Рабочая паездка ў Віцебскую вобласць

  • 27
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 кастрычніка прадоўжыў пачатую напярэдадні рабочую паездку ў Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобласці.

У цэнтры ўвагі - развіццё паўночных раёнаў краіны за кошт больш поўнага раскрыцця турыстычнага патэнцыялу, рэалізацыі запатрабаваных праектаў у галіне сельскай гаспадаркі і лясной галіне.

Яшчэ адной важнай тэмай рабочай паездкі Кіраўніка дзяржавы стала тэма пашырэння сеткі атрадаў народнага апалчэння і ўдасканалення іх падрыхтоўкі. Аляксандр Лукашэнка пабываў на вучэбна-трэніровачных занятках аднаго з такіх атрадаў, які створаны ў асноўным з ліку работнікаў паляўнічай гаспадаркі "Чырвоны Бор" і аднайменнага турыстычнага комплексу.

Народнае апалчэнне павінна базіравацца ў пэўных вёсках у сельскім савеце, адзначыў Прэзідэнт. "У вас адно падраздзяленне, добрае падраздзяленне. Але гэтага мала. І трэба нам пашырацца. Трэба недзе яшчэ ствараць такія базавыя атрады. Яны павінны быць звязаны паміж сабой", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што раней даручыў кіраўніку Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Ігару Шуневічу прыцягваць у народнае апалчэнне людзей, якія ўмеюць абыходзіцца са зброяй, і стварыць своеасаблівую брыгаду.

Прэзідэнт адзначыў, што народнае апалчэнне патрэбна, каб людзі ў выпадку ваеннага часу маглі абараніць сябе, сваю сям'ю, свой населены пункт.

"Чаму я імкнуўся стварыць народнае апалчэнне? Я не хачу, каб тут кожны другі загінуў, як гэта было некалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны - палову насельніцтва выразалі, а мы нічым не адказалі. А гэтыя хлопцы заўсёды адкажуць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы ж мужыкі. Нават калі нам давядзецца загінуць, то з сабой туды мы забяром дваіх-траіх, калі ў яго (байца народнага апалчэння. - Заўвага) будзе кулямёт, аўтамат, пісталет, гранаты і гэтак далей. Мы - мужыкі, мы павінны валодаць стралковай зброяй і павінны абараніць саміх сябе і сваю сям'ю. Зразумела, сваю вёску".

"Гэта ў самым нізе народнае апалчэнне. Далей тэрытарыяльная абарона - ахова інфраструктурных аб'ектаў. Народнае апалчэнне, тэрытарыяльная абарона і наверсе армія. Армія будзе забяспечвацца ўсім неабходным. Вядома, уся гэта структура пад камандаваннем і кіраўніцтвам Прэзідэнта. І я за гэтым буду сачыць і сачу, каб у вас была зброя", - заявіў беларускі лідар.

"Ствараючы гэту структуру, я меў на ўвазе, што ў кожным сельсавеце павінен быць атрад народнага апалчэння. Гэта ядро. У выпадку ваенных дзеянняў гэта ядро можа пашырацца. База, на якой ствараецца народнае апалчэнне, - гэта сельскі савет. Узбраенне для вас нарыхтавана. Гэта справа ваенных. Аўтамат, гранаты, кулямёт вы будзеце мець. А тут яшчэ БПЛА (выкарыстоўваецца пры падрыхтоўцы гэтага атрада. - Заўвага). Гэта добра, што вы асвоілі беспілотнікі, таму што вы як пагранічнікі - на краі. У вас тут краіна НАТА побач. Не дай бог, вядома, нам ваяваць з імі. Але тым не менш мы павінны быць гатовы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт расказаў, што ў бліжэйшы час ён на адным з участкаў азнаёміцца з дзеяннямі тэрытарыяльнай абароны. Пры гэтым асаблівая ўвага будзе ўдзелена пытанням наяўнасці і захаванасці зброі, якая ёсць у запасе на выпадак вайны і прызначана ў тым ліку для народнага апалчэння. "Я хачу, каб у нас у цэлым грамадства магло абараніць сваю краіну, - сказаў беларускі лідар. - Цяпер узварухнём гэта ўсё, мы яшчэ раз пераправерым іх баявую зброю".

Прэзідэнт паразмаўляў з байцамі атрада і даў некалькі парад па падрыхтоўцы: "Галоўнае - гэта нават не стральба. Галоўнае - гэта фізічная падрыхтоўка - умець бегаць, думаць галавой, утаіцца, збегчы, схавацца і забіць ворага. Вы павінны навучыцца "ўхіляцца ад кулі".

Атрад народнага апалчэння, за трэніроўкай якога назіраў Прэзідэнт, створаны на базе паляўнічай гаспадаркі "Чырвоны бор". У яе складзе - работнікі гэтай гаспадаркі і аднайменнага турыстычнага комплексу.

Камандзір атрада народнага апалчэння, за трэніроўкай якога назіраў Кіраўнік дзяржавы, Максім Андрыеўскі ў мінулым прафесійны ваенны, мае за плячамі вопыт службы ў спецпадраздзяленні. Ён расказаў, што трэніроўкі атрада праводзяцца штотыдзень, а ў летні час арганізуюць паўнацэнныя зборы працягласцю тры тыдні. Асаблівая ўвага ўдзяляецца спецыяльнай фізічнай падрыхтоўцы, рукапашнаму бою, фарміраванню навыкаў абыходжання са зброяй.

У складзе атрада мясцовыя жыхары самых розных прафесій. Гэта не прафесійныя ваенныя, але дзякуючы падрыхтоўцы ў патрэбны момант яны не разгубяцца і змогуць стаць на абарону радзімы.

Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання турыстычнага комплексу "Чырвоны Бор" у Верхнядзвінскім раёне азнаёміўся з развіццём у рэгіёне турыстычнага патэнцыялу.

Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з уладальнікам комплексу бізнесменам Мікалаем Вараб'ём, які таксама рэалізуе ў раёне праекты ў галіне АПК. Гаварылі аб развіцці сельскай гаспадаркі і адпаведных праектаў, што асабліва важна для эканамічнага росту ў паўночных раёнах краіны. У цэнтры ўвагі была і сфера турызму - тое, як можна маштабаваць паспяховы вопыт у іншых рэгіёнах Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка прадэгуставаў мясцовую прадукцыю, уключаючы мёд з экалагічна чыстага пчальніка. Мёд астраўны, ляснога разнатраўя, грэчкавы. "Самы лепшы чысты мёд. Вось гэта сапраўдны мёд!" - сказаў Прэзідэнт, паспытаўшы прадукцыю.

Кіраўніка дзяржавы зацікавіў не толькі смак мёду, але і падыходы ў пчалярстве, аб якіх з душой расказаў пчаляр Сяргей Шыманскі, які працуе ў "Чырвоным Бары" з 2015 года. Як вядома, на малой радзіме Прэзідэнта таксама ёсць пчальнік.

А яшчэ Сяргей Шыманскі любіць музыку і іграе на баяне. Спецыяльна для Прэзідэнта ён выканаў некалькі кампазіцый.

"Ты сам вучыўся?" - спытаў Прэзідэнт.

"Можна сказаць, самавучка. У другім класе аддалі на баян, потым армія. І потым, калі зразумеў, што яго можна недзе прымяняць... У школе дзяцей трэба было на турзлёт прыводзіць. А калі маленькая школка, нечым трэба было казырнуць. Прымянялі ўсе варыянты", - адказаў Сяргей Шыманскі.

"Усё знаёма. Малайчына", - пахваліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт распарадзіўся, каб пчаляру ў якасці падарунка перадалі яго баян: "Я табе падару свой баян. Пяцірадовы, прыгожы, большы. Ручной работы. Я ўжо не іграю практычна. Таму будзеш іграць на маім баяне. Але з цябе навука па пчалярстве".

У час рабочай паездкі ў Верхнядзвінскі раён Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні журналістаў.

Прэзідэнт расказаў, што ў бліжэйшы час у Беларусі ацэняць на практыцы дзеянні як народнага апалчэння, так і падраздзяленняў тэрытарыяльнай абароны.

"У бліжэйшы час мы ўсю гэту сістэму ўзварухнём па краіне - гэту вертыкаль - з мэтай праверкі. Паглядзім, як народнае апалчэнне дзейнічае, як тэрытарыяльная абарона. Тэрытарыяльная абарона будзе абараняць у межах раёнаў буйныя аб'екты жыццезабеспячэння. Ну і таксама будуць, вядома, перасякацца гэтыя функцыі (з народным апалчэннем. - Заўвага), - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Народнае апалчэнне - гэта была мая ініцыятыва. У кожным сельскім савеце да 20 вёсак, дзе жывуць людзі, - павінен быць апорны атрад. Не дай бог прыйдзе вораг - гэтыя людзі павінны ўмець абараніць сябе, сваю сям'ю".

Аляксандр Лукашэнка назваў гэта ўсё важнейшым пытаннем у сувязі з нагнятаннем абстаноўкі вакол. Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў, што Беларусь не збіраецца ні з кім ваяваць і хоча жыць дружна з усімі, у тым ліку суседзямі. Але праводзіць падрыхтоўку па ўсіх ваенных стандартах з улікам сучасных рэалій. "Калі яны з мячом да нас, вы разумееце... Гэта такі элеменцік (народнае апалчэнне. - Заўвага) вельмі важны", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы наведаў вучэбна-трэніровачныя заняткі аднаго з такіх атрадаў. Абмундзіраваннем і экіпіроўкай гэтыя людзі забяспечаны за кошт уладальніка комплексу - бізнесмена Мікалая Вараб'я. "Усё, чым яны экіпіраваны - кулямёты, аўтаматы і іншае, - гэта ён усё купіў за свае грошы. Гэта дзяржаўная структура (атрад апалчэння. - Заўвага) створана на аснове, як модна гаварыць, дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Гэта добры вопыт. Для мяне важна гэта ўбачыць і тыражаваць на ўсю краіну", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб развіцці народнага апалчэння, Прэзідэнт прывёў у якасці прыкладу гарадскі пасёлак Асвея. Там у гэтай мясцовасці павінна быць ядро такога апалчэння, а далей у сельсаветах свае падатрады. "Для гэтага ва Узброеных Сілах створаны пэўны запас неабходнай зброі. Перш за ўсё ім патрэбны будуць баявы аўтамат, гранаты, пісталет, нажы, рыдлёўкі - усё, што неабходна для сапраўднага салдата. Гэта - самы ніз нашай абароны. Далей - тэрытарыяльная абарона і ўжо армія", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў, расказаў аб стратэгіі развіцця сельскай гаспадаркі і першачарговых задачах у гэтым напрамку.

"Мы цяпер не намацваем тое, як будзе функцыянаваць сельская гаспадарка, мы цяпер намацваем кропкі развіцця сельскай гаспадаркі на будучае. Тое, аб чым мы думалі 10-15 гадоў таму, мы ўжо зрабілі. Дзесяць мільярдаў сваіх мы атрымалі (гаворка ідзе пра выручку ў памеры $10 млрд ад экспарту прадуктаў харчавання і сельгассыравіны ў 2025 годзе. - Заўвага). А далей? Як 20 мільярдаў ад экспарту атрымаць? Не толькі з-за росту цэн, але і за кошт інтэнсіфікацыі развіцця сельскай гаспадаркі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што па ўраджайнасці беларускія аграрыі набліжаюцца да рэкорднага мінулага года, калі было сабрана звыш 11 млн т збожжа з улікам рапсу і кукурузы. "Збожжа мы ўжо маем больш за тону на кожнага чалавека. Гэта цудоўна, гэта сусветная норма, але не гэта галоўнае. Галоўнае, як далей будзем жыць. Мы хочам, каб сярэдняе пакаленне і, галоўнае, дзеці атрымалі гэты зарад, у якім напрамку рухацца, - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. - Будзе лепш, калі нам перашкаджаць не будуць. А як нам да гэтага "лепш" ісці, мы цяпер шукаем шляхі. І мы іх па многіх напрамках знайшлі".

Што датычыцца першачарговых задач на будучае ў сельскай гаспадарцы, то ён назваў будаўніцтва малочнатаварных комплексаў замест дробных ферм і высокі ўзровень культуры земляробства. Пры гэтым неабходна вызначыцца, што будзе з калектыўнымі гаспадаркамі ў будучым. "Аб'ядноўваем, раз'ядноўваем іх, перадаём у прыватную ўласнасць..." - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб прыватных прадпрыемствах, Аляксандр Лукашэнка згадаў "Чырвоны Бор Агра", якое ён наведаў 15 кастрычніка ў час рабочай паездкі ў Верхнядзвінскі раён. Нядаўна там было завершана будаўніцтва комплексу па ўтрыманні і адкорме БРЖ абердзін-ангускай пароды на 3,2 тыс. галоў, арыентаванага на вытворчасць ялавічыны з поўным цыклам. Ёсць таксама планы па будаўніцтве двух малочнатаварных комплексаў. Але, нягледзячы на маштабы, у "Чырвоным Бары Агра" працуе не так шмат людзей, за кошт укаранення аўтаматызацыі. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што такі вопыт можна разглядаць як прыклад для тыражавання.

"Вось гэта будучыня. Мы павінны структурна, арганізацыйна і тэхналагічна паглядзець, як будзем жыць. Вядома, тое, што мы ў яго (уладальніка "Чырвоны Бор Агра" - бізнесмена Мікалая Вараб'я. - Заўвага) бачылі - гэта для багатых. Усе так не зробяць, як ён. Але да гэтага трэба імкнуцца, - перакананы беларускі лідар. - Вось прыклад для тыражавання. Вось паказалі, як вырошчваецца мармуровая ялавічына. А попыт на прадукты харчавання будзе толькі ўзрастаць".

Кіраўнік дзяржавы падчас сустрэчы са СМІ назваў ключавыя напрамкі развіцця паўночнага краю Беларусі.

Першы з іх - турыстычны. Пры гэтым, як адзначыў Прэзідэнт, размова неабавязкова ідзе аб стварэнні вялікіх турыстычных комплексаў, такіх як комплекс "Чырвоны Бор", які ён наведаў у час рабочай паездкі. Пачаць можна і з менш маштабных праектаў. "Памаленьку рухацца: адзін, два, тры домікі, пасёлачак невялікі. Людзі прыедуць, людзі хочуць пабываць на прыродзе. А ў Расонскім і Верхнядзвінскім раёнах няма ж ніякай прамысловай вытворчасці, ніякага бруду. Тое, што вы тут ходзіце, дыхаеце, вы атрымліваеце лякарства (размова пра чысціню паветра ў гэтай мясцовасці. - Заўвага), і я таксама - бясплатна. Таму трэба турыстычны напрамак развіваць", - упэўнены ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта пытанне актуальнае і для іншых рэгіёнаў, асабліва з запаведнымі мясцінамі. "Бярэзінскі запаведнік, запаведнік у Ляскавічах, Белавежская пушча, Браслаўскія азёры. Дзяржаўныя запаведнікі - там трэба ствараць магутныя базы, каб людзям было дзе працаваць і каб туды проста можна было паехаць адпачыць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Наступны напрамак - аграрны. З улікам асаблівасцей рэгіёна ён здаўна мае сваю спецыфіку. Так, у старажытнасці пануючай сістэмай вядзення сельскай гаспадаркі тут з'яўлялася пасечная. Людзі высякалі дрэвы, спальвалі іх і выкарыстоўвалі попел як угнаенне.

Што датычыцца палёў, то на поўначы яны характарызуюцца нізкай контурнасцю, таму патрабуюць асаблівага падыходу, на што звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. "Контурнасць зусім невялікая палёў, асабліва ў Верхнядзвінскім, Мёрскім, Браслаўскім і Расонскім раёнах. Гэта маленькія лапікі, але гэта глеба, гэта зямля. Яны павінны даваць вынік, - падкрэсліў беларускі лідар. - Гэтыя лапікі, якія нашы продкі стваралі, трэба захаваць. Гэта спецыфіка - гэта не буйное поле, дапусцім, як у Брэсцкай, Мінскай або Гомельскай абласцях. Гэта тры-чатыры гектары, і іх трэба апрацаваць. Гэта спецыяльная тэхніка. Людзі ў нас разумныя, яны хутка гэта асвояць. Таму, акрамя турыстычнага напрамку, трэба займацца сельскай гаспадаркай".

"Паглядзеў на карце, колькі гектараў, паставіў малочнатаварны комплекс або па адкорме буйной жывёлы. Не трэба захапляцца тут, на поўначы Віцебскай вобласці, птушкай, таму што для птушкі зерне трэба. А зерне тут цяжка атрымаць, траву прасцей для кароў, быкоў - для адкорму, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Ну і крыху зерня, таму што камбікорм таксама патрэбны. Гэта севазвароты трэба мяняць, што было сказана па Віцебскай вобласці не аднойчы".

Ён звярнуў увагу на бізнесмена Мікалая Вараб'я, які развівае абодва гэтыя напрамкі. Размова ідзе пра турыстычны комплекс "Чырвоны Бор" і сельскагаспадарчае прадпрыемства "Чырвоны Бор Агра".

"Гэта ўжо будзе патрабаванне да іх. Развіваеш напрамак турыстычны, сюды тысячы людзей прыязджаюць адпачываць. Накармі іх гэтай прадукцыяй - малако, мяса і іншае. У яго (Мікалая Вараб'я. - Заўвага) маленькі цэх, міні-заводзік, дзе ён вырабляе прадукцыю і корміць гэтых людзей. Вядома, недзе яшчэ і закупляе, але пытанне ў тым, каб не закупляў. Усё павінна ад зямлі ісці сюды. Вось такім чынам поўнач краіны, поўнач Віцебскай вобласці павінны развівацца", - сказаў Прэзідэнт.

Яшчэ адзін напрамак - лесаперапрацоўка. Для Віцебскай вобласці гэта пытанне актуальнае з улікам таго, што больш за трэць тэрыторыі рэгіёна займае лес. Пры гэтым ляснымі рэсурсамі трэба разумна распараджацца. "Лес, як і збожжавыя культуры, вырошчваецца толькі 60-80 гадоў. Спелы лес высякаецца, сушыцца і з яго робяць усё неабходнае. Таму трэці напрамак - гэта лесаперапрацоўка. Тут трэба будаваць, калі трэба, буйныя камбінаты. Мы цяпер з аманцамі хочам пабудаваць цэлюлозна-папяровы камбінат. Аманцы гатовы - у іх жа лесу няма, у іх суседзяў таксама", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым, падкрэсліў беларускі лідар, лясныя рэсурсы трэба выкарыстоўваць і ў іншых напрамках - напрыклад, будаўніцтве. Прэзідэнт прапанаваў будаваць невялікія вытворчасці накшталт піларам. Гэта актуальна для такіх населеных пунктаў, як гарадскі пасёлак Асвея ў Верхнядзвінскім раёне, дзе жыве каля тысячы чалавек. Такія вытворчасці забяспечаць іх работай і дастойнай заработнай платай.

"Трэба развіваць па ўсіх напрамках лесаперапрацоўку. Не толькі саджаць і пілаваць лес - аднаўляць і перапрацоўваць у мэблю. Глыбокая перапрацоўка, каб мець грошы. Трэба ад зямлі і лесу атрымаць тое, што патрэбна беларускаму народу", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Тэма развіцця поўначы Віцебскай вобласці стала цэнтральнай у час рабочай паездкі Прэзідэнта ў Верхнядзвінскі раён 15 кастрычніка. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў стратэгічна вызначыць, як развіваць гэтыя тэрыторыі. "Мы намацвалі напрамкі развіцця. Думаю, і я, і многія, хто быў са мной і гэтым павінен займацца, вельмі шмат зразумелі", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і на развіццё Расонскага раёна, які яшчэ складаней у развіцці, не выключыўшы, што да яго развіцця могуць падключыць прыватнага інвестара. Такая практыка прымяняецца ў Верхнядзвінскім раёне, дзе працуе бізнесмен Мікалай Варабей. "Я планую таксама знайсці прыватніка. Калі не - значыць дзяржава зоймецца. Расонскі раён яшчэ складаней у развіцці, чым Верхнядзвінскі, але мы яго кінуць не можам. Калі па-сапраўднаму ўкласціся, знайсці людзей, якія з душой падыдуць, як тут, у Асвеі, то Расонскі раён атрымае сур'ёзнае развіццё. Я не выключаю, што гэта будуць прадпрымальнікі не толькі беларускія, але і расійскія. Калі яны гатовы інвесціраваць, будзем інвесціраваць", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт, адказваючы на пытанні журналістаў, выказаўся наконт заявы Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб неабходнасці змяніць Уладзіміра Зяленскага.

Кіраўніка дзяржавы спыталі, ці рэальна дасягненне міру ва Украіне пры цяперашнім яе Прэзідэнце ў кантэксце нядаўніх заяў Дональда Трампа.

"Хочаце ад мяне як ад палітыка атрымаць адказ або па сутнасці? Калі па сутнасці - гэта маё крэда - гэта не Трампа пытанне, - сказаў беларускі лідар. - Хто будзе ва Украіне Прэзідэнтам, вырашыць украінскі народ".

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што Уладзімір Зяленскі ў свой час абяцаў прабыць на пасадзе Кіраўніка дзяржавы адзін тэрмін і ўсё. "Трэба выконваць абяцанні, - звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі. - На выбары трэба ісці. У гэтым Трамп мае рацыю: абяцаў - трэба выконваць абяцанні. Але толькі дыктаваць не трэба. Трампу не варта дыктаваць, як дзейнічаць Украіне".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў свой час падтрымліваў прыход да ўлады Дональда Трампа, і лічыць, што на пасадзе Прэзідэнта ЗША ён можа яшчэ нямала зрабіць, таму што наперадзе палова тэрміну яго паўнамоцтваў. Тым не менш не трэба было "так камандаваць", як у гэтым выпадку.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка бачыць прычыны, па якіх Дональд Трамп дазваляе сабе такія выказванні адносна Уладзіміра Зяленскага. "Ён чаму дыктуе? Таму што Зяленскі трапіў у залежнасць ад ЗША і ад таго ж Трампа. Калі ласка, ён можа не дыктаваць, але спачатку разведданымі не будзе Украіна забяспечана, а потым і зброяй - тым, што вельмі патрэбна. А можа, і акрамя зброі нечым", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

З гэтага, паводле слоў Прэзідэнта, напрошваецца відавочная выснова: нельга трапляць у залежнасць, асабліва ад буйных дзяржаў. "Дружы з імі, рабі ўсё неабходнае, каб яны падтрымлівалі з табой дружбу. Мы з Расіяй дружым, робім усё, каб Расія бачыла ў нас каштоўнасць. У адваротным выпадку навошта з беларусамі і Беларуссю дружыць? Яна павінна бачыць каштоўнасць. Гэтак жа і Украіна. Нос па ветры трэба ў гэтым плане трымаць і не трапляць у залежнасць ад гэтых дзяржаў", - лічыць беларускі лідар.

У працяг тэмы Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на дзеянні ЗША ў Іране. "Узялі разбамбілі краіну, у пэўных гарадах, забілі кіраўніцтва краіны, і яны пра гэта гавораць і хваляцца гэтым. Гэта што такое?" - крытычна заўважыў беларускі лідар.

"Так, яны (Злучаныя Штаты Амерыкі. - Заўвага) цяпер магутныя, разумеюць, што няма той сілы, якая магла б іх спыніць. Памыляюцца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Усе багалюбы, багамольцы... А Ён бачыць і па галаве ўрэжа вельмі моцна, - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы, намякаючы на вышэйшыя сілы. - Таму трэба быць акуратнымі тут. Мы дакладна не ведаем, але шмат у прыродзе сіл, якія могуць паставіць уладных людзей на месца. Гэта трэба памятаць".

Размаўляючы з журналістамі, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што лічыць магчымым дасягненне міру ва Украіне ў хуткім часе.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што завяршэнне канфлікту неабходна, і ў гэтым зацікаўлены як Украіна, так і Расія, паколькі вайна прыводзіць да негатыўных наступстваў для абедзвюх краін.

"І гэты мір будзе. Калі не ў гэтым годзе, то ў наступным. Я абсалютна ўпэўнены", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Так, Расія больш магутная, моцная, яна яшчэ можа доўга ваяваць. Але ўсё роўна знясіленне вельмі вялікае, уплыў на эканоміку велізарны, вы гэта таксама бачыце. Каму гэта прыемна і патрэбна? Расіяне гэта разумеюць, яны гатовы да міру", - прадоўжыў беларускі лідар.

"Украінцам, калі яны не пойдуць на мірнае ўрэгуляванне ў гэтым годзе, у наступным будзе яшчэ складаней, а потым і немагчыма будзе", - дадаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, амерыканцы намякаюць расіянам: мы зараз гатовы зняць санкцыі, яшчэ нейкія варыянты, але калі не пайсці на дамоўленасці з Украінай, то ў наступным годзе будзе яшчэ горш. І санкцыі захаваюцца, нават калі Расія захопіць усю тэрыторыю Украіны. "Калі шчыра, не факт, што з намі і з расіянамі побач будзе нехта стаяць (у выпадку непажаданага варыянта развіцця падзей. - Заўвага)", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Розныя фактары ў гэтым плане ўплываюць і на Расію, і на Украіну. Але адназначна гэтыя фактары падштурхоўваюць да міру і Украіну, і Расію з-за немагчымасці далей весці такія ваенныя дзеянні", - перакананы беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на трагічныя наступствы гэтай вайны, дзе людзі гінуць, атрымліваюць цяжкія калецтвы, застаюцца інвалідамі.

"З гэтых гуманітарных, чалавечых меркаванняў там патрэбны мір. І ён будзе дасягнуты. Хацелася, каб ужо ў будучым годзе гэта вайна скончылася. А калі ў гэтым, то наогул выдатна. Мы - за гэта і ў гэтых адносінах будзем рабіць усё, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Любыя войны мірам заканчваюцца. Таму лепш раней, чым пазней".

Аляксандр Лукашэнка пасля двухдзённай работы на поўначы Віцебскай вобласці ў другой палове дня 16 кастрычніка накіраваўся на паўднёвы ўсход рэгіёна.

Аб планах азнаёміцца са станам спраў не толькі на поўначы, але і ў іншых частках Віцебскай вобласці Прэзідэнт заявіў журналістам у Верхнядзвінскім раёне. "Вось цяпер у верталёт, праз Расоны туды палячу, на ўсход Віцебскай вобласці, пагляджу, як яны працуюць у сельскай гаспадарцы", - сказаў ён.