Рабочая паездка ў Свіслацкі раён Гродзенскай вобласці
- 43
- 5
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 чэрвеня зрабіў рабочую паездку ў Свіслацкі раён Гродзенскай вобласці.
Наведваючы Свіслацкі раён, Кіраўнік дзяржавы заслухаў даклад аб сацыяльна-эканамічным развіцці вобласці. "Які будзе ВРП пасля гэтых ашалелых санкцый на канец года? Мы ж рыхтаваліся да гэтага, ведалі, што пагражае", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ніякага прасядання ні на адным прадпрыемстве быць не павінна. "Мы гэтым нягоднікам па той бок мяжы павінны паказаць, што іх санкцыі - гэта іх бяссілле. І мы гэта зробім", - заявіў ён.
Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з работай малочнатаварнай фермы "Бортнікі" прадпрыемства "Ханчыцы-Нёман". Тут Кіраўніка дзяржавы таксама праінфармавалі аб развіцці Свіслацкага раёна, расказалі аб праблемах рэгіёна і яго перспектывах. Прэзідэнт перакананы, што ўсё ўпіраецца ў дысцыпліну. На прадпрыемствах ёсць прафесіянальныя кадры, якія валодаюць усімі тэхналогіямі, але безгаспадарчасць часам здзіўляе, адзначыў ён.
"Не дай бог вайна - мы б тут усе дуба ўсталі і абаранялі краіну. Чаму цяпер, у адносна мірны час мы не хочам папрацаваць? Усё ж у дысцыпліне. Толькі дысцыпліна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прадпрыемства "Ханчыцы-Нёман" належыць Гродзенскай тытунёвай фабрыцы "Нёман". Сельскагаспадарчая вытворчасць паказвае добрыя вынікі. А вось у галаўнога прадпрыемства ў перспектыве могуць узнікнуць складанасці: у гандлі акцызнымі таварамі заўсёды высокая канкурэнцыя і краіны ўсяляк спрабуюць абараніць свае рынкі. Гэта адна з прычын, чаму Беларусь абвінавачваюць у кантрабандзе цыгарэт.
"Рыхтуюцца да таго, каб неяк абараніцца ад гандлю цыгарэтамі (ад імпарту. - Заўвага). Гэта ж акцызныя тавары, прамы даход у бюджэт. Таму і палякі, і літоўцы, і ўкраінцы, і расіяне спрабуюць абараніць свой рынак, - адзначыў Прэзідэнт. - Таму цяпер паднялі крык, што мы іх кантрабандай завалілі. Дык змагайцеся супраць кантрабанды, як мы змагаемся".
Увагу Прэзідэнта звярнулі на высокую маржынальнасць вытворчасці рапсавага алею. Але, лічаць вытворцы, у гэтай сферы ёсць некаторыя праблемныя моманты, якія датычацца цэнавай палітыкі.
"Трэба адрэгуляваць у цэлым пытанні па цэнах і забараніць вываз семя рапсу", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, вывозіць з краіны сыравіну, з якой атрымліваецца добрая прадукцыя, і не перапрацаваць рапс па поўным цыкле на ўласных прадпрыемствах - гэта злачынства.
Акрамя таго, у гэтай сферы вельмі развіта нядобрасумленнае пасрэдніцтва і дзяржава губляе вялікія грошы, заўважыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама наведаў транспартна-лагістычнага цэнтра "Сільва Ладжыстык БіУай", які належыць кампаніі "Кронаспан ОСБ", якая займаецца ў Беларусі дрэваапрацоўкай. Сваю прадукцыю яна пастаўляе як на ўнутраны рынак, так і на знешні. Але, лічыць Кіраўнік дзяржавы, адпрацаваную драўніну, па сутнасці, паўфабрыкат, кампанія магла б выкарыстоўваць і сама, напрыклад, вырабляць мэблю. Але для гэтага ёй трэба пабудаваць фабрыку. "Чым большай будзе дабаўленая вартасць у Беларусі, тым больш мы будзем падтрымліваць вас", - запэўніў Прэзідэнт.
"Увогуле, выбірай месца, скажы губернатару, хочаш - памочніку (памочніку Прэзідэнта - інспектару па Гродзенскай вобласці Юрыю Караеву. - Заўвага), яны даложаць, у якім месцы ты будзеш рабіць фабрыку. Бяру пад кантроль, і дапаможам табе ва ўсім. Абсталяванне сам закупіш, а сыравіны ў цябе хапае", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Таксама Прэзідэнт абяцаў падтрымаць і іншыя інвестыцыйныя праекты прадпрыемства.
У час паездкі Кіраўнік дзяржавы незапланавана наведаў мясцовую сельгастэхніку і хлебапякарню.
Як аказалася, тэрыторыя Свіслацкай сельгастэхнікі знаходзіцца ў безгаспадарным стане, будынкі не выкарыстоўваюцца па прызначэнні, захламлены або пустуюць. Прэзідэнт даручыў мясцовым уладам тэрмінова вызначыцца, што яны збіраюцца рабіць з гэтай тэрыторыяй плошчай 26 га, якія збудаванні будуць выкарыстоўваць, якія зносіць.
"Пры ўсім вашым бардаку гэта добрыя будынкі для майстэрняў. Іх проста трэба ў парадак прывесці, - адзначыў Прэзідэнт. - Да новага года тут павінен быць наведзены парадак. Майце на ўвазе, што за мной не заржавее, я прыеду перад тым, як снег выпадзе, і мы паглядзім".
Таксама Аляксандр Лукашэнка вырашыў наведаць мясцовую хлебапякарню. Ён азнаёміўся з вытворчасцю і коратка пагутарыў з калектывам. Прадпрыемства таксама мае патрэбу ў рамонце і мадэрнізацыі. "Парадак навядзём тут. Калі нешта і трэба дарабіць, то гэта невялікія грошы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Пасля наведвання прадпрыемстваў Прэзідэнт правёў нараду. Да ўдзелу ў ёй запрасілі як прадстаўнікоў кіраўніцтва Урада, Адміністрацыі Прэзідэнта, дзяржаўных органаў, так і кіраўнікоў мясцовай вертыкалі - Гродзенскага аблвыканкама і шэрага раённых выканаўчых камітэтаў. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў мерапрыемства - стратэгія развіцця Гродзенскай вобласці.
"Яшчэ ў савецкі час Гродзеншчына справядліва лічылася адным з лепшых рэгіёнаў велізарнага Савецкага Саюза. Нашу вобласць заўсёды ставілі ў прыклад, гэта была ўзорная вобласць Савецкага Саюза, сюды прыязджалі вучыцца, асабліва ў галіне сельскай гаспадаркі, - заявіў Прэзідэнт у пачатку нарады. - І ў навейшай гісторыі, у гісторыі суверэннай Беларусі, тэндэнцыя захавалася".
Ён адзначыў, што ў Гродзенскай вобласці за апошнія 5 гадоў рост валавога рэгіянальнага прадукту быў больш хуткім, чым у цэлым па краіне: 105% супраць 103,5%. Аналагічная сітуацыя і з іншымі важнымі паказчыкамі: прадукцыйнасць працы (113% супраць 108%), экспарт тавараў (амаль 142% супраць 109%). "І ў гэтым няпростым годзе Гродзеншчына займае адны з першых месцаў як па тэмпах росту эканомікі ў цэлым (105,5%), так і па вытворчасці прадукцыі прамысловасці (амаль 121%) і сельскай гаспадаркі (101,6%). Па будаўніча-мантажных работах, рэнтабельнасці продажаў і чыстага прыбытку, уводзе ў эксплуатацыю жылля - таксама лідзіруючая пазіцыя", - прывёў прыклады Кіраўнік дзяржавы.
Некалькі тыдняў таму пачалася паўнацэнная работа Беларускай атамнай электрастанцыі, нагадаў Прэзідэнт. "Гэта самы маштабны ў гісторыі нашай краіны аб'ект. Яго значэнне для забеспячэння энергетычнай бяспекі і ў цэлым для развіцця эканомікі проста каласальнае", - падкрэсліў ён.
Падагульніўшы размову аб поспехах у развіцці рэгіёна, Кіраўнік дзяржавы абазначыў важнасць захавання дасягнутых вынікаў.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што нарада не выпадкова арганізавана ў Свіслацкім раёне. "Ваш рэгіён - адзін з тых, якому з лёгкай рукі ўрада прысвоілі статус тэрыторыі, адстаючай па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця. Да гэтай жа тэрыторыі аднеслі і Зэльвенскі раён. Але я сказаў бы інакш: гэта перспектыўныя раёны, якім патрабуецца правільная стратэгія, нацэленая на апераджальнае развіццё", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу, што новыя прадпрыемствы павінны вырабляць прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю і прыносіць максімум даходу. "Проста так, каб людзей заняць, нам ужо такія вытворчасці не патрэбны, - падкрэсліў ён. - Трэба будаваць тыя аб'екты, на якіх нашы людзі будуць атрымліваць нармальную заработную плату, мінімум у тры разы вышэйшую, чым сярэдняя па рэспубліцы. І самае галоўнае, каб той рэсурс, якім мы валодаем (асабліва лес, зямля і гэтак далей), быў перапрацаваны і атрымана прадукцыя і з большай дабаўленай вартасцю".
У той жа час, адзначыў Кіраўнік дзяржавы, развіваючы новыя вытворчасці, не трэба забываць аб сельскай гаспадарцы, у якой занята вялікая колькасць людзей. "У нас заўсёды праблема: нешта прамыслова пабудуем - і людзі з вёскі паехалі сюды. Тут трэба захаваць баланс. Ні ў якім разе нельга агаліць сяло", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт запатрабаваў, каб у кожным раёне Гродзенскай вобласці быў запушчаны як мінімум адзін інвестыцыйны праект. Акрамя таго, неабходна прывесці ў парадак існуючыя прадпрыемствы і вытворчыя базы. "Я хачу, каб вы разумелі: ідзе новае пакаленне. Наша пакаленне калі цяпер не закладзе аснову, то новаму будзе вельмі цяжка. Ці будуць яны гэта рабіць - пытанне", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
"Ніякіх дэпрэсіўных раёнаў быць не павінна. Гэта нармальныя раёны, якім мы павінны ўдзяліць першарадную ўвагу", - падагульніў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт даручыў таксама больш не пашыраць работу свабодных эканамічных зон у Беларусі.
"Трэба прыняць рашэнне аб "закрыцці" гэтых свабодных зон, я маю на ўвазе, каб мы іх больш не пашыралі. Толькі ў кропкавым парадку. Прывезлі высокія тэхналогіі - мы прадаставім вам тыя ж ільготы, што ў свабоднай зоне. Але не трэба нам іх пашыраць па ўсёй краіне і ставіць у няроўныя ўмовы прадпрыемствы", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Прадумайце і ўнясіце прапановы, каб мы спынілі гэту практыку. Не так шмат у нас інвестараў, якім трэба будзе прадаставіць ільготы або дапамагчы па сыравіне. Мы можам у прыватным парадку гэта зрабіць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама звярнуў увагу, што рознагалоссі з іншымі краінамі не павінны пераходзіць на адносіны паміж народамі.
"Вы бачыце, якія ў нас адносіны з літоўцамі і палякамі. Ні ў якім разе гэта не павінна перайсці на бізнесменаў і народ. Літоўцы, палякі і ўкраінцы не вінаваты ў тым, што адбываецца. Мы не павінны сутыкнуць інтарэсы, дапусцім, польскага насельніцтва (актуальна для Гродна і Брэста) у Беларусі з палякамі, якія жывуць па той бок граніцы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што паміж народамі складваюцца добрыя адносіны, людзям не патрэбна вайна. "Таму глядзіце, каб у нас не было непаразуменняў на міжнацыянальнай глебе, - дадаў ён. - У нас ніколі не было гэтай праблемы".
У час нарады Прэзідэнт падкрэсліў, што было б нядрэнна давесці ўзровень сярэдняй заработнай платы па краіне да канца пяцігодкі да $700-800 і цудоўна, калі ён дасягне $1000.
"Калі мы за пяцігодку па $700-800 сярэдняй зарплаты па краіне будзем мець - гэта будзе нядрэнна, а тысячу - цудоўна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама зрабіў акцэнт на неабходнасці падцягнуць зарплату нізкааплатных катэгорый работнікаў, чый узровень даходаў звычайна знаходзіцца на адзнацы меншай за сярэднюю заработную плату па краіне.
Прэзідэнт нагадаў, што перад Урадам і губернатарамі пастаўлена задача вызначыцца з кропкамі росту як у раёнах, так і ў цэлым па абласцях. "Гэта значыць, кожны губернатар павінен дастаць і пакласці народу "ў падарунак" значны інвестыцыйны праект на працягу пяці гадоў", - вобразна выказаўся Кіраўнік дзяржавы.
У Гродзенскай вобласці намечана будаўніцтва новага азотнага камбіната. Але гэты праект па сваіх маштабах і значэнні Кіраўнік дзяржавы назваў хутчэй агульнарэспубліканскім. "Гэта будзе значны праект, але губернатар павінен падумаць пра яшчэ адзін, сярэдні праект, менавіта асабісты, можна сказаць, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Старшыні райвыканкамаў павінны падумаць, што яны пакінуць пасля сябе, аб'ект, якім вы будзеце ганарыцца".
Закрануў Прэзідэнт і тэму санкцый, адзначыўшы, што ўвядзенне санкцый у адносінах да Беларусі робіць яшчэ больш актуальным пытанне дыверсіфікацыі эканомікі краіны.
"Трэба думаць і ў сувязі з санкцыямі аб дыверсіфікацыі. Не трэба пакутаваць, што нам няма куды прадаваць, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Таму абвальвання быць не павінна, палохаць нас у гэтым плане не трэба. Вытрымаем. Ёсць з кім працаваць", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка лічыць вельмі важным, каб цяперашняе пакаленне ўпраўленцаў, кіраўнікоў на месцах заклала трывалы эканамічны фундамент для будучага развіцця краіны. "Калі наша пакаленне цяпер не закладзе аснову, то маладым людзям, новаму пакаленню будзе вельмі цяжка", - адзначыў беларускі лідар.
"Вы ж бачыце: у нас новае пакаленне збеглых. Яны аб чым гавораць? Як адабраць і падзяліць. Яны не гавораць аб тым, што трэба вырабляць, сеяць, убіраць, нейкія праекты ствараць. Не. Прыватызацыя. І трэба ж будзе разлічыцца за тое, што іх там утрымліваюць. Таму ні ў якім разе нельга краіну нікому аддаваць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Пасля нарады Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з жыхарамі Свіслачы.
"Вы думалі, што я да вас не прыеду?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.
"Не, мы вас вельмі чакалі", - адказалі мясцовыя жыхары.
"А я, бываючы ў пушчы, усё прыцэльваюся на Свіслач, думаю: трэба з'ездзіць. І на ўскраіне краіны, і раён няпросты. Але заўсёды ў полі зроку трымаў", - заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы расказаў пра сваю паездку, наведаныя прадпрыемствы і пра вынікі праведзенай нарады. "Мы хочам тут ажыццявіць буйныя праекты па дрэваапрацоўцы. Шчыра кажучы, я так ашчадліва стаўлюся да выкарыстання лясных рэсурсаў (гэта, як і зямля, наша багацце), але бачу, што мы недапрацоўваем. У нас шмат лесу не перапрацоўваецца своечасова, перастойвае. І ёсць вельмі шмат лесу на балотах, у нізкіх месцах - таксама ніхто не хоча нарыхтоўваць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Сярод жыхароў раёна каля 20% - прадстаўнікі польскай нацыянальнасці. У сувязі з гэтым Прэзідэнт яшчэ раз закрануў адносіны паміж народамі на фоне палітычных рознагалоссяў з суседнімі краінамі. "Я папрасіў кіраўнікоў: глядзіце, каб мы ні ў якім разе не пакрыўдзілі польскае насельніцтва. Людзі ж ні ў чым не вінаватыя", - падкрэсліў ён.
Прэзідэнт адзначыў, што калі ў дзяржаве не будзе парадку, у тым ліку на вытворчасцях, то знешнія сілы краіну парвуць на кавалкі.
"Не будзе парадку - у нас няма перспектыў. Нас зноў падзеляць на кавалкі, парвуць і некуды далучаць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што кожны чалавек павінен адчуваць сваю датычнасць да будучага краіны. "Беражыце свой кавалак зямлі, ні ў якім разе нікому не паддавайцеся. Мы не дапусцім ніякай гарачай вайны, - запэўніў Кіраўнік дзяржавы. - Яны развязалі супраць нас гібрыдную вайну, з-за вугла яны могуць. Сюды яны ніколі не сунуцца, паверце".