Рабочая паездка ў Астравецкі раён Гродзенскай вобласці
- 45
- 4
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 лістапада наведаў з рабочай паездкай Астравецкі раён Гродзенскай вобласці.
Першым пунктам маршруту Прэзідэнта стала Беларуская атамная электрастанцыя. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб завяршэнні будаўніцтва і прыёмцы ў эксплуатацыю АЭС, аб інтэграцыі БелАЭС у эканоміку краіны і перспектывах супрацоўніцтва дзяржкарпарацыі "Расатам" з Рэспублікай Беларусь у атамнай энергетыцы і сумежных высокатэхналагічных галінах.
Пётр Пархомчык, віцэ-прэм'ер і старшыня прыёмачнай камісіі БелАЭС, далажыў, што ўсе члены камісіі падпісалі акт прыёмкі другога блока ў прамысловую эксплуатацыю.
Кіраўнік дзяржавы абазначыў пытанне аб перспектывах далейшага супрацоўніцтва з "Расатамам". "Мне не хочацца вас з Беларусі адпускаць", - сказаў ён гендырэктару дзяржкарпарацыі Аляксею Ліхачову.
"А нам не хочацца сыходзіць", - адказаў ён.
Аляксей Ліхачоў падкрэсліў камфортную і плённую працу на аб'екце разам з беларускімі спецыялістамі. Ён запрасіў беларускі бок падключыцца і да замежных будоўляў "Расатама": "Нам камфортна працаваць, агульная культура, перакладчыкі не патрэбны ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Мы запрашаем вас актыўна на нашы замежныя будоўлі". Ён дадаў, што беларускія кампаніі і спецыялісты прымаюць удзел ва ўзвядзенні вялікай атамнай электрастанцыі ў Егіпце, ёсць дамоўленасці аб іх магчымым удзеле ў будаўніцтве АЭС у Венгрыі.
"Па меры пашырэння нашай прысутнасці на глабальным рынку мы будзем поплеч ісці", - запэўніў ён беларускі бок.
Паводле яго слоў, расійскія спецыялісты будавалі АЭС у Беларусі "як сабе" і гэтак жа да яе будуць ставіцца на этапе эксплуатацыі, уключаючы гарантыйнае абслугоўванне, забеспячэнне запчасткамі, правядзенне рамонтных работ, падрыхтоўку кадраў і гэтак далей. "Ні ў якім разе не прэтэндуючы на кіраванне і тэхналагічны суверэнітэт, мы ўсё, што будзе неабходна, будзем прадастаўляць у максімальна камфортным варыянце", - растлумачыў Аляксей Ліхачоў.
Гаворачы аб уводзе ў эксплуатацыю Беларускай АЭС, ён заявіў, што краіна такім чынам імкліва ўварвалася ў мінулым годзе ў атамную эліту свету па долі вытворчасці атамнай энергіі.
Калі размова ішла аб магчымых перспектывах развіцця атамнай энергетыкі ў Беларусі, Прэзідэнт пацікавіўся ў Аляксея Ліхачова, дзе, на яго думку, можна размясціць трэці энергаблок, калі раптам у будучым такая неабходнасць з'явіцца.
Кіраўнік "Расатама" адзначыў, што з пункту гледжання будаўніцтва яшчэ аднаго блока на БелАЭС, калі будзе такая неабходнасць, праблем не ўзнікне. Ёсць магчымасць развіваць пляцоўку. "Мы фактычна разглядаем энергасістэму як калі не адзіную, то шмат у чым вельмі кампліментарную паміж Расіяй і Беларуссю. У гэтым сэнсе трэба, каб нашы міністэрствы энергетыкі, нашы ўрады выпрацавалі план", - растлумачыў ён.
Але плануючы на будучыню, трэба думаць не маштабамі дзесяцігоддзяў, упэўнены Аляксей Ліхачоў, а разлічваць зыходзячы з перспектыў на 60-70 гадоў. Напрыклад, ужо відавочна, што будзе мець месца больш высокі ўзровень электраруху, а для гэтага трэба генерыраваць электрычнасць.
"У гэтым сэнсе ўстойлівая зялёная атамная энергетыка з'яўляецца базай нават для электраруху. Для гэтага патрэбны адпаведныя заправачныя станцыі, механізмы. Нам ёсць чаму ў Беларусі тут павучыцца. Вы рухаецеся наперад у гэтых адносінах", - звярнуў увагу кіраўнік "Расатама".
Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, заявіў, што абмяркоўваў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным электрыфікацыю дарогі ад Брэста да Казані і далей - стварэнне інфраструктуры для электратранспарту. Тым больш тэхналогіі ў гэтай сферы ідуць наперад. "Пархомчык ужо навучыўся з вашымі энергетыкамі запраўляць электрычнасцю аўтобус на хаду. Паўтара ці колькі кіламетраў правады. Ён падняў "рагаціны", праехаў паўтара кіламетра - ён гатовы, заправіў батарэю. Гэта наогул прагрэс вялікі - не трэба спыняцца", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.
У час наведвання БелАЭС Прэзідэнт агледзеў тэрыторыю станцыі, наведаў пункт кіравання другога энергаблока атамнай электрастанцыі.
Гендырэктар "Расатама" перадаў Аляксандру Лукашэнку сімвалічны пашпарт БелАЭС, які сведчыць аб гатоўнасці аб'екта.
"Тэрмін службы ад 60 гадоў. Разлічваем, што да 100 будзе працаваць", - сказаў Аляксей Ліхачоў.
"Аляксандр Рыгоравіч, Ваша даручэнне аб узвядзенні і ўводзе атамнай электрастанцыі ў эксплуатацыю выканана. Гэты маштабны праект выконваўся разам з нашым стратэгічным партнёрам - дзяржкарпарацыяй "Расатам". Гэта надзейная, бяспечная, эканамічная станцыя, якая працуе ўжо на эканоміку краіны, - сказаў Міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч. - БелАЭС - гэта не толькі ўмацаванне энергетычнай бяспекі, гэта сапраўды вялікі крок у тэхналагічным развіцці нацыянальнай эканомікі. А ўсё гэта - паляпшэнне якасці жыцця людзей".
Кіраўнік дзяржавы даручыў размясціць сімвалічны пашпарт БелАЭС на бачным месцы ў Палацы Незалежнасці як экспанат хоць і невялікі, але вельмі каштоўны, які мае важнае значэнне для развіцця краіны.
Генеральны дырэктар "Расатама" Аляксей Ліхачоў агучыў Кіраўніку дзяржавы свае прапановы. Адна з іх датычылася стварэння ў Беларусі гігафабрыкі і цэнтра ядзернай медыцыны.
Што датычыцца гігафабрыкі, то такая вытворчасць ужо ёсць у Расіі. Размова аб вытворчасці накапляльнікаў і ключавых электронных кампанентаў для электратранспарту. З улікам актыўнага развіцця сферы электратранспарту ёсць магчымасць рэалізаваць такі праект і ў Беларусі.
Больш таго, у Расіі ў гэтым плане ўзяліся сур'ёзна за Маскву, каб больш шырока выкарыстоўваць электратранспарт. "Мы лакалізавалі вытворчасць, тэхналогію. Максімальна яе адаптуем да расійскага тэхналагічнага ландшафту. Мы пастаўляем ужо вам. Гэта і БЕЛАЗ, і "Белкамунмаш", і МАЗ - цягавыя батарэі", - заўважыў Аляксей Ліхачоў.
Паколькі Беларусь - машынабудаўнічая дзяржава, ён прапанаваў рашэнне па так званай цялежцы - усёй платформе, куды ўваходзіць не толькі зараднае ўстройства, але і рухавічок, сістэма кіравання. "Але нам вельмі важна гэта сканцэнтраваць у адным месцы, - растлумачыў кіраўнік "Расатама". - Ісці па шляху лакалізацыі, а потым стварэння гігафабрыкі тут (у Беларусі. - Заўвага) - гэта вельмі правільна". На яго думку, стварэнне гігафабрыкі ў Беларусі - гэта "не мара, а цалкам рэальная задача".
Яшчэ адна сфера, дзе "Расатам" гатовы дзяліцца вопытам і тэхналогіямі, - стварэнне ў краіне цэнтра ядзернай медыцыны. На думку Аляксея Ліхачова, яго стварэнне можа стаць адным з праектаў у рамках Саюзнай дзяржавы.
Ёсць перспектывы развіцця супрацоўніцтва і па іншых напрамках, уключаючы прамысловасць, лічбавыя і адытыўныя тэхналогіі.
Па шэрагу напрамкаў расійская дзяржкарпарацыя ўжо супрацоўнічае з беларускімі ўстановамі навукі і аховы здароўя. Напрыклад, пастаўляюцца лінейныя паскаральнікі для дыстанцыйнай тэрапіі. Аляксей Ліхачоў прапанаваў уключыць медустановы Беларусі ў сістэму паставак самых сучасных радыефармпрэпаратаў.
"Мы прапануем (і першыя крокі ўжо зроблены) адкрыць цэнтр адытыўных тэхналогій у Беларусі. Гэта заўтрашні дзень машынабудавання, і кадры трэба рыхтаваць, тэхналогіі ўкараняць, ёсць яшчэ над чым працаваць", - удакладніў Аляксей Ліхачоў.
Асобна ён закрануў тэму развіцця лічбавых тэхналогій у Беларусі і прызнаўся, што гадоў пяць таму са здзіўленнем даведаўся, што кампетэнцыі шэрага прадпрыемстваў перавышаюць узровень нават "Расатама". З некаторымі з іх дзяржкарпарацыя арганізавала сумесныя праекты. "Яны запатрабаваны, будуць замяшчаць імпартныя пастаўкі, ад якіх нас адрэзалі. З іх вынікаюць яшчэ і практычныя рашэнні, напрыклад, лічбавыя трэнажоры для энергетыкі, мадэляванне пры стварэнні вытворчасцей", - адзначыў кіраўнік "Расатама". Ён расказаў і аб прыватнай беларускай кампаніі, якая валодае лічбавым кодам па кіраванні жыццёвым цыклам вытворчасці, а такіх кодаў у свеце ўсяго 6-7.
Частка прапаноў сумеснай дзейнасці датычылася работы з прамысловымі адходамі, стварэння альянсаў у сферы ветраэнергетыкі.
Рэзюмуючы ўсё сказанае, Аляксей Ліхачоў адзначыў, што сумесна з беларускім бокам плануецца падрыхтаваць праект міжурадавых мемарандума і праграм.
У час наведвання БелАЭС Прэзідэнт адказаў на пытанні расійскіх журналістаў.
Кіраўніку дзяржавы задалі пытанне, на што "з улікам здаровага беларускага прагматызму" могуць быць выкарыстаны астатнія расійскія крэдытныя рэсурсы, якія былі сэканомлены пры будаўніцтве БелАЭС.
"Менш узялі - менш аддаваць. Гэта зразумела. Што датычыцца размеркавальных сетак (таго, каб патраціць гэтыя сродкі на развіццё размеркавальных электрасетак. - Заўвага), у нас абсалютна ніякіх няма праблем. Калі нешта трэба, гэта не праблема", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, пакуль на ўзроўні дыскусій у Беларусі вядзецца размова аб перспектыве падваення магутнасцей атамнай энергетыкі. "Нам хацелася б падвоіць. Тады беларусы будуць у шакаладзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. У якасці магчымых шляхоў рэалізацыі такой задумкі Прэзідэнт назваў будаўніцтва другой станцыі на іншай пляцоўцы (у Магілёўскай вобласці) або ўзвядзенне трэцяга энергаблока на БелАЭС. "Гэта (будаўніцтва трэцяга блока. - Заўвага БЕЛТА) будзе значна танней. Вось табе на палавіну магутнасць павялічваецца", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
"Галоўнае для мяне было не толькі пабудаваць станцыю, а валодаць кампетэнцыямі, якія ёсць у расіян. Мы гэта атрымалі", - падкрэсліў беларускі лідар. Ён расказаў, што некалі дамовіўся з Прэзідэнтам Расіі абмеркаваць пасля завяршэння будаўніцтва БелАЭС, як быць з аб'ёмам сэканомленых крэдытных рэсурсаў.
Прэзідэнта таксама спыталі наконт экспарту электраэнергіі з БелАЭС. Першапачаткова прадугледжвалася пастаўляць яе і заходнім суседзям. У сувязі з гэтым прагучала пытанне аб тым, ці пераможа там разумны сэнс або, можа, экспартаваць беларускую электраэнергію суседзяў прымусіць патрэба. Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ўсё мае ўласцівасць мяняцца. "І я ўпэўнены, што галоўны прынцып пакупніка - "дзе танней, па якасці нармальна - там і бяры", - сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ўмовы пастаўкі электраэнергіі былі б прывабнымі для тых жа Літвы і Латвіі.
"Але самае галоўнае мы ўпускаем: мы нікуды не дзенемся ад Украіны. Нам давядзецца працаваць ва Украіне. Ніякія амерыканцы, Захад ім не дапамогуць. Мы з Уладзімірам Уладзіміравічам (Пуціным. - Заўвага) на гэту тэму шмат гаворым. Яны (украінцы. - Заўвага) прыйдуць да нас па дапамогу. Вялікі аб'ём работ. Нам давядзецца ўкраінцам дапамагаць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падтрымаў тэзіс гендырэктара "Расатама" аб тым, што трэба глядзець не на 10 гадоў наперад, а на паўстагоддзя. Эканоміка развіваецца, у перспектыве будзе трэба ўсё больш і больш энергіі. Акрамя таго, так ці інакш трэба замяшчаць старыя магутнасці, якія выходзяць са строю.
Прэзідэнту таксама было зададзена пытанне адносна ноты літоўскага боку ў сувязі з уводам у эксплуатацыю другога энергаблока.
"Гэта шалёныя прыслалі ноту. Народ Літвы ніякіх адносін да гэтых шалёных не мае. Паверце, я ведаю, што там адбываецца. Там вярхі жывуць самі па сабе. Ведаю нават дзядуль і бацькоў тых, хто сёння кіруе Літвой", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён нагадаў, што ў свой час запрашаў спецыялістаў з закрытай у Літве Ігналінскай АЭС прыязджаць у Беларусь, прапаноўваў супрацоўніцтва без каменя за пазухай. "Але яны (улады Літвы. - Заўвага) па камандзе пэўных людзей з-за акіяна будавалі іншую палітыку, - адзначыў Прэзідэнт. - Гэта ўжо не першая нота. Няхай шлюць. У нас месца ва ўнітазах хапае. Таму няхай прысылаюць".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што працэс будаўніцтва БелАЭС быў абсалютна адкрытым, што пацвярджала і МАГАТЭ. У тым ліку запрашалі замежных журналістаў.
"Не хочуць - як хочуць. Мы асабліва наконт гэтай тэмы не перажываем", - рэзюмаваў беларускі лідар.
Пасля наведвання Беларускай атамнай электрастанцыі Аляксандр Лукашэнка накіраваўся ў Астравец.
Там Прэзідэнт азнаёміўся з сацыяльным і эканамічным развіццём рэгіёна. Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік далажыў Кіраўніку дзяржавы аб выкананні комплекснага плана па развіцці раёна.
"Астравец кардынальна змяніўся. Гэта стаў ужо іншы раён. Калі ў 2010 годзе гэта быў невялікі сельскагаспадарчы раён, дзе 51% - гэта доля сельскай гаспадаркі, астатняе - гэта гандаль і крыху будаўніцтва, то, паводле даных за дзевяць месяцаў гэтага года, 90% - гэта прамысловасць. Раён змяніў аблічча не толькі сам - ён змяніў аблічча вобласці", - заявіў губернатар.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся сітуацыяй на рынку працы, развіццём у рэгіёне розных галін эканомікі, сацыяльным жыццём у раёне.
Як адзначыў Уладзімір Каранік, калі ў 2010 годзе ў структуры прамысловасці ўсёй вобласці Астравец займаў менш за 0,1%, то цяпер - ужо 7,3%.
"Праведзена вялікая работа па развіцці інфраструктуры раёна. У гэта было ўкладзена Br467,5 млн. Гэта беспрэцэдэнтныя інвестыцыі ў чалавечы капітал. Калі ў 2010 годзе нараджальнасць у раёне была амаль на 2% ніжэйшая, чым у сярэднім па вобласці, то цяпер яна на 30% вышэйшая. Астравец - гэта першы раён, які самкнуў дэмаграфічныя нажніцы. Гэта горад, які развіваецца", - падкрэсліў Уладзімір Каранік.
У час рабочай паездкі Прэзідэнт азнаёміўся з работай Астравецкай цэнтральнай раённай клінічнай бальніцы.
Галоўны ўрач Астравецкай ЦРКБ Уладзімір Мажэйка падрабязна праінфармаваў Кіраўніка дзяржавы аб дзейнасці ўстановы.
"Уладзімір Сцяпанавіч (губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік. - Заўвага) гаворыць, жывеш як у космасе - бальніца такая", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з аддзяленнямі прамянёвай дыягностыкі, фізіятэрапіі, трансфузіялогіі.
"Што тут гаварыць, шыкоўная бальніца, - даў сваю ацэнку Кіраўнік дзяржавы. - На гэта я і разлічваў: што гэта будзе адзін з маякоў, паказальны аб'ект, як мы будзем будаваць і абслугоўваць іншыя".
У склад Астравецкай ЦРКБ уваходзяць стацыянарны лячэбна-дыягнастычны комплекс, паліклініка, бальніца сястрынскага догляду з амбулаторыяй урача агульнай практыкі, тры амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, 15 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, здраўпункт на пляцоўцы будаўніцтва Беларускай АЭС, здраўпункт на дзяржаўным прадпрыемстве "Беларуская АЭС". Цэнтральная раённая клінічная бальніца не толькі абслугоўвае насельніцтва Астравецкага раёна, але і з'яўляецца міжрэгіянальным і міжраённым дыягнастычным і лячэбным цэнтрам.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сістэма работы ўстаноў аховы здароўя на розных узроўнях - важнае пытанне. Да яго Прэзідэнт апошнім часам вяртаўся не адзін раз. "Не павінна быць празмернасцей. Але і па-дурному забіраць не трэба: ФАПы і гэтак далей. Дзе трэба, там трэба", - сказаў ён.
У час рабочай паездкі Прэзідэнт таксама сустрэўся з прадстаўнікамі працоўнага калектыву і будаўнікамі Беларускай АЭС, работнікамі сацыяльнай інфраструктуры і жыхарамі Астраўца.
Яны расказалі Кіраўніку дзяржавы, як змянілася жыццё ў іх горадзе. "Быў маленькі, правінцыяльны гарадок, раённы цэнтр. А сёння - вялікі, прыгожы, сучасны горад з новымі мікрараёнамі, жыллём, з развітой інфраструктурай. Сёння ад нас ужо не едуць нашы дзеці, а, наадварот, вяртаюцца. І я ўпэўнена, што з намі будуць жыць і нашы ўнукі", - заявіла адна з жыхарак Астраўца.
"Але гэта толькі пачатак", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
"Астравец - гэта горад для жыцця. Таму я хачу запэўніць вас у тым, што мы заўсёды падтрымлівалі, падтрымліваем і будзем падтрымліваць вас і вашу палітыку, якую вы праводзіце менавіта для паляпшэння дабрабыту народа", - дадала жанчына.
У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што завяршэнне будаўніцтва і канчатковае адкрыццё БелАЭС з'яўляецца адным з падарункаў народу да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, які адзначаецца 7 лістапада.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў свой час пры ўстанаўленні дзяржаўных свят было вырашана пакінуць у календары святочных дат Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Але Аляксандр Лукашэнка выступаў за тое, каб напоўніць яго нейкім сэнсам. Да такіх свят у савецкі час народу рабілі падарункі - уводзілі ў строй знакавыя аб'екты: "Народ фактычна сам сабе рабіў падарункі. Ну, я кажу: мы будзем - начальнікі, чыноўнікі - разам з народам будзем штосьці ствараць, будаваць. І тады начальнікі ўжо будуць рабіць падарункі народу".
Так гэта традыцыя захавалася і ў суверэннай Беларусі. "Не скажу, што яна ўжо ўкаранілася на 100%, але людзі да гэтага прывыкаюць. Вы, напэўна, заўважылі (мы гэта шырока асвятляем у СМІ), што мы стараемся да гэтых свят здаць нейкія аб'екты", - адзначыў беларускі лідар.
Улічваючы, што ў свой час Аляксандр Лукашэнка асабіста быў ініцыятарам будаўніцтва БелАЭС, ён прыехаў у Астравецкі раён на канчатковае адкрыццё станцыі, каб паднесці людзям гэты дар. Ён падкрэсліў, што гэта абсалютна чыстая тэхналогія - самая сучасная і бяспечная станцыя. "Гэта нармальны аб'ект. Я не скажу, што ён больш небяспечны, чым іншыя. Але трэба адказна яго эксплуатаваць", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што будаўніцтва БелАЭС у тым ліку дапамагло "ўдыхнуць жыццё ў гэты паўночна-заходні край". Прэзідэнт нагадаў, што так павялося ў мінулыя гады - гродзенскія начальнікі ў асноўным займаліся тэрыторыямі вакол Гродна. "Там было ўсё - і ўраджай, і пасеяна. Малайцы, працавалі нядрэнна. І, назначаючы (кіраўніком Гродзенскай вобласці. - Заўвага) Уладзіміра Сцяпанавіча Караніка, я гавару: вельмі прашу, ты як-небудзь далей глядзі ад Гродна, каб даразвіваліся іншыя раёны. Яны малайцы з Караевым, маім памочнікам - топчуцца па ўсёй вобласці. І бачу, што развіццё ідзе. І, падлятаючы да атамнай станцыі, я наогул быў захоплены і ўражаны. Ну, такога я не бачыў нідзе, нават на Захадзе - кожны кавалачак вылізаны, пасеяна прыгожа, апрацавана. Умеюць Прэзідэнта сустракаць, - з доляй гумару сказаў Аляксандр Лукашэнка. - А вось далей там - не вельмі. Я гэта таксама бачу. Але малайцы. Значыць, умеюць рабіць. Ну і вакол Гродна, вядома, там вельмі моцныя раёны, працуюць добра, прэтэнзій у мяне да іх няма, таму што яны сабе грошы зарабляюць самі".
Але самае галоўнае - БелАЭС. Гэта аснова для далейшага развіцця краіны. "Я разумеў, што няма перспектывы без чыстай энергіі, без электрычнасці мы не зможам развівацца", - сказаў Прэзідэнт.
Напрыклад, нядаўна ў Новай Аколіцы пад Мінскам Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі будуемы пасёлак, дзе для ацяплення выкарыстоўваецца электраэнергія. "Гэта космас. Маленькі канвектар стаіць, вельмі зручна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Цяпер на дзяржаўным узроўні вядзецца вялікая работа па развіцці электрасетак, каб прадаставіць усім жадаючым магчымасць выкарыстоўваць электрычнасць на патрэбы ацяплення.
Электрычнасць па цяперашнім часе патрэбна і для развіцця электратранспарту. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што віцэ-прэм'ер напярэдадні паабяцаў яго здзівіць. "Я гавару: няўжо электрамабіль зрабілі? - Ну, прыедзеце, пакажам. Таму давайце пачакаем. У бліжэйшы час, у снежні, сказаў. Але ведаю, што яны робяць свой электрамабіль. Кузаў будзе, як у "Джылі". Ён добры, людзям падабаецца. Электробусы і іншае, электрычныя трамваі - яны ў нас ужо ёсць, купляюць іх у нас ва ўсім свеце", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прадаўжаючы тэму, Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі, у тым ліку ў супрацоўніцтве з Расіяй, развіваюць і сферу касмічных тэхналогій. Айчынныя прадпрыемствы і спецыялісты распрацоўваюць спадарожнікі, дапамагаюць будаваць касмічныя ракеты, і гэта яшчэ адзін новы напрамак нараўне з мірным атамам. У гэтым жа радзе - вытворчасць Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі, аналагі якой ёсць усяго ў некалькіх краінах свету.
Рэзюмуючы, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нават крытыкі БелАЭС у Літве шкадуюць аб тым, што ў свой час закрылі сваю АЭС. І цяпер атамная энергетыка прызнана чыстай і зялёнай. А, напрыклад, у Польшчы запланавана будаўніцтва дзвюх АЭС. "Мы яе пабудавалі (БелАЭС. - Заўвага). Добрая станцыя. Гэта - будучыня. Зразумела, што гэты край заўсёды будзе ў цэнтры ўвагі. Ён будзе развівацца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Тры гады таму, запускаючы першы энергаблок, я гаварыў аб тым, што надышоў гістарычны дзень: пачалася эра мірнага атама (а сёння мы і ядзерная дзяржава па ядзернай зброі). І сапраўды, атрымаўшы ў няпростым 2020 годзе гэты выдатны аб'ект як падарунак да 7 лістапада і сёння другі блок, мы зрабілі правільна, стварыўшы гэты цуд", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што выгада атамнай энергетыкі відавочная: гэта дасць магчымасць прамысловасці і сельскай гаспадарцы працаваць больш эфектыўна і зробіць жыццё грамадзян у краіне больш камфортным за кошт таннай электраэнергіі.
Адказваючы на пытанні гараджан, Прэзідэнт адзначыў, што магчымае будаўніцтва другой атамнай электрастанцыі - гэта пакуль дыскусійнае пытанне.
"Дзе будаваць - гэта трэба лічыць. Напэўна, тут будзе танней. Таму што, акрамя самога будаўніцтва, пабудаваны прадпрыемствы, якія кляпалі і варылі вузлы і агрэгаты. Перавезці - гэта не вялікая праблема, але на месцы будзе танней. Калі мы будзем будаваць (гэта рашэнне не прынята, гэта дыскусія; але добра, што вы зразумелі, што гэта трэба, гэта будучыня), то я вам далажу і параюся з вамі, перш чым прымаць такое рашэнне. Сённяшняга запасу электрычнасці не толькі на мой век, але і на вашых дзяцей нам хопіць, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Але хто яго ведае, як будзе свет развівацца. Няхай бы была другая станцыя. Я прыхільнік гэтага. Таму мы ў абмеркаванні такога пытання".
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што будаўніцтва БелАЭС вялося за кошт крэдытных рэсурсаў, прадастаўленых расійскім бокам. Пры гэтым значная частка сродкаў у выніку засталася нявыкарыстанай.
"Яны нам далі вельмі выгадны крэдыт. Пазаўчора з Пуціным размаўляў: з 10,5 мільярда долараў, якія яны нам выдзелілі, мы выкарысталі ўсяго 6. Па-гаспадарску. За грошы, якія засталіся, мы, у прынцыпе, амаль два блокі можам пабудаваць, - сказаў Прэзідэнт. - Таму крыніца фінансавання можа быць і гэта - сэканомленыя грошы".
Адно з пытанняў жыхароў прыгранічнага Астравецкага раёна датычылася магчымасці аднаўлення адносін Беларусі з суседнімі Польшчай і Літвой, асабліва ва ўмовах, калі ў адной з гэтых краін выбары прайшлі нядаўна, а ў другой адбудуцца хутка. Ці змогуць выбаршчыкі ў Літве прымусіць сваю ўладу працаваць у інтарэсах сваёй дзяржавы, а не скакаць пад дудку Вашынгтона або Бруселя, пацікавіліся ў Прэзідэнта.
"Я ў гэтым абсалютна не сумняваюся. І Літва - мы адновім адносіны, і Польшча - яны нікуды не дзенуцца. Асноўны прынцып - суседзі не могуць жыць дрэнна. Я заўсёды кажу: суседзі ад Бога, іх не выбіраюць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Бываюць рознагалоссі, спрэчкі і гэтак далей - гэта часовая з'ява. Прыйдуць часы, калі мы будзем жыць з імі так, як гэта было заўсёды, і ў савецкія часы...".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў сітуацыі, якая склалася паміж краінамі, Беларусь не вінавата, хоць з боку Літвы, напрыклад, гучалі розныя прэтэнзіі, незадаволенасць, у прыватнасці будаўніцтвам Беларускай АЭС. "Я ім тады гаварыў: літоўцы, абдумайцеся, мы ўсё роўна пабудуем гэту станцыю. Ні амерыканцы, ні еўрапейцы, ніхто не перашкодзіць нам пабудаваць. Мы прымаем рашэнне, што нам рабіць на нашай зямлі. І мы яе пабудавалі", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка. Больш таго, Беларусь і тады, і цяпер выказвала гатоўнасць прымаць на работу на АЭС спецыялістаў з Літвы, пастаўляць туды электраэнергію. "Я па-чалавечы ім прапаноўваў. Але вы маеце рацыю, там жа не яны кіруюць краінай", - заўважыў Прэзідэнт.
Цяпер з боку Літвы і Польшчы гучаць прэтэнзіі з-за мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у ЕС праз тэрыторыю Беларусі. Тым больш ва ўмовах канфлікту ва Украіне гэты паток узмацніўся. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка згадаў аб нядаўняй сустрэчы з Міністрам замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэрам Сіярта, у час якой таксама закраналася міграцыйная тэматыка. Прэзідэнт заявіў тады і паўтарыў цяпер, што Беларусь не мае намеру ўтрымліваць на сваёй тэрыторыі мігрантаў, якія накіроўваюцца ў ЕС, і не будзе адстойнікам у Еўропе. Тым больш у сітуацыі, калі самі ж краіны ЕС разарвалі адносіны з Беларуссю, у тым ліку па міграцыйнай тэматыцы, увялі санкцыі.
Выказаўся Кіраўнік дзяржавы і наконт бязвізавага рэжыму, на ўвядзенне якога таксама негатыўна адрэагавалі ўлады суседніх краін, аж да таго, што пачалі палохаць сваіх людзей, маўляў, іх тут завярбуюць, хоць ні аднаго доказу гэтага, зразумела, прывесці не могуць.
"І вось яны ўсё выдумляюць, выдумляюць і папракаюць у тым, што мы нешта робім супраць іх. Няма ў нас ніякага жадання гэтага", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт удакладніў, што не чакае асаблівых змяненняў у палітыцы Польшчы ў сувязі з прыходам да ўлады Дональда Туска, якога Аляксандр Лукашэнка назваў праеўрапейскім палітыкам, у той час як "Права і Справядлівасць" (ПіС) - гэта больш праамерыканская партыя. "Але гэта не значыць, што заўтра там памяняецца палітыка ў адносінах да Беларусі. Па закрытых каналах мы з імі размаўляем, яны прад'яўляюць мне нейкія ўмовы: "Ты там гэтага адпусці, гэтага адпусці". Ён закон парушыў, як я яго адпушчу. Для гэтага павінны быць пэўныя ўмовы, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Мы суверэнная незалежная дзяржава. Мы будзем праводзіць тую палітыку, якая ў інтарэсах нашага народа. Вось гэтым усё сказана. Калі яны гатовы на гэта, заўтра мы гатовы паціснуць адзін аднаму руку ў любым месцы і гатовы з імі супрацоўнічаць".
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што рана ці позна суседнія краіны адновяць адносіны: "Пачакаем. У нас катастрофы няма. Я не кажу, што ў нас шыкоўнае жыццё ва ўсіх адносінах. Але ў нас чалавек... калі ты хочаш зарабляць крыху больш для сям'і, ты зможаш". Паводле слоў Прэзідэнта, многае залежыць і ад паводзін жыхароў прыгранічных рэгіёнаў: "Падтрымлівайце адносіны з літоўцамі, палякамі, з імі не трэба сварыцца. Мы адзін народ фактычна".
Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў меркаванне, што з-за абвастрэння сітуацыі на Блізкім Усходзе Украіна адыходзіць на задні план.
"Украіна ўсё роўна будзе наша. Нікому гэта Украіна не патрэбна, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Заварушка на Блізкім Усходзе... Я ж папярэджваў, калі вайна пачалася, Зяленскаму тэлефанаваў: "Валодзя, паслухай мяне, вопытнага чалавека, не першы год працую. Як толькі недзе нейкая заварушка, пра цябе забудуць". І што адбываецца? Украіна адыходзіць на задні план (з-за абвастрэння на Блізкім Усходзе. - Заўвага)".
"Галавой трэба думаць, перш чым уцягваць краіну ў тую ці іншую авантуру", - дадаў Прэзідэнт. Свае словы ён праілюстраваў прыкладам Афганістана, калі адтуль пайшлі амерыканцы: "Кінулі і паехалі. Гэтак жа будзе і тут. Яны (ЗША. - Заўвага) далёка, яны вялікія, ім гэта сто гадоў не патрэбна. Іх палітыка - гэта муць, муць, муць. Заварыць чагосьці і ў гэтай каламутнай вадзе... Ведаеце, што там рыбу лягчэй лавіць. Гэта іх палітыка. А ўсё астатняе - гэта расходны матэрыял, як ва Украіне сёння".
"Таму гэты рэгіён (Украіна. - Заўвага) - наш рэгіён. У тым сэнсе, што мы разам будзем", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, рана ці позна "Еўропа прыпаўзе да нас, да Расіі". "Таму што Еўропу сёння на часткі рвуць амерыканцы як хочуць. А яна не можа супраціўляцца, таму што ў яе ўсё на рынку Амерыкі завязана - крэдыты, уласнасць і іншае", - сказаў Прэзідэнт. Акрамя таго, паводзіны палітыкаў там часта ідуць уразрэз з інтарэсамі народаў і краін. "Вы бачыце, якія там палітыкі. Я на іх гляджу як вопытны чалавек - мне часам плакаць хочацца, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Яны ж не думаюць аб народзе. Адсядзеў тэрмін, два, пайшоў, украў нечага, у кішэню паклаў і паехаў кудысьці. Гэтак, кажуць, і Зяленскі рыхтуецца некуды зматацца".
Размаўляючы з людзьмі ў Астраўцы, Прэзідэнт расказаў, як гэтымі днямі адрэагаваў на зварот у яго адрас з боку дольшчыкаў аднаго з дамоў, што будуюцца ў Мінску.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, яму паступае шмат розных зваротаў і пытанняў. На частку з іх рэагуюць публічна.
У гэтым выпадку Прэзідэнту паказалі размешчаны ў інтэрнэце відэазапіс звароту дольшчыкаў. Людзі скардзіліся на рост кошту будаўніцтва.
Аляксандр Лукашэнка неадкладна адрэагаваў, звязаўшыся са старшынёй Мінгарвыканкама і даручыўшы разабрацца ў сітуацыі.
"Кажу: навошта людзей крыўдзіш? Чаму не прынялі меры? Дагавор быў заключаны з адным з раёнаў (Мінска. - Заўвага), а потым гэты дагавор перанеслі на УКБ гарвыканкама", - расказаў Прэзідэнт.
У выніку было дадзена даручэнне зрабіць усё строга па дагаворы. "Там, разумееце, інфляцыя, падаражэлі матэрыялы... - коратка апісаў Аляксандр Лукашэнка тлумачэнне сталічнага граданачальніка. - Вы, кажу, у дагаворы гэта прапісалі? - Не. - Тады ідзіце і пабудуйце так, як па дагаворы. Калі б вы прадугледзелі ў дагаворы, дык людзі, можа, і не скардзіліся. Людзі скардзяцца на тое, што мы, дзяржава, не выконваем заключаны дагавор".
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што такія пытанні ўсё ж павінны знаходзіць рашэнне на больш нізкім узроўні. "Гэта становіцца нормай у нашых людзей: а давайце запішам (зварот. - Заўвага), укінем - Прэзідэнт вырашыць. Гэта нават не губернатара пытанне, а тых, хто заключаў дагавор, - заўважыў ён. - Ёсць Прэзідэнта пытанні: атамная станцыя, космас, яшчэ нешта… Забяспечыць вас на зіму прыродным газам, нафтай і гэтак далей, прадаць, арганізаваць…"
Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сярод інфармацыі, якая паступае аб тых ці іншых праблемах, вельмі шмат хлусні, асабліва калі іх крыніцай з'яўляюцца "апазіцыйныя, збеглыя рэсурсы". "Спецыяльна, каб народ узбударажыць. Вядома, мы рэагуем", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што яшчэ з моманту першых сваіх выбараў, калі людзі паверылі ў яго і ў пэўнай ступені рызыкнулі, ён памятае, што не павінен падвесці людзей. Таму ён строга патрабуе і за сітуацыю ў цэнаўтварэнні, і па многіх іншых пытаннях, рэагуючы на тыя ці іншыя праблемныя моманты. Маючы на ўвазе чыноўнікаў і кіраўнікоў як прыватных, так і дзяржаўных прадпрыемстваў, Прэзідэнт сказаў: "У мяне і ў вас народ адзін. І гэты народ не выбіраюць. Гэта ён нас выбірае і вам дае работу. Таму трэба з народам дзяліцца, трэба паважаць гэты народ, я гэта гавару шчыра".