Рабочая паездка ў Нараўлянскі раён Гомельскай вобласці
- 28
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 красавіка зрабіў рабочую паездку ў Нараўлянскі раён Гомельскай вобласці.
Кіраўнік дзяржавы заслухаў даклад аб ходзе пасяўной у рэспубліцы.
Як далажыў Прэзідэнту Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў, на сённяшні дзень у Беларусі практычна завершана сяўба ранніх яравых культур. У Віцебскай вобласці засталося засеяць 8 тыс. га, але да 1 мая гэтыя работы плануюць завяршыць.
Што датычыцца ўсёй яравой сяўбы, то на 27 красавіка яна завершана напалову. Аграрыі амаль завяршылі сяўбу цукровых буракоў і лёну-даўгунцу, пасеялі пятую частку кукурузы ад запланаванага аб'ёму, пачалі пасадку бульбы.
"Трэба, каб была падрыхтавана глеба. Дзень і ноч можна папрацаваць і пасеяць. Цягнуць ужо не трэба, трэба сеяць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу і на неабходнасць унясення арганічных угнаенняў: "Без арганікі жыць немагчыма. Арганіка патрэбна".
Кіраўніку дзяржавы таксама далажылі, як мяняецца структура пасяўных плошчаў за дзесяць гадоў. Плошча пасеваў збожжавых каласавых была зменшана амаль на 150 тыс. га. Пры гэтым плошча пасеваў кукурузы на зерне павялічылася больш як у два разы. За кошт гэтага аграрыі плануюць выходзіць на ўзровень 3 млн т зерня кукурузы.
У час наведвання МТФ "Будкі" эксперыментальнай базы "Крынічная" ў Нараўлянскім раёне Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з арганізацыяй работы на малочнатаварных комплексах, вынікамі іх дзейнасці і планамі далейшага развіцця. Пасля чаго Прэзідэнт канстатаваў: "Дорага. Трэба старацца рабіць танней".
"Вельмі дарагі комплекс, вядома. Шыкоўны комплекс, такія мы ўсюды не пабудуем. Але і аддача павінна, зразумела", - зрабіў заключэнне Аляксандр Лукашэнка.
З-за кошту такі ўзор не падыдзе для масавага тыражавання па краіне. З гэтым згодны і старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. Паводле яго слоў, пры планаванні далейшых МТК па рэгіёне праекты карэкціруюцца з тым, каб іх аптымізаваць, выключыць усе празмернасці. "Век жыві, век вучыся. Карэкціруем кожны комплекс, робім (выкарыстоўваем. - Заўвага) больш бетону, - удакладніў ён. - Гэта праект 2020 года, мы яго да канца рэалізавалі. Абмяркоўваем на ўзроўні ўрада, міністэрства, выпрацоўваем меры, выключаем усё, што максімальна можна выключыць".
"Грошы трэба лічыць, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Нам трэба прыдумаць схему, каб яны "зубамі грызлі цану".
У якасці аргумента некаторыя прыводзяць тое, што гаспадаркі будуюць за свае грошы і маюць права выбіраць. Але ж дзяржава датуе сельскую гаспадарку, звярнуў увагу Прэзідэнт. "Маглі б сэканоміць грошы для іншых праектаў", - падкрэсліў ён.
Малочнатаварная ферма "Будкі", якую наведаў Кіраўнік дзяржавы, была ўведзена ў эксплуатацыю ў 2024 годзе. На ферме 927 галоў жывёлы, 600 з іх - малочныя каровы. Пры гэтым сама ферма разлічана больш як на 3,1 тыс. галоў жывёлы, з якіх 1,2 тыс. - малочныя каровы. Як далажылі кіраўніку дзяржавы, пасля выхаду фермы на поўную магутнасць плануецца штодзень рэалізоўваць прыкладна 40 т малака.
У перспектыве на эксперыментальнай базе плануюць пабудаваць лагер для адкорму буйной рагатай жывёлы. Гэта спецыяльна абсталяваная пляцоўка, якая ў цёплы час года выкарыстоўваецца для ўтрымання, кармлення і даення жывёл на пашах або паблізу ад іх.
Як далажыў Прэзідэнту Іван Крупко, у цэлым па рэгіёне Гомельскім аблвыканкамам прынята рашэнне пабудаваць 160 прафілакторыяў, разлічаных на 26 тыс. цялят. Цяпер па ўсіх гэтых аб'ектах пачаты ўжо работы. "Май на ўвазе: прафілакторыі - гэта не паратунак ад усіх праблем з падзяжом жывёлы. І ветэрынарыя - гэта таксама не галоўнае. Патрэбна арганізацыя і трэба чалавечае стаўленне да жывёлы", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама нагадаў аб нядаўнім даручэнні па выкарыстанні драўніны ў будаўніцтве цялятнікаў. Пры гэтым важна захоўваць тэхналогіі будаўніцтва і не траціць на гэта залішнія грашовыя сродкі. "Дрэва трэба выкарыстоўваць. Галоўнае, каб тэхналогіі былі. Не трэба выдумляць і траціць шалёныя грошы", - дадаў ён.
Беларускі лідар асобна спыніўся на тэме сельскай гаспадаркі ў гэтых мясцінах і высока ацаніў узровень земляробства. "За Прыпяццю тут вельмі высокі ўзровень земляробства не толькі для прыпяцкіх раёнаў, але і ўвогуле для краіны - калі гэта так усюды", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У час рабочай паездкі Прэзідэнту далажылі аб сітуацыі ў сельскай гаспадарцы Нараўлянскага раёна. Яе асаблівасць у тым, што на частцы ворных зямель гэтага раёна вядуць гаспадарчую дзейнасць арганізацыі Мазырскага раёна. Іх у свой час перадалі больш моцным, фінансава ўстойлівым гаспадаркам, якія былі здольныя іх асвоіць. Як у выпадку з малочнатаварнай фермай "Будкі", якая знаходзіцца ў Нараўлянскім раёне, а яе галаўная арганізацыя - эксперыментальная база "Крынічная" - у Мазырскім.
"Справіліся з гэтымі землямі?" - удакладніў Прэзідэнт і атрымаў станоўчы адказ.
Размова зайшла таксама і аб павелічэнні плошчаў за кошт вяртання ў сельгасабарот зямель, якія пацярпелі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Па ўсёй Гомельскай вобласці за год такім чынам прыбавілася 1,3 тыс. га. "Трэба адраджаць гэтыя землі. Чаго б нам ні каштавала - трэба вярнуцца да тых зямель, якія ў нас былі ў савецкія часы. І мы можам гэта зрабіць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Гэтыя так званыя чарнобыльскія землі... Так званыя, таму што я памятаю, як тады палітыку рабілі на гэтым, павыводзілі (землі з абароту. - Заўвага). А цяпер не так проста іх уводзіць, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Мы выпрацавалі пэўную схему, сістэму. Трэба глядзець на раён, на землі, колькасць гектараў і будаваць комплексы (малочнатаварныя комплексы. - Заўвага). Таму што вакол комплексу заўсёды будзе нармальная абстаноўка. Кармы патрэбны - будуць апрацоўваць нармальна зямлю".
"Калі вы будзеце гаспадарыць на зямлі так (як цяпер. - Заўвага)... І меліярацыйныя работы вы правялі, за Прыпяццю тут ідэальны (парадак. - Заўвага). Наогул для краіны, не толькі для прыпяцкіх раёнаў. Для краіны гэта вельмі высокі ўзровень земляробства на гэтых землях. Вельмі высокі ўзровень. Калі гэта так усюды", - сказаў беларускі лідар.
"Робім усё, каб было так усюды. Зразумела, што яшчэ ёсць над чым працаваць", - адказаў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.
Прэзідэнт звярнуў увагу на ўзаемазвязанасць галін сельскай гаспадаркі - раслінаводства, жывёлагадоўлі, забяспечанасці кармавой базай і ўгнаеннямі - для атрымання добрых вынікаў.
Яшчэ адзін аб'ект, які наведаў Кіраўнік дзяржавы ў час рабочай паездкі, - "Саўгас-камбінат "Зара". Прэзідэнт успомніў, як у свой час прымаў рашэнне аб перадачы зямель у Нараўлянскім раёне мазырскай "Зары", якая на той момант стабільна развівалася. І атрымалася аб'яднаная гаспадарка на плошчы больш як 11,5 тыс. га. "Добра, што ўзялі гэтыя землі нараўлянскія. Я перажываў. Думаю, вось так махнуў, аддаў... (А ў выніку. - Заўвага) Добра. І губернатар кажа, што малайцы", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт азнаёміўся з машынна-трактарным паркам сельгаспрадпрыемства ў Нараўлянскім раёне і арганізацыяй работы на мехдвары. Тут у даволі простых умовах праводзяць не толькі дробны рамонт тэхнікі, але і больш складаныя віды работ. Для гэтага ёсць усё неабходнае абсталяванне. "Вось, трэба вучыцца! - пахваліў Прэзідэнт. - Малайцы! Усё кампактна, нічога лішняга. Ідэальны машынны двор". Гэты вопыт Кіраўнік дзяржавы даручыў выкарыстоўваць у іншых гаспадарках, падобных па маштабах.
Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з адным з работнікаў, якога прадставілі як лепшага токара ў раёне. Прэзідэнт падкрэсліў, што акрамя асноўнай работы трэба абавязкова займацца настаўніцтвам, рыхтаваць падрастаючую змену. "У мяне ж ёсць. Вось, гвардыя, - з доляй гумару адзначыў кіраўнік дзяржавы. - А ў цябе?"
Акрамя таго, Прэзідэнту далажылі аб выкарыстоўваемай у гаспадарцы тэхналогіі плюшчэння кукурузы пры нарыхтоўцы кармоў. Такі спосаб больш эканамічны, чым драбненне, пры якім кукурузу патрабуецца папярэдне высушваць, а гэта - дадатковыя затраты. Кукурузу пасля плюшчэння закладваюць на захоўванне ў спецыяльныя рукавы, дабавіўшы туды кансервант. Такі корм падыходзіць для кармлення як свіней, так і БРЖ. У папярэднім сезоне "Зара" нарасціла аб'ёмы плюшчанай кукурузы ў чатыры разы, у гэтым плануюць павялічыць яшчэ. "Выдатна, тэхналогія добрая, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Правільна. Пры такіх пасевах і арыентацыі на кукурузу - гэта вялікая справа".
Аляксандр Лукашэнка падчас вялікай камандзіроўкі ў Гомельскую вобласць наведаў ААТ "Чырвоны мазыранін".
Як далажылі Прэзідэнту, асноўным рынкам збыту для "Чырвонага мазыраніна" з'яўляецца ўнутраны рынак, на ім фабрыка рэалізуе каля 70% сваёй прадукцыі. Асноўным пакупніком кандытарскіх вырабаў "Чырвонага мазыраніна" за мяжой з'яўляецца Расія. Але прысмакі, вырабленыя на кандытарскай фабрыцы ў Нароўлі, таксама пастаўляюцца ў Азербайджан, Арменію, Казахстан. У планах у прадпрыемства - выхад на рынкі такіх краін, як Кітай, Узбекістан, Таджыкістан.
Цяпер на "Чырвоным мазыраніне" завершана рэалізацыя інвестыцыйнага праекта ў рамках ініцыятывы "Адзін раён - адзін праект". Размова ідзе аб рэканструкцыі ірыснага ўчастка з укараненнем новага абсталявання. Кошт праекта склаў 4,5 млн рублёў, а яго рэалізацыя дала магчымасць паскорыць працэс вырабу прысмакаў і павысіць прадукцыйнасць лініі больш як у два разы.
"Пра новую лінію і яе запуск вы мне прасігналізавалі сваёй прадукцыяй. Мне перадалі вашу прадукцыю, - з усмешкай адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - І я ўзрадаваўся, што на "Чырвоным мазыраніне" нарэшце ірыс вырабляць пачалі, і па рэцэптуры старой".
Кіраўнік дзяржавы асабіста азнаёміўся з работай новай лініі вытворчасці ірысу. Нягледзячы на высокатэхналагічнае абсталяванне, рэцэптура не мяняецца больш як 80 гадоў, а для вырабу ірысу выкарыстоўваюцца толькі натуральныя інгрэдыенты, - напрыклад, ужо згаданае сметанковае масла і згушчанае малако.
На "Чырвоным мазыраніне" рэалізуецца і іншы інвестпраект, яшчэ больш маштабны і амбіцыйны. Гэта рэканструкцыя цукерачна-мармеладнага цэха з устаноўкай аўтаматызаванай лініі па вытворчасці пасцілы. Кошт праекта складае 11 млн рублёў, тэрміны рэалізацыі - 2024-2027 гады. Устаноўка аўтаматызаванай лініі дасць магчымасць павялічыць выпуск і пашырыць асартымент запатрабаванай прадукцыі фабрыкі.
У час наведвання прадпрыемства Кіраўніку дзяржавы для дэгустацыі была прапанавана як самая папулярная прадукцыя "Чырвонага мазыраніна" і фабрыкі "Спартак", так і навінкі.
Цукеркі "Кароўка" называюць хітом "Чырвонага мазыраніна". Іх да гэтага часу вырабляюць па сваёй класічнай рэцэптуры, якая не мянялася з 1947 года з выкарыстаннем сметанковага масла. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што добра ведае гэту прадукцыю.
Ад "Спартака" была прадстаўлена ў тым ліку лінейка прысмакаў без цукру, прадукцыя для дзяцей. Напрыклад, пячэнне "Печаняшкі", вафельныя вырабы "Крошкі-васьміножкі".
"Малайцы, робіце добра, - ацаніў Прэзідэнт. - Але не губляйце рынкі, і знешнія таксама", - арыентаваў Кіраўнік дзяржавы.


