Рабочая паездка ў Лагойскі раён Мінскай вобласці
- 24
- 3
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 жніўня наведаў з рабочай паездкай Лагойскі раён Мінскай вобласці.
У гаспадарцы "Астрошыцы" Кіраўніку дзяржавы далажылі аб перспектывах развіцця збожжаўборачнага камбайнабудавання. Падставай для мерапрыемства стаў незвычайны юбілей: напярэдадні споўнілася 25 гадоў, як з удзелам самога Кіраўніка дзяржавы было прынята гістарычнае рашэнне развіваць у краіне гэты напрамак.
"Мерапрыемства некалькі сімвалічнае. Але прысвечана вельмі важнаму этапу ў развіцці нашай дзяржавы. Нават не сельскай гаспадаркі. Мы добра памятаем, калі людзям есці не было чаго, людзей трэба было накарміць. А без хлеба як? Здарылася так, што нейкі хлеб у полі быў, а ўбіраць яго не было чым. І вось тады прымаліся сур'ёзныя рашэнні ў плане таго, чым убіраць хлеб", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, гэта прынятае чвэрць стагоддзя таму рашэнне было цяжкім. Гучалі меркаванні адмовіцца ад вытворчасці ўласнай уборачнай тэхнікі і закупляць яе ў Германіі. Аднак за пару гадоў беларускім прамыслоўцам удалося выпусціць сваю машыну. "Гэта нам дало магчымасць падысці да стварэння зусім новых камбайнаў, якія сёння ўжо канкурыруюць з тымі ж нямецкімі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Таму спакойна пачалі праводзіць уборачную кампанію. Сёння маем усю лінейку сельскагаспадарчай тэхнікі".
Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы не змог абмінуць і негатыўныя моманты, адзначыўшы безгаспадарчае стаўленне да тэхнікі і ўраджаю ў час уборачнай. "Мы ўмеем усё рабіць, але гэта бязладнасць, недысцыплінаванасць, невыканальнасць - гэта катастрофа. З гэтым трэба заканчваць", - запатрабаваў Прэзідэнт.
Ён таксама звярнуў увагу чыноўнікаў на пытанні навядзення парадку ў некаторых сельгасарганізацыях, работу па вывядзенні пакуль адстаючых прадпрыемстваў на належны ўзровень. У гэтым плане ёсць сур'ёзныя недапрацоўкі, упэўнены Кіраўнік дзяржавы. Акрамя таго, Прэзідэнт цікавіўся некаторымі аспектамі ходу ўборачнай кампаніі, перш за ўсё ў Мінскай вобласці.
За 25 гадоў айчыннаму збожжаўборачнаму машынабудаванню ўдалося дасягнуць шмат. Сёння выпускаюцца 11 мадэлей тэхнікі ў 75 мадыфікацыях. Яшчэ 7 новых мадэлей у бліжэйшы час будуць запушчаны ў вытворчасць. Паводле слоў генеральнага дырэктара "Гомсельмаша" Аляксандра Новікава, калі ў мінулым годзе холдынг выпусціў крыху больш за 1,8 тыс. самаходных машын, то за гэта першае паўгоддзе - амаль 1 тыс. адзінак тэхнікі. "Плануем да канца года выпусціць 2 170 машын. У нас ужо практычна да сярэдзіны наступнага года сфарміраваны пакет заказаў", - праінфармаваў ён Прэзідэнта.
Аляксандр Новікаў расказаў Кіраўніку дзяржавы аб перспектывах развіцця прадпрыемства, удасканаленні існуючых мадэлей камбайнаў і распрацоўцы новых. Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб сваім патрабаванні актыўней займацца імпартазамяшчэннем, хоць менавіта на "Гомсельмашы" ў гэтым напрамку зроблена нямала: за апошнія пяць гадоў імпартаёмістасць вытворчасці скарочана ў два разы.
"Гэта трэба рабіць. А то мы жалеза зробім, а разумныя вузлы - гідраўліка, электроніка - купляем на Захадзе. Трэба самім гэта рабіць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
На полі гаспадаркі "Астрошыцы" Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з узорамі збожжаўборачных камбайнаў, іншай сельгастэхнікі і імпартазамяшчальнай прадукцыі (камплектуючых вырабаў да збожжаўборачных камбайнаў вытворчасці беларускіх прадпрыемстваў). Тут былі таксама прадэманстраваны пасяўныя агрэгаты ААТ "Лідаграпраммаш", які ўваходзіць у холдынг "Гомсельмаш", і холдынга "АМКАДОР".
На лінейцы тэхнікі ён у тым ліку агледзеў першы камбайн - КЗ-10 "Палессе-Ротар", з якога ўсё пачыналася. "Паглядзіш - прыгожы, і не скажаш, што ён старадаўні", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт затрымаўся на некалькі хвілін ля гэтага першага камбайна, успомніў, як усё пачыналася: "Чвэрць стагоддзя прайшло. Я зыходзіў з таго, што нечым трэба ўбіраць. Але не гэта галоўнае. Галоўнае, што мы пачыналі рабіць свае збожжаўборачныя камбайны. І калі вы не маглі тады нічога лепшага хутка зрабіць, спыніліся на гэтым".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў: тым не менш, камбайн атрымаўся нядрэнны і бюджэтны, што было асабліва важна для гаспадарак у тыя гады: "Страт не было. Для мяне гэта было самае галоўнае, што камбайн ідзе, убірае збожжа. Ён у рэшце рэшт быў нават не горшы за нямецкія ГДРаўскія камбайны (вытворчасці Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі, што існавала ў Цэнтральнай Еўропе ў 1949-1990-я гады. - Заўвага). Я на іх працаваў у свой час і ўбачыў, што ён (беларускі камбайн. - Заўвага) убірае не горш. Таму было прынята такое рашэнне. Я разумеў, што мы навучымся гэта рабіць. Трэба было пачынаць".
"Усё можам зрабіць, асабліва цяпер. Свет узаемазалежны. Сёння не ўмееш рабіць - заўтра навучышся: недзе купіў, нешта скапіраваў, палепшыў... - падкрэсліў беларускі лідар. - Галоўнае, я марыў аб тым, што мы пачнём рабіць свае камбайны. Вось - мара здзейснілася".
Ён упэўнены, што галоўнае - не баяцца брацца за справу і не думаць, што нешта не атрымаецца. Перш за ўсё ў пытаннях імпартазамяшчэння. І яскравы таго прыклад - айчынныя камбайны, большая частка якіх пастаўляецца на экспарт. "Калі прымалі рашэнне, наогул катастрофа была. Прынялі рашэнне - стварылі камбайн. Гэта яны здзейснілі подзвіг, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - "Гомсельмаш" стаў іншым, і людзі іншыя - на галаву вышэй. Па ўсім свеце пастаўляем тэхніку. І ў абаронцы давялося шмат чаго рабіць. Але гэта не лягчэй".
Аляксандр Лукашэнка згадаў аб сваім прысядзібным участку, на якім ён не проста вырошчвае тыя ці іншыя культуры, а эксперыментуе - асабіста правярае напрацоўкі беларускіх вучоных.
"Кавуны - гэта не таму, што піяр нейкі. Гэта эксперыменты. Я пачынаў з аднаго галандскага сорту. Учора мы збіралі 5 розных сартоў. Мне раней прынеслі, на кухню паставілі кавалачкі, пяць сартоў гэтых кавуноў. Я вызначыў два лепшыя. Беларускі ўжо нядрэнны. І некалі, калі пачаў гэтым займацца, сказаў: прыйдзе час, мы будзем гэта вырошчваць. Сёння наогул нічым не адрозніваецца наш кавун ад таго, што мне Эмамалі Шарыпавіч Рахмон прыслаў (Прэзідэнт Таджыкістана. - Заўвага). І спецыялісты гавораць, што гэта нават карысней для нас", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што дакладна такі ж падыход у яго і ў адносінах да іншых культур, напрыклад, новых сартоў бульбы.
"Потым збіраю ўраджай і гляджу вынік. Бульба, якую нашы вучоныя робяць, - насенне (суперэліту я высяваю) - яна нават на смак іншая. Па-першае, яна чыстая - першы раз высяваецца, яшчэ не набрала ўсякай заразы, па тэхналогіі правільна вырошчваецца. І вось такім чынам я назіраю, што вучоныя даюць вытворцам. Гэтак жа рапс, травы...", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама адзначыў, што на яго невялікай ферме самае лепшае малако: "Вядома, там 13 кароў. Яна ж не велізарная. Але гэта самае чыстае малако".
"Я эксперыментую, гляджу, што трэба. Таму што карміць людзей - гэта пытанне нумар адзін", - рэзюмаваў беларускі лідар.
На заканчэнне мерапрыемства Аляксандру Лукашэнку падарылі зменшаную копію таго самага першага айчыннага збожжаўборачнага камбайна.