Разгляд кадравых пытанняў
- 18
- 4
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 сакавіка разгледзеў кадравыя пытанні.
Кіраўнік дзяржавы назначыў:
Невяроўскага Аляксандра Віктаравіча - першым намеснікам Дзяржаўнага Сакратара Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь;
Гарбаценку Андрэя Міхайлавіча - намеснікам Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь;
Залескага Віталя Генадзьевіча - першым намеснікам Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь;
Труханава Аляксея Валянцінавіча - намеснікам Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь;
Фісенку Ігара Валянцінавіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Славацкай Рэспубліцы;
Нікалайчыка Юрыя Уладзіміравіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Зімбабвэ;
Аляшкевіча Максіма Мікалаевіча - намеснікам Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю;
Красоўскага Дзмітрыя Анатольевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Аб'яднанай Рэспубліцы Танзанія па сумяшчальніцтве.
Кіраўнік дзяржавы таксама даў згоду на назначэнне:
Жыдзецкага Сяргея Сцяпанавіча - старшынёй Столінскага райвыканкама;
Зубеля Сяргея Віктаравіча - старшынёй Лагойскага райвыканкама;
Уласаўца Аляксандра Андрэевіча - кіраўніком адміністрацыі Маскоўскага раёна г.Брэста;
Ефімовіча Мікалая Міхайлавіча - кіраўніком адміністрацыі Ленінскага раёна г.Брэста;
Каласоўскай Анастасіі Мікалаеўны - рэктарам УА "Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў";
Дарожкі Анатоля Андрэевіча - старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці;
Іглікава Аляксея Аляксеевіча - старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці;
Зубовіча Аляксея Іванавіча - намеснікам Міністра эканомікі;
Зенчанкі Яўгена Валянцінавіча - першым намеснікам Старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях;
Каленіка Віталя Станіслававіча - дырэктарам арганізацыйнага дэпартамента Выканаўчага камітэта СНД;
Бельчыка Івана Іванавіча - начальнікам дэпартамента эканомікі і галіновых праграм Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы;
Чарналеўскага Аляксея Юр'евіча - начальнікам дэпартамента прававога забеспячэння Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы;
Дзенісенкі Вадзіма Іванавіча - начальнікам дэпартамента абароннай прамысловасці і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы;
Петрашовай Вольгі Уладзіміраўны - першым намеснікам адказнага сакратара Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі (прадаўжэнне тэрміну працы);
Маркевіча Аляксандра Іванавіча - намеснікам адказнага сакратара - начальнікам Апарату Прадстаўніцтва Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі ў Рэспубліцы Беларусь;
Сташкевіча Сяргея Віктаравіча - намеснікам начальніка Апарату Прадстаўніцтва Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі ў Рэспубліцы Беларусь;
Жвірыдоўскай Святланы Люціянаўны - намеснікам начальніка галоўнага прававога ўпраўлення Сакратарыята Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.
Праводзячы кадравыя прызначэнні ў Дзяржаўным сакратарыяце Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнт адзначыў, што назначаным на новыя пасады Аляксандру Невяроўскаму і Андрэю Гарбаценку давядзецца працаваць у няпросты перыяд. "Няпросты не таму, што нас акружаюць розныя прахіндзеі ад палітыкі і ў ваенных адносінах нашы сапернікі (калі не сказаць больш жорстка). Не таму", - удакладніў Кіраўнік дзяржавы.
Складанасць будучай работы тлумачыцца перш за ўсё сур'ёзнасцю задач, якія трэба будзе вырашаць. Вызначаны яны былі ў тым ліку ў час правядзення раптоўнай праверкі Узброеных Сіл, якая была арганізавана па рашэнні Прэзідэнта і, як сказаў Аляксандр Лукашэнка, будзе прадоўжана. "Гэта прыклад, як мы будзем дзейнічаць далей", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Аляксандр Віктаравіч прымаў непасрэдны ўдзел у гэтай праверцы, бачыў усё сваімі вачамі. Думаю, і вы не ўбаку былі", - звярнуўся Прэзідэнт да прысутных.
"У бліжэйшы час мы падвядзём вынікі. І вось тут для вас вельмі сур'ёзны час, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Самая галоўная выснова, якую мы павінны зрабіць з гэтай праверкі, я ўжо нядаўна абазначыў: мы павінны па-сапраўднаму рыхтаваць афіцэрскі склад. Гэта ўжо ваша цяперашняя задача. Ды яна будзе перад вамі стаяць заўсёды. З гэтым прыцэлам я і вырашыў назначыць вас - каб мы бачылі гэту галоўную праблему".
"Ідэальных ваеннаслужачых не будзе. Нават у ваенны час. Мы гэта бачым па Украіне з аднаго і другога боку. Гэта мая асабістая выснова, і не толькі мая. Людзі будуць розныя: і добра падрыхтаваныя, і менш падрыхтаваныя. Але я загадзя папярэджваю ўсіх: хто будзе добра гатовы да вайны, той будзе жыць. Хто цяп-ляп - той жыць не будзе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён яшчэ раз падкрэсліў важную ролю афіцэрскага складу ў сітуацыі вядзення баявых дзеянняў: "Галоўнае - гэта афіцэр, камандзір узвода, роты і гэтак далей. Калі ён будзе падрыхтаваны, ён захавае салдат, сваіх падначаленых, ён захавае хлопцаў на полі бою. Тое, чаго яны не дацягваюць з-за сваёй расхлябанасці: "Ай, чаго там, не будзе гэта вайна..." У вайне, у баі гэта ўсё будзе праяўлена. І тое, чаго яны не разумелі ў час грамадзянскага жыцця, афіцэр у ваенны час павінен падказаць ім, як дзейнічаць".
"Сказаць, што ў нас ідэальна ў гэтых адносінах, - не. І гэта вашы недапрацоўкі. Таму на новай пасадзе вы строга павінны кантраляваць падрыхтоўку нашых ваеннаслужачых не толькі ў часцях Узброеных Сіл, але і ў акадэміі (Ваеннай акадэміі. - Заўвага)", - абазначыў кола задач Прэзідэнт.
Пры назначэнні Віталя Залескага і Аляксея Труханава новымі намеснікамі Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Гаварыць пра навуку не стану, вельмі многае сказана. Без навукі няма развіцця. Што датычыцца нашай навукі, я не скажу, што мы тут загніваем з пункту гледжання навукі. Але тое, што дае нам навука, асабліва для прыкладных напрамкаў, гэта вельмі недастаткова. Вы гэта добра ведаеце. Тое, што нам трэба ўзварухнуць Акадэмію навук, - гэта факт. Я таксама пра гэта гаварыў. Для гэтага туды і накіраваны чалавек адносна малады, дзейны, які разумее, што ад яго патрабуецца (гаворка пра Старшыню Прэзідыума НАН Уладзіміра Караніка. - Заўвага)".
"Але адзін у полі не воін. Яму была пастаўлена задача знайсці такіх, як вы, - маладых, але вопытных, на якіх можна абаперціся. Разам і наперад!" - даў наказ Аляксандр Лукашэнка.
Прымаючы кадравае рашэнне па назначэнні пасла Беларусі ў Зімбабвэ, Прэзідэнт адзначыў: "Зімбабвэ - гэта не геаграфічна, а па-філасофску ўваход, вароты ў Афрыку".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што найбольш актыўна ў Афрыцы развіваецца супрацоўніцтва Беларусі менавіта з Зімбабвэ, і гэта дае адчувальныя добрыя вынікі. "Мы дапамаглі ім атрымаць неабходны ўраджай збожжавых (хоць гэта, напэўна, яшчэ палова таго, што можна). І яны забяспечылі сябе прадуктамі харчавання. Пакрыху ў ахове здароўя, адукацыі, па іншых напрамках рухаемся. Яны закупляюць нашу тэхніку, мы абучаем іх, вучым, як на ёй працаваць, перадаём тэхналогіі".
Асобна Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў ролю зімбабвійскага лідара Эмерсана Мнангагвы. "Галоўнае, што Прэзідэнт Мнангагва, які карыстаецца аўтарытэтам у Афрыцы, - гэта самы лепшы наш прапагандыст і агітатар. Яго чуюць, слухаюць усе прэзідэнты, і ён кажа прама: беларусы нас выратавалі, яны забяспечылі нашу харчовую бяспеку".
"З гэтага пункту гледжання для нас гэта - вароты", - удакладніў Аляксандр Лукашэнка. І прывёў у якасці прыкладу супрацоўніцтва з Мазамбікам, які, знаходзячыся побач з Зімбабвэ і бачачы вынікі ўзаемадзеяння з Беларуссю, таксама выказаў зацікаўленасць у актывізацыі адносін. "Вельмі хочуць, каб мы ім таксама дапамаглі. А нам гэта выгадна. Гэта ўзбярэжжа, там ёсць парты, якія трэба ў парадак прывесці. Зімбабвэ не мае выхаду, як і мы, да мора, але праз Мазамбік мы можам пастаўляць свае тавары ва ўсю Паўднёвую Афрыку, а магчыма, і далей", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Звяртаючыся да новага пасла, Прэзідэнт дакладна абазначыў для яго прыярытэты ў рабоце: "Там трэба будзе ўпірацца і даваць вынік. Калі гэтага выніку не будзе (а я ж адсюль падштурхоўваю нашых прадпрымальнікаў, каб яны ехалі і працавалі - як прыватнікі, так і дзяржпрадпрыемствы, кіраўнікі), яны адразу ж мне скажуць, што пасол не той".
Наконт Ігара Маршалава, які да гэтага часу ўзначальваў беларускую дыпмісію ў Зімбабвэ, Кіраўнік дзяржавы сказаў: "Нібыта, не яго работа. Малады хлопец. Страчваць мы нікога не збіраемся. Калі не яго, не атрымліваецца, зразумела, трэба шукаць іншую кандыдатуру. Мы знайшлі".
"Што датычыцца Славакіі, - дружалюбная нам краіна. Мае сваё слова. Мы адпаведна да іх павінны ставіцца, па-чалавечы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, назначаючы Ігара Фісенку паслом у гэту краіну.
Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што асабіста знаёмы з Робертам Фіца, Прэм'ер-міністрам Славакіі, які з прычыны сваёй пасады адыгрывае ключавую ролю ў кіраванні краінай. У іх склаліся добрыя адносіны. Палітыкі сустракаліся, абмяркоўвалі многія праблемы. "Разважлівы чалавек, які вельмі перажывае за сваю краіну. Ну і не забыў, адкуль яго карані", - ахарактарызаваў Прэм'ер-міністра Прэзідэнт Беларусі.
Узгадняючы назначэнне Анастасіі Каласоўскай рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пры разглядзе яе кандыдатуры на пасаду рэктара быў здзіўлены адным з фактаў біяграфіі. Яе адукацыя, прафесійная дзейнасць і сфера навуковых інтарэсаў звязаны з вывучэннем архітэктуры. "Я крыху здзівіўся, калі ўбачыў кандыдатуру, падумаў, чаму мы раней яе не ўбачылі, - сказаў Прэзідэнт. - Архітэктар у культуры - я гэта вітаю заўсёды. А ў той жа час разумее, як гэта там працаваць, у гэтай ВНУ, і вопыт наконт гэтага ёсць".
"Калі парадак навядзеш у гэтай акадэміі, то нам па некаторых напрамках і чалавека шукаць не трэба, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Не бывае ліха без дабра, а дабра - без ліха. Думаю, што ў перспектыве мы можам атрымаць добры вынік. Толькі каб там па-сапраўднаму, зыходзячы з вопыту прарэктарскай работы кіравала гэтым калектывам. Ведаеш, ён няпросты, усе творцы, як архітэктары. Усе разумеюць, усе ўсё ведаюць. Гэта ў Міністэрстве замежных спраў і ў культуры (так звычайна бывае. - Заўвага). Толькі трэба разумець, што ёсць яшчэ жыццё, якое нас часта карэкціруе і ў мастацтве, творчасці, і ў замежных справах".
Прэзідэнт пры ўзгадненні назначэнняў кіраўнікоў раёнаў горада Брэста падкрэсліў важнасць трымання гэтага абласнога цэнтра ў належным парадку.
"Што такое Брэст, мне вам не расказваць. Для мяне ён таксама родным некалі стаў. Вельмі люблю гэты горад. Можа, і менш бываю, чым у нейкіх іншых. Хоць стараюся не крыўдзіць, наведваю Брэст. Буду і ў гэтым годзе. Таму для мяне вельмі важна, каб Брэст быў прыгожым, у парадку. Мы і нямала зрабілі ў свой час для Брэста, і трымаем на кантролі, асабліва я, развіццё гэтага горада", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прымаючы кадравыя рашэнні, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не чакае моцных паводак у краіне, нягледзячы на снежную зіму.
"Хачу публічна сказаць, што калі нехта чакае вялікай вады ў гэтым годзе, той памыляецца. Таму што там, дзе ёсць снег, ён выпадаў у марозны час. А калі мароз мінус 20-30 градусаў, ён не зляжалы - кучай ляжаў. І як толькі адліга, ён даў усадку. І вось я глядзеў у лесе, на палях. Ну, 20-30 см (вышыня снежнага покрыва. - Заўвага) самае вялікае - там, дзе задзімала, намятала гэты снег", - сказаў Прэзідэнт.
Разам з тым ён канстатаваў, што гэта значна больш, чым у мінулыя гады: "Эмчээснікі правільна робяць, што рыхтуюцца да паводак. Снег усё ж такі больш выпадаў. Але яго будзе не шмат. Ён утрамбаваўся. Адліга, якая з'явілася ў канцы лютага - пачатку сакавіка, яна яго на месца паставіла. Ён утрамбаваўся і вялікага снегу няма".
Гаворачы аб Брэсцкім рэгіёне, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што там ужо застаецца зусім няшмат снегу, а месцамі ён і зусім ужо цалкам сышоў. "Сеяць пачнём вельмі рана і брастаўчанам таксама трэба будзе да гэтага падключацца зыходзячы з тых задач, якія мною пастаўлены былі ў суботу перад мінчанамі. Гэта ўсіх датычыцца - шэфская дапамога", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Без вас, без горада мы не абыдземся. Вы пазабіралі з вёскі ўсю рабочую сілу фактычна. Цяпер трэба недзе падключацца і дапамагаць. Гэта трэба рабіць своечасова. Таму што калі мы празяваем - сельская гаспадарка апусціцца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт абазначыў падыходы ў навядзенні парадку ў сельгасарганізацыях. Тэрмін - на працягу бягучага года.
Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, згадаў аб наведванні сельгаспрадпрыемства ААТ "Нястанавічы-Агра" ў Лагойскім раёне 28 лютага. І так супала, што Прэзідэнт у кадравы дзень якраз узгадніў назначэнне новага старшыні Лагойскага райвыканкама - Сяргея Зубеля.
"Аб Лагойску (планах змяніць кіраўніка выканкама. - Заўвага) мяне папярэдзілі, калі я быў на гэтым прадпрыемстве. Нібыта нядрэннае і надоі добрыя. І правільна, што з гэтага прадпрыемства бяруць цялят на адкорм некуды, для ўзнаўлення цялушак пакідаюць. Сістэма быццам бы адпрацавана і кіраўніцтва гаспадаркі - жанчына гэта (Настасся Кузьміна. - Заўвага) - разумее, як трэба выбудоўваць. Але, як заўсёды, у нас у вёсцы у асобных гаспадарках парадку няма. Нам патрэбны парадак. І ў бягучым годзе, гэта датычыцца не толькі Лагойска, нам трэба навесці парадак", - сказаў Прэзідэнт.
"Як я былому старшыні сказаў: комплекс там пабудавалі, усё зачысцілі. Калі трэба, папрасі ў губернатара людзей - ён з прамысловасці дасць (у рамках шэфскай дапамогі. - Заўвага). Падмялі, выбудавалі, зрабілі. Кіраўніку (сельгаспрадпрыемства. - Заўвага) паказаў - распішыся. Распісаўся. Вось так павінна быць. Нікуды не дзенемся. Патрэбны кантроль", - абазначыў патрабуемы падыход Кіраўнік дзяржавы.
"Сказаць, што ў нас прыватныя, фермерскія гаспадаркі ў гэтых адносінах ірванулі... Нічога падобнага. Ёсць добрыя фермерскія гаспадаркі, вынік даюць. Але парадку такога няма. Таму гэта агульная бяда", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт прапанаваў змяніць схему выдзялення датацый у сельскай гаспадарцы. "Трэба прыйсці да таго, каб мы, паглядзеўшы за апошні час па кожнай гаспадарцы, колькі мы іх там даціравалі, - аддалі кіраўніку і няхай яны пад кантролем старшынь райвыканкамаў трацяць гэтыя грошы. У цэлым, можа, аддаваць ім гэтыя датацыі, за кошт якіх мы падтрымліваем вёску. І няхай яны разбіраюцца", - прапанаваў Кіраўнік дзяржавы.
"Цяпер Саўмін рыхтуе такія прапановы", - сказаў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой, які таксама прысутнічаў пры прыняцці кадравых рашэнняў.
"Нам трэба падумаць. З імі (кіраўнікамі мясцовых органаў улады. - Заўвага) параіцца. Яны ведаюць лепш і падкажуць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт растлумачыў, што не павінна быць перакосаў, калі тая ці іншая сфера вытворчасці ў АПК атрымлівае большае развіццё на фоне датацый. "Цяпер усе ўбачылі: "Малако - гэта прасцей, і датацыі тут - гэта рэнтабельна. А адкорм бычкоў і гэтак далей - гэта не рэнтабельна, гэта нам не цікава", - прывёў прыклад Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама ў цэлым звярнуў увагу, што аграрная сфера, як і любы бізнес, павінна самастойна зарабляць і не разлічваць на пастаянныя дапамогу і падтрымку.
"Мы вызначыліся, дзе аграгарадкі, як іх развіваць, як будаваць. Будзем упор рабіць на аграгарадкі. Там будзем будаваць арэнднае жыллё для таго, каб у вас былі заатэхнікі і ветэрынары. Усім, чым можам, мы будзем дапамагаць вам і падтрымліваць, але каб вы не думалі, аграрыі, што мы пастаянна будзем вас, як у народзе кажуць, няньчыць і насіць на руках. Гэтага не будзе. Гэта - прадпрымальніцтва, бізнес, вытворчасць. Вы павінны самі зарабляць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.


