Рабочая паездка ў Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці
- 27
- 3
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў 18 сакавіка з рабочай паездкай Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці.
У першую чаргу Прэзідэнт азнаёміўся з работай Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната. Кіраўнік дзяржавы цікавіўся работай прадпрыемства, тэхналогіямі і ступенню перапрацоўкі сыравіны. У прыватнасці, размова аб малочнай сыроватцы, якая раней не перапрацоўвалася, а яе проста ўтылізавалі. Аднак гэта запатрабаваная сыравіна і экспартны прадукт.
"Гэтага быць не павінна. Асабліва цяпер. Мы ўсё гэта павінны перапрацаваць", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што гэта яшчэ больш актуальна на фоне санкцыйнага націску і росту цэн і попыту на прадукты харчавання ў свеце. "Тым больш цяпер, калі попыт на прадукты харчавання расце ў свеце вельмі хуткімі тэмпамі. Нам цяпер шанц - на гэтым падняць сельскую гаспадарку. Расіяне цяпер з задавальненнем бяруць усе тавары", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Асобную ўвагу Прэзідэнт акцэнтаваў і на пытаннях працоўнай дысцыпліны. "Прыйшоў працаваць - давай вынік", - сказаў ён.
Увазе Кіраўніка дзяржавы прадставілі мноства варыянтаў згушчанага малака. "Дай мне тое, што без усялякіх дабавак!" - папрасіў Аляксандр Лукашэнка.
Аднак Глыбокае - гэта не толькі згушчанае малако. Прэзідэнту прадставілі і прадукцыю, вырабляемую Глыбоцкім аграпрамысловым аб'яднаннем. Побач - прадукцыя такіх структур, створаных у іншых рэгіёнах Віцебскай вобласці.
Пасля наведвання малочнакансервавага камбіната і дэгустацыі згушчанага малака ў Глыбокім Аляксандр Лукашэнка прыехаў на мясакамбінат. Адразу пасля прыезду - размова аб сыравінных зонах. Магутнасці ёсць, але трэба забяспечыць іх эфектыўную загрузку і правільна задзейнічаць працоўныя рэсурсы.
У прыватнасці, размова ішла аб магчымасці аб'яднання Глыбоцкага мясакамбіната з аналагічным прадпрыемствам у Мёрах. Кіраўнік дзяржавы даручыў прапрацаваць пытанне, паколькі аб'яднаць не праблема, але перш за ўсё важны вынік. "Калі іх аб'ядноўваць, але што ты там будзеш рабіць. Падумай, што ў Мёрах рабіць", - звярнуўся Прэзідэнт да кіраўніка Глыбоцкага мясакамбіната.
"Трэба радыкальна прымаць рашэнне. У нас такія магутнасці і перапрацоўка! Кантроль ёсць. І санітарны, і іншае", - заўважыў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што дадаткова вывучыць гэта пытанне ў час плануемага наведвання вытворчасці белай бляхі на металапракатным заводзе.
Прэзідэнту таксама далажылі аб рэканструкцыі мясакамбіната, фінансава-эканамічных паказчыках. Прыбытак і рэнтабельнасць ёсць, але і вялікі патэнцыял для паляпшэння адпаведных паказчыкаў таксама ёсць.
Работа аграпрамысловых аб'яднанняў у Віцебскай вобласці стала тэмай асобнай нарады з удзелам Аляксандра Лукашэнкі ў Глыбоцкім райвыканкаме.
"Два гады таму па прапанове з месцаў я падтрымаў праект стварэння ў Віцебскай вобласці сямі інтэграцыйных структур. Тады прыкладна ў такім жа складзе вы клятвенна запэўнівалі мяне і ўсю краіну, што гэта адзіны спосаб, які можа вывесці вас на добрае жыццё. Вы ўсе гэта памятаеце, таму сёння настаў час (як я і абяцаў, спачатку на захадзе, а потым на ўсходзе) - мы разгледзім пытанні эфектыўнасці работы аграпрамысловых аб'яднанняў нашай вобласці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што мінула два гады з моманту карэкціроўкі адпаведных дакументаў, абсалютна ўсё, аб чым прасіў Віцебскі аблвыканкам, дзяржава выканала. "І нават больш: даравалі, спісалі, далі адтэрміноўкі, растэрміноўкі, адкрылі спецрахункі, працэнты гасім і да таго падобнае. Настаў час патрабаваць за вынік. Абстаноўка ў свеце і, зразумела, у нашым рэгіёне няпростая. Што датычыцца вас, вы сур'ёзна завінаваціліся краіне і бюджэту. І адкрыта скажу: жалезна вы павінны вяртаць тыя сродкі, якія ў вас уклалі і аказалі вам падтрымку", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Але, заўважыў Аляксандр Лукашэнка, інфармацыя Урада, абласнога выканаўчага камітэта, кантралюючых і наглядных органаў паказвае: на неабходныя параметры развіцця аграаб'яднанні пакуль не выйшлі. "Ні ў вытворчай частцы (ураджай, кармы, мяса, малако, загрузка вытворчасцей), ні, самае галоўнае, у эканамічнай і фінансавай (прыбытак і рэнтабельнасць, экспарт, абслугоўванне даўгоў) вы не выйшлі. Лічу такое становішча ненармальным, што ў цэлым па ўсіх аб'яднаннях за мінулы год атрымана страта ад рэалізацыі", - сказаў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што палова арганізацый працуе з адмоўнай рэнтабельнасцю. Выраслі пратэрмінаваныя даўгі, пераважаюць пасрэднікі і схемы выдачы шматгадовых авансаў з боку перапрацоўшчыкаў на карысць неэфектыўных гаспадарак.
Паводле інфармацыі Прэзідэнта, ёсць і факты затрымак зарплаты радавым работнікам. "Аб гэтым я вас папярэджваў асобна. І наконт гэтага размова апошняя", - папярэдзіў ён.
Камітэт дзяржкантролю адзначае вялікую цякучасць кадраў у АПК Віцебскай вобласці. Палова кіраўнікоў мае стаж работы меншы за тры гады. "У вашых аб'яднаннях не хапае дзясяткаў заатэхнікаў, аграномаў, ветурачоў і іншых патрэбных спецыялістаў. А мы ж дамаўляліся, што пры аб'яднанні будуць створаны брыгады спецыялістаў, асабліва ветэрынарных урачоў і яны будуць абслугоўваць прадпрыемствы, якія ўваходзяць у вашы інтэграцыйныя аб'яднанні, - нагадаў Аляксандр Лукашэнка. - Не вырашым кадравае пытанне, не вырашым пытанні вытворчай дысцыпліны і іншых відаў дысцыпліны - ніякіх праблем мы не вырашым".
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў час нарады неабходна дэталёва разабрацца з існуючай сітуацыяй, пачынаючы з арганізацыйных пытанняў: вертыкаль кіравання, роля Віцебскага канцэрна "Мяса-малочныя прадукты", удзел Мінсельгасхарча, даручэнне старшыням райвыканкамаў па персанальнай адказнасці за два-тры найбольш слабыя сельгаспрадпрыемствы.
"Што з выканальніцкай дысцыплінай у рэалізацыі тых планаў і праграм, якія былі распрацаваны і зацверджаны самім аблвыканкамам і ўрадам? Я ў гэту работу не ўмешваўся і даў вам усе паўнамоцтвы, аб якіх вы прасілі. Аб гэтым вельмі шмат гаварылі ў мінулым, ды і ў пачатку гэтага года: паўнамоцтвы, паўнамоцтвы. Вы іх атрымалі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
На нараду былі запрошаны кіраўнікі ўсіх арганізацый Глыбоцкай структуры, дырэктары саміх аб'яднанняў, абласныя і раённыя начальнікі. У першую чаргу Аляксандр Лукашэнка вырашыў выслухаць губернатара Віцебскай вобласці Аляксандра Субоціна. "Чалавек не новы ў гэтай тэме. На пасадзе віцэ-прэм'ера цалкам курыравалі гэтыя пытанні. А цяпер паглядзелі з узроўню губернатара. Да 1 сакавіка вы павінны былі ў аблвыканкаме дэталёва разгледзець і ўзгадніць бізнес-планы развіцця гэтых аб'яднанняў. Прычым разам з мясцовымі райвыканкамамі і вашым канцэрнам. Таму часу на паглыбленне ў праблемы было дастаткова", - лічыць Прэзідэнт.
Аб кадравай сітуацыі і ролі Міністэрства сельскай гаспадаркі ў развіцці віцебскага эксперымента кіраўнік дзяржавы папрасіў далажыць кіраўніка ведамства Ігара Брыло.
"Паслухаем былых, цяперашніх распрацоўшчыкаў, асобных кіраўнікоў", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў у час нарады, што цяпер складваецца цудоўны момант для развіцця сельскай гаспадаркі і экспарту прадуктаў харчавання.
Указ, які датычыцца пытанняў стварэння і функцыянавання такіх аб'яднанняў, быў прыняты ўжо два гады таму - у лютым 2020 года. Як далажылі чыноўнікі, пэўныя вынікі ёсць: удалося знізіць даўгавую нагрузку, вырашаюцца пытанні матэрыяльна-тэхнічнага аснашчэння, разгорнута маштабнае будаўніцтва новых аб'ектаў на фермах (праўда, многія з іх пакуль яшчэ ў стадыі завяршэння, або не загружаны жывёлай), прымаецца шэраг крокаў для вырашэння кадравых праблем. Тым не менш праблемныя пытанні ў многім застаюцца. Перш за ўсё, пакуль няма належнай фінансавай аддачы, магутнасці шэрага прадпрыемстваў недазагружаны. У гэтай сітуацыі чыноўнікі запэўніваюць, што для прыкметнага эфекту трэба яшчэ крыху часу - дабудаваць пачатае і загрузіць пабудаваныя ўжо аб'екты, а таксама вырашэнне шэрага фінансавых і кадравых пытанняў.
"Не дай бог у гэтым годзе не будзе зрухаў. Вы хочаце нейкіх дадатковых правоў, паўнамоцтваў, - бярыце любыя. Як той Ельцын (першы Прэзідэнт РФ Барыс Ельцын. - Заўвага) гаварыў: колькі праглыняце, пацягнеце, столькі і бярыце", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што без "вёскі" ў Віцебскай вобласці нічога не будзе. "Але і вёсцы таксама трэба пачынаць варушыцца!" - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
"Цяпер свет ламаецца на калена, ідзе перадзел свету, а мы тут разважаем, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Самае галоўнае - дайце кіраўнікам права прымаць рашэнні. У тым ліку і кадравыя. Цяпер момант такі. Момант цяжкі, але ў той жа час шыкарны момант. Расія адкрыта. Нам адкрываецца цудоўная магчымасць. І грошы добрыя. Нас расійскі рубель што, не задавальняе? Задавальняе. Мы можам паліва купіць, сыравіну, рэсурсы. Для сельскай гаспадаркі лепшага часу не будзе".
Прэзідэнт упэўнены, што беларускія прадукты харчавання будуць запатрабаваны і ва Украіне: "Вайна скончыцца ва Украіне. Там жа ўсё разбіта. Ці пасеюць яны яшчэ ў гэтым годзе. Таксама трэба людзей карміць - 40 мільёнаў. Мы і так на $7 млрд там гандлявалі (аб'ём двухбаковага гандлю. - Заўвага). Прадавай, калі ласка".
"А мы ў Віцебску нешта чакаем: прыедзе цяпер Прэзідэнт, прывязе "навагоднія падарункі" ў мяшку. Мікалай Мікалаевіч (у нарадзе прымаў удзел экс-губернатар Віцебскай вобласці Мікалай Шарснёў, які раней ініцыяваў стварэнне аграпрамысловых аб'яднанняў. - Заўвага), скончыўся Новы год", - падкрэсліў беларускі лідар.
У цэлым Прэзідэнт Беларусі ўпэўнены, што сістэма такіх аб'яднанняў прыдатная і можа існаваць. Больш таго, гэта па сутнасці ніякая не навінка, аб'яднанне вытворчасцей сыравіны, перапрацоўкі і гандлю прадукцыяй, як правіла, прыносіць чаканы станоўчы фінансавы вынік: "Таму вось гэта першы крок (аб'яднанне вытворчасцей сыравіны і перапрацоўкі. - Заўвага). Падключаеце гандаль - канчатковы варыянт. Гэта нармальная сістэма, якая павінна была даць вынік".
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што заходнія санкцыі адкрываюць новыя магчымасці для беларускіх сельгасвытворцаў.
"Момант такі: з аднаго боку, вельмі цяжкая сітуацыя. Душыць нас будуць разам з Расіяй пастаянна. Вы ж бачыце, што яны нас уключаюць у спісы, каб Расія праз Беларусь не абышла санкцыі, гэта значыць за кампанію. Але мы ж разумеем, што ім трэба загубіць нас, давесці да ўзроўню Украіны і назаўжды разабрацца з гэтым, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Але з другога боку, для вас, аграрыяў, і для тых, хто вырабляе сельгастэхніку, - шчасце".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што заходнія санкцыі - гэта магчымасць умацавацца на рынках, асабліва расійскім. "Гэта магчымасці, гэта шанц. Калі мы гэтым шанцам не скарыстаемся, ніколі наша сельская гаспадарка не ўстане з каленяў, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Таму сёння трэба праз любыя цяжкасці, складанасці, сцяўшы зубы вытрымаць гэты і, магчыма, наступны год. І мы перабудуемся, і будзем працаваць нармальна. Але вы павінны для таго, каб падняцца з каленяў, атрымаць прадукцыю і прадаць".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць наяўнасці моцнага эканамічнага фундаменту для забеспячэння незалежнасці дзяржавы, а для гэтага ў сваю чаргу важны ўклад кожнага на сваім рабочым месцы і ініцыятыўнасць.
"Гультайства недапушчальна. Нават калі лапатай трэба заўтра зямлю перакапаць. Няўжо вы не адчуваеце, якая сітуацыя?! Мы хочам быць незалежнымі, а паварушыцца на гэту незалежнасць ніхто не хоча. Ад членаў Урада да даяркі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Таму калі вы выбралі гэту незалежнасць, давайце працаваць. Што тут вы мне гэтыя лічбы круціце-верціце. Трэба малако і мяса! У вас ёсць вытворчыя магутнасці, перапрацоўчыя. Загрузіце іх, і я да вас прэтэнзій мець не буду. Тады ў вас будуць грошы".
"Што вы целяпаецеся і глядзіце адзін на аднаго?! Пачынайце з кадраў! Навядзіце парадак", - запатрабаваў беларускі лідар.