Наведванне храма Праабражэння Гасподняга ў гарадскім пасёлку Копысь Аршанскага раёна

  • 20
  • 11:06

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 красавіка ў свята Вялікадня запаліў свечку ў храме Праабражэння Гасподняга ў гарадскім пасёлку Копысь Аршанскага раёна.

На Вялікдзень у адрозненне ад калядных свят Аляксандр Лукашэнка звычайна наведвае невялікія цэрквы за межамі сталіцы. Кіраўнік дзяржавы прыехаў у храм разам са сваім малодшым сынам Мікалаем. Ля царквы Прэзідэнта сустрэлі архіепіскам Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый і настаяцель храма протаіерэй Сергій.

Аляксандр Лукашэнка ў царкве запаліў свечку і павіншаваў вернікаў са святам Вялікадня. Прэзідэнт перадаў у дар храму абраз, а свяшчэннаслужыцелі ўручылі Кіраўніку дзяржавы святочны сувенір - велікодныя яйкі. У царкве Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з прыхаджанамі.

"Па вашых тварах я заўважыў, што сапраўды сёння самае добрае і жаданае свята. Так было заўсёды. Гэта свята заўсёды людзям дарыла надзею. Надзею на справядлівасць і шчасце. Надзея ў нашых сэрцах жыве і да гэтага часу, у кожным чалавеку. Не толькі ў Беларусі", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэта вялікае і светлае свята Вялікадня, як і свецкае свята Дня Перамогі, якія ён лічыць раўназначнымі, заўсёды ў душы і сэрцы кожнага беларуса. "І прынята адзначаць гэта светлае свята ў коле родных і блізкіх табе сяброў. Вось і прычына, чаму я прыехаў сёння на гэту святую, родную зямлю, дзе калісьці нарадзіўся. І шмат разоў мы з хлапчукамі прыходзілі да храма, які стаяў на гэтым месцы, і глядзелі на нашых маці, якія прыходзілі сюды для таго, каб сустрэць гэта светлае свята", - успомніў дзіцячыя гады Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў гэты дзень у Бога просяць галоўнае. А галоўнае - гэта мір, згода, дружба, якія заўсёды былі ўласцівыя беларусам. І гэта сёння вельмі актуальна, падкрэсліў Прэзідэнт.

"Знаходзячыся ў гэтым утульным, маім любімым храме, хацеў бы звярнуцца не толькі да беларусаў. Але перш за ўсё да нашых суседзяў. Давайце берагчы мір. Гэта цяпер так актуальна. Памятаеце, увесь час пакеплівалі з мяне, асабліва так званыя апазіцыянеры: "Чаго там, у народа ўвесь час толькі не было б вайны". А я заўсёды гаварыў: калі вайна - нічога не трэба. І як актуальна сёння гучаць гэтыя просьбы і патрабаванні беларускага народа: толькі не было б вайны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У імя міру, нармальнага жыцця і дружбы кіраўнік дзяржавы звярнуўся да суседзяў Беларусі: "Давайце жыць дружна. Хацеў бы папрасіць сваіх калег-палітыкаў: давайце не будзем ствараць нашым людзям праблем, іх і цяпер хапае. Вы паглядзіце, што адбываецца з суседнімі Літвой і Латвіяй, палякамі. Я пра Украіну ў гэтым выпадку ўжо не кажу. Яны ж былі такія шчаслівыя, вясёлыя. Жылі ў "заможным" свеце, у іх усё было. І дзе яны сёння? Яны стаяць уздоўж граніцы і просяць нас, каб мы іх прапусцілі ў Беларусь. Хоць бы грэцкіх круп купіць. Хай сабе круп - солі няма, солі просяць у нас".

"Мы, як высакародныя людзі, адкрываем гэту граніцу, і асабліва напярэдадні рэлігійных свят: прыходзьце, тут вашы людзі. Граніца не павінна перашкаджаць нармальнаму жыццю, і нашым суседзям у тым ліку. Мы заўсёды ставімся да людзей па-суседску, па-чалавечы, па-людску, як у нас кажуць. І адзінае хачу: каб такое было стаўленне і да нас", - заявіў беларускі лідар.

"Беларусам я хачу сказаць: шчасце, па вялікім рахунку, у нас адно - трэба зберагчы нашу зямлю. Таму ў гэтым храме, звяртаючыся да сваіх суайчыннікаў, беларусаў, я хачу папрасіць іх, запатрабаваць, калі хочаце, як Прэзідэнт: беражыце Беларусь. Страціце сваю зямлю - не будзе ў вас ні здароўя, ні шчасця. Не будзе ў вас ні грошай, ні солі і дзяцей вашых не будзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што гэта разумеюць не ўсе: "Гэта вялікая справа - берагчы Беларусь. Мы ўсе разумеем, калі страчваем нешта ў сваім доме. А гэта вялікі дом. Дык вось запомніце: не будзе гэтага вялікага дома - і вашага маленькага дома не будзе. А калі мы станем на калені, то і нашых праваслаўных храмаў не будзе, як гэта было заўсёды ў гісторыі нашай краіны".

Прэзідэнт дадаў, што Хрыстос ахвяраваў сабой у імя людзей. "І гэта вялікая школа для нас. Мы павінны навучыцца ахвяраваць у імя галоўнага для нас - у імя людзей. А я вас папрасіў бы, каб вы заўсёды цанілі гэтых ахвяравальнікаў, як мы цэнім Яго. На жаль, не так шмат у нас людзей, якія ўмеюць ахвярваць не тое што сабой, але і сваім. Але іх з'яўляецца ўсё больш і больш. І калі мы будзем цаніць гэтых людзей, іх будзе шмат. Прынамсі, дастаткова. Таму мы іх павінны цаніць, любіць і паважаць. Такая філасофія жыцця", - падагульніў Аляксандр Лукашэнка.

У свята Вялікадня Кіраўнік дзяржавы асаблівыя словы ўдзячнасці выказаў свяшчэннікам.

"Дзякуй вам, тым, хто дзеля людзей верыць, хто жыве дзеля людзей, ахвяруе сваім часам, здароўем. Хачу вам ад усяго сэрца як Кіраўнік дзяржавы падзякаваць. Будзьце заўсёды са сваім народам. Няма ў свеце больш адданых свяшчэннаслужыцеляў, чым у Беларусі. І самых-самых сумленных больш нідзе няма, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Так, свяшчэннікі розныя, як і ўсе мы. Яны ад нашага грамадства. Але самыя адданыя, сумленныя, надзейныя - у Беларусі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што так склалася таму, што ў Беларусі яшчэ засталося тое "светлае, некранутае і незамутненае", што дасталася ў спадчыну ад продкаў.