мы яго пражываем разам з вамі, часам не разумеючы, што адбываецца. Таму трэба рабіць усё своечасова. Запомніце, гэта галоўнае. Цяпер я проста шчыра радуюся таму, што ёсць магчымасць падарыць нашай моладзі гэта свята ў Мінску і ў іншых кутках краіны", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што галоўны выпускны краіны на гэты раз праводзіцца ў новым фармаце. Кіраўнік дзяржавы заклікаў выпускнікоў не судзіць, калі будзе першы блін камяком. Ён перакананы, што наступныя гады свята стане лепшым. "Вы ўжо не будзеце выпускнікамі, але я хачу вас запрасіць і ў наступным годзе, і потым разам са сваімі дзеткамі-выпускнікамі прыходзіць сюды, і разам з імі святкаваць. Атрымаць уражанні, якія запомняцца на ўсё жыццё. Знайсці новых сяброў, а можа, і сустрэць свой лёс. Хоць, магчыма, вы ўжо ўсе сюды прыйшлі са сваім лёсам. Вы малайцы, у вас усё наперадзе. Заставайцеся заўсёды на хвалі імкнення да поспеху, захоўвайце сваю настойлівасць у дасягненні мэт. І няхай гэтыя мэты будуць высокімі і высакароднымі", - пажадаў беларускі лідар.
"Яшчэ раз паўтараю: пры любых абставінах (вы бачыце, разумныя людзі, што робіцца ў свеце) беражыце сваё, нікому не аддавайце яго, прымнажайце яго. Як бы ні было складана і цяжка, беражыце. Страціце - потым не знойдзеце. Не вернеце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пасля выступлення Кіраўніка дзяржавы на сцэну выйшлі самі выпускнікі. Ад імя гасцей свята і ўсіх выпускнікоў краіны яны ўручылі Прэзідэнту памятны падарунак. Ён сімвалізуе кансалідацыю беларускага народа, захаванне і ўмацаванне ідэй міру ў Беларусі, стваральнай працы як галоўных умоў развіцця дзяржавы. Затым Аляксандр Лукашэнка разам з выпускнікамі адправіўся на назіральную пляцоўку да набярэжнай Свіслачы, каб паглядзець водна-вогненнае шоу.
Паказ завяршыўся маляўнічым феерверкам.