Разгляд кадравых пытанняў
- 8
- 6:41
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 мая разгледзеў кадравыя пытанні.
Кіраўнік дзяржавы даў згоду на назначэнне:
Шундрыка Аляксандра Аляксандравіча - начальнікам галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
Пархамовіча Руслана Віктаравіча - старшынёй Гомельскага гарвыканкама;
Верамеева Аляксандра Аляксандравіча - старшынёй Мазырскага райвыканкама;
Саковіча Аляксандра Віктаравіча - генеральным дырэктарам ААТ "Беларускі металургічны завод - кіруючая кампанія холдынга "Беларуская металургічная кампанія";
Аляксея Юрыя Мар'янавіча - членам Гродзенскага аблвыканкама;
Матусевіча Уладзіміра Уладзіміравіча - намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення па забеспячэнні дзейнасці камісій Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.
Прымаючы кадравыя рашэнні, Аляксандр Лукашэнка адзначыў сур'ёзны вопыт новага кіраўніка Гомеля Руслана Пархамовіча. "Вялікі вопыт, вельмі вялікі - член Урада, з кадрамі давялося працаваць. Думаю, гэта Івану Іванавічу (старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. - Заўвага) будзе добрая падмога", - сказаў ён.
Да гэтага часу Руслан Пархамовіч займаў пасаду памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектара па Гомельскай вобласці. А яшчэ раней узначальваў Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.
Прэзідэнт пацікавіўся ў новага старшыні Гомельскага гарвыканкама, чаму ён для сябе прыняў такое рашэнне і згадзіўся на гэту пасаду. "Я больш схільны да практычнай дзейнасці. Паспрабаваў сябе ў розных іпастасях. Але работа "ў полі", напэўна, для мяне больш зручная. Я даволі паглыблены ў сітуацыю ў другім па велічыні горадзе нашай краіны. Бачу, што ёсць перспектывы для горада. Трэба пазаймацца камуналкай, будоўляй. Трэба пазаймацца ў тым ліку і аховай здароўя з адукацыяй. Ёсць апорныя кропкі. Але рэзерваў у горада дастаткова", - адказаў новы кіраўнік горада.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Гомель - гэта сапраўды буйнейшы горад краіны, калі не ўлічваць сталіцу - горад Мінск. "Прыгожы горад. Нямала там зрабілі апошнім часам для таго, каб ён выглядаў. Вады там хапае. Людзі там вельмі добрыя. У Гомелі і на Гомельшчыне наогул людзі добрыя. Таму працаваць там можна. Я вельмі спадзяюся, што з прыходам новага мэра Гомеля там усё пойдзе ў лепшы бок. Толькі больш вопыт у цябе ўжо вялікі. Таму вельмі хачу, каб атрымалася. Толькі наперад", - даў наказ Кіраўнік дзяржавы.
Узгадняючы назначэнне Аляксандра Саковіча генеральным дырэктарам БМЗ, Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як ідуць справы на прадпрыемствах, якія ўваходзяць у холдынг. Акрамя самога БМЗ, гэта таксама Мінскі падшыпнікавы завод, "Палессеэлектрамаш", Магілёўскі металургічны завод і "Кобрынскі інструментальны завод "СІТОМО", а таксама філіял "Папаратнае-Агра". "Яны ўсе дыхаюць нармальна, яны ў рабочым стане ці там праблемы?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.
"Яны ўсе працуюць, але ёсць шэраг праблем, якія неабходна будзе вырашаць", - адказаў Аляксандр Саковіч.
Што датычыцца Магілёўскага металургічнага завода, Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой далажыў, што сітуацыя там таксама патрабуе ўвагі. Нядаўна адпаведныя пытанні абмяркоўваліся на пасяджэнні выканкама. Адзначаецца зніжэнне аб'ёмаў вытворчасці, з-за шэрага прычын давялося прымаць кіраўніцкія рашэнні.
"Ты ж разумееш, што скідкі тут ніякай не будзе. Тым больш - начальнік упраўлення Урада (Аляксандр Саковіч раней займаў пасаду начальніка ўпраўлення прамысловай палітыкі Апарату Савета Міністраў. - Заўвага). Гэта значыць, адказваеш у тым ліку і за гэты напрамак. І металургічны завод наш, БМЗ, - гэта вельмі сур'ёзнае прадпрыемства. І, дарэчы, не самае горшае было. Таму трэба вырабляць і прадаваць, - даў наказ беларускі лідар. - Таму спасылак не павінна быць ніякіх. Па-мужчынску прыйшоў і пачаў працаваць. Глядзі, з кім працаваць, як працаваць - гэта ўжо твая справа".
Дзмітрый Крутой нагадаў, што яшчэ раней Аляксандр Саковіч быў намеснікам кіраўніка БМЗ, а таму ў цэлым ведае спецыфіку прадпрыемства.
Узгадняючы назначэнне Аляксандра Верамеева на пасаду старшыні Мазырскага райвыканкама, Кіраўнік дзяржавы спытаў: "Галава не закруціцца ад такіх узлётаў у цябе?"
"Не, таварыш Прэзідэнт", - адказаў Аляксандр Верамееў.
"Таму што ты неяк хутка апошнім часам па гэтай кар'ернай лесвіцы ўзнімаўся. Але заслужана. Я, мусіць, не памыляюся, Дзмітрый Мікалаевіч, вы ж вывучалі?" - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыя Крутога.
"Вядома, таварыш Прэзідэнт", - пацвердзіў Кіраўнік Адміністрацыі.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на якасці, якія станоўча характарызуюць Аляксандра Верамеева як кіраўніка, які да гэтага часу ўзначальваў Петрыкаўскі раён, а раней працаваў у аграрнай сферы: "Ён, нягледзячы на кароткі прамежак, два-тры гады працуючы на пасадзе якой-небудзь, вельмі паглыбляўся і ўнікаў. Самае галоўнае, у цябе за плячамі вопыт работы добрых прадпрыемстваў. У сельскай гаспадарцы гэта "Палессе-Аграінвест". Гэта ж нядрэннае прадпрыемства. Але пры табе дабаўляла, калі ты быў кіраўніком. Мяне падкупляе тое, што ты ўнікаў у вытворчасць. Ты - сістэмны чалавек. Прынамсі, у Петрыкаўскім раёне я бачыў гэта і адчуваў".
Разам з тым Прэзідэнт звярнуў увагу на асаблівасці Мазырскага раёна і яго вялікія маштабы. "Гэта гіганцкі раён. Гэта вялікая прамысловасць. Давядзецца бачыць і прамысловыя прадпрыемствы. Нягледзячы на тое, што яны, магчыма, рэспубліканскага падпарадкавання. Там чужых няма прадпрыемстваў. Там усе твае будуць. Таму я вельмі спадзяюся, што твой характар, такая палеская ўпартасць па-сапраўднаму дадуць магчымасць нам і на рэспубліканскім узроўні спрацаваць так, як мае быць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

