Наведванне канцэрта-рэквіема ў гонар 80-годдзя поўнага вызвалення Ленінграда ад фашысцкай блакады
- 13
- 6:38
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 27 студзеня наведалі ў Санкт-Пецярбургу канцэрт-рэквіем у гонар 80-годдзя поўнага вызвалення Ленінграда ад фашысцкай блакады.
"Дарагія сябры! Усім вам, нам пашчасціла нарадзіцца, жыць, вучыцца і працаваць у вялікім горадзе-героі. Горадзе, які назаўсёды застанецца ў памяці нашчадкаў сімвалам нязломнай волі, стойкасці і мужнасці савецкіх людзей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што няма ў свеце прыкладу, параўнальнага з подзвігам ленінградцаў: "Пераадолеўшы голад, холад, смагу, перажыўшы бясконцыя смерці родных і блізкіх, яны захавалі ў сабе чалавечнасць".
"Лёс кожнага з іх - гісторыя духоўнага подзвігу. Гэту гісторыю ведаем па ўспамінах відавочцаў, архіўных кадрах, кінахроніцы, газетных артыкулах тых гадоў. Мы памятаем. Перачытваем. Пераглядваем. Шукаем адказы на пытанні, якія ставіць перад намі час, пытанні складаныя і прынцыповыя. Гэтыя пытанні мы спрабуем вырашыць і сёння. Найважнейшае з іх - захаванне праўды аб той вайне", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што захаванне праўды аб Вялікай Айчыннай вайне - найважнейшае пытанне, якое ставіць перад намі час.
"Гэта праўда дэманструе глыбіню духоўнага і маральнага падзення тых, хто стаў пад сцягі нацысцкай Германіі. Яна падае чорным ценем на многія заходнееўрапейскія краіны. Гэта наша праўда. Але размова не ідзе аб варожасці з іх народамі. Мы, нашчадкі пераможцаў, процістаім ідэалогіі нацызму, ад якой пакутавалі і немцы, і французы, і многія-многія іншыя народы. Таксама мы ставім пытанне прызнання генацыду савецкага народа", - адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што да гэтага часу невядома дакладная колькасць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. І ў Беларусі, і ў Расіі ўсё яшчэ знаходзяць астанкі забітых маці, якія прыціскаюць да грудзей немаўлят. Грудных немаўлят, пахаваных жывымі.
"Такіх сюжэтаў не злічыць. І лічбы выклікаюць жах", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.
"Мы мірныя людзі. Мы не хочам вайны. Але перад намі зноў пастаўлена пытанне аб праве на жыццё нашай цывілізацыі, на захаванне спрадвечных каштоўнасцей, нацыянальных культур. Чужога нам не трэба, асабліва тых даброт, якія не раз насаджваліся нашым продкам агнём і мячом. І тым не менш. Як пасля Перамогі, так і сёння мы заклікаем да мірнага дыялогу. Але пры ўмове паважання нашай гістарычнай памяці і праўды аб той вайне. Мы адкрыты любым дружалюбным крокам насустрач - і ў Расіі, і ў Беларусі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Ён нагадаў, што 80 гадоў таму поўнае зняцце блакады Ленінграда зрабіла Вялікую Перамогу яшчэ бліжэй. "Нам давядзецца адзначыць шмат гадавін вялікіх бітваў, якія ў выніку спынілі самую жорсткую ў гісторыі чалавецтва вайну", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар расказаў, што, пад'язджаючы разам з расійскім калегам Уладзімірам Пуціным да месца правядзення канцэрта, абмяркоўваў з ім, як сёння ацэньваюцца вынікі Вялікай Айчыннай вайны.
"І ён назваў адну жудасную ідэю нашых агідных, якія да гэтага часу не могуць супакоіцца. Нашых агідных - маладых, якія не бачылі вайны, ды і сур'ёзнага гора не бачылі. Якія гавораць: "Ды не трэба было абараняць Ленінград. Трэба было яго пакінуць - і вялізную колькасць, больш за мільён, жыццяў бы захавалі". Небяспечная тэндэнцыя. Яны, сволачы, з мінулага спрабуюць глядзець у сучасны дзень", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Паводле гэтай логікі, заўважыў ён, калі не трэба было абараняць Ленінград, то не варта было абараняць і Маскву, ды і наогул не трэба было абараняцца.
"Я згодны з Прэзідэнтам Расіі, які гаворыць: "Мы страцілі б сваю цывілізацыю і сёння не жылі б на гэтай зямлі, калі б не змагаліся за кожны кавалак зямлі". Але, як я сказаў, яны з мінулага глядзяць у сучаснае. І логіка ў чым: ды не трэба супраціўляцца, не трэба змагацца. Яны сёння на нашых граніцах точаць мячы, каб прыйсці да нас. Яны едуць зноў да нас, каб зрабіць нас "лепшымі". І дзе будзем мы? Вось галоўнае пытанне, на якое мы сёння спрабуем адказаць. Мы адказваем і адкажам, будзьце ў гэтым упэўнены. І няхай памяць аб тых, хто пайшоў ад нас, натхняе нас на стварэнне ў імя будучыні нашых народаў, у імя міру. Мы захаваем сваю цывілізацыю, у гэтым вы можаце быць упэўнены", - сказаў на заканчэнне Аляксандр Лукашэнка.