Рабочая паездка ў Вілейскі раён Мінскай вобласці
- 26
- 3
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 жніўня зрабіў рабочую паездку ў Вілейскі раён Мінскай вобласці.
Кіраўнік дзяржавы пасля прыбыцця ў Вілейку звярнуў увагу на сельскую гаспадарку і культуру земляробства цэнтральнага рэгіёна. Аляксандр Лукашэнка з борта верталёта агледзеў стан палёў і адзначыў, што частка з іх зарастае пустазеллем і фактычна выключана з севазвароту. Асабліва гэта датычыцца паўночных раёнаў. "Беспарадак усюды. У вас кінуты палі. Гэта жудасць", - указаў Прэзідэнт на відавочныя недахопы.
У сувязі з гэтым старшыні Мінскага аблвыканкама была пастаўлена канкрэтная задача. "Ад мяне жалезабетоннае патрабаванне: усе палі Мінскай вобласці павінны быць вернуты ў севазварот. Трэба араць, сеяць, убіраць своечасова, - даручыў Прэзідэнт. - І трэба добра прыкласціся на поўначы Мінскай вобласці".
Яшчэ адна тэма, якая цікавіла Аляксандра Лукашэнку, - ход летніх палявых работ у Мінскай вобласці. Тут ён таксама адзначыў пэўныя недахопы. "Такое ўражанне, што ўборку вы яшчэ не пачыналі. Дзе-нідзе палі пераараны, напэўна, пад рапс і азімы ячмень", - заўважыў ён.
Старшыня Мінаблвыканкама Аляксей Кушнарэнка адзначыў, што намалот збожжа ў цэнтральным рэгіёне на сённяшні дзень 1 млн 500 тыс. тон. "Усе вашы заслугі я ведаю. Я проста хачу, каб вы разумелі, што я бачу і недахопы. Вам трэба добра прыкласціся на поўначы Мінскай вобласці, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Імем рэвалюцыі, рабіце што хочаце, але прывядзіце ўсё ў парадак". Аляксандр Лукашэнка зноў звярнуў увагу на неабходнасць няўхільнага захавання дысцыпліны, у тым ліку тэхналагічнай.
Аляксандр Лукашэнка зноў звярнуў увагу на неабходнасць няўхільнага захавання дысцыпліны, у тым ліку тэхналагічнай, і нагадаў аб сваім нядаўнім даручэнні, дадзеным на селектарнай нарадзе. Размова ідзе аб накіраванні ў армію недысцыплінаваных і нядобрасумленных аграрыяў. "Каго хочаце прыцягвайце. Вазьміце дзве батальённа-тактычныя групы, якія стварылі з нядбайных чыноўнікаў і спецыялістаў. Іх амаль 500 чалавек, я іх называю дзве батальённа-тактычныя групы. Прымусьце іх тут працаваць", - дадаў ён.
Для паўнаты карціны ён пацікавіўся ў намесніка Старшыні Усебеларускага народнага сходу Аляксандра Косінца, які з'яўляецца ўпаўнаважаным прадстаўніком Кіраўніка дзяржавы па Мінскай вобласці, агульным станам спраў у цэнтральным рэгіёне. Як было даложана, вобласць выконвае прагнозныя паказчыкі, а да канца года можа стаць адной з лідзіруючых у рэспубліцы.
Падчас наведвання ААТ "Зеніт-БелОМА" Кіраўніку дзяржавы было падрабязна даложана аб шырокай лінейцы прадукцыі холдынга "БелОМА", у склад якога ўваходзіць гэта прадпрыемства. Прадпрыемствы холдынга вырабляюць апараты пнеўматычнага тармазнога прывода, аўтакампаненты для кар'ерных самазвалаў, вагавымяральную тэхніку медыцынскага прызначэння і іншае.
Калі размова зайшла аб вытворчасці аўтакампанентаў для кар'ерных самазвалаў, Прэзідэнт звярнуўся да Міністра прамысловасці Андрэя Кузняцова, паставіўшы задачу асвоіць вытворчасць гідраўлічных вузлоў для айчыннай тэхнікі.
"Табе задача: гідраўліку мы павінны асіліць у гэтым і наступным годзе. Таму рыхтуйся. Гэта як Каранкевічу (намесніку Прэм'ер-міністра Віктару Каранкевічу. - Заўвага) - прэс-падборшчык і даільны робат, так табе - гідраўліку, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Колькі я працую Прэзідэнтам, мне толькі абяцаюць яе зрабіць і ніяк не зробяць".
Асноўная спецыялізацыя холдынга "БелОМА" - оптыка (82% прадукцыі). Следам ідуць аўтамабільныя агрэгаты для велікагрузаў, бытавыя прыборы ўліку газу, спажывецкія тавары.
Холдынг "БелОМА" экспартна арыентаваны - 80% прадукцыі прадпрыемстваў пастаўляецца за мяжу, а структура экспарту ўключае Расію, краіны СНД і далёкага замежжа. Пры гэтым высокім попытам карыстаецца перш за ўсё оптыка.
На ўсіх прадпрыемствах, якія ўваходзяць у склад холдынга "БелОМА", за пяцігодку быў рэалізаваны шэраг інвестыцыйных праектаў, у тым ліку імпартазамяшчальных. Так, на "Зеніце-БелОМА" ў мінулым годзе быў завершаны праект па арганізацыі вытворчасці інавацыйных вырабаў прыцэльнай тэхнікі і аўтакампанентаў для патрэб Беларусі, а таксама краін блізкага і далёкага замежжа. У 2026 годзе на прадпрыемстве пачата рэалізацыя інвестыцыйнага праекта, звязанага з вытворчасцю кампанентаў тармазных сістэм для велікагрузных аўтамабіляў. Аб'ём фінансавання складае 7,6 млн руб.
На прадпрыемстве Прэзідэнт азнаёміўся з узорамі прадукцыі холдынга, а таксама з работай механічнай вытворчасці "Зеніта-БелОМА".
На памяць аб наведванні прадпрыемства ў Вілейцы Кіраўніку дзяржавы падарылі бінокль, зроблены па стандартах НАТА. Аптычны прыбор з'яўляецца воданепранікальным і газанапоўненым. Замест звычайнага паветра туды запампаваны інертны газ, які ахоўвае лінзы ад пацення знутры пры рэзкіх скачках тэмпературы і поўнасцю герметызуе корпус ад трапляння вады. Карыстацца біноклем можна на глыбіні да 5 м.
"Дзякуй, гэта добры падарунак", - ацаніў Аляксандр Лукашэнка.
Акрамя таго, Прэзідэнту ўручылі карціну, зробленую з аптычнага шкла майстрамі прадпрыемства. На ёй паказаны буслы і жанчына ў традыцыйным беларускім строі.
"Гэта мне ў кабінет - Год жанчыны ж", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
У ходзе рабочай паездкі ў Вілейскі раён Кіраўнік дзяржавы правёў нараду па пытаннях забеспячэння сельскага насельніцтва шырокім асартыментам тавараў пад поўную патрэбнасць.
Прэзідэнт, зайшоўшы ў залу і ўбачыўшы абстаноўку, прызнаўся, што зведаў моцнае пачуццё настальгіі. "Не магу пахваліцца, што партыя (кампартыя. - Заўвага) адыграла вырашальную ролю ў маім жыцці. Усяго хапала. Але павінен сказаць - непапулярна, можа, прагучыць для некага з вас, асабліва для нашай моладзі - вось якраз сёння гэтай сістэмы кіравання, якая некалі была (у Савецкім Саюзе. - Заўвага), у краіне не хапае", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Таму - задача і настальгія. Мая цвёрдая перакананасць, што нам не хапае той сістэмы кіравання", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
"Я больш за ўсё гэта адчуваю. І той, хто балее за дзяржаву, гэта адчувае. Гэта мае адчуванні не сённяшняга і не ўчарашняга дня, - сказаў Прэзідэнт. - Прапрацаваўшы ўжо вельмі шмат Прэзідэнтам, я як ніхто іншы адчуваю, што не хапае вось гэтай сістэмы кіравання дзяржавай. Не хапае сур'ёзнай кадравай работы. Як бы я ні спрабаваў выбудаваць вертыкаль кіравання і іншае (гэта ўсё ж такі ратунак для краіны быў і цяпер ёсць), але структуры не хапае".
У якасці пазітыўнага прыкладу краіны, якая, грунтуючыся на вопыце кампартыі і захоўваючы яе спадчыну, вопыт кіравання дзяржавай, рухаецца наперад і паспяхова развіваецца, Аляксандр Лукашэнка прывёў Кітай.
"Мяне часта крытыкавалі за тое, што мы вывучаем вопыт, сістэму кіравання КНР. Дык вось яны здуру нічога не ламалі. Яны ў нас вучыліся, шмат рабілі падобнага. Не хачу сказаць, што капіравалі, але недзе разумнае бралі для сябе. Нічога не ламалі: ні ідэалогію, палітыку Маа Цзэдуна, Дэн Сэапіна і гэтак далей. Ніхто нічога не ламаў. Напэўна, адна з прычын поспеху КНР крыецца ў гэтым", - сказаў беларускі лідар.
"Прапаную вам над гэтым падумаць, - звярнуўся да прысутных на мерапрыемстве Прэзідэнт. - Ведаю, што вам не хочацца. Навошта вам гэтыя партыйныя органы, якія кадрамі будуць займацца, і партбюро, куды трэба хадзіць... Вы ж ужо аднаасобна кіруеце (на месцах. - Заўвага). Але калі з дзяржаўнага пункту гледжання - сістэму давядзецца выбудоўваць, даналаджваць".
"Для многіх з вас гэта здаецца нечаканым, але многія пытанні вырашаліся б па-іншаму і больш эфектыўна, чым цяпер", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.
У ходзе нарады Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўважліва назірае за тым, як жывуць людзі ў рэгіёнах, ці ёсць там работа, жыллё, сацыяльныя аб'екты і іншае.
"Перад вертыкаллю ўлады стаіць задача - зрабіць так, каб максімальна сцерці адрозненні паміж горадам і вёскай. Але сцерці так, каб не сцерлі вёску", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Для гэтага ў Беларусі развіваюць апорныя сельскія населеныя пункты (аграгарадкі і вялікія вёскі), рамантуюць і будуюць новыя дарогі, пастаянна павышаюцца патрабаванні да абслугоўвання ў вёсцы. Прэзідэнт упэўнены, што ў будучым якраз аграгарадкі і вялікія вёскі (былыя цэнтры калгасаў і саўгасаў) застануцца і будуць развівацца. Для гандлю зручна, што яны знаходзяцца ў асноўным паблізу вялікіх дарог. А вось маленькія вёсачкі, магчыма, часткова знікнуць і пераўтворацца ў нейкія іншыя фарматы.
Адзін з іх - такі модны сучасны напрамак, як "ізбінг". Ён ужо атрымаў распаўсюджванне ў Беларусі, але ў асноўным пакуль за кошт расіян. Хоць Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да беларусаў, якія жывуць у гарадах, даўно заклікае набываць пустуючыя дамы, участкі ў невялікіх населеных пунктах, далей ад гарадской мітусні, дзе ёсць магчымасць і на зямлі папрацаваць, басанож пахадзіць, і дзяцей аздараўліваць, прывучаць іх да фізічнай актыўнасці. "Месцаў свабодных хапае", - заўважыў ён.
"Аказваецца, расіяне - яны Бацьку пачулі: скупляюць вось гэтыя ўчасткі. Тым больш у Беларусі развітая сістэма чыгункі, аўтамабільных дарог - усё ёсць. І яны пустуючыя хаты скупляюць, рамантуюць, у парадак прыводзяць, недзе зносяць, - сказаў Прэзідэнт. - А беларусы мяне не чуюць".
"Глядзіце, беларусы, прыйдзе час, будзеце рукамі разводзіць, але будзе позна", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што год таму, у жніўні 2025-га, адбылася нарада аб эфектыўнасці сістэмы гандлёвага абслугоўвання насельніцтва ў маштабах Беларусі. Тая размова, паводле яго слоў, павінна была стаць зыходнай кропкай для канкрэтных крокаў па выпраўленні памылак і паляпшэнні сітуацыі. А цяперашняя - кантрольная, сумленныя вынікі таго, што зрабілі за год.
"Патрабаванне за выкананне будзе вельмі жорсткім", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што ў краіне з пачатку 2026 года рэалізуюцца дзве праграмы: развіцця гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання насельніцтва да 2030 года і развіцця спажывецкай кааперацыі на 2026-2027 гады. Гэта значыць, мэты і задачы вызначаны, ідзе этап практычнай рэалізацыі.
"Але ў адрозненне ад таго, што гладка на паперы, практыка ў многіх выпадках вымушае жадаць лепшага", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт у ходзе нарады абазначыў асноўныя праблемныя аспекты.
Даступнасць у вёсцы тавараў і паслуг – якасных і па справядлівай цане
"У Мінску і абласных цэнтрах магазінаў і гандлёвых цэнтраў дастаткова, і канкурэнцыя там высокая. А вось вяскоўцы зусім не разбалаваны", - заўважыў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што ў сувязі з гэтым у 2025 годзе быў выдадзены ўказ, накіраваны на павышэнне сацыяльнай адказнасці суб'ектаў гандлю ў сельскай мясцовасці, а таксама на паляпшэнне якасці гандлёвага абслугоўвання насельніцтва на такіх тэрыторыях. "Прасцей кажучы, хочаш збіраць вяршкі і прыбытак у вялікіх гарадах і сталіцы - вазьмі на сябе адказнасць і за аддаленыя вёсачкі", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
У якасці эксперыменту, па прапановах мясцовых органаў улады, былі вызначаны дзевяць раёнаў: шэсць - у Віцебскай, два - у Магілёўскай і адзін (Вілейскі, дзе арганізавана нарада) - у Мінскай абласцях.
"Мне дакладваюць: тры "цяжкавагавікі" - "Еўрагандаль", "Тытунь-Інвест" і "Дабраном" - пачалі работу. Вызначаны маршруты руху, набыты аўтакрамы, узгоднены асартыментныя пералікі тавараў. Дзелавая ініцыятыва пачала працаваць, нават пачалі ўстанаўліваць нестацыянарныя гандлёвыя павільёны", - сказаў Прэзідэнт.
Урад, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, ацэньвае эксперымент як паспяховы.
"Як цяпер модна, у сацыяльных сетках і жыхары выказваюць аналагічнае меркаванне (аб раз'язной рабоце гандлёвых сетак. - Заўвага)", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Пытанне якасці такога выязнога гандлю вынесена на разгляд удзельнікаў нарады з тым, каб абмеркаваць эксперымент і даведацца меркаванне не толькі сталічных начальнікаў, але і кіраўнікоў раёнаў, якія ўдзельнічаюць у ім, напрыклад Касцюковіцкага.
Асобнае пытанне Прэзідэнт задаў адносна вялікіх гандлёвых сетак. "Чаму, нягледзячы на зацверджаныя дакументы і існуючы станоўчы вопыт, фактычна абслугоўваць вяскоўцаў пачалі толькі некалькі гандлёвых сетак? А астатнія? Што, увязлі ў эксперыменце?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы.
Урадам падрыхтаваны і ўнесены на разгляд Прэзідэнта праект указа - збор абавязацельстваў вялікіх гандлёвых сетак па абслугоўванні сельскага насельніцтва, а таксама прэферэнцый для суб'ектаў гаспадарання, якія жадаюць аказваць паслугі ў сельскай мясцовасці. У праект дакумента таксама ўключана норма аб маштабаванні на ўзровень краіны эксперыменту, які праводзіцца ў асобных раёнах.
Па выніках нарады плануецца прыняць рашэнне аб мэтазгоднасці выдання такога дакумента.
Гаворачы аб якасці абслугоўвання ў гандлёвых аб'ектах у вёсцы, Кіраўнік дзяржавы ацаніў яе як нездавальняючую. Паводле даных Камітэта дзяржкантролю, за шэсць месяцаў бягучага года з 1021 праверанага гандлёвага аб'екта ў 90% парушэнні. Інакш кажучы, якасць абслугоўвання вымушае жадаць лепшага. "Пратэрміноўка, тухляціна і іншае, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Гэта проста абуральна і недапушчальна".
"Да адміністрацыйнай і дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута пэўная колькасць людзей, закрываліся аб'екты - таксама дрэнна", - прывёў факты Прэзідэнт
Работа Белкаапсаюза – пакуль не эфектыўная
Прэзідэнт звярнуў увагу, што работа Белкаапсаюза застаецца неэфектыўнай, а Урад і кіраўніцтва спажыўкааперацыі пакуль не змаглі змяніць сітуацыю да лепшага.
Белкаапсаюз - самы значны ігрок на сельскім рынку тавараў і паслуг, а таксама ў некаторай ступені арганізатар і рэгулятар гандлю ў вёсцы, заўважыў Кіраўнік дзяржавы. "Разам са старшынёй райвыканкама пад кантролем аблвыканкама яны павінны бачыць населеныя пункты ў раёне і маршруты аўтакрам, стацыянарных пунктаў (гандлю. - Заўвага) рэгуляваць", - сказаў Прэзідэнт.
Ён звярнуў увагу, што за мінулы год колькасць магазінаў у сельскай мясцовасці скарацілася на 314 аб'ектаў, аўтакрам стала на 13 менш.
Застаецца стратнай работа арганізацый рознічнага гандлю Белкаапсаюза. За першае паўгоддзе бягучага года чыстая страта склала 16,4 млн рублёў, павялічыўшыся ў 11 разоў у параўнанні з аналагічным перыядам 2025 года. "Калі гэта так, гэта жудасць", - сказаў Прэзідэнт.
Пры гэтым арганізацыі спажыўкааперацыі закрэдытаваны: на 1 ліпеня 2026 года пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць склала 86 млн рублёў, або 15% ад агульнай сумы крэдыторскай запазычанасці.
За студзень - чэрвень гэтага года ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года тэмпы аб'ёмаў вытворчасці безалкагольных напіткаў склалі 54%, напіткаў ферментаваных - 60%, вады мінеральнай - 46%, хлеба - 92%, прадуктаў з мяса - 91%.
"Але самае трывожнае - у вас у хуткім часе проста не будзе каму працаваць", - адзначыў Прэзідэнт праблему з дэфіцытам кадраў у арганізацыі.
"Інеса Леанідаўна, ад вас сёння чакаем адказу на два класічныя рускія пытанні - хто вінаваты і што будзем рабіць", - звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да старшыні праўлення Белкаапсаюза Інесы Караткевіч.
Асартымент аўтакрам – аго не хапае?
Што датычыцца работы аўтакрам, па гэтым напрамку ёсць прэтэнзіі і да спажыўкааперацыі, і да іншых гандлёвых сетак, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. Людзі па-ранейшаму скардзяцца на рэжым работы, маршруты руху і асартымент. "Скажу вам па-мужчынску: перастаньце балавацца. Абслугоўвайце насельніцтва так, як прынамсі ўлады вырашаюць, ад вас патрабуюць. Дапамагаць вам будзем, але і патрабаваць жалезабетонна", - папярэдзіў Прэзідэнт.
Маніторынг Вілейскага раёна, праведзены Адміністрацыяй Прэзідэнта, паказаў, што нават такіх прадуктаў, як яблыкі, цыбуля, буракі, бульба, у асобных аўтакрамах не было ў продажы. Хоць запыт ад пакупнікоў быў. Зрэшты, гэты аспект можна разглядаць дваяка, паколькі ў вёсках людзі могуць вырасціць многае самастойна. "Ужо дайшлі ў вёсцы да таго, што няма ні цыбулі, ні бульбы, ні буракоў", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, нават у яго асабістай падсобнай гаспадарцы вырошчваецца баршчовы набор.
"Гэта з аднаго боку. Але калі ёсць попыт - чаму мы не задавальняем яго? Гэта другі бок", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
"Усе памятаюць мінулагоднюю сітуацыю з няхваткай бульбы і завоблачнымі цэнамі на яе? Цяпер з улікам сезоннасці гэтыя пытанні не такія актуальныя, але зіма не за гарамі. Думаю, тут ёсць над чым працаваць далей і кіраўніцтву гандлёвых сетак, і райвыканкамам, і іншым. Займіцеся гэтым сёння".
Паводле даных КДК, маюць месца выпадкі нясвоечасовага інфармавання насельніцтва аб змяненні графікаў руху аўтамагазінаў. Адзначаецца фармалізм у рабоце мясцовых улад па ўзгадненні маршрутаў руху прыватнікаў, а таксама стварэнне няроўных умоў гаспадарання.
Засілле імпартнага ў магазінах і попыт на сваё
Прэзідэнт падкрэсліў, што доля беларускай прадукцыі на ўнутраным рынку - адзін з ключавых паказчыкаў эфектыўнасці гандлю. "І ўладальнікі сетак таксама нясуць адказнасць за фарміраванне попыту менавіта на карысць айчыннага. Але пакуль з гэтай задачай вы не спраўляецеся", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што адказнасць за гэта нясуць і старшыні райвыканкамаў.
Паводле статыстыкі, у першым паўгоддзі 2026 года ў цэлым назіраецца рост долі продажаў беларускіх тавараў. "Але рост на ўзроўні хібнасці - 0,1%", - заўважыў Прэзідэнт.
Доля айчыннай прадукцыі на прылаўках цяпер крыху большая за палавіну (54,6%). "Але, шчыра кажучы, нават гэты невялікі рост - не паказчык поспехаў гандлю, а вынік павелічэння продажаў аўтамабіляў нашай народнай маркі "БЕЛДЖЫ". Гэта значыць не столькі гандаль добра спрацаваў, а дзяржава, якая прадаставіла людзям даступныя крэдыты", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
А вось продажы айчынных харчовых тавараў падаюць. "На паўпрацэнта, але гэта тэндэнцыя", - заўважыў Прэзідэнт.
На фоне такіх лічбаў толькі за студзень - май бягучага года ў Беларусь увезена спажывецкіх тавараў на $7,5 млрд, што амаль на трэць больш, чым за аналагічны мінулагодні перыяд. "Куды ідзём? - спытаў Кіраўнік дзяржавы. - Калі гандаль бачыць, што нейкіх тавараў не хапае, не маўчыце, працуйце з айчыннымі вытворцамі, інфармуйце адказных людзей і Урад".
Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем адзначыў, што ў 2026 годзе ў Беларусь імпартавалі тое, што робяць айчынныя вытворцы. У студзені - маі 2026 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2025 года павялічылася доля імпарту халадзільнікаў і маразільнікаў (з 33% да 56%), гарсэтных вырабаў (з 55% да 62%), панчошна-шкарпэтачных вырабаў (з 15% да 17%), гадзіннікаў бытавых (з 39% да 46%).
"Чаго не хапае, што перашкаджае? Можа, якаснага маркетынгу? Якасці самой прадукцыі? Гібкай цэнавай палітыкі і крэдытнай падтрымкі?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы.
"У справаздачах пішаце, што такая сітуацыя з-за актыўнага развіцця інтэрнэт-гандлю, перш за ўсё маркетплэйсаў. Але яны без дзяржпадтрымкі прырастаюць. А вы свой рынак страчваеце! Дык бярыце з іх прыклад", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым на заканадаўчым узроўні работа маркетплэйсаў да гэтага часу не ўрэгулявана. "Чаго чакаем, Юрый Вітольдавіч?" - звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да віцэ-прэм'ера Юрыя Шулейкі.
"Грошы, якія маглі б застацца ў Беларусі, у айчыннага вытворцы, выцякаюць з нашай эканомікі за мяжу", - канстатаваў Прэзідэнт.
Ён запатрабаваў ад Урада, аблвыканкамаў, вытворцаў, кіраўнікоў гандлёвых прадпрыемстваў звярнуць увагу на беларускія тавары, іх павінна быць дастаткова для задавальнення ўнутранага попыту.
Як прыклад: сітуацыя з беларускім цукрам, попыт на які традыцыйна павышаецца ў сезон гатавання варэння і нарыхтовак на зіму.
Айчынны прадукт па кошце таннейшы, чым ва ўсіх краінах СНД. Адпускныя цэны без ПДВ складаюць $650 за тону ў Беларусі, $820 - ва Узбекістане, $775 - у Казахстане, $745 - у Расіі.
"Нельга дапусціць, каб айчынны цукар сталі вывозіць па схемах шэрага экспарту ў сумежныя краіны. Пакуль усё ў парадку. Але далей паглядзім", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Формула справядлівай цаны
Паводле даных Белстата, у гэтым годзе назіраюцца ўмераныя тэмпы росту кошту на спажывецкім рынку. Цэны на тавары і паслугі ў чэрвені 2026 года выраслі ўсяго на 2,9% у адносінах да снежня мінулага года. "Нібыта нядрэнна, але заспакойвацца нельга - гэта ж рост", - папярэдзіў Прэзідэнт.
Па асобных таварах рост вышэйшы: на капусту (белакачанную свежую) з пачатку года цэны выраслі на 38%, цыбулю рэпчатую - на 24%, буракі - на 17%.
"Парушэнні дысцыпліны цэн дапускаюцца паўсюль, нават справы крымінальныя ўзбуджалі (па гэтай прычыне. - Заўвага)", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што 10 ліпеня бягучага года выдадзена пастанова Савета Міністраў, якой скарочаны пералік рэгулюемых тавараў з 200 да 76 пазіцый (72 пазіцыі - харчовыя тавары і 4 - нехарчовыя).
"Паглядзім, як ваша рашэнне спрацуе ў перспектыве. Але стрымліванне цэн і інфляцыі ў запланаваным калідоры - за Урадам", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Асобна ён закрануў пытанне аб выпрацоўцы "формулы справядлівай цаны". "Механізм Урадам так і не выпрацаваны. Першапачаткова прапаноўвалася весці маніторынг з дапамогай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы "Аналіз цэн". Я папярэджваў на пасяджэнні Урада першага віцэ-прэм'ера (адказнага па гэтым пытанні Мікалая Снапкова. - Заўвага), што вы можаце ствараць якую хочаце сістэму, але яна павінна даваць рэзультат. Цяпер як быццам яе прапануюць кансерваваць. Цяпер гавару не пра штучны інтэлект, а пра кіраўніцкі, дзе ёсць задачы і адказнасць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Асноўным дакладчыкам на мерапрыемстве выступіў Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур Карповіч. Ён, у прыватнасці, ахарактарызаваў сітуацыю на спажывецкім рынку і адзначыў, што шырокі асартымент тавараў: пакупнікам ёсць з чаго выбраць.
"Усюды прадстаўлены і ёсць з чаго выбраць?" - удакладніў Кіраўнік дзяржавы.
"У залежнасці ад гандлёвага аб'екта, аўтамагазіна. У асноўным добра, але ёсць і недахопы, на якія мы звяртаем першарадную ўвагу", - сказаў Міністр.
Паводле яго слоў, прыярытэтнымі для МАРГ як рэгулятара з'яўляюцца пытанні наконт асартыменту і якасці тавараў, захавання гандлем абавязковых асартыментных пералікаў, тэрмінаў прыгоднасці, прадстаўленасць і папулярызацыя беларускіх тавараў. Напрыклад, за год заключана каля 1 тыс. пагадненняў з гандлёвымі арганізацыямі, вытворцамі, органамі ўлады, упраўленнямі па прасоўванні тавараў айчыннай вытворчасці.
Аднак у Камітэта дзяржкантролю наконт гэтага аказалася іншае меркаванне. Васіль Герасімаў звярнуў увагу, што ў гэтых пагадненнях не прапісана адказнасць гандлёвых сетак за невыкананне. "Сеткі фармальна падышлі, падпісалі", - сказаў кіраўнік КДК. Ён таксама абазначыў праблему з вялікай колькасцю імпартных тавараў.
Сваё меркаванне наконт гэтага выказаў першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў: "Пытанне не ў тым, што пастаўляецца імпарт, а ў тым, што часам нашы вытворцы не могуць зрабіць тое, што запатрабавана пакупніком". Гэта, паводле яго слоў, не датычыцца стандартных прадуктаў штодзённага ўжытку, якраз яны прадстаўлены ў гандлёвых сетках на 99% таварамі айчыннай вытворчасці.
"Я разумею, што непапулярны цяпер у Тапузідзіса (Павел Тапузідзіс, уладальнік адной з вялікіх гандлёвых сетак. - Заўвага) і яго калег з сетак. Яны ж у нас рыначнікамі сталі ў момант, самымі багатымі людзьмі. І забываюць, што ў саракаградусную спёку ў камбайне сядзіць звычайны чалавек, селянін, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Людзі (падобныя да гэтага камбайнера. - Заўвага), пра якіх мы гаворым, не патрабуюць ад нас імпартнага. Яны не патрабуюць іспанскі хамон. Патрабуюць звычайнага мяса завезці (у магазіны ў вёсцы і аўтакрамы. - Заўвага), малочныя прадукты. Але каб свежыя, нармальныя. Трэба нармальны хлеб завезці. Яны маюць на гэта права".
"Беларускае - тое, што мы вырабляем, - павінна быць. І кропка! - запатрабаваў Прэзідэнт. - Не вырабляем - добра, завезлі. Няхай купляюць і ядуць".
Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніцтву Адміністрацыі Прэзідэнта і КДК правесці праверку па гэтай тэме і далажыць. Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што пара паставіць кропку ў гэтым пытанні і перайсці ад балбатні і разважанняў да канкрэтных крокаў.
"Дзе не трэба гаварыць - там не гаварыце, а дзейнічайце", - запатрабаваў ён. У дзяржорганаў ёсць дастаткова паўнамоцтваў і спосабаў дабівацца выканання прынятых рашэнняў, трэба толькі ўмець ставіць задачы.
"Гэта павінна быць апошняя размова. Папярэджваю вас усіх і кіраўнікоў сетак", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Размаўляючы з жырахамі Вілейскага раёна пасля нарады, Кіраўнік дзяржавы зноў вярнуўся да пытання аб куплі дамоў у сельскай мясцовасці. Прэзідэнт растлумачыў, чаму заклікае да гэтага беларусаў. "Вазьміце гэты прысядзібны ўчастак. Для чаго? Каб вы дзяцей, унукаў туды маглі прывесці, каб яны басанож па траве пахадзілі. Спытаю ў вас цяпер, і будзе 10% тых, хто па траве ходзіць басанож", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з жыхарамі Вілейскага раёна, выказаў упэўненасць, што цэны на прадукты харчавання ў свеце будуць толькі расці.
"Прадукты харчавання будуць толькі даражэць. $10 млрд мы зарабілі на прадуктах харчавання за мінулы год. На нафце столькі людзі не атрымліваюць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У пацвярджэнне сваіх слоў Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на кліматычныя ўмовы, якія склаліся ў еўрапейскіх краінах. У бягучым годзе Еўропа сутыкнулася з беспрэцэдэнтнай спёкай. Гэта выклікае праблемы з забяспечанасцю прадуктамі харчавання з-за ўплыву надвор'я на сельскую гаспадарку. У сувязі з гэтым Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што беларуская прадукцыя будзе запатрабавана ў еўрапейскіх краінах.
"Якія санкцыі ні ўводзілі б, да нас прыедуць. Увялі санкцыі - ну і што? Мы ўсё сваё прадаём. Няхай гэта крыху даражэй нам абыходзіцца, але вытрымаем. А паціху да нас, да нас", - дадаў ён.
"Я чаму граніцы адкрываю з еўрапейцамі? Не толькі таму, што мы любім палякаў, літоўцаў і латышоў. Мы да іх добра ставімся - гэта не чужыя нам людзі, нашы суседзі ад Бога, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Яны да нас прыязджаюць, купляюць, што трэба, і самі возяць (да сябе ў краіну. - Заўвага). Не трэба туды везці прадаваць. Людзі прыязджаюць і купляюць, а нам трэба прадаць. Для таго, каб жыць, каб была валюта. Вось і ўсё".
Прэзідэнт заўважыў, што раней беларусаў нярэдка крытыкавалі: маўляў, пастаянна гавораць аб тым, што патрэбны мір. Асабліва часта такія папрокі гучалі з боку так званай апазіцыі. Але праз час, асабліва ў апошнія гады, усім стала зразумела, што мір - гэта вялікая каштоўнасць.
"Цяпер усе мараць, каб быў мір. І яшчэ невядома, як будзе. Для таго, каб мір быў, я вам простую формулу назаву: трэба працаваць самім. Хлеб збяром, узаром усе палі, у прамысловасці будзем працаваць і прадаваць прадукцыю - будзе мір, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Як толькі перастанем працаваць, тыя, хто не працуюць, пачнуць красці ў тых, хто працуе. Пачнецца бойка - прыйдзем да вайны".
Прэзідэнт адзначыў, што вайна ва Украіне пачыналася менавіта з унутранай неразбярыхі, крадзяжу і карупцыі. "Краіна багатая, кішэні напакоўвалі - і дайшлі да вайны, - падкрэсліў ён. - Вось гэтага дапусціць нельга".
"Непапулярна скажу: людзі намнога лепш сталі жыць. І той, хто хоча добра жыць, можа добра жыць. Так склалася сёння: вайна там, вайна там... Расія, Усход праз Беларусь сёння размаўляюць з Захадам - Еўропай. Велізны паток ідзе цераз нас, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Хтосьці тармозіць - гэта канкурэнцыя, ідзе барацьба. Але нашым беларусам трэхба не спаць, трэба варушыцца".
"На любым патоку ты можаш нешта зарабіць. І прадпрымальныя людзі зарабляюць. Хтосьці не хоча - так і жыве тады. Інакш і быць не можа, як бы гэта непапулярна ні гучала", - упэўнены ён.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што сёння ў беларусаў ёсць магчымасці, якіх не было дзесяцігоддзі таму. Гэта датычыцца ў тым ліку працаўладкавання і заработку. "Працуй дзе хочаш, зарабляй", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы зноў выказаўся аб неабходнасці захоўваць дысцыпліну і старанна працаваць на рабочых месцах. З борта верталёта Прэзідэнт вывучыў стан палёў цэнтральнага рэгіёна і адзначыў, што ў Вілейскім раёне неабходна павышаць культуру земляробства. "Я быў у Брэсцкай, Гродзенскай абласцях - такія ж глебы і землі. А працуюць яны лепш. У Мінскай вобласці вазьміце поўдзень - людзі варушацца, працуюць", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка параўнаў стан зямель у Вілейскім раёне з горшымі раёнамі Віцебскай вобласці: "Віцебская вобласць таксама розная. Талачын, Орша, Сянно, Дуброўна, Віцебск - больш-менш, нічога. А на поўначы (Верхнядзвінск і гэтак далей) - гэта як у вас тут. Таму вам трэба крыху падцягвацца".
Пазітыўныя змены, што адбываюцца ў рэспубліцы, заўважаюць і расіяне. Да Кіраўніка дзяржавы звярнулася грамадзянка Расіі, якая ўжо дзесяць гадоў жыве ў Беларусі. Пераезд быў звязаны з работай мужа. Цяпер жанчына працуе ў адной з беларускіх арганізацый і адзначае, што тут усё робіцца для людзей.
"Вы - кумір майго бацькі", - прызналася яна.
"Я хацеў бы, каб яшчэ і вашым кумірам быў", - пажартаваў Аляксандр Лукашэнка.
"Вы і мой кумір. Калі я пераязджала ў Беларусь, бацька мне сказаў: "Ты павінна зрабіць фатаграфію з Аляксандрам Рыгоравічам". Можна?" - звярнулася з просьбай жанчына.
"Вядома, можна", - пагадзіўся Прэзідэнт.
Яшчэ адзін расіянін - жыхар горада Чэхава Маскоўскай вобласці - прыехаў у Беларусь адпачыць. "Самы спакойны і бяспечны адпачынак - у Беларусі", - сказаў ён.
"Прыязджайце часцей. У Вілейцы можна не толькі адпачыць, але і парыбачыць на вадасховішчы", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Сярод мясцовых жыхароў, з якімі паразмаўляў Прэзідэнт, была шматдзетная сям'я Філістовічаў.
Аляксей і Алеся Філістовічы выхоўваюць адзінаццаць родных дзяцей. Сям'я ўзяла ўчастак у вёсцы, вядзе сваю гаспадарку. Аляксей прызнаецца: атрымліваецца пакуль не ўсё, але рукі не апускаюць і імкнуцца максімальна ўладкаваць камфортны побыт. "Узялі ўчастак - 50 гектараў зямлі. Распрацавалі пакуль 20. Мы прыйшлі вам сказаць вялікі дзякуй", - звярнуўся шматдзетны бацька да Прэзідэнта.
"Дзяцей адзінаццаць, 20 гектараў зямлі - малайчына!" - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Сёлета сям'я Філістовічаў атрымала ад Мінскага аблвыканкама нечаканы і вельмі патрэбны падарунак - прасторны мікрааўтобус, у якім бацькі лёгка змогуць перавозіць усіх дзяцей. А адна з дачок, Кацярына, папрасіла старшыню аблвыканкама Аляксея Кушнарэнку паціснуць ад яе імя руку Кіраўніку дзяржавы. Але так склалася, што змагла гэта зрабіць асабіста - у час размовы з Прэзідэнтам. А яшчэ дзяўчынка прызналася, што ў будучым хоча стаць кранаўшчыцай. Аляксандр Лукашэнка ацаніў такі незвычайны выбар. "Ну ты і зрабіла крок! А я ж вышыні баюся", - сказаў ён.
На заканчэнне шматдзетная сям'я зрабіла фота на памяць з Прэзідэнтам. "Адзінаццаць дзяцей - гэта рэдкасць, малайчына", - зноў адзначыў Аляксандр Лукашэнка.


