Удзел у саміце АДКБ у Ерэване

  • 20
  • 4

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 лістапада ў Ерэване прыняў удзел у саміце АДКБ.

На месцы правядзення сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ беларускага лідара вітаў Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян.

На сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ у вузкім складзе Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што спачатку на саміце ШАС у Самаркандзе, а затым у Астане на саміце СНД бакі абмяркоўвалі балючыя кропкі і праблемы, якія складваюцца ў свеце. "У тым ліку і мы не выключэнне. Таму я лічу, што сённяшняя наша нарада па змесце будзе прадаўжэннем таго пачатага дыялогу ў Самаркандзе і Астане. Цяпер настаў час прадметна абмеркаваць пытанні ваенна-палітычнага ўзаемадзеяння, забеспячэння бяспекі на пляцоўцы АДКБ. Іх актуальнасць расце дзень пры дні, - сказаў беларускі лідар. - Невыпадкова ў бягучым годзе мы правялі чатыры сустрэчы - як у фармаце відэаканферэнцыі, так і вочна. І пакуль падстаў для аптымізму, на жаль, у нас няшмат", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў тэзіс аб тым, што аднапалярная сістэма светаўладкавання незваротна адыходзіць у мінулае. "Аб'ектыўна адыходзіць у мінулае, хочам мы тое ці не. Яна адыходзіць у мінулае і адыдзе. Гэты працэс правакуе бязмежны па сваіх глыбіні і маштабе крызіс сістэмы міжнародных адносін з мноствам праблемных кропак па ўсім зямным шары. Шэраг гэтых кропак, на вялікі жаль, знаходзіцца на еўрапейскай і еўразійскай прасторы, у тым ліку ў зоне адказнасці АДКБ", - канстатаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка прыцягнуў увагу да таго, што цяпер адбываецца ў еўрапейскім рэгіёне. Паводле яго слоў, Паўночнаатлантычны альянс канчаткова замацаваў антырасійскі і антыбеларускі вектары дзейнасці арганізацыі на бліжэйшую перспектыву і па ўласнай ініцыятыве перапыніў усе кантакты.

"Пад выглядам стрымлівання нібыта агрэсіўных паводзін Расіі і яе саюзнікаў ідзе планамернае нарошчванне ваеннай прысутнасці Штатаў і іншых краін НАТА каля заходніх граніц АДКБ, інакш кажучы, каля нашых граніц. Захад прадаўжае перакідваць на ўсходні фланг НАТА войскі, узбраенні і ваенную тэхніку. Павышаецца інтэнсіўнасць іх мерапрыемстваў аператыўнай і баявой падрыхтоўкі. Што гэта, як не асваенне патэнцыяльнага тэатра баявых дзеянняў?" - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым нядаўна прынятае рашэнне аб разгортванні рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі Прэзідэнт назваў натуральнай рэакцыяй на існуючыя выклікі.

"На краіны, якія імкнуцца ісці па сваім шляху развіцця і праводзяць самастойны знешнепалітычны курс, аказваецца жорсткі прэсінг. Пад свой кантроль спрабуюць паставіць і міжнародныя арганізацыі, у тым ліку ААН, - канстатаваў беларускі лідар. - Расходы на ўзбраенне растуць небывалымі тэмпамі і дасягаюць жудасных велічынь. Урады краін - членаў НАТА, якіх падбухторвае Вашынгтон, ахвотна трацяць мільярды на нібыта ўзрастаючую пагрозу з Усходу, пры гэтым стымулюючы ваенна-прамысловы комплекс ЗША".

Усё гэта, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, адбываецца на фоне заклапочаных выказванняў асобных прадстаўнікоў гэтых жа краін аб узрастаючых праблемах у галіне глабальнай харчовай, энергетычнай і іншай бяспекі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўсё часцей размова заходзіць аб магчымасці прымянення ядзернай зброі. "Тое, што нельга было ўявіць яшчэ 2-3 гады таму. Ядзерная рыторыка асобных заходніх лідараў зашкальвае. Польскае кіраўніцтва дэкларуе гатоўнасць размясціць у сябе ядзерную зброю. Добра, што ў амерыканцаў, трэба аддаць належнае ім, яшчэ захаваліся разважлівыя людзі, якія выдатна разумеюць небяспекі ядзерных гульняў, асабліва з непрадказальнымі партнёрамі", - сказаў Прэзідэнт.

"Наша цвёрдае перакананне - ядзернаму шантажу не павінна быць месца ў міжнароднай палітыцы!" - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў вядомы тэзіс аб тым, што ў ядзернай вайне не будзе пераможцаў: "Вялікі фізік Альберт Эйнштэйн некалі сказаў: "Я не ведаю, якой зброяй будзе весціся трэцяя сусветная вайна, але чацвёртая - палкамі і камянямі".

Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні выказаўся і аб канфлікце ва Украіне. "Беларусь пастаянна і настойліва папярэджвала аб небяспечнай эскалацыі ваенна-палітычнай сітуацыі ў Еўрапейскім рэгіёне. Мы ўказвалі на дэградацыю сістэмы міжнароднай бяспекі, абясцэньванне пагадненняў у сферы раззбраення і кантролю над узбраеннямі. На жаль, тады нас з вамі не слухалі. І трагічны вынік гэтай высакамернай пазіцыі мы бачым сёння ва Украіне", - канстатаваў беларускі лідар.

Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь пачынаючы з 2014 года рабіла і прадаўжае рабіць усё магчымае для спынення гэтага канфлікту.

"Краіны Захаду абвінавацілі і прадаўжаюць абвінавачваць нас ва ўсіх смяротных грахах. Спрабуюць усімі сіламі ўцягнуць Беларусь у гэты канфлікт, хоць самі "па вушы" ў гэта ўцягнуты. На іх палігонах праходзяць абучэнне тысячы ўкраінскіх салдат па натаўскіх праграмах. Кіеў забяспечваецца заходнім узбраеннем і ваеннай тэхнікай, - адзначыў беларускі лідар. - Што гэта, калі не прамая ўключанасць у канфлікт? А як разумець заявы генеральнага сакратара НАТА, які гаворыць, што паражэнне Украіны будзе азначаць паражэнне Паўночнаатлантычнага альянсу?"

Ён параўнаў падзеі ва Украіне з набіраючым сілу тарнада, які зацягвае ў сваю варонку ўсё большую колькасць краін і стварае ўсё новыя праблемы. "Трэба спыніць гэта кровапраліцце і пачаць перагаворы аб міры. Пытанне ў тым, ці дадуць Украіне сесці за стол перагавораў" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб існуючых выкліках і пагрозах, Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што няпростая сітуацыя складваецца і ў АДКБ. "Мы аб гэтым неаднаразова гаварылі, што грамадствы ўнутры нашых краін спрабуюць расхістваць - якраз па перыметры Расійскай Федэрацыі, - сказаў ён. - Спачатку палыхнула Украіна, у 2020 годзе спрабавалі разваліць Беларусь. Мы праз гэта прайшлі - беларусы. У студзені бягучага года - Казахстан (добра, што там кіраўніцтва Казахстана справілася з гэтым канфліктам). Канфлікт Арменіі і Азербайджана. Я паўтару, што сказаў на пазачарговай сесіі СКБ 28 кастрычніка, - мы хочам, каб канфлікт паміж дзвюма суседнімі і дружалюбнымі нам дзяржавамі быў урэгуляваны мірным шляхам".

"Думаю, выкажу меркаванне ўсіх. Мы не ў баку. Мы не так, як сказаў тут Нікол Ваваевіч (Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян. - Заўвага.), што АДКБ не ўтрымала Азербайджан ад агрэсіі. Не наша справа кагосьці ўтрымліваць. Але па факце мы павінны рэагаваць. Так мы гатовы рэагаваць", - сказаў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што цяпер Расія выконвае пасрэдніцкую місію ў гэтым пытанні, з чым пагадзіліся і Арменія, і Азербайджан. "Давайце ў гэтым напрамку рухацца. Давайце дамовімся, давайце ўсё зробім, каб не гінулі там людзі. Гэта будзе з задавальненнем успрынята ў армянскім і азербайджанскім грамадстве", - упэўнены Прэзідэнт.

"Так, Нікол Ваваевіч, ёсць нюансы. І сур'ёзныя, магчыма. Але мы можам гэты канфлікт, які можа разгарэцца зноў, у корані ўрэгуляваць цяпер. Пры жаданні перш за ўсё кіраўніцтва Арменіі. Ну і зразумела Азербайджана. Дарэчы, я буду пра гэта гаварыць. Гэта адзін з прыярытэтаў беларускага старшынства. Мы не павінны заплюшчваць на гэта вочы. Зможам мы вырашыць гэту праблему ці не, але гэта павінна быць у цэнтры ўвагі АДКБ", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

"Але трэба разумець, што канфлікт паміж дзвюма суседнімі і блізкімі, дружалюбнымі нам дзяржавамі. Толькі ў гэтым прычына. Не таму, што мы хочам дагадзіць аднаму боку ва ўрон іншаму. Армяне нам не чужыя людзі, і мы хочам іх падтрымаць. Але ў гэтым плане павінен быць рух перш за ўсё Арменіі", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.

"Але я ў сувязі з гэтым не разумею, можа, хто-небудзь растлумачыць, навошта тут у гэтым канфлікце, акрамя Расіі, якая ўцягнута ў пасрэдніцтва, яшчэ Еўрасаюз і АБСЕ? - акрэсліў пытанне Кіраўнік дзяржавы. - Каб далей забіваць кол у адносіны паміж намі, паміж саюзнікамі? У гісторыі заўсёды было так. Мы ведаем, да чаго прыводзіць такое "пасрэдніцтва". Проста будзе як мінімум замарожаны гэты канфлікт зноў на доўгія гады. Ім не патрэбны стабільнасць і мір у нашым рэгіёне, а патрэбна кіруемая імі разруха".

Прэзідэнт звярнуў увагу, што канфліктная сітуацыя на граніцы Кыргызстана і Таджыкістана з той жа оперы. "Нас сутыкаюць ілбамі", - падкрэсліў ён.

Прэзідэнт лічыць, што задача саюзнікаў па АДКБ - дапамагчы гэтым краінам прайсці шлях па ўрэгуляванні канфліктнай сітуацыі. "Не трэба гэтых боек. Таму што ў гэта вогнішча будуць палены ўвесь час і галавешкі падкідваць. Гэта нам не трэба", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць захавання саюзніцкіх адносін: "У гэтым бушуючым і імкліва зменлівым свеце нашы саюзніцкія адносіны павінны застацца нязменнай велічынёй. Нельга дапусціць, каб нас пасварылі, пасеялі паміж намі семя супярэчнасцей і рознагалоссяў. Ад гэтага будзе залежаць будучыня і нашых краін, і нашай арганізацыі".

Прэзідэнт канстатаваў, што за мінулыя 30 гадоў з моманту падпісання Дагавора аб калектыўнай бяспецы і 20-годдзе стварэння АДКБ пройдзены вельмі няпросты шлях фарміравання ваенна-палітычнага саюза і яго трансфармацыі ў сучасную шматфункцыянальную арганізацыю. "Нам жыццёва важна ўмацоўваць з'яднанасць і салідарнасць унутры АДКБ, часцей звяртацца да дапамогі адзін аднаго і не шукаць яе на баку, - падкрэсліў беларускі лідар. - Чым мацнейшым будзе ўнутранае адзінства, тым мацнейшай будзе наша арганізацыя, тым больш будуць яе паважаць іншыя, тым эфектыўней яна будзе адпавядаць эвалюцыянуючаму кантэксту рэгіянальнай і глабальнай бяспекі".

Ён заявіў аб неабходнасці адаптаваць АДКБ пад зменлівыя выклікі і пагрозы. "Для гэтага ў арганізацыі ёсць магутны калектыўны патэнцыял. Ёсць і канкрэтныя кропкі росту", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што эфектыўнасць дзейнасці АДКБ шмат у чым залежыць ад работы сакратарыята і генеральнага сакратара. Карыстаючыся выпадкам, ён падзякаваў Станіславу Засю за работу ў арганізацыі ў няпросты час.

Кіраўнік дзяржавы заявіў і аб падтрымцы кандыдатуры Імангалі Тасмагамбетава ў якасці новага Генеральнага сакратара АДКБ.

Пасля завяршэння пасяджэння ў вузкім складзе лідары краін правялі сустрэчу ў пашыраным складзе, дзе Аляксандр Лукашэнка прадставіў прыярытэтныя напрамкі старшынства Беларусі ў АДКБ у наступным годзе:

Паважаныя члены Савета калектыўнай бяспекі! Паважаны, Нікол Ваваевіч (Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян. - Заўвага)!

Беларусь прымае старшынства ў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ў перыяд сістэмнага крызісу міжнародных адносін. Відавочна беспрэцэдэнтнае абвастрэнне ваенна-палітычнай абстаноўкі на Еўразійскім кантыненце, далейшая палярызацыя падыходаў да пытання аб новым сусветным парадку.

Краіны Захаду настойліва спрабуюць вярнуцца да аднапалярнага светаўладкавання, навязваючы свае правілы гульні. На змену нормам міжнароднага права прыйшоў дыктат сілы і практыка санкцыйнага пакарання "непакорных" краін. Чаго толькі варты бесперапынны санкцыйны прэсінг супраць Беларусі і Расіі.

Бягучы крызіс архітэктуры міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі непасрэдна ўплывае і на нашу арганізацыю, АДКБ, якая зведвае ўздзеянне разнапланавых выклікаў і пагроз - як транснацыянальнага характару, так і звязаных з міждзяржаўнымі супярэчнасцямі. Гэта сучасныя геапалітычныя рэаліі, у якіх вымушана існаваць АДКБ і на якія ёй неабходна рэагаваць. Прычым як на ўнутраным, так і на знешнім контурах.

Ва ўмовах, якія складваюцца, бачым наступныя асноватворныя мэты ў ходзе беларускага старшынства. Так прынята па нашым рэгламенце - краіна, якая ўступае ў старшынства, схематычна абмалёўвае свае прыярытэты на наступны год.

На ўнутраным контуры - павышэнне з'яднанасці дзяржаў - членаў АДКБ. Гэта асноўныя мэты: павышэнне з'яднанасці нашай, зніжэнне ўзроўню напружанасці і ўрэгуляванне супярэчнасцей паміж імі ў мэтах умацавання самой арганізацыі, забеспячэння бяспекі і стабільнасці ў зоне яе адказнасці.

Ведаеце, мы пра гэта вельмі шмат гаварылі. Многае, што абмяркоўвалі, вядома, не падлягае абвяшчэнню. Але я чалавек ужо вопытны і не малады ў гэтым плане палітык. Упершыню вось такая была такая сумленная і адкрытая размова. І вось Нікол Ваваевіч сказаў, што мы па 15 пунктах дасягнулі дамоўленасці. Адзін пункт, які мы доўга ўзгаднялі (МЗС нашы прапанавалі папраўкі, нашы армянскія сябры), мы яго вырашылі сёння не прымаць, не паглыбляцца. Але ўпершыню мы дамовіліся аб тым (і быў канкрэтны рух у гэтым напрамку), што ёсць агульныя падыходы, каб прыйсці да згоды. І як мы ўсе зразумелі па цяперашнім старшынствуючым, гэты канфлікт армяна-азербайджанскі, калі так вось будзем дзейнічаць, як сёння абмяркоўвалі мы, ён скончыцца і будзе заключаны мірны дагавор. Я, напрыклад, гэта з натхненнем успрымаю. Калі Нікол Ваваевіч маўчыць, значыць, ён таксама згодны, што я толькі што сказаў. Вось бачыце, згодны.

Гэта што датычыцца нашага ўнутранага контуру. Ёсць у нас і іншыя недахопы і іншыя канфлікты, якія мы павінны вырашыць. І там, як сказаў Эмамалі Шарыпавіч (Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон. - Заўвага) сёння, ёсць вельмі сур'ёзны рух наперад з Прэзідэнтам Кыргызстана. Нам трэба зняць гэтыя канфлікты, калі мы хочам быць сапраўднай, адказнай арганізацыяй. Калі мы не можам у сваім коле вырашыць гэтыя пытанні і рушыць наперад, тады я згодны з вамі: на што мы тады здольныя? Таму ёсць вельмі сур'ёзныя крокі наперад у гэтым напрамку.

На знешнім контуры мэты - узмацненне ролі і значнасці АДКБ у сістэме міжнародных адносін. А таксама комплексная адпаведнасць дзейнасці арганізацыі кантэксту рэгіянальнай і глабальнай бяспекі. Тлумачу: не вельмі ўжо хочуць нас успрымаць, асабліва асноўныя нашы, скажам так, сапернікі - натаўцы. Што мы ні прапаноўвалі б асобна краінам - членам НАТА, калектыўнаму Захаду, яны дыстанцыруюцца ад нас. Але зрухі вельмі сур'ёзныя ў рамках ШАС, СНД. Ды ўжо нас заўважаюць кіраўнікі еўрапейскіх дзяржаў. Няхай спачатку называюць нас нейкімі "папяровымі тыграмі", але калі заўважылі, значыць, мы існуём. І ў гэтым напрамку нам трэба будзе рухацца.

У сувязі з гэтым прапаную правесці беларускае старшынства ў АДКБ пад дэвізам "Праз салідарнасць і супрацоўніцтва да міру і бяспекі". І вызначыць наступныя прыярытэтныя напрамкі.

Першае. Урэгуляванне крызісных сітуацый і недапушчэнне далейшай дэстабілізацыі ў зоне адказнасці АДКБ - гэта павінна заставацца ў цэнтры нашай увагі (я толькі што гаварыў: тут вельмі сур'ёзныя зрухі). Падзеі студзеня гэтага года ў Казахстане, канфлікт ва Украіне, сітуацыя на армяна-азербайджанскай і кыргызска-таджыкскай граніцах наглядна пацвярджаюць жыццёвую важнасць гэтага тэзіса. Нам усім патрэбны мір! І як мы ўсе абсалютна аднагалосна заявілі, вайна нікому не патрэбна!

Беларускае старшынства прыкладзе ўсе магчымыя дыпламатычныя намаганні, накіраваныя на дээскалацыю напружанасці, змяншэнне канфліктнага патэнцыялу, а таксама на павышэнне ўзроўню ўзаемнага даверу праз сумесныя дзеянні дзяржаў - членаў АДКБ. Гэта дасць магчымасць зафіксаваць лідзіруючую ролю арганізацыі ў пытаннях забеспячэння і ўмацавання рэгіянальнай бяспекі ў зоне нашай адказнасці. Нашы сумесныя намаганні павінны аказваць дабратворны ўплыў і на сітуацыю ў зоне адказнасці АДКБ, у тым ліку ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне.

У мэтах эфектыўнага рэагавання на шырокі спектр крызісных сітуацый, якія ўзнікаюць у зоне адказнасці арганізацыі, мы маем намер сканцэнтраваць намаганні на ўдасканаленні нарматыўна-прававой базы арганізацыі і нацыянальных прававых актаў. Гэта павінна забяспечыць аператыўнае прыняцце рашэнняў на прымяненне сіл і сродкаў калектыўнай бяспекі. Асобную ўвагу плануецца ўдзяліць спрошчанай працэдуры транзіту кантынгентаў з узбраеннем і ваеннай тэхнікай праз тэрыторыі дзяржаў-членаў.

Мы ўжо на вопыце пераканаліся. Былі ў нас падзеі, і мы на працягу, Уладзімір Уладзіміравіч (Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. - Заўвага), па-мойму, суткамі мы там узгаднялі, як перакінуць нашы сілы туды і назад. Гэта ненармальна. Ненармальна, калі ідзе абвастрэнне, ледзь не ваенны канфлікт, а мы суткамі гэта ўсё ўзгадняем. Таму трэба тут нам больш аператыўна дзейнічаць. Аператыўнасць у перакідцы войскаў з'яўляецца залогам поспеху любой ваеннай або міратворчай аперацыі.

Далейшага развіцця і павышэння эфектыўнасці прымянення патрабуюць антыкрызісныя механізмы, якія не прадугледжваюць задзейнічання сіл і сродкаў сістэмы калектыўнай бяспекі. Механізмы без ваеннай сілы. Пакуль у нас не да канца адпрацавана пытанне выкарыстання гібкага "палітычнага" інструментарыя або, калі хочаце, так званай мяккай сілы (прынята так гаварыць), якую актыўна выкарыстоўваюць краіны Захаду - механізмаў кансультацый, маніторынгу, назірання на месцах.

У мэтах павышэння зладжанасці, умацавання міжведамаснага ўзаемадзеяння дзяржаў - членаў АДКБ у сферы процідзеяння транснацыянальным выклікам і пагрозам бяспецы, маем намер ініцыяваць правядзенне ў Мінску шэрага мерапрыемстваў па лініі адказнасці профільных ведамстваў дзяржаў - членаў з магчымым запрашэннем прадстаўнікоў іншых зацікаўленых краін і спецыялізаваных міжнародных арганізацый. Не трэба адразу там да НАТА бегчы і іншае. Патроху трэба іх выцягваць да нас на мерапрыемствы: захочуць - прыедуць, не захочуць - гасподзь з імі. У гэтым напрамку пакрыху, напэўна, нам трэба рухацца.

Спектр пытанняў: барацьба з фэйкамі, дэзынфармацыяй, сумеснае рэагаванне на кіберінцыдэнты, абарона тэрыторый краін АДКБ ад нелегальнага ўвозу наркотыкаў, міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне абароны крытычнай інфраструктуры, уключаючы ядзерныя аб'екты, біялагічную бяспеку. У кантэксце ўсё большай актуальнасці праблематыкі біялагічнай бяспекі прапануем правесці ў Беларусі пасяджэнне адпаведнага Каардынацыйнага савета ўпаўнаважаных органаў дзяржаў - членаў арганізацыі.

Ведаеце, я вось гавару пра біялагічную бяспеку і правядзенне ў Мінску адпаведнага мерапрыемства, але нам трэба ўсё ж такі шчыра адзін аднаму сказаць. Часта мы гаворым, Уладзімір Уладзіміравіч, пра біялагічныя лабараторыі. Па-мойму, толькі ў нас і ў вас іх няма, але на тэрыторыі некаторых дзяржаў АДКБ яны існуюць. Таму трэба ў Мінску нам абмеркаваць і неяк дамовіцца па гэтым пытанні, інакш гэта будзе чарговая гаварыльня. Гэта ж не жарт - біялагічная бяспека. Агітуем адзін аднаго, а ў некаторых краінах гэтыя амерыканскія або іншых краін лабараторыі існуюць. Гэтак, як ва Украіне - некалькі іх выявілі.

Другое. Эфектыўнае пазіцыянаванне АДКБ у сістэме міжнародных адносін праз развіццё супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі і трэцімі краінамі з'яўляецца ключавым фактарам уключанасці нашай арганізацыі ў самыя актуальныя праблемы міжнароднага парадку дня. Арганізацыя павінна знаходзіцца "на перадавой" міжнароднага жыцця і адпавядаць выклікам рэгіянальнай і глабальнай бяспекі, якія пастаянна мяняюцца.

Шырокае абмеркаванне міжнароднага парадку дня ў разрэзе інтарэсаў АДКБ на палях міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню па праблематыцы еўразійскай бяспекі з запрашэннем вышэйшых службовых асоб сакратарыятаў ААН, ШАС, СНД, іншых міжнародных арганізацый. Мерапрыемства плануем правесці ў Мінску ў наступным годзе. Калі вы згадзіцеся.

Канферэнцыя прызначана падкрэсліць ролю і месца АДКБ у рэгіянальнай і глабальнай бяспецы, міралюбівы фактар ​​нашага аб'яднання, яго арыенцір на стварэнне неабходных ваенна-палітычных умоў для эфектыўнага вырашэння ўстойлівага развіцця. Мерапрыемства таксама ўзмоцніць падтрымку пазіцый дзяржаў-аднадумцаў у барацьбе супраць палітыкі аднабаковых прымусовых санкцый на міжнародным узроўні.

Умацаванню пазіцый арганізацыі на міжнароднай арэне будзе садзейнічаць пашырэнне партнёрскіх сувязей з глабальнымі ігракамі, такімі як, напрыклад, Кітай. Чаму б не? У гэтых мэтах беларускае старшынства мае намер ініцыяваць "Стратэгічны дыялог АДКБ-КНР" (магчыма, Індыя, яшчэ... Прапрацуем) шляхам арганізацыі ў Беларусі сустрэч прадстаўнікоў міністэрстваў замежных спраў, абароны, апаратаў саветаў бяспекі дзяржаў - членаў АДКБ і адпаведных дзяржаў. Як Кітай, дапусцім.

Трэцяе. Ваенны складнік АДКБ з'яўляецца неад'емным кампанентам арганізацыі, вакол якога яна, уласна, і стваралася 20 гадоў таму. Прыярытэтнымі задачамі ў гэтай сферы мы бачым павышэнне гатоўнасці кампанентаў войскаў АДКБ да выканання задач па прызначэнні, а таксама ўмацаванне ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва дзяржаў-членаў.

Паспяховае выкананне пастаўленых задач войскамі арганізацыі звязана з іх усебаковай падрыхтоўкай і аснашчэннем сучасным узбраеннем і спецыяльнай тэхнікай. Ведаеце, сорамна нават пра гэта гаварыць. Гэту праблему трэба вырашыць раз і назаўсёды на працягу года. Скінуцца ўжо - гэтыя капейкі - і ўзброіць нашых хлопцаў, якіх мы задзейнічаем у міратворчых і іншых місіях. І паказаць, што мы не горш за натаўцаў можам забяспечыць сваіх людзей.

У гэтых мэтах на тэрыторыі Беларусі ў 2023 годзе будзе спланаваны і праведзены шэраг сумесных вучэнняў з органамі кіравання і фарміраваннямі сіл і сродкаў сістэмы калектыўнай бяспекі.

Развіццё кааліцыйнага ваенна-тэхнічнага складніка ў многім залежыць ад правядзення дзяржавамі - членамі арганізацыі скаардынаванай ваенна-тэхнічнай палітыкі.

У нас назапашаны сур'ёзны вопыт з Расійскай Федэрацыяй (не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло) па інтэнсіфікацыі ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва і стварэнні звычайных і найноўшых сістэм узбраення. Падключайцеся, вы ж не чужыя.

Беларускае старшынства мае намер удзяліць асаблівую ўвагу актывізацыі намаганняў па выпрацоўцы адзіных падыходаў у галіне стандартызацыі і каталагізацыі абароннай прадукцыі і развіцці кааперацыі прадпрыемстваў у выпуску перспектыўнай прадукцыі ваеннага прызначэння. Што мы і робім, Уладзімір Уладзіміравіч, цяпер па кааперацыі з Расіяй. Усё гэта ў будучым павінна забяспечыць сумесную распрацоўку і вытворчасць сучасных узораў узбраенняў і ваеннай тэхнікі. І як паказвае канфлікт ва Украіне, не трэба забываць старыя нашы ўзбраенні. "Грады", "Смерчы", "Ураганы" і іншыя - зброя яшчэ тая.

Чацвёртае. На сустрэчы лідараў дзяржаў - членаў АДКБ 16 мая ў Маскве я гаварыў аб важнасці аналітыка-прагнознага складніка ў дзейнасці арганізацыі. Таму мы маем намер зрабіць акцэнт на нарошчванні інстытуцыянальнага патэнцыялу АДКБ у інфармацыйна-аналітычнай сферы. Бачым у гэтым залог якаснага ўзмацнення арганізацыі і больш эфектыўнага рэагавання на выклікі і пагрозы бяспецы, што ўзнікаюць.

Пры гэтым я, зачытваючы гэты пункт, думаю аб інфармацыйна-псіхалагічных аперацыях, на якія цяпер у інфармацыйнай вайне робіць стаўку Захад, і перш за ўсё НАТА, на тэрыторыі Украіны. Мы вельмі добра гэта бачым і займаемся. Думаю, і Расійская Федэрацыя. Нам трэба гэта ўмець рабіць, каб рэагаваць на іх выпады. Таму што там фэйкі, фэйкі, пачынаючы ад гэтай Бучы і заканчваючы падзеямі апошняга часу. Інфармацыйна-псіхалагічныя аперацыі сталі накшталт ваенных аперацый. Да гэтага трэба быць гатовымі.

Канкрэтным практычным укладам у рэалізацыю гэтай задачы стане фарміраванне сеткі нацыянальных аналітычных інстытутаў стратэгічных даследаванняў дзяржаў-членаў. Гэта дасць магчымасць аб'яднаць навукова-экспертны патэнцыял нашых краін у імя забеспячэння міру і бяспекі. Бачым у гэтым важны інструмент пры падрыхтоўцы канцэптуальных і стратэгічных дакументаў у нашай арганізацыі па актуальных пытаннях міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі.

Беларускі бок прапануе правесці ў Мінску ў 2023 годзе сустрэчу кіраўнікоў нацыянальных аналітычных інстытутаў стратэгічных даследаванняў дзяржаў - членаў АДКБ для арганізацыі сістэмнай работы ў гэтым напрамку. Мы з Расіяй правялі ўжо некалькі такіх мерапрыемстваў. Дарэчы, па іх ініцыятыве. І гэта вельмі добра ўспрынята экспертнай супольнасцю.

Немалаважным кампанентам таксама з'яўляецца медыйнае пазіцыянаванне АДКБ, у тым ліку - прысутнасць у замежных СМІ. Лічым, што наспела неабходнасць не толькі актывізацыі інфармацыйнай работы, але і выпрацоўкі новых падыходаў. Думаю, тут асноўную ролю павінна адыграць Расія з тым магутным апаратам сродкаў масавай інфармацыі. У іх, вядома, магчымасцей тут больш.

Паважаныя калегі!

Я прадставіў толькі асноўныя элементы нашага бачання сумеснай работы ў ходзе беларускага старшынства ў АДКБ. Я выкладаў пытанні, наколькі яны магчымыя да прапрацоўкі і прыняцця намі. У нас жа кансэнсусам прымаюцца ўсе рашэнні. Таму можна было тут выкласці вялікую праграму. Але пытанне ў тым, ці зможам мы, зыходзячы са сваіх уласных нацыянальных інтарэсаў, узгадніць гэтыя канцэпцыі.

Зразумела, што нейкія пазіцыі будуць карэкціравацца з улікам абстаноўкі, якая мяняецца як унутры арганізацыі, так і вакол яе. Нешта з названага з'яўляецца новым. Нешта, як кажуць, добра забытым старым. Разам з тым нам трэба рухацца далей у імя працвітання і бяспекі нашых народаў.

Безумоўна, што рэалізацыя абазначаных прапаноў магчыма толькі пры ўмове падтрымкі ўсіх дзяржаў - членаў АДКБ. Адкрыта скажу - мы на гэта разлічваем.

Ведаеце, апошнім часам у сродках масавай інфармацыі (гэта будзе развівацца - тэзіс) - жыццё, лёс АДКБ залежаць ад аперацыі Расійскай Федэрацыі ва Украіне. Калі Расія пераможа - АДКБ будзе жыць, калі, не дай бог, не пераможа - АДКБ існаваць не будзе. І ў нашых краінах таксама многія гарачыя галовы пачалі абмяркоўваць гэту праблему.

Адчуваю, што мы прыйшлі да адзінага меркавання, што калі, не дай бог, рухне Расія, то пад гэтымі абломкамі наша месца.

Таму мы не толькі адзін аднаго павінны абараняць, але разумець (як заўсёды мы ў звычайны час гаварылі): "Расія, Расія, галоўная яе роля..." Дык вось не павінна нават быць такіх размоў. Мы не збіраемся з ваенна-палітычнай арэны сыходзіць. АДКБ будзе існаваць, і ніхто нідзе не рухне. Але адзінства нам патрэбна.

Са свайго боку Беларусь прыкладзе максімум намаганняў для таго, каб яе ініцыятывы і прапановы садзейнічалі далейшаму развіццю арганізацыі, павышэнню эфектыўнасці ўсіх яе механізмаў, а таксама пайшлі на карысць нашым дзяржавам.

Дзякую за ўвагу!

Пасля завяршэння сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ Прэзідэнт Беларусі на палях саміту сустрэўся з расійскімі журналістамі і адказаў на шэраг пытанняў, якія датычацца забеспячэння бяспекі, у тым ліку і ў сувязі з канфліктам ва Украіне.

Адказваючы на пытанні журналістаў расійскага тэлеканала "Звязда", Аляксандр Лукашэнка расказаў, што будзе штурхаць улады Украіны да мірных перагавораў.

"Людзі (улады Украіны. - Заўвага), ідзіце сядайце на перагаворы", - заклікаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што ў цяперашняй сітуацыі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі мае лепшыя ўмовы, чым многія іншыя жыхары гэтай краіны. "Выйшаў там у маечцы, яшчэ ў нечым. У гэтай нямытай кофтачцы доўгі час (складваецца такое ўражанне), прывітаў, некаму руку паціснуў. Яны яму на дзвесце мільёнаў долараў падкінулі "Хаймарсы" або яшчэ нейкія там "Джавеліны". Яму прасцей: ён сыты, ён накормлены, ён, напэўна, не пакутуе без электрычнасці (размова аб адключэннях электрычнасці. - Заўвага) і іншае. Але ж мільёны людзей, украінцаў, пакутуюць", - сказаў Прэзідэнт Беларусі на палях саміту АДКБ у Ерэване.

Ён таксама звярнуў увагу, што ваенныя дзеянні адбываюцца на тэрыторыі Украіны і праз год-два народ ужо будзе абвінавачваць Уладзіміра Зяленскага ў гэтым: "Вайна, канфлікт у яго на тэрыторыі. Пагледзіце, праз год-два народ яго будзе абвінавачваць: "Чаму ты зрабіў так, што вайна гэта пачалася?!" Тут пытанне не ў тым, хто мае рацыю, хто вінаваты. - Чаму ў цябе на тэрыторыі ідзе вайна?!"

"Таму вось гэта сітуацыя будзе штурхаць кіраўніцтва Украіны, калі яно пры свядомасці, да таго, каб сесці за стол перагавораў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Усё ў руках Украіны. Не таму, што я хачу спіхнуць гэту тэму на Зяленскага або на Украіну. Сапраўды, усё цяпер у руках Украіны", - сказаў беларускі лідар, адказваючы на ​​пытанне, ці абмяркоўвалася на саміце магчымасць заключэння мірнага дагавора з Украінай. Прэзідэнт растлумачыў, што на саміце аб гэтым гаварылася мімаходам, таму што сітуацыя ва Украіне не была там галоўнай тэмай.

Між тым Кіраўнік беларускай дзяржавы ўпэўнены: калі ва Украіне не хочуць гібелі людзей, прытым у вялікай колькасці, то трэба спыніць канфлікт. "Цяжка, складана, але трэба, калі яны гэтага хочуць, аднаўляцца. Трэба спыніцца, трэба гэта спыніць. Паколькі далей будзе поўнае знішчэнне Украіны. Гэта не тое, што Пуцін гаварыў неяк задоўга да аперацыі, што гэта будзе пагражаць стратай дзяржаўнасці Украіны. Гэта будзе знішчэнне Украіны. Трэба спыніцца", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што з цягам часу адносіны паміж народамі абавязкова адновяцца, як гэта адбывалася не раз у гісторыі, нават пасля шматгадовых цяжкіх канфліктаў, у тым ліку пасля Другой сусветнай вайны. "Мы з фашысцкай Германіяй як ваявалі? 30 мільёнаў загінула. Хто сёння пра гэта ўспамінае? У Беларусі і Расіі крыху, і ўсё? Гэта значыць, раны зарубцаваліся. Гатовы не проста размаўляць - супрацоўнічаць, сябраваць. Так і тут. Мы справімся, мы ўсё гэта загладзім. Мы, напэўна, зможам растлумачыць, нават цяпер наша пакаленне, украінскаму народу, што адбылося", - сказаў ён.

"Таму куды ні кінь - усюды мірныя перагаворы. Мір, мір і яшчэ раз мір", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле слоў Прэзідэнта, становіцца ўсё больш антываенных сіл, якія падштурхоўваюць Украіну да перагаворнага працэсу. "Еўропа працверазела. Калі еўрапейскія кіраўнікі не зразумеюць сітуацыю… Ім навошта гэта вайна, у іх доме, на парозе? Яны змятуць і Шольца, і Макрона. Вось пагледзіце, так і адбудзецца. З усіх бакоў, што на знешнім контуры, што ўнутры Украіны, гэта тэндэнцыя - сядайце, дамаўляйцеся. Усе гэтыя сілы антываенныя (а іх усё больш і больш) штурхаюць кіраўніцтва Украіны да перагавораў", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнта спыталі аб верагоднасці таго, што беларускія Узброеныя Сілы могуць увайсці на тэрыторыю Украіны. "Гэта глупства поўнае. Калі мы непасрэдна Узброенымі Сіламі, жывой сілай увяжамся ў гэты канфлікт, мы нічога да гэтага не дабавім, а зробім наадварот горш. Гэта не роля Беларусі ў гэтым канфлікце", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён растлумачыў, што Беларусь ніколі не адмаўлялася ад удзелу ў спецыяльнай ваеннай аперацыі і задзейнічана ў ёй па многіх напрамках, але без непасрэднага ўдзелу ваенных. "Мы не ўвязваемся, нікога не забіваем, жывую сілу туды не ўводзім, таму што ў гэтым няма неабходнасці", - сказаў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, сёння "не гэты трэнд" і патрэбна не ваенная эскалацыя, а перагаворы: "Нам трэба дамаўляцца. Дамаўляцца разумна і гаварыць аб міры". Аднак правядзенню перагавораў перашкаджаюць тыя, хто ў іх зусім не зацікаўлены, і аб гэтым трэба адкрыта гаварыць сусветнай супольнасці, лічыць Прэзідэнт. "Трэба выставіць Украіну і палякаў і амерыканцаў, якія за імі стаяць, у тым выглядзе, у якім яны павінны быць развернуты і паказаны ўсяму свету. Яны не хочуць ні на якія мірныя перагаворы (ісці. - Заўвага). У іх, у амерыканцаў (яны там руляць праз палякаў), небяспека адна: ядзерны канфлікт, ядзерная зброя. Чаму? Таму што ў іх ужо будзе горача. Вось іх падыход", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Кіраўніка дзяржавы, у рэчышчы накіраванасці да далейшай эскалацыі трэба разглядаць і расстрэл расійскіх ваеннапалонных украінскімі ўзброенымі сіламі. "Што вырашала пакаранне расійскіх хлопцаў? Яны што, хацелі яшчэ раз узрушыць рускага чалавека? Яны гэта зрабілі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама адзначыў адсутнасць логікі ў такіх дзеяннях, паколькі галоўны ўкраінскі прапагандыст Міхаіл Падаляк не раз звяртаўся да ваенных з прапановай здавацца ў палон, апынуўшыся на тэрыторыі Украіны. "Ну, добра, здаліся расіяне ў палон. Навошта вы іх расстралялі?" - рытарычна спытаў Прэзідэнт.

"Гэта насцярожвае, - прадоўжыў ён. - Гэта сведчыць аб тым, што іх за адно месца амерыканцы моцна трымаюць. Самастойныя разумныя людзі так не робяць".

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму проста не даюць магчымасці наладзіць дыялог з Расіяй, хоць Расія да гэтага гатова. "Трэба рухацца. Калі ў гэтым плане трэба нейкая дадатковая ініцыятыва - калі ласка, мы заўсёды "за", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.

Аднак Прэзідэнт Беларусі даваў не толькі негатыўныя ацэнкі дзеянням ЗША. Наадварот, беларускі лідар пахваліў Прэзідэнта ЗША Джо Байдэна за хуткі, адкрыты і праўдзівы адказ наконт ракеты, што ўпала ў Польшчы. "Апошнім часам хвалю Байдэна: малайчына ён, вядома, што адкрыта сказаў вось так. Іншы паўзу ўзяў бы, яшчэ нешта, а ён - малайчына, ён сказаў: "Не, гэта не Расія", у сувязі з гэтай ракетай. Адносна гэтага ён малайчына. Але амерыканцы хочуць адным ударам, адным заходам палажыць Еўропу і праз Расію падабрацца да Кітая. Зразумела, растаптаўшы Расію. Нерэальныя рэчы. Не дурні ваенныя ў Амерыцы, але гэта абсалютна нерэальна - разгарнуць такую вайну на такім фронце", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.