Наведванне завода "Легмаш" у Оршы

  • 25
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 мая ў Оршы наведаў завод "Легмаш".

Кіраўніку дзяржавы далажылі пра стан спраў на прадпрыемстве. Апошнім часам яно ў тым ліку задзейнічана для вытворчасці спецыяльных вырабаў у сферы ВПК. Плануецца і далей пашыраць наменклатуру прадукцыі.

"Мала што ў нас не было. Не будзем жа мы ўвесь час "лапці плесці". Трэба вырабляць і сур'ёзную прадукцыю", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, рэагуючы на даклад аб асваенні вытворчасці новых відаў прадукцыі.

Важна адзначыць, што "Легмаш" многія гады выпускаў і выпускае і тавары цалкам мірнага, грамадзянскага прызначэння - ад чыгунных скаварод і казаноў да вырабаў, прызначаных для нафтагазавай галіны. Гэта ў тым ліку фарміравала значны экспартны складнік у рабоце прадпрыемства.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў і даручыў КДК узяць на кантроль, каб, працуючы над рэалізацыяй ваенных заказаў, вытворчасць такой мірнай і запатрабаванай прадукцыі не адышла на другі план або не знікла зусім. "Калі ёсць попыт, трэба рабіць. Ёсць навыкі, школа, людзі, і яны павінны гэта рабіць. На кантроль вельмі жорсткі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што ўсё гэта трэба рабіць адначасова і не на шкоду ВПК. "Трэба мірную прадукцыю, не для ВПК, выпускаць і нарошчваць. Губіць экспарт - гэта злачынства. Вазьмі на жалезны кантроль разам з памочнікам, старшынёй выканкама", - даручыў Аляксандр Лукашэнка Старшыні КДК Васілю Герасімаву.

Прэзідэнту ў час рабочай паездкі прадставілі сякеры беларускай вытворчасці. Раней Кіраўнік дзяржавы даручаў асвоіць выпуск такой айчыннай прадукцыі, каб вырабы былі не горшыя за замежныя аналагі.

Аляксандр Лукашэнка ўважліва агледзеў сякеры і паабяцаў апрабаваць іх на справе. Адначасова ён паставіў жорсткую задачу перад прамыслоўцамі - ужо на працягу года асвоіць вытворчасць такіх тавараў, неабходных для работы з драўнінай.

"Гэта ганьба, што мы больш за палову (ад тэрыторыі краіны. - Заўвага) маем лесу і ўсё завозім. Яшчэ адно яму даручэнне. Ён (віцэ-прэм'ер Пётр Пархомчык, які курыруе прамысловасць. - Заўвага) усё для лесу павінен рабіць тут. Калі не могуць нешта для бензапілы (зрабіць. - Заўвага) - на першых этапах закупім. Таму на працягу бягучага года ён павінен пачаць гэта рабіць. Яшчэ не хапала гэта купляць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка даручыў узяць гэта пытанне на кантроль КДК, паколькі такой прадукцыі закупляецца штогод на мільёны долараў.

У час наведвання завода "Легмаш" Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з працоўным калектывам прадпрыемства.

"У нас павінна быць кароткая, але шчырая размова. Мы вельмі сур'ёзна пачалі працаваць у гэтай частцы Оршы на "Легмашы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Сказаць, што я задаволены на сённяшні дзень вашай работай, - абсалютна не. Таму і прыехаў. Незадаволены я і работай начальнікаў. Больш за ўсё - цэнтральных органаў, - заўважыў Прэзідэнт. - Сёння я раблю ўсё для таго, каб вас вярнуць на высоканавуковую, высокапрадукцыйную дакладную і прыбытковую вытворчасць. Я перш за ўсё гавару пра вытворчасць вырабаў для ВПК. Вы разумееце, пра што ідзе гаворка. Вам не ўсё роўна, будзе ў нас сур'ёзная абарона ў краіне ці не. Для мяне тым больш. Тое, што вы тут робіце, гэта нам у дзяржаве і за мяжой патрэбна заўсёды. Гэтыя вырабы патрэбны будуць заўсёды".

У Беларусі ў частцы прадукцыі ВПК трэба мець максімум свайго, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. На гэта ў тым ліку нацэлены нядаўна прынятыя на УНС Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў развіццё абноўленых Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны прымаюцца і распрацоўваюцца дакументы, дзе ўжо адпаведныя пытанні атрымліваюць напаўненне ў выглядзе канкрэтыкі. Зразумела, частка такіх дакументаў носіць закрыты характар.

"Канцэпцыя, дактрына - гэта законы, напрамкі, па якіх мы будзем дзейнічаць. Але важна канкрэтыка. Калі мы гаворым аб тым, што будзем абараняцца, - паўстае пытанне: чым. Таму ўдзяляем вялікую ўвагу, у тым ліку ствараючы новыя вытворчасці", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што на выпадак ваеннага часу краіна павінна мець максімум свайго, і ў гэтым плане ўжо шмат робіцца. Размова і аб стралковай зброі, абсталяванні для сувязі і па шэрагу іншых напрамкаў, уключаючы выпуск новай прадукцыі ВПК на "Легмашы" ў Оршы.

"Гэта - галоўнае. Калі гэтага не будзе, ні дактрына, ні канцэпцыя працаваць не будуць", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што разам з выпускам новай прадукцыі ў інтарэсах ВПК важна не загубіць і ўжо існуючыя кампетэнцыі прадпрыемства па грамадзянскай наменклатуры тавараў. "Тое, што вы ўмелі рабіць і ішло на экспарт, загубіць не дазволена. Аднавіць вытворчасць і перасягнуць вытворчасць грамадзянскай прадукцыі", - ставіць задачу беларускі лідар.

"Я вас прашу, вы павінны з разуменнем да гэтага паставіцца, таму што для Оршы зроблена нямала. Вы павінны выдаць тое, што я патрабую ад Урада. А яны прыйшлі да вас, каб аднавіць вытворчыя памяшканні і вырабіць вельмі патрэбны для ўсяго свету тавар" , - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, улічваючы перспектывы развіцця прадпрыемства і асваенне новых напрамкаў работы, трэба будзе дадаткова набіраць работнікаў. "Вам патрэбны будуць людзі. Мы будзем вам дапамагаць. Перш за ўсё ў будаўніцтве жылля", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што ў плане падтрымкі ў вырашэнні жыллёвага пытання ў краіне вызначаны прыярытэты. Гэта ваенныя, якія згодна з законам не могуць займацца камерцыяй і фактычна аддаюць сваё жыццё служэнню Радзіме. "Мы ім павінны забяспечыць тыл", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Яшчэ адна катэгорыя - шматдзетныя сем'і, якім дзяржава таксама дапамагае ў прыярытэтным парадку.

Разам з гэтым Аляксандр Лукашэнка лічыць важным рабіць акцэнт на жыллёвым будаўніцтве там, дзе развіваюцца і ствараюцца новыя вытворчыя магутнасці. Як, напрыклад, у Оршы. "Калі мы ствараем новую вытворчасць і будуем заводы, то мы павінны пабудаваць там жыллё. Тады людзі прыйдуць. Так было ў савецкія часы. Таму мы будзем рухацца у гэтым напрамку і падтрымліваць не толькі вас, але ўсе прадпрыемствы, якія будуць будаваць, развівацца", - сказаў ён.

"У Оршы месца для будаўніцтва хапае. Горад цудоўнейшы. Такіх гарадоў у свеце нямнога, ды і ў Беларусі. Выдатныя ўмовы для жыцця. Трэба, каб было жыллё. У гэтым напрамку мы будзем працаваць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

У Прэзідэнта спыталі, ці плануецца ў Беларусі павялічыць ільготнае крэдытаванне на набыццё айчынных тавараў. Дзеючая сістэма льготнага крэдытавання дае магчымасць набываць айчынныя тавары на суму да Br12 тыс. пад 4% гадавых на 3 гады.

"Мы будзем прадаўжаць гэту практыку, - адказаў Кіраўнік дзяржавы. - Думаю, да канца года мы паглядзім і павялічым гэтыя субсідыі, крэдыты для таго, каб вы куплялі тое, што вырабляецца беларускае".

Больш таго, плануецца пашырыць колькасць прадпрыемстваў, прадукцыю якіх можна набываць па такіх крэдытах, - са 120 да 140-150. Не выключана, што крыху знізіцца і працэнтная стаўка па гэтым крэдыце.

Ураду даручана ўнесці на разгляд Кіраўніка дзяржавы адпаведныя прапановы. Прэзідэнт падкрэсліў, што па многіх пытаннях у Беларусі дзяржава падстаўляе плячо грамадзянам, напрыклад, у льготным крэдытаванні на набыццё жылля, і гэта значныя аб'ёмы падтрымкі.

У час сустрэчы з працоўным калектывам Аляксандр Лукашэнка расказаў аб дамоўленасцях з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным па далейшым сумесным удзеле ў асваенні космасу. Пытанне аб планах Беларусі ў гэтай сферы было зададзена Кіраўніку дзяржавы супрацоўніцай завода.

Што датычыцца прадаўжэння палётаў, ёсць дамоўленасць аб тым, што расійскі бок, калі будзе такая неабходнасць, можа ўключыць прадстаўнікоў Беларусі ў лік касманаўтаў, якія будуць праходзіць ужо не паскораную падрыхтоўку, а пастаянную з доўгатэрміновымі задачамі і праграмай. "Мы з Пуціным дамовіліся: калі ласка, ён кажа, у лік касманаўтаў мы гатовы ўключыць, - расказаў Кіраўнік дзяржавы. - Калі нехта хоча - калі ласка. Мы дамовіліся з расіянамі - па конкурсе. Пройдзеце конкурс - будзеце ў групе касманаўтаў рыхтавацца. Гэта цяжкая праца, з вялікай рызыкай. Але, вядома, папулярная".

Аляксандр Лукашэнка таксама згадаў аб планах Расіі пабудаваць сваю арбітальную станцыю. "Расіяне пачынаюць будаваць, мне Пуцін пра гэта сказаў, сваю касмічную станцыю. Цяпер яна міжнародная, куды ляцела наша касманаўт. А яны будуць узводзіць сваю. Прэзідэнт Расіі сказаў: калі хочаш, далучайся, будзем разам рабіць. Наколькі гэта магчыма. Падумаем. Калі нашы разумныя людзі вырашацца на гэта, будзем удзельнічаць.

Кіраўнік дзяржавы ў гэтым плане растлумачыў, што яшчэ з савецкіх часоў Беларусь мае сваю нішу ў касмічнай галіне. Гэта ў тым ліку розныя спадарожнікі, мікраэлектроніка. "Мы вырабляем шмат для космасу, асабліва цяпер. Пачынаючы ад мікраэлектронікі, чыпаў, дапамагаючы нашай касманаўтыцы, якая засталася ў Расіі. У савецкія часы мы шмат рабілі, пачынаючы ад прыбораў да абшыўкі касмічных лятальных апаратаў, - сказаў ён. - Мы рабілі і робім добрыя касмічныя спадарожнікі дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, спадарожнікі сувязі можам вырабляць і гэтак далей. Гэта наша ніша. Мы ў гэтым напрамку працуем і будзем працаваць. Плюс мікраэлектроніка. Мы беражліва захавалі сваю вытворчасць".

Адно з пытанняў датычылася прэзідэнцкага адпачынку. "Я ўспрымаю водпуск як змену сітуацыі, абставін, рэжыму жыцця. Я не ўяўляю, як можна легчы на пляжы і пячыся пад сонцам. Я вясковы чалавек. З дзяцінства мяне да гэтага не прывучылі. Гэта не маё. Мне трэба нечым займацца", - адказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ў агульнапрынятым разуменні пайсці ў водпуск ён не можа: "Прэзідэнт беларускі не можа адпачыць, таму што ў яго няма віцэ-прэзідэнта. Дзе б ні знаходзіўся Прэзідэнт Беларусі, ён свае паўнамоцтвы па Канстытуцыі нікому перадаць не можа".

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што Орша, напрыклад, з'яўляецца адным з яго любімых месцаў у Беларусі, з якім звязана шмат успамінаў з дзяцінства і дзе ён з задавальненнем праводзіць час.

Прэзідэнт адзначыў, што па характары дзейнасці бывае ў многіх краінах па ўсім свеце, але заўсёды з радасцю вяртаецца на радзіму. "Нічога лепшага няма, чым Беларусь, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Нам бог падарыў унікальную краіну". Адна з яе бясспрэчных прыродных пераваг - спрыяльны клімат, асабліва добры тым, што можна па-сапраўднаму адчуць кожную пару года.

"У нас ёсць усё. Таму беражыце гэта. Разам мы павінны гэта зберагчы, для нашых дзяцей у тым ліку", - сказаў Прэзідэнт.

На заканчэнне размовы Аляксандру Лукашэнку падарылі ўзоры прадукцыі прадпрыемства, у тым ліку вялікі чыгунны казан для прыгатавання плову.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў за падарунак і расказаў, што добра гатуе гэту страву. А навучыў яго гэтаму Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон у час візітаў у гэту краіну.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў прынцыпе аддае перавагу звычайным вясковым стравам, да якіх даўно прывык. Прэзідэнт падкрэсліў, што вельмі добрая рэцэптура прыгатавання многіх прадуктаў была ў Савецкім Саюзе. І па яго патрабаванні многія рэцэпты таго часу цяпер аднаўляюць і вяртаюць у вытворчасць. Гэта датычыцца, напрыклад, кандытарскіх вырабаў, цукерак, хлеба. Такую беларускую прадукцыю часта падносяць у якасці падарунка замежным лідарам, і яны даюць ёй высокую ацэнку.